1 Пятра 4 разьдзел

Першае пасланьне Пятра
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Дык вось, як Хрыстос пацярпеў за нас целам, дык і вы ўзбройцеся тою самаю думкаю; бо хто пакутуе целам, той перастае грашыць,
 
Дык, як Хрыстос цярпеў за нас у целе, узбройцеся й вы тэю самаю думкаю; бо тый, што церпе ў целе, перастаець грашыць,

каб рэшту часу ў целе ўжо жыць не паводле людзкіх пахацінстваў, а паводле волі Божай.
 
Каб засталы час у целе жыць ня подле жадлівасьцяў людзкіх, але подле волі Божае.

Бо досыць, што вы ў мінулым часе жыцьця чынілі волю язычніцкую, аддаючыся нечысьці, пажадзе (мужаложству, скаталожству, непатрэбным помыслам), п’янству, лішніцы ў ежы і пітве і недарэчнаму ідаласлужэньню;
 
Бо досыць, што ў мінулым часе чынілі волю паган, ходзячы ў бязулстве, жадах, у ўпіваньню, гульбах, у гасьцінным п’янчаньню а забароненым балвахвалстве;

таму яны і зьдзіўляюцца, што вы ня маеце ўдзелу зь імі ў той самай распусьце, і бэсьцяць вас;
 
Затым яны дзівуюцца, блявузґаючы, затое, што вы не бяжыце зь імі ў тое самае багнішча папсаванасьці.

яны дадуць адказ Таму, Хто неўзабаве мае судзіць жывых і мёртвых.
 
Яны здадуць лічбу Гатоваму судзіць жывых і мертвых.

Бо на тое і мёртвым было зьвеставана, каб яны па-людзку целам суд прыняўшы, жылі пабожна духам.
 
Бо дзеля таго й мертвым была Дабравесьць абяшчана, каб суджаны былі подле людзёў узглядам цела, але жылі подле Бога духам.

Зрэшты, блізкі ўсяму канец. Дык вось будзьце ў добрым розуме і чувайце ў малітвах.
 
Але канец усяго бліжыцца. Дык будзьце цьвярозыя й чукавыя да малітваў.

А найболей за ўсё майце шчырую любоў адно да аднаго, бо любоў пакрывае мноства грахоў;
 
Наўперад жа майце гарачую міласьць мяжсобку, бо міласьць пакрывае множасьць грахоў.

будзьце гасьцінныя адно да аднаго без нарокаў;
 
Гасьціннымі будзьце адзін да аднаго без нараканьня.

служэце адно аднаму, кожны тым дарам, які атрымаў, як добрыя дойліды разнастайнай мілаты Божай.
 
Служыце адзін аднаму, кажны такім дарам, які адзяржаў, як добрыя вернікі рознае ласкі Божае.

Калі гаворыць хто, гавары як словы Божыя; ці калі служыць хто, служы сілаю, якую дае Бог, каб ва ўсім ўслаўляўся Бог празь Ісуса Хрыста, Якому слава і ўлада навекі вечныя. Амін.
 
Калі гукае хто — як вяшчун Божы; калі служа хто — подле сілы, якую Бог даець, каб у вусім уславіўся Бог перазь Ісуса Хрыста, Катораму слава й магутнасьць на векі вякоў. Амін.

Любасныя! вогненнай спакусы, што пасылаецца на выпрабаваньне вам, ня цурайцеся, быццам прыгоды вам чужой,
 
Умілаваныя! агню дазнаньня, што лучаецца вам дзеля спробы, ня чурайцеся, як чагось дзіўнога, што прыгадзілася вам;

але як што вы маеце долю ў Хрыстовых цярпеньнях, радуйцеся, ды і ў зьяўленьні славы Ягонай узрадуецеся і ўзьвесялецеся.
 
Але як вы маеце дзель у цярпеньнях Хрыстовых, радуйцеся, каб і ў часе зьяўленьня славы Ягонае радавацца, захапляючыся.

Калі клянуць вас за імя Хрыстовае, дык вы дабрашчасныя, бо Дух славы, Дух Божы спачывае на вас: тыя ганяць Яго, а вы ўслаўляйце.
 
Калі вам упікаюць у імя Хрыста — дабраславёныя, бо Дух славы й Дух Божы супачывае на вас.

Толькі б не пацярпеў хто з вас як забойца, альбо злодзей, альбо як ліхадзей, альбо як захопнік чужога;
 
Няхай ніхто з вас ня церпе запраўды, як забіўца, або злодзей, або ліхадзей, або як тый, што ўрываецца ў справы іншых людзёў;

а калі як Хрысьціянін, дык не саромейся, а ўслаўляй Бога за такую долю.
 
А калі як хрысьцянін, няхай не сароміцца, але славе Бога за гэта.

Бо пара пачынацца суду з дома Божага; а калі найперш з нас пачнецца, дык які канец тым, хто не скараецца Дабравесьцю Божаму?
 
Бо пара пачацца суду з дому Божага; калі ж уперад із нас, дык які канец тым, што ня слухаюць Дабравесьці Божае?

І калі праведнік ледзьве ратуецца, дык бязбожнік і грэшны дзе апынецца?
 
І калі справядлівы ледзь спасаецца, ідзе нязбожны а грэшнік зьявіцца?

Дык вось, пакутнікі па волі Божай няхай аддадуць Яму, як праўдзіваму Садзецелю, душы свае, робячы дабро.
 
Дык няхай і тыя, што церпяць з волі Божае, добра робячы, паручаць душы свае вернаму Стварыцелю.