1 Пятра 3 разьдзел
Першае пасланьне Пятра
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Гэтак сама і вы, жанчыны, карэцеся сваім мужам, каб тыя зь іх, хто не скараецца слову, праз паводзіны жонак сваіх бяз слова здабываныя былі,
Таксама, жонкі, будзьце падданыя мужом сваім, каб калі нават некатрыя непаслухменыя Слову, паступкам жонак сваіх былі прыдбаваныя бяз слова,
калі ўбачаць вашае чыстае, богабаязнае жыцьцё.
Бачачы чысты паступак вашы ў боязьні.
Хай будзе акрасаю вашай ня зьнешняе пляценьне валасоў, не залатыя ўборы альбо прыгажосьць у строях,
Няхай прыборам вашым будзе не навоннае заплятаньне валасоў ані залатыя прыборы, ані ўборы,
а чалавек шчырага сэрца ў нятленным харастве лагоднага і маўклівага духу, што каштоўна перад Богам.
Але схаваны чалавек сэрца ў непсавальным, лагоднага а рахманага духа, дарагі перад відам Божым.
Так калісьці і сьвятыя жанчыны, якія клалі надзею на Бога, аздаблялі сябе, скараючыся сваім мужам:
Бо гэтак некалі і сьвятыя жонкі, каторыя спадзяваліся на Бога, прыбіраліся, будучы падданыя мужом сваім.
так Сарра скаралася Абрагаму, называючы яго спадаром; вы — дзеці ейныя, калі робіце дабро і не бянтэжыцеся ні ад якога страху.
Гэтак Сорра слухала Абрагама, завучы яго спадаром, каторай дзецьмі вы сталі, робячы дабро і нічога не палохаючыся.
Гэтак сама і вы, мужы, абыходзьцеся разумна з жонкамі, як з самым крохкім посудам, і рабеце ім гонар як супольным спадкаемніцам любадайнага жыцьця, каб ня было вам завады ў малітвах.
Таксама, мужы, жыхарце зь імі подле знацьця, як із слабшай жаноцкай судзіною, выказуючы ім чэсьць, як запраўды суспадкаемцам ласкі жыцьця, каб ня былі перакажаны малітвы вашы.
Нарэшце, будзьце ўсе аднамысныя, спагадлівыя, браталюбныя, міласэрныя, шкадоблівыя, пакорнамудрыя;
Наапошку, будзьце ўсі аднае думкі, спагадлівыя, любіце братоў, міласэрныя, пакорныя.
не плацеце злом за зло, альбо кленічам за кленіч; наадварот, дабраслоўце, ведаючы, што вы на тое пакліканы, каб успадчыньніць дабраславеньне.
Не аддавайце ліхам за ліха або лаянкаю за лаянку; але, наадварот, дабраслаўце, бо вы пагуканы да тога, каб вам спала дабраславенства.
Бо хто любіць жыцьцё і хоча бачыць добрыя дні, той трымай язык свой ад зла і вусны свае ад ліхіх нагавораў,
Бо «хто хоча любіць жыцьцё і бачыць добрыя дні, няхай узьдзержуе язык свой ад ліха і вусны свае, каб яны ня гукалі падходу;
ухіляйся ад зла і рабі дабро, шукай міру ды імкніся да яго;
І няхай адвернецца ад ліха і робе дабро, няхай шукае супакою і імкнецца да яго;
бо вочы Госпада — да праведных, і вушы Ягоныя — да малітвы іхняе, а аблічча Гасподняе супроць ліхадзеяў, (каб вынішчыць іх зь зямлі).
Бо вочы Спадаровы да справядлівых, і вушы Ягоныя да малітвы іхнае, але від Спадароў супроці дзеючых ліха».
І хто ўчыніць вам ліха, калі вы будзеце рупіцца пра дабро?
І хто ўкрыўдзе вас, калі вы сталі перайманьнікамі добрага?
Але калі і церпіце за праўду, дык вы дабрашчасныя; а страху іх ня бойцеся і не бянтэжцеся.
А калі й церпіце за справядлівасьць, дык вы дабраелавёныя; а страху іх не лякайцеся ані парушайцеся.
Госпада Бога сьвяцеце ў сэрцах вашых; будзьце заўсёды гатовыя кожнаму, хто ў вас папытае адказу за вашу надзею, адказаць лагодна і дабралюбна;
А Спадара Хрыста сьвяціце ў сэрцах сваіх, заўсёды гатовыя да абароны ад кажнага, слова ў вас пытаючага ўзглядам надзеі вашае, з лагоднасьцяй і боязьняй.
майце добрае сумленьне, каб гэтым, за што ліхасловяць вас як зладзеяў, былі пасаромлены ўсе, хто асуджае вашае добрае жыцьцё ў Хрысьце.
Майце добрае сумленьне, каб тыя, што абмаўляюць вас, як ліхадзеяў, былі засаромлены, тыя, каторыя ганяць добры паступак ваш у Хрысту.
Бо, калі заўгодна волі Божай, лепш пацярпець за добрыя дзеі, чым за благія;
Бо, калі зьлюб волі Божай, валей цярпець за добрыя ўчынкі, чымся за благія;
бо і Хрыстос, каб прывесьці нас да Бога, аднаго разу пацярпеў за грахі нашыя, праведны за няправедных, быўшы забіты ў целе, але ажылы духам,
Бо запраўды Хрыстос аднойчы памер за грахі, справядлівы за несправядлівых, каб прывесьці нас да Бога. быўшы забіты целам, але ажыўшы Духам,
якім Ён і духам, што ў цямніцы былі, сышоўшы, прапаведаваў;
Каторым, зышоўшы, Ён абяшчаў духом у вязьніцы,
яны калісьці непакорлівыя былі Божаму доўгацярпеньню, што іх чакала, у дні Ноя, у часы будаваньня каўчэга, у якім нямногія, гэта значыцца, восем душ, уратаваліся ад вады.
Калісь непаслухменым, як цярплівосьць Божая чакала за дзён Ноя, у часе будаваньня карабля, у каторым мала, значыцца восьмі душаў, уратаваліся ад вады.
Так і нас сёньня падобнае гэтаму вобразу хрышчэньне, не цялеснай нечыстаты абмываньне, а абяцаньне Богу добрага сумленьня, ратуе ўваскрэсеньнем Ісуса Хрыста,
Гэтак, падобны да гэтага абраза хрэст, не цялеснага бруду абмыцьцё, але абяцаньне Богу добрага сумленьня, спасае й нас цяпер ускрысеньням Ісуса Хрыста,
Які, узышоўшы на неба, сядзіць праваруч Бога, і Якому ўпакорыліся анёлы і ўлады і сілы.
Каторы, узышоўшы на неба, ё паправе Бога; ангілы а ўлады а сілы падданы Яму.