1 Пятра 5 разьдзел

Першае пасланьне Пятра
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Пастыраў вашых умаўляю я, супастыр і сьведка цярпеньняў Хрыстовых і саўдзельнік у славе, якая павінна адкрыцца:
 
Старшых, што сярод вас, захочую я сустаршы а сьветка цярпеньняў Хрыстовых а ўчасьнік у славе, што мае зьявіцца:

пасьвіце Божы статак, які ў вас, наглядайце за ім ня з прынукі, а з ахвоты і богаспадобна, ня дзеля гнюснай карысьлівасьці, а з руплівасьці,
 
Пасіце чараду Божую, што памеж вас, ня з прынукі, але самахоць, пабожаму, ня дзеля брудзянае карысьці, але рупатліва,

і не пануючы над спадчынай Божай, а даючы прыклад статку, —
 
Не пануючы над спадкам, але будучы зразаю чарадзе, —

і калі зьявіцца Пастыраначальнік, вы атрымаеце неўвядальны вянок славы.
 
І як Галоўны пастыр зьявіцца, вы адзержыце нявянучы вянок славы.

Таксама і малодшыя, карэцеся пастырам; а ўсе, скараючыся адно аднаму, набярэцеся пакорлівай мудрасьці, таму што Бог ганарыстым працівіцца, а пакорным дае мілату.
 
Таксама малодшыя будзьце падданыя старшым, і ўсі карыціся адзін аднаму, бо Бог працівіцца велягурыстым, але пакорным даець ласку.

Дык вось упакорцеся пад моцнай рукою Божай, хай узьнясе вас у свой час;
 
Дык скарыцеся пад моцную руку Божую, каб узьняцца ўгару;

усе клопаты вашыя ўскладзеце на Яго, бо Ён дбае пра вас.
 
Усі клопаты свае здайце Яму, бо Ён апякуецца вамі.

Цьверазейце, чувайце, бо супраціўнік ваш д’ябал ходзіць, як рыклівы леў, шукаючы каго праглынуць;
 
Будзьце цьвярозыя, чукавыя. Праціўнік вашы дзявал, як равучы леў, абходзе, шукаючы каго пажэрці;

стойце супроць яго цьвёрдаю вераю, ведаючы, што такія самыя цярпеньні выпадаюць і братам вашым у сьвеце.
 
Яму праціўцеся непахісной вераю, ведаючы, што такіх самых цярпеньняў дазнаюць браты вашыя ў сьвеце.

А Бог усялякай мілаты, паклікаўшы нас у вечную славу Сваю ў Хрысьце Ісусе, Сам пасьля нядоўгага цяпреньня вашага, няхай удасканаліць вас, няхай угрунтуе, няхай умацуе, няхай зробіць непахіснымі.
 
Бог жа ўсялякае ласкі, Каторы пагукаў вас Сам да вечнае славы Свае ў Хрысту Ісусу, калі крыху пацерпіце, учыне вас дасканальнымі, цьвярдымі, моцнымі, непахіснымі.

Яму слава і ўлада навекі вечныя. Амін.
 
Яму слава а моц на векі вякоў. Амін.

Гэта сьцісла напісаў я вам праз Сылуана, вернага, як думаю, вашага брата, каб упэўніць вас, суцяшаючы і сьведчачы, што гэта ў ісьціне мілата Божая, у якой вы стаіце.
 
Сіланом, верны братам, як думаю, напісаў я вам коратка, захочуючы й сьветчачы, што гэта праўдзівая ласка Божая, у каторай вы стаіце.

Вітае вас выбраная, падобна вам, царква ў Вавілоне і Марк, сын мой.
 
Здаровае вас абраная з вамі царква, што ў Бабілёне, і Марка, сын мой.

Вітайце адно аднаго пацалункам любові. Мір вам усім у Хрысьце Ісусе. Амін.
 
Здаровайце адны адных цалаваньням любосьці. Супакой з вамі ўсімі, каторыя ў Хрысту.