1 Пятра 2 разьдзел
Першае пасланьне Пятра
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Дык вось, адклаўшы ўсякую злосьць і ўсякае падступства і крывадушнасьць і зайздрасьць і ўсякае ліхаслоўе,
Дык, адклаўшы ўсялякае сердаво а ўсялякую зрадлівасьць а двудушнасьць а завідасьць а ўсялякія абмовы,
быццам толькі што народжаныя немаўляты, палюбеце чыстае малако слова, каб ад яго ўзрасьлі вы дзеля выратаваньня;
Як кадзе народжаныя дзецяняты, жадайце чыстага малака слова, каб ад яго расьці да спасеньня;
бо вы паспыталі, які Гасподзь добры.
Калі запраўды вы паспыталіся, што Спадар добры.
Прыступаючы да Яго, каменя жывога, людзьмі адкінутага, але Богам выбранага, каштоўнага,
Прыступаючы да Яго, каменя жывога, людзьмі запраўды адхіненага, але Богам абранага, дарагога,
і самі, як жывыя камяні, будуйце зь сябе дом духоўны, сьвятарства сьвятое, каб прыносіць духоўныя ахвяры, любасныя Богу празь Ісуса Хрыста.
І самы, як жывыя камяні, збудуйце дом духоўны, сьвятарства сьвятое, абракаць духоўныя аброкі, прыемныя Богу Ісусам Хрыстом.
Бо сказана ў Пісаньні: «вось, я кладу ў Сыёне камень кутні выбраны, каштоўны; і хто веруе ў Яго, не пасаромеецца».
Бо зьмешчана ў Пісьме: «Вось, Я кладу на Сыёне вугольны камень, абраны, дарагі, і хто вера ў яго, не засароміцца».
Дык вось Ён вам, вернікам, — каштоўнасьць, а тым, хто ня веруе, «камень, які адкінулі будаўнікі, але які зрабіўся галавою вугла», «камень спатыканьня і камень спакусы»,
Дык вам, вернікам, каштоўнасьць, але непаслухменым камень, што адхінулі будаўнічыя, каторы стаў галавою вугла,
на якім яны спатыкаюцца, не ўпакорваючыся слову, дзеля чаго яны і пакінуты.
І «Каменям спатыкненьня, і скалаю спадману» тым, каторыя спатыкаюцца на слове, будучы непаслухменыя, да каторых яны й прызначаныя.
Але вы — род выбраны, царскае сьвятарства, народ сьвяты, людзі набытыя, каб абвяшчаць дасканаласьць Таго, Хто выклікаў вас зь цемры ў цудоўнае Сваё сьвятло;
Але вы — род абраны, каралеўскае сьвятарства, народ сьвяты, люд да дзяржаньня, каб вы маглі зьясьняць дасканальнасьць Таго, хто пагукаў вас ізь цямноты да чудоўнае сьвятліні Свае;
колісь не народ, а сёньня народ Божы; колісь непамілаваныя, а сёньня памілаваныя.
Каторыя калісь ня люд, але цяпер люд Божы, над каторымі ня было зьмілаваньня, але цяпер ё зьмілаваньне.
Любасныя, прашу вас! як прышэльцаў і вандроўнікаў, пазьбягаць цялесных пахацінстваў, што паўстаюць супроць душы,
Умілаваныя! захочую вас, як прыходных а чужаземцаў, узьдзержуйцеся ад цялесных жадлівасьцяў, каторыя ходаюцца з душою,
і жыць дабрадзейна сярод язычнікаў, каб яны за тое, за што клянуць вас, як ліхадзеяў, пабачыўшы добрыя дзеі вашыя, уславілі Бога ў дзень адведзінаў.
Паступак свой меж паган маючы пасьцівы, каб замест тога, ідзе абмаўляюць вас, як ліхадзеяў, добрыя ўчынкі вашы бачачы, славілі Бога ў дзень даведаньня.
Дык вось, упакорвайцеся ўсякаму людзкому начальству, дзеля Госпада: хай тое цару, як найвышэйшай уладзе,
Будзьце падданыя дзеля Спадара кажнаму людзкому ўраду: ці то каралю, як найвышшаму,
хай тое намесьнікам, як ад яго пасыланым на пакараньне злачынцаў і на заахвочваньне дабрачынцаў, —
Ці то дзяржаўцам, пасланым ім да помсты ліхадзеям і пахвалы добра дзеючым, —
бо такая ёсьць воля Божая, каб мы, робячы дабро, замыкалі вусны невуцтву неразумных людзей, —
Бо такая ё воля Божая, каб вы, добра дзеючы, сілілі маўчаць дурных і нясьведамых, —
як вольныя, а ня як тыя, што карыстаюцца воляю, каб прыхаваць зло, а як рабы Божыя.
Як вольныя, не як маючыя свабоду да прыкрыцьця ліха, але як нявольнікі Божыя.
Усіх шануйце, братэрства любеце, Бога бойцеся, цара паважайце.
Усіх паважайце, брацтва мілуйце, Бога бойцеся, караля сьціце.
Слугі, — з поўным страхам скарайцеся гаспадарам, ня толькі добрым і лагодным, але і суровым.
Слугі, з усёй боязьняй слухайце гаспадароў сваіх, ня толькі добрых а рахманых, але й прыкрых.
Бо гэта спадобнае Богу, калі хто па сумленьні перад Богам, церпіць нягоды, пакутуючы несправядліва.
Бо гэта прымальна, калі хто дзеля сумленьня перад Богам вытрывае смутак, церпячы несправядліва.
Бо якая хвала, што вы церпіце, калі вас б’юць за правіны? А калі, робячы дабро і пакутуючы, церпіце, гэта даспадобы Богу,
Бо што за пахвала, калі, грэшачы, вы трываеце й кулакі? Але калі, добра робячы і церпячы, вы трываеце, гэта прымальна Богу.
Бо вы на тое пакліканы; бо і Хрыстос пацярпеў за нас, пакінуўшы нам прыклад, каб мы ішлі сьлядамі Ягонымі:
Бо да гэтага вы пагуканы, бо й Хрыстос цярпеў за вас, пакінуўшы вам зразу, каб вы йшлі па сьлядох Ягоных.
«Ня ўчыніў Ён ніякага грэху, і ня было падступства ў вуснах Ягоных»;
Ён не зрабіў ніякага грэху, і ня было лестачкаў у вуснах Ягоных.
і калі Яго ліхасловілі, Ён не ліхасловіў наўзаем: пакутуючы, не пагражаў; а аддаваў гэта Судзьдзі Справядліваму;
Як на Яго выдумлялі, Ён не выдумляў узаемна; церпячы, не пагражаў, але перадаваў у рукі судзячага справядліва.
Ён грахі нашыя Сам узьнёс Целам Сваім на дрэва, каб мы, адцураўшыся грахоў, жылі дзеля праўды: ранамі Ягонымі вы ацаліліся.
Ён грахі нашыя ўзьнёс целам Сваім на дзерва, каб, памершы грахом, жылі дзеля справядлівасьці; ранамі Ягонымі вы ўздароўлены.
Бо вы былі як авечкі заблуджаныя без пастуха; але вярнуліся сёньня да Пастыра і Ахавальніка душ вашых.
Бо вы былі, як авечкі заблудныя; але цяпер зьвярнуліся да Пастыра й Наглядніка душаў вашых.