1 Пятра 2 разьдзел
Першае пасланьне Пятра
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Дык адкінуўшы ўсякае ліха і ўсякую падступнасць, і крывадушнасць, зайздрасць ды ўсякае ачарненне,
Дык, адклаўшы ўсялякае сердаво а ўсялякую зрадлівасьць а двудушнасьць а завідасьць а ўсялякія абмовы,
як нованароджаныя дзеткі запрагніце духоўнага і непадробленага малака, каб ад яго вы ўзраслі да збаўлення,
Як кадзе народжаныя дзецяняты, жадайце чыстага малака слова, каб ад яго расьці да спасеньня;
бо вы пакаштавалі, які салодкі Госпад.
Калі запраўды вы паспыталіся, што Спадар добры.
Прыступаючы да Яго, жывога каменя, адкінутага людзьмі, але выбранага Богам і каштоўнага,
Прыступаючы да Яго, каменя жывога, людзьмі запраўды адхіненага, але Богам абранага, дарагога,
і вы самі, як жывыя камяні, будуйцеся ў дом духоўны, у святарства святое, каб складаць духоўныя ахвяры, мілыя Богу праз Ісуса Хрыста.
І самы, як жывыя камяні, збудуйце дом духоўны, сьвятарства сьвятое, абракаць духоўныя аброкі, прыемныя Богу Ісусам Хрыстом.
Пра гэта сказана ў Пісанні: «Вось, Я кладу на Сіёне вуглавы камень, выбраны і дарагі, і, хто верыць у Яго, не будзе асаромлены».
Бо зьмешчана ў Пісьме: «Вось, Я кладу на Сыёне вугольны камень, абраны, дарагі, і хто вера ў яго, не засароміцца».
Дык Ён для вас, веруючых, — гонар, а для няверуючых «камень, які адкінулі будаўнікі, які стаўся галавою вугла»
Дык вам, вернікам, каштоўнасьць, але непаслухменым камень, што адхінулі будаўнічыя, каторы стаў галавою вугла,
ды ёсць «каменем спатыкнення і каменем згаршэння»; аб яго спатыкаюцца няверуючыя Слову, на што і прызначаны.
І «Каменям спатыкненьня, і скалаю спадману» тым, каторыя спатыкаюцца на слове, будучы непаслухменыя, да каторых яны й прызначаныя.
Але вы — выбранае племя, валадарнае святарства, святы народ, люд набыты, каб абвяшчалі дасканаласці Таго, Хто паклікаў вас з цемры ў цудоўнае святло Сваё;
Але вы — род абраны, каралеўскае сьвятарства, народ сьвяты, люд да дзяржаньня, каб вы маглі зьясьняць дасканальнасьць Таго, хто пагукаў вас ізь цямноты да чудоўнае сьвятліні Свае;
вы, калісьці не народ, а цяпер народ Божы, якія былі не дасягнуўшымі міласэрнасці, а цяпер дасягнулі міласэрнасці.
Каторыя калісь ня люд, але цяпер люд Божы, над каторымі ня было зьмілаваньня, але цяпер ё зьмілаваньне.
Умілаваныя, прашу вас, як прыхадняў і падарожнікаў, паўстрымацца цялесных пажаданняў, якія ваююць супраць душы.
Умілаваныя! захочую вас, як прыходных а чужаземцаў, узьдзержуйцеся ад цялесных жадлівасьцяў, каторыя ходаюцца з душою,
Паводзіны вашы сярод паганаў хай будуць добрыя, каб тыя, што ставяцца да вас як да злачынцаў, бачачы вашы добрыя ўчынкі, славілі Бога ў дзень адведзінаў.
Паступак свой меж паган маючы пасьцівы, каб замест тога, ідзе абмаўляюць вас, як ліхадзеяў, добрыя ўчынкі вашы бачачы, славілі Бога ў дзень даведаньня.
Падпарадкоўвайцеся кожнай людской уладзе дзеля Госпада: ці гэта цару, як вышэйшаму валадару,
Будзьце падданыя дзеля Спадара кажнаму людзкому ўраду: ці то каралю, як найвышшаму,
ці то намеснікам, што праз яго пасланы дзеля пакарання злачынцаў або дзеля пахвалы тых, што дабро робяць,
Ці то дзяржаўцам, пасланым ім да помсты ліхадзеям і пахвалы добра дзеючым, —
бо такая воля Божая, каб вы добрымі ўчынкамі затыкалі вусны невуцтву неразумных людзей,
Бо такая ё воля Божая, каб вы, добра дзеючы, сілілі маўчаць дурных і нясьведамых, —
як людзі свабодныя, ды не як тыя, для якіх свабода ёсць покрыва зла, але як паслугачы Божыя.
Як вольныя, не як маючыя свабоду да прыкрыцьця ліха, але як нявольнікі Божыя.
Усіх паважайце, братоў любіце, Бога бойцеся, цара шануйце!
Усіх паважайце, брацтва мілуйце, Бога бойцеся, караля сьціце.
Паслугачы! Падпарадкоўвайцеся з усім страхам гаспадарам, і не толькі добрым і спагадным, але таксама і суровым.
Слугі, з усёй боязьняй слухайце гаспадароў сваіх, ня толькі добрых а рахманых, але й прыкрых.
Бо гэта ласка, калі хто ў імя Бога пераносіць гора, церпячы несправядліва.
Бо гэта прымальна, калі хто дзеля сумленьня перад Богам вытрывае смутак, церпячы несправядліва.
Бо што гэта за слава, калі вас за грахі б’юць па твары? Але калі церпіце, робячы дабро, дык гэта ласка ў Бога.
Бо што за пахвала, калі, грэшачы, вы трываеце й кулакі? Але калі, добра робячы і церпячы, вы трываеце, гэта прымальна Богу.
Вы ж на гэта пакліканы; бо і Хрыстос цярпеў за вас, пакідаючы вам прыклад, каб вы ішлі па Яго слядах:
Бо да гэтага вы пагуканы, бо й Хрыстос цярпеў за вас, пакінуўшы вам зразу, каб вы йшлі па сьлядох Ягоных.
Ён не ўчыніў граху, і ў Яго вуснах не знойдзена подступу.
Ён не зрабіў ніякага грэху, і ня было лестачкаў у вуснах Ягоных.
Ён, зняважаны, не зневажаў, церпячы, не пагражаў, але ўсё перадаў справядліваму Суддзі.
Як на Яго выдумлялі, Ён не выдумляў узаемна; церпячы, не пагражаў, але перадаваў у рукі судзячага справядліва.
Ён грахі нашы Сам узнёс целам Сваім на дрэва, каб мы, пазбавіўшыся ад грахоў, жылі дзеля справядлівасці; Яго ранамі вы аздароўлены.
Ён грахі нашыя ўзьнёс целам Сваім на дзерва, каб, памершы грахом, жылі дзеля справядлівасьці; ранамі Ягонымі вы ўздароўлены.
Бо вы былі, як заблуканыя авечкі, але цяпер вярнуліся да Пастыра і Вартаўніка душ вашых.
Бо вы былі, як авечкі заблудныя; але цяпер зьвярнуліся да Пастыра й Наглядніка душаў вашых.