1 Пятра 2 разьдзел
Першае пасланьне Пятра
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Яна Станкевіча
Дык, адклаўшы ўсякую злосьць і ўсякі подступ ды крывадушнасьць і завісьць і ўсякую абмову,
Дык, адклаўшы ўсялякае сердаво а ўсялякую зрадлівасьць а двудушнасьць а завідасьць а ўсялякія абмовы,
як нованаро́джаныя дзе́ткі, палюбе́це чыстае слоўнае малако, каб ад яго ўзрасьці вам на збаўле́ньне;
Як кадзе народжаныя дзецяняты, жадайце чыстага малака слова, каб ад яго расьці да спасеньня;
бо вы паспробавалі, што Госпад добры.
Калі запраўды вы паспыталіся, што Спадар добры.
Прыступаючы да Яго, жывога каменя, адкіненага людзьмі, але выбранага Богам, дарагога,
Прыступаючы да Яго, каменя жывога, людзьмі запраўды адхіненага, але Богам абранага, дарагога,
і самі як жывыя каме́ньні, будуйцеся ў дом духоўны, сьвяшчэнства сьвятое, каб прынасіць духоўныя ахвяры, любыя Богу праз Ісуса Хрыста.
І самы, як жывыя камяні, збудуйце дом духоўны, сьвятарства сьвятое, абракаць духоўныя аброкі, прыемныя Богу Ісусам Хрыстом.
Бо сказана ў пісаньні: вось Я кладу ў Сыоне камень вуглавы выбраны, дарагі, і хто ве́рыць у Яго, не асароміцца (Ісая 28:16).
Бо зьмешчана ў Пісьме: «Вось, Я кладу на Сыёне вугольны камень, абраны, дарагі, і хто вера ў яго, не засароміцца».
Дык вось, Ён для вас, ве́руючых, цэннасьць, а для няве́руючых — камень, які адкінулі будаўнічыя, ды які стаўся галавой вугла (Псальм 117:22), камень спаткне́ньня і камень спакусы,
Дык вам, вернікам, каштоўнасьць, але непаслухменым камень, што адхінулі будаўнічыя, каторы стаў галавою вугла,
аб які яны спатыкаюцца, не пакараючыся слову, на што й пакінены.
І «Каменям спатыкненьня, і скалаю спадману» тым, каторыя спатыкаюцца на слове, будучы непаслухменыя, да каторых яны й прызначаныя.
Але вы — выбраны род, царскае сьвяшчэнства, народ сьвяты, людзі адабраныя, каб абвяшчаць цноты Паклікаўшага вас з це́мры ў цудоўнае сьвятло Яго;
Але вы — род абраны, каралеўскае сьвятарства, народ сьвяты, люд да дзяржаньня, каб вы маглі зьясьняць дасканальнасьць Таго, хто пагукаў вас ізь цямноты да чудоўнае сьвятліні Свае;
не́калі не́-народ, а цяпер народ Божы; не́калі немілава́ныя, а цяпер памілаваныя.
Каторыя калісь ня люд, але цяпер люд Божы, над каторымі ня было зьмілаваньня, але цяпер ё зьмілаваньне.
Умілаваныя! прашу вас, як прышлых і падарожнікаў, ухіляйцеся ад цяле́сных пажаданьняў, што супраць душы ваююць,
Умілаваныя! захочую вас, як прыходных а чужаземцаў, узьдзержуйцеся ад цялесных жадлівасьцяў, каторыя ходаюцца з душою,
і вядзе́це добрае жыцьцё між паганамі, каб яны за тое, за што словамі зьняважа́юць вас, як злачынцаў, угледзіўшы добрыя ўчынкі вашыя, славілі Бога ў дзе́нь адве́дзінаў.
Паступак свой меж паган маючы пасьцівы, каб замест тога, ідзе абмаўляюць вас, як ліхадзеяў, добрыя ўчынкі вашы бачачы, славілі Бога ў дзень даведаньня.
Дык будзьце пакорныя ўсякай уладзе людзкой дзеля Госпада: ці то цару, як зьве́рхняй уладзе,
Будзьце падданыя дзеля Спадара кажнаму людзкому ўраду: ці то каралю, як найвышшаму,
ці то начальнікам, як ад яго пасыланым дзеля караньня злачынцаў і дзеля заахвочаньня робячых дабро,
Ці то дзяржаўцам, пасланым ім да помсты ліхадзеям і пахвалы добра дзеючым, —
бо гэткая ёсьць воля Божая, каб мы, робячы дабро, затыкалі вусны нявуцтву неразумных людзе́й,
Бо такая ё воля Божая, каб вы, добра дзеючы, сілілі маўчаць дурных і нясьведамых, —
як вольныя, ды не як маючыя волю дзеля прыкрыцьця зла, але як Божыя слугі.
Як вольныя, не як маючыя свабоду да прыкрыцьця ліха, але як нявольнікі Божыя.
Усіх паважайце, брацтва любе́це, Бога бойцеся, цара шануйце.
Усіх паважайце, брацтва мілуйце, Бога бойцеся, караля сьціце.
Слугі, з усе́нькім страхам пакарайцеся валадаром, ня толькі добрым і лагодным, але і срогім.
Слугі, з усёй боязьняй слухайце гаспадароў сваіх, ня толькі добрых а рахманых, але й прыкрых.
Бо люба Богу тое, калі хто, думаючы аб Богу, пераносе гора, церпячы несправядліва.
Бо гэта прымальна, калі хто дзеля сумленьня перад Богам вытрывае смутак, церпячы несправядліва.
Бо што за пахвала, калі вы це́рпіце ды б’юць вас за грахі? Але, калі робячы дабро і ў муках це́рпіце, дык гэта Богу люба,
Бо што за пахвала, калі, грэшачы, вы трываеце й кулакі? Але калі, добра робячы і церпячы, вы трываеце, гэта прымальна Богу.
бо вы на тое пакліканы; бо і Хрыстос пацярпе́ў за вас, пакінуўшы вам прыклад, каб вы йшлі па сьлядох ягоных:
Бо да гэтага вы пагуканы, бо й Хрыстос цярпеў за вас, пакінуўшы вам зразу, каб вы йшлі па сьлядох Ягоных.
Ён не зрабіў ніякага грэху, і ня было подступу ў вуснах Яго (Ісая 53:9);
Ён не зрабіў ніякага грэху, і ня было лестачкаў у вуснах Ягоных.
Ён, зьневажа́ны, не зьневажа́ў узае́мна; це́рпячы мукі, не пагражаў, а перадаў Таму, Хто судзіць справядліва.
Як на Яго выдумлялі, Ён не выдумляў узаемна; церпячы, не пагражаў, але перадаваў у рукі судзячага справядліва.
Ён грахі нашыя сам узьнёс у це́ле Сваім на дрэва, каб мы, вызваліўшыся ад грахоў, жылі дзеля праўды: ранамі Яго аздаро́ўлены.
Ён грахі нашыя ўзьнёс целам Сваім на дзерва, каб, памершы грахом, жылі дзеля справядлівасьці; ранамі Ягонымі вы ўздароўлены.
Бо вы былі, як авечкі блукаючыяся, але вярнуліся сягоньня да пастыра й валадара душ вашых (Ісая 53:4−6).
Бо вы былі, як авечкі заблудныя; але цяпер зьвярнуліся да Пастыра й Наглядніка душаў вашых.