1 Пятра 2 разьдзел

Першае пасланьне Пятра
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

Дык, адклаўшы ўсякую злосьць і ўсякі подступ ды крывадушнасьць і завісьць і ўсякую абмову,
 
Дык вось, адкла́ўшы ўся́кую зло́бу, і ўся́кую хíтрасць, і крываду́шнасць, і за́йздрасць і ўсякае зласло́ўе,

як нованаро́джаныя дзе́ткі, палюбе́це чыстае слоўнае малако, каб ад яго ўзрасьці вам на збаўле́ньне;
 
як нованаро́джаныя немаўля́ты, пра́гніце чы́стага духоўнага малака, каб ад яго вы ўзраслí для спасе́ння;

бо вы паспробавалі, што Госпад добры.
 
калі вы ўжо зве́далі, што добры Гасподзь.

Прыступаючы да Яго, жывога каменя, адкіненага людзьмі, але выбранага Богам, дарагога,
 
Прыступа́ючы да Яго, ка́меня жывога, людзьмí адкíнутага, але Богам абра́нага, кашто́ўнага,

і самі як жывыя каме́ньні, будуйцеся ў дом духоўны, сьвяшчэнства сьвятое, каб прынасіць духоўныя ахвяры, любыя Богу праз Ісуса Хрыста.
 
і самі, як жывы́я камянí, буду́йце з сябе дом духоўны, свяшчэ́нства свято́е, каб прыно́сіць духоўныя ахвя́ры, прые́мныя Богу праз Іісуса Хрыста́.

Бо сказана ў пісаньні: вось Я кладу ў Сыоне камень вуглавы выбраны, дарагі, і хто ве́рыць у Яго, не асароміцца (Ісая 28:16).
 
Таму што ска́зана ў Пісанні: «вось, Я кладу́ на Сіёне ка́мень краевуго́льны, абра́ны, кашто́ўны, і той, хто ве́руе ў Яго, не будзе пасаро́млены».

Дык вось, Ён для вас, ве́руючых, цэннасьць, а для няве́руючых — камень, які адкінулі будаўнічыя, ды які стаўся галавой вугла (Псальм 117:22), камень спаткне́ньня і камень спакусы,
 
Дык вось, для вас, ве́руючых, гэта кашто́ўнасць, а для няве́руючых — ка́мень, які адкíнулі будаўнікí, той самы стаў галаво́ю вугла́, ка́мень спатыкне́ння і скала́ спаку́сы,

аб які яны спатыкаюцца, не пакараючыся слову, на што й пакінены.
 
яны спатыка́юцца, не павіну́ючыся слову, на што яны і пакíнуты.

Але вы — выбраны род, царскае сьвяшчэнства, народ сьвяты, людзі адабраныя, каб абвяшчаць цноты Паклікаўшага вас з це́мры ў цудоўнае сьвятло Яго;
 
Але вы — род вы́браны, ца́рскае свяшчэ́нства, народ святы́, людзі, прыдба́ныя, каб абвяшча́ць даскана́ласць Таго, Хто паклíкаў вас з цемры ў цудо́ўнае Сваё святло;

не́калі не́-народ, а цяпер народ Божы; не́калі немілава́ныя, а цяпер памілаваныя.
 
калíсьці не наро́д, а цяпер наро́д Божы; калісьці непамíлаваныя, а цяпер памíлаваныя.

Умілаваныя! прашу вас, як прышлых і падарожнікаў, ухіляйцеся ад цяле́сных пажаданьняў, што супраць душы ваююць,
 
Узлю́бленыя! прашу вас як пры́шлых і перасяле́нцаў устры́млівацца ад пло́цкіх пажа́днасцей, якія ваю́юць су́праць душы́,

і вядзе́це добрае жыцьцё між паганамі, каб яны за тое, за што словамі зьняважа́юць вас, як злачынцаў, угледзіўшы добрыя ўчынкі вашыя, славілі Бога ў дзе́нь адве́дзінаў.
 
паво́дзьце сябе добра сярод язы́чнікаў, каб яны за тое, за што абгаво́рваюць вас, як злачы́нцаў, уба́чыўшы добрыя спра́вы вашы, прасла́вілі Бога ў дзень наве́дання.

Дык будзьце пакорныя ўсякай уладзе людзкой дзеля Госпада: ці то цару, як зьве́рхняй уладзе,
 
Дык вось, будзьце пако́рнымі ўся́кай чалаве́чай ула́дзе дзе́ля Госпада: ці то цару́, як уладару́ вярхо́ўнаму,

ці то начальнікам, як ад яго пасыланым дзеля караньня злачынцаў і дзеля заахвочаньня робячых дабро,
 
ці то правíцелям, як праз яго пасла́ным для пакара́ння злачы́нцаў і для пахвалы́ тым, хто робіць дабро, —

бо гэткая ёсьць воля Божая, каб мы, робячы дабро, затыкалі вусны нявуцтву неразумных людзе́й,
 
бо такая воля Божая, каб мы, ро́бячы дабро, прымуша́лі маўча́ць не́вуцтва неразу́мных людзе́й, —

як вольныя, ды не як маючыя волю дзеля прыкрыцьця зла, але як Божыя слугі.
 
як свабодныя, але не як тыя, хто выкарысто́ўвае свабоду, каб прыхава́ць зло, а як рабы́ Божыя.

Усіх паважайце, брацтва любе́це, Бога бойцеся, цара шануйце.
 
Усіх паважа́йце, братоў любíце, Бога бо́йцеся, цара шану́йце.

Слугі, з усе́нькім страхам пакарайцеся валадаром, ня толькі добрым і лагодным, але і срогім.
 
Слу́гі, з усякім стра́хам падпарадко́ўвайцеся гаспадара́м, не толькі добрым і лаго́дным, але і суро́вым.

Бо люба Богу тое, калі хто, думаючы аб Богу, пераносе гора, церпячы несправядліва.
 
Бо гэта благада́ць, калі хто свядо́ма дзе́ля Бога, це́рпіць бе́ды, паку́туючы несправядлíва.

Бо што за пахвала, калі вы це́рпіце ды б’юць вас за грахі? Але, калі робячы дабро і ў муках це́рпіце, дык гэта Богу люба,
 
Бо якая пахвала́, калі трыва́еце вы, як вас б’юць за правíны́ Але калі ро́бячы дабро і паку́туючы, трыва́еце вы, то гэта благада́ць перад Богам,

бо вы на тое пакліканы; бо і Хрыстос пацярпе́ў за вас, пакінуўшы вам прыклад, каб вы йшлі па сьлядох ягоных:
 
бо на тое вы былí паклíканы; таму што і Хрыстос прыня́ў паку́ты за нас, пакінуўшы нам пры́клад, каб мы ішлі па сляда́х Яго:

Ён не зрабіў ніякага грэху, і ня было подступу ў вуснах Яго (Ісая 53:9);
 
Ён граху́ не ўчыніў, і не было падма́ну ў ву́снах Яго;

Ён, зьневажа́ны, не зьневажа́ў узае́мна; це́рпячы мукі, не пагражаў, а перадаў Таму, Хто судзіць справядліва.
 
калі Яго ліхасло́вілі, Ён не ліхасло́віў у адказ; паку́туючы, Ён не пагража́ў, а пакіда́ў усё Суддзí Пра́веднаму;

Ён грахі нашыя сам узьнёс у це́ле Сваім на дрэва, каб мы, вызваліўшыся ад грахоў, жылі дзеля праўды: ранамі Яго аздаро́ўлены.
 
Ён грахí нашы Сам узня́ў Це́лам Сваім на дрэ́ва, каб мы, пазба́віўшыся ад грахоў, пачалí жыць пра́ведна: ра́намі Яго вы ацалíліся.

Бо вы былі, як авечкі блукаючыяся, але вярнуліся сягоньня да пастыра й валадара душ вашых (Ісая 53:4−6).
 
Бо вы былí, як аве́чкі аблу́дныя, але вярну́ліся цяпер да Пастыра і Ахава́льніка душ вашых.