1 Пятра 2 разьдзел
Першае пасланьне Пятра
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Яна Станкевіча
Дык адклаўшы ўсякую злосьць і ўсякую падступнасьць, і крывадушнасьць, і зайздрасьць і ўсякае ліхаслоўе,
Дык, адклаўшы ўсялякае сердаво а ўсялякую зрадлівасьць а двудушнасьць а завідасьць а ўсялякія абмовы,
як нованароджаныя дзеці моцна ўзжадайце чыстае моўнае малако, каб у ім былí вы ўзрошчаны,
Як кадзе народжаныя дзецяняты, жадайце чыстага малака слова, каб ад яго расьці да спасеньня;
калі праўда тое, што вы паспробавалі, што Госпад міласэрны.
Калі запраўды вы паспыталіся, што Спадар добры.
Прыступаючы да Яго, Ка́меня жывога, людзьмі адкінутага, але Богам выбранага, найкаштоўнейшага,
Прыступаючы да Яго, каменя жывога, людзьмі запраўды адхіненага, але Богам абранага, дарагога,
і самі як каменьні жывыя, будуйцеся ў дом духовы, сьвятарства сьвятое, каб прыно́сіць духовыя ахвяры, прыемныя Богу цераз Ісуса Хрыста.
І самы, як жывыя камяні, збудуйце дом духоўны, сьвятарства сьвятое, абракаць духоўныя аброкі, прыемныя Богу Ісусам Хрыстом.
Пагэтаму і сказана ў Пісаньні: вось кладу ў Сыёне Камень вуглавы, выбраны, найкаштоўнейшы; і хто верыць у Яго, ня будзе асаромлены.
Бо зьмешчана ў Пісьме: «Вось, Я кладу на Сыёне вугольны камень, абраны, дарагі, і хто вера ў яго, не засароміцца».
Для вас жа, веручых, Ён — каштоўнасьць; а для няверучых — Камень, Які адкінулі будаўнічыя, Ён стаўся Галавою вугла
Дык вам, вернікам, каштоўнасьць, але непаслухменым камень, што адхінулі будаўнічыя, каторы стаў галавою вугла,
і Каменем спатыканьня, і Скалою спакусы, каторыя спатыкаюцца аб Слове, ня пакараючыся Яму, на што яны і пакінены.
І «Каменям спатыкненьня, і скалаю спадману» тым, каторыя спатыкаюцца на слове, будучы непаслухменыя, да каторых яны й прызначаныя.
Але вы род выбраны, карале́ўскае сьвятарства, народ сьвяты, людзі ўзятыя ва ўдзел, каб абвяшчаць цноты Таго, Хто паклікаў вас із цемры ў цудоўнае Сваё Сьвятло;
Але вы — род абраны, каралеўскае сьвятарства, народ сьвяты, люд да дзяржаньня, каб вы маглі зьясьняць дасканальнасьць Таго, хто пагукаў вас ізь цямноты да чудоўнае сьвятліні Свае;
некалі ня народ, а цяпер народ Бога, (некалі) ня памíлаваныя, а цяпер памíлаваныя.
Каторыя калісь ня люд, але цяпер люд Божы, над каторымі ня было зьмілаваньня, але цяпер ё зьмілаваньне.
Любасныя! прашу вас як прышэльцаў і выгнаньнікаў, ухіляйцеся ад цялесных пажаданьняў, якія ваююць супраць душы,
Умілаваныя! захочую вас, як прыходных а чужаземцаў, узьдзержуйцеся ад цялесных жадлівасьцяў, каторыя ходаюцца з душою,
жыцьцё вашае паміж паганамі хай будзе добрае, каб за тое, за што ліхасловяць вас, як злачынцаў, убачыўшы вашыя добрыя ўчынкі, яны праславілі Бога ў дзень адведзінаў.
Паступак свой меж паган маючы пасьцівы, каб замест тога, ідзе абмаўляюць вас, як ліхадзеяў, добрыя ўчынкі вашы бачачы, славілі Бога ў дзень даведаньня.
Дык будзьце паслухмянымі ўсякім чалавечым уладам дзеля Госпада: калі каралю, дык як найвышшаму,
Будзьце падданыя дзеля Спадара кажнаму людзкому ўраду: ці то каралю, як найвышшаму,
калі начальнікам — дык як ад яго пасыланым дзеля караньня злачынцаў і дзеля заахвочаньня робячых дабро, —
Ці то дзяржаўцам, пасланым ім да помсты ліхадзеям і пахвалы добра дзеючым, —
бо гэткая ёсьць Воля Бога: (каб мы) робячы дабро, затыкалі вусны нявуцтву няразумных людзей.
Бо такая ё воля Божая, каб вы, добра дзеючы, сілілі маўчаць дурных і нясьведамых, —
Як вольныя, ды ня як маючыя волю дзеля прыкрыцьця зла, але як слугі Бога.
Як вольныя, не як маючыя свабоду да прыкрыцьця ліха, але як нявольнікі Божыя.
Усіх паважайце, брацтва любіце, Бога бойцеся, караля шануйце.
Усіх паважайце, брацтва мілуйце, Бога бойцеся, караля сьціце.
Слугі, з усенькім стра́хам пакарайцеся гаспадарам, ня толькі добрым і лагодным, але і нясправядлівым.
Слугі, з усёй боязьняй слухайце гаспадароў сваіх, ня толькі добрых а рахманых, але й прыкрых.
Бо гэта прыемна Богу, калі хто, ўсьведамляючы Бога, пераносе гора, паку́туючы нясправядліва.
Бо гэта прымальна, калі хто дзеля сумленьня перад Богам вытрывае смутак, церпячы несправядліва.
Якая ж пахвала (вам), калі вы будзеце цярпець і пераносіць пабоі саграшаючы? Але, калі робячы дабро і будзеце цярпець паку́туючы, (то) гэта заўгодна Богу.
Бо што за пахвала, калі, грэшачы, вы трываеце й кулакі? Але калі, добра робячы і церпячы, вы трываеце, гэта прымальна Богу.
Бо вы да гэтага пакліканы, таму што і Хрыстос пацярпеў за нас, пакінуўшы нам прыклад, каб вам пасьледаваць па сьлядох Ягоных:
Бо да гэтага вы пагуканы, бо й Хрыстос цярпеў за вас, пакінуўшы вам зразу, каб вы йшлі па сьлядох Ягоных.
Ён ня зрабіў ніякага грэху, ня было знойдзена подступу ў вуснах Ягоных.
Ён не зрабіў ніякага грэху, і ня было лестачкаў у вуснах Ягоных.
Ён, будучы зьняважаемы, ня зьняважаў узаемна, паку́туючы ня пагражаў, але перадаваў Таму, Хто судзіць справядліва.
Як на Яго выдумлялі, Ён не выдумляў узаемна; церпячы, не пагражаў, але перадаваў у рукі судзячага справядліва.
Ён грахі нашыя Сам узьнёс у Целе Сваім на дрэва, каб збавіўшыся ад грахоў, жылі мы для праведнасьці; крывавымі ранамі Ягонымі вы аздароўлены.
Ён грахі нашыя ўзьнёс целам Сваім на дзерва, каб, памершы грахом, жылі дзеля справядлівасьці; ранамі Ягонымі вы ўздароўлены.
Бо вы былі як авечкі блукаючыя, але вернуты цяпер да Пастуха і Ахоўніка душаў вашых.
Бо вы былі, як авечкі заблудныя; але цяпер зьвярнуліся да Пастыра й Наглядніка душаў вашых.