3 Яна 1 разьдзел

Трэйцяе пасланьне Яна
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Стары, любаснаму Гаю, якога я люблю шчыра.
 
Старшы — любоваму Ґаю, каторага я люблю запраўды.

Любасны! жадаю і малюся, каб табе быць здаровым і ішло спрыяльна ўва ўсім (тваім служэньні Богу), як ідзе спрыяльна душы тваёй.
 
Умілаваны! зычу, каб у вусім ты добра меўся і здаровы быў, таксама як душа твая добра маецца.

Бо я вельмі ўзра́даваўся, як прыйшлі браты і засьведчылі тваю праўду, як ты ходзіш у Праўдзе.
 
Бо я вельма ўсьцешыўся, як прышлі браты й пасьветчылі праўду тваю, як ты жывеш у праўдзе.

Ня маю большай радасьці, як чуць пра дзяцей маіх, што ходзяць у Праўдзе.
 
Імне няма большае радасьці, як чуць, што дзеці мае жывуць у праўдзе.

Любасны! ты робіш правільна (у тым), што (ты) робіш для братоў і для гасьцей.
 
Умілаваны! верна робіш тым, што чыніш братом і падарожным,

Яны засьведчылі перад царквой пра тваю любоў. Ты добра зробіш, калі адправіш іх, як годна (перад) Богам,
 
Каторыя сьветчаць перад царквою празь міласьць тваю. Ты добра зробіш, калі адпусьціш іх, як годна ў Богу,

бо яны выйшлі (у дарогу) і дзеля Імені (Ягонага) нічога ня ўзяўшы ад паганаў.
 
Бо дзеля Імені Ягонага яны пайшлі, ня ўзяўшы нічога ад паган.

Дык мы павíнны прыма́ць гэтакіх, каб быць супрацоўнікамі Праўды.
 
Дык мы маем гасьцінна прыймаць таковых, каб быць супрацаўнямі праўды.

Я напісаў царкве, але Дыятрэф, што любіць у іх быць першым, ня прызнае нас.
 
Я пісаў штось царкве, але Дыётрэф, каторы любе быць першым у іх, ня прыймае нас.

Пагэтаму, калі я прыйду, напомню ягоныя ўчынкі, якія ён робіць, зьняважаючы нас злымі словамі і ня здавальняючыся гэтым, ён да таго ж ня прымае братоў і забараняе тым, хто жадае (прыняць), ды із царквы выганяе.
 
Затым, калі я прыйду, я прыпомню ўчынкі ягоныя, каторыя ён чыне, гукаючы на нас благія словы, і, ня маючы гэтага досыць, і сам ня прыймае братоў, і тых, што хацелі б, узьдзержуе й выганяе з царквы.

Любасны! ня пасьледуй злу, але дабру. Той, хто робіць дабро, ён ёсьць ад Бога, але той, хто робіць зло, ня бачыў Бога.
 
Умілаваны! не пераймай благога, але добрае. Хто робе дабро, тый з Бога; хто робе ліха, тый ня бачыў Бога.

Пра Зьмітра засьведчана ўсімі і самой праўдаю; і мы сьведчым, і вы ведаеце, што сьведчаньне нашае праўдзівае.
 
Празь Зьмітру пасьветчана ўсімі і самою праўдаю; сьветчым таксама й мы, і вы ведаеце, што сьветчаньне наша праўдзіва.

Шмат меў я пісаць; але ня хачу пісаць да цябе чарніламі і пяром,
 
Шмат я меў пісаць, але не хачу пісаць да цябе чэрняю й пяром,

але спадзяюся хутка ўбачыць цябе і гаварыць з вуснаў да вуснаў. Мір табе! Вітаюць цябе сябры; прывітай сяброў паіменна.
 
А спадзяюся ўборзьдзе бачыць цябе, і будзем мужаваць вуснамі да вуснаў.