Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

1 Пётры 2 Першае Пётры 2 разьдзел

1 Дык адклаўшы ўсякую злосьць і ўсякую падступнасьць, і крывадушнасьць, і зайздрасьць і ўсякае ліхаслоўе,
2 як нованароджаныя дзеці моцна ўзжадайце чыстае моўнае малако, каб у ім былí вы ўзрошчаны,
3 калі праўда тое, што вы паспробавалі, што Госпад міласэрны.
4 Прыступаючы да Яго, Ка́меня жывога, людзьмі адкінутага, але Богам выбранага, найкаштоўнейшага,
5 і самі як каменьні жывыя, будуйцеся ў дом духовы, сьвятарства сьвятое, каб прыно́сіць духовыя ахвяры, прыемныя Богу цераз Ісуса Хрыста.
6 Пагэтаму і сказана ў Пісаньні: вось кладу ў Сыёне Камень вуглавы, выбраны, найкаштоўнейшы; і хто верыць у Яго, ня будзе асаромлены.
7 Для вас жа, веручых, Ён — каштоўнасьць; а для няверучых — Камень, Які адкінулі будаўнічыя, Ён стаўся Галавою вугла
8 і Каменем спатыканьня, і Скалою спакусы, каторыя спатыкаюцца аб Слове, ня пакараючыся Яму, на што яны і пакінены.
9 Але вы род выбраны, карале́ўскае сьвятарства, народ сьвяты, людзі ўзятыя ва ўдзел, каб абвяшчаць цноты Таго, Хто паклікаў вас із цемры ў цудоўнае Сваё Сьвятло;
10 некалі ня народ, а цяпер народ Бога, (некалі) ня памíлаваныя, а цяпер памíлаваныя.
11 Любасныя! прашу вас як прышэльцаў і выгнаньнікаў, ухіляйцеся ад цялесных пажаданьняў, якія ваююць супраць душы,
12 жыцьцё вашае паміж паганамі хай будзе добрае, каб за тое, за што ліхасловяць вас, як злачынцаў, убачыўшы вашыя добрыя ўчынкі, яны праславілі Бога ў дзень адведзінаў.
13 Дык будзьце паслухмянымі ўсякім чалавечым уладам дзеля Госпада: калі каралю, дык як найвышшаму,
14 калі начальнікам — дык як ад яго пасыланым дзеля караньня злачынцаў і дзеля заахвочаньня робячых дабро, —
15 бо гэткая ёсьць Воля Бога: (каб мы) робячы дабро, затыкалі вусны нявуцтву няразумных людзей.
16 Як вольныя, ды ня як маючыя волю дзеля прыкрыцьця зла, але як слугі Бога.
17 Усіх паважайце, брацтва любіце, Бога бойцеся, караля шануйце.
18 Слугі, з усенькім стра́хам пакарайцеся гаспадарам, ня толькі добрым і лагодным, але і нясправядлівым.
19 Бо гэта прыемна Богу, калі хто, ўсьведамляючы Бога, пераносе гора, паку́туючы нясправядліва.
20 Якая ж пахвала (вам), калі вы будзеце цярпець і пераносіць пабоі саграшаючы? Але, калі робячы дабро і будзеце цярпець паку́туючы, (то) гэта заўгодна Богу.
21 Бо вы да гэтага пакліканы, таму што і Хрыстос пацярпеў за нас, пакінуўшы нам прыклад, каб вам пасьледаваць па сьлядох Ягоных:
22 Ён ня зрабіў ніякага грэху, ня было знойдзена подступу ў вуснах Ягоных.
23 Ён, будучы зьняважаемы, ня зьняважаў узаемна, паку́туючы ня пагражаў, але перадаваў Таму, Хто судзіць справядліва.
24 Ён грахі нашыя Сам узьнёс у Целе Сваім на дрэва, каб збавіўшыся ад грахоў, жылі мы для праведнасьці; крывавымі ранамі Ягонымі вы аздароўлены.
25 Бо вы былі як авечкі блукаючыя, але вернуты цяпер да Пастуха і Ахоўніка душаў вашых.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першае саборнае Пасланьне Апостала Пётры, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020