3 царстваў 1 разьдзел

Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І цар Давід састарэўся і меў вельмі шмат гадоў; і не мог ён сагрэцца, хоць накрывалі яго коўдрамі.
 
І кароль Давід застараўся, уйшоў у гады, дык пакрывалі яго адзецьцямі, але ня мог ён угрэцца.

І сказалі паслугачы яго: «Трэба знайсці гаспадару нашаму, цару, маладую дзяўчыну, і хай яна стане перад царом, і клапоціцца аб ім, і хай спіць на яго грудзях, і грэе гаспадара нашага, цара».
 
І сказалі яму слугі ягоныя: «Хай пашукаюць спадару нашаму, каралю, дзеўку дзявушчую, каб яна стала да караля, і будзе яму пелегавачкаю, і каб ляжала на ўлоньню тваім, — і будзе цёпла спадару нашаму, каралю».

І шукалі прыгожую маладую дзяўчыну па ўсёй зямлі Ізраэльскай, і знайшлі Абісаг, сунаміцянку, і прывялі яе да цара.
 
І шукалі харошае дзеўкі ў вусіх граніцах Ізраельскіх, і знайшлі Авішаґу Шунамлянку, і прывялі яе да караля.

Дзяўчына ж была вельмі прыгожая; і яна апекавалася над царом і паслугавала яму, але цар не дакрануўся да яе.
 
Дзеўка была надта харошал, і была пелегавачкаю каралю, і паслугавала яму; але кароль не пазнаў яе.

А Адонія, сын Хагіт, узганарыўся і казаў: «Я буду цараваць!» І займеў ён сабе калясніцу, і коннікаў, і пяцьдзесят чалавек, што беглі перад ім.
 
Адоня, сын Гаґіфін, вяльмуваўся, кажучы: «Я буду караляваць». І прыдбаў сабе цялежкі а коньнікаў а пяцьдзясят чалавекаў бегаць перад ім.

І бацька яго ніколі з ім не сварыўся, кажучы: «Нашто ты гэта зрабіў?» А быў ён і сам вельмі прыгожы, другі сын па Абсаломе.
 
Ацец жа ніколі ня смуціў яго, кажучы: «Чаму ты гэтак зрабіў?» І ён быў таксама вельмі пазорны, і радзіўся яму просьле Аўсалома.

Ён дамовіўся з Ёабам, сынам Сэруі, і з Абіятарам, святаром, якія дапамагалі Адоніі.
 
І змаўляўся ён ізь Ёавам Царуёнкам а з Авафаром сьвятаром, і яны памагалі Адоні.

Але Садок, святар, і Баная, сын Ёяды, і Натан, прарок, і Сямэй, і Рэй, і моцнае войска Давіда не былі на баку Адоніі.
 
Але сьвятар Садок а Веная Егоядзёнак а прарока Нафан а Шымэй а Рэі а дужыя Давідавы ня былі з Адоням.

Так, Адонія, забіўшы авечак, і цялят, і тлустую жывёлу каля каменя Загэлет, які быў блізка каля крыніцы Рагель, запрасіў усіх братоў сваіх, сыноў цара, і ўсіх людзей юдэйскіх, паслугачоў цара;
 
І зарэзаў Адоня драбнога, і буйнога статку, і кормнага статку ля каменя Зогелеф, каторы ля жарала Роґель, і пазваў усіх братоў сваіх, сыноў каралёвых, і ўсіх Юдэян, слугаў каралёвых.

а прарока Натана, і Банаю, і ўсіх ваяроў, і свайго брата Саламона не запрасіў.
 
Прароку ж Нафана а Венаю а тых дужых а Салямона, брата свайго, не пазваў.

Дык сказаў Натан Бэтсэбе, маці Саламона: «Ці ты не чула, што царуе Адонія, сын Хагіт, і што гаспадар наш Давід гэтага не ведае?
 
Тады Нафан сказаў Бат-Шэве, маці Салямонавай, кажучы: «Ці чула ты, што Адоня, сын Гаґіфін, каралюе, а Давід, наш спадар, ня ведае?

Дык хачу табе параіць, каб захавала ты жыццё сваё і сына свайго Саламона.
 
Дык цяпер хадзі, параджу табе раду, і ўратуеш душу сваю й душу сына свайго Салямона.

І ідзі, і ўвайдзі да цара Давіда, і скажы яму: “Гаспадару мой, цар, ці не прысягнуў ты мне, паслугачцы тваёй, кажучы: “Саламон, сын твой, будзе па мне цараваць, і ён будзе сядзець на маім пасадзе?” Дык чаму царуе Адонія?”
 
Ідзі і ўвыйдзі да караля Давіда, і скажы яму: "Ці не прысягаў ты, спадару мой, каролю, служэбцы сваёй, кажучы: ’Сын твой Салямон будзе каралём просьле мяне, і ён сядзе на пасадзе маім’? Дык чаму ж каралюе Адоня?"

І калі ты яшчэ будзеш размаўляць там з царом, за табою прыйду я і падтрымаю словы твае».
 
І вось, як ты яшчэ будзеш гутарыць там із каралём, увыйду й я за табою й дапоўню словы твае».

Тады Бэтсэба ўвайшла да цара ў спальню; цар жа быў надта стары, і сунаміцянка Абісаг паслугавала яму.
 
Бат-Шэва прышла да караля да пакою; кароль быў вельма стары, і Авішаґа Шунамлянка паслугавала каралю;

І ўкленчыла Бэтсэба, і пакланілася цару; а цар звярнуўся да яе: «Чаго ты хочаш сабе?»
 
І нахінулася Бат-Шэва, і пакланілася каралю; і сказаў кароль: «Чаго табе?»

Яна адказала яму: «Гаспадару мой, ты прысягнуў Госпадам, Богам тваім, паслугачцы тваёй: “Саламон, сын твой, будзе цараваць пасля мяне і ён будзе сядзець на пасадзе маім”,
 
Яна сказала яму: «Спадару мой! ты прысягаў служэбцы сваёй СПАДАРОМ, Богам сваім, што: "Сын твой Салямон будзе караляваць просьле мяне і ён сядзе на пасадзе маім".

а вось цяпер Адонія царуе, калі ты, гаспадар мой, цар, не ведаеш пра гэта.
 
А цяпер, вось, Адоня закараляваў, і ты, спадар мой, кароль, ня ведаеш.

Забіў ён валоў, і ўсю тлустую жывёлу, і мноства авечак, і запрасіў усіх сыноў цара, таксама Абіятара, святара, і Ёаба, кіраўніка войска; а Саламона, паслугача твайго, не паклікаў.
 
І зарэзаў ён множасьць валоў а кормных а драбнога статку, і пазваў усіх сыноў каралеўскіх а сьвятара Авафара а вайводцу Ёава; Салямона ж, слугу твайго, не пазваў.

Але ты, гаспадару мой, — цар, на цябе звернуты вочы ўсяго Ізраэля, каб ты яму аб’явіў, хто па табе, гаспадар мой, цар, павінен сядзець на тваім пасадзе!
 
Але ты, спадару мой, — кароль, і вочы ўсіх Ізраялян на табе, каб ты наказаў ім, хто сядзе на пасадзе спадара майго караля просьле яго.

Інакш, калі ты, гаспадар мой, цар, заснеш з бацькамі сваімі, на мяне і на сына майго Саламона спадзе абвінавачванне».
 
І будзе, як спадар мой, кароль, супачыне з айцамі сваімі, мяне а майго сына Салямона будуць мець за грэшнікаў».

Калі яна яшчэ гаварыла з царом, прыйшоў і прарок Натан.
 
І вось, яшчэ яна гутара з каралём, Нафан прарока прышоў.

І паведамілі аб гэтым цару, кажучы: «Вось, Натан, прарок». І калі ўвайшоў ён перад аблічча цара, і пакланіўся яму нізка да зямлі,
 
І азнаймілі каралю, кажучы: «Во Нафан прарока». І уйшоў ён да караля, і пакланіўся каралю відам да зямлі.

сказаў Натан: «Гаспадару мой, цар, ці ты сказаў: “Адонія хай царуе пасля мяне, і хай ён сядзе на пасад мой?”
 
І сказаў Нафан: «Спадару мой каролю! ты сказаў: "Адоня будзе караляваць просьле мяне і ён сядзе на пасадзе маім"?

Таму што сёння ён пайшоў і забіў у ахвяру валоў, і тлустую жывёлу, і мноства авечак, і запрасіў усіх сыноў царскіх, і начальнікаў войска, і святара Абіятара, і яны разам з ім ядуць, і п’юць, і гамоняць: “Хай жыве цар Адонія!”
 
Бо ён цяпер зышоў, і зарэзаў множасьць валоў, кормных а драбнога статку, і пазваў усіх сыноў каралеўскіх а вайводцаў а сьвятара Авафара, і вось, яны ядуць і п’юць у яго, і кажуць: "Хай жывець кароль Адоня!"

А мяне, твайго паслугача, і святара Садока, і Банаю, сына Ёяды, і Саламона, паслугача твайго, ён не запрасіў.
 
А мяне, мяне, слугу твайго, а сьвятара Садока а Венаю Ёгоядзёнка а твайго слугу Салямона не пазваў.

Ці не сталася гэта па волі гаспадара майго, цара, і чаму ты не аб’явіў мне, слузе твайму, хто будзе сядзець на пасадзе гаспадара майго, цара, пасля яго?»
 
Ці не ад спадара майго, караля, сталася гэта, і ты не наказаў слузе свайму, хто сядзе на пасадзе спадара майго, караля, просьле яго?»

І ў адказ сказаў цар Давід: «Паклічце да мяне Бэтсэбу». Калі ўвайшла яна да цара і стала перад ім,
 
І адказаў кароль Давід, і сказаў: «Гукніце імне Бат-Шэву». І ўвыйшла яна да караля, і стала перад каралём.

пакляўся цар і сказаў: «Жыве Госпад, Які выратаваў душу маю з усялякае бяды, бо,
 
І прысяг кароль, і сказаў: «Жыў СПАДАР, каторы вывальняў душу маю з усялякае немарасьці!

як я пакляўся табе Госпадам, Богам Ізраэля, кажучы: “Саламон, сын твой, будзе цараваць пасля мяне, і ён сядзе на мой пасад замест мяне”, — так сёння і зраблю».
 
Бо як я прысягнуў табе СПАДАРОМ, Богам Ізраелявым, кажучы, што Салямон, сын твой, будзе караляваць просьле мяне, і ён сядзе на пасадзе маім замест мяне, так я й зраблю гэта сядні».

І Бэтсэба, упаўшы тварам на зямлю, пакланілася цару і сказала: «Няхай жыве, гаспадар мой, цар Давід, вечна!»
 
І нахінулася Бат-Шэва відам да зямлі, і пакланілася каралю, і сказала: «Хай жывець спадар мой, кароль Давід, на векі!»

І загадаў цар Давід: «Паклічце да мяне Садока, святара, і Натана, прарока, і Банаю, сына Ёяды». Калі яны з’явіліся перад царом,
 
І сказаў кароль Давід: «Пагукайце да мяне сьвятара Садока а прароку Нафана а Венаю Ёгоядзёнка». І ўвыйшлі яны да караля.

сказаў ён ім: «Вазьміце з сабою паслугачоў гаспадара вашага і пасадзіце Саламона, сына майго, на мула майго, і вядзіце яго ў Гіхон,
 
І сказаў ім кароль: «Вазьміце із сабою слугаў спадара свайго, і пасадзіце Салямона, сына майго, на мула майго, і зьвязіце яго да Ґігону.

і хай там святар Садок і прарок Натан намасцяць яго на цара Ізраэля, і затрубіце ў рог, і абвясціце: “Хай жыве цар Саламон!”
 
І хай памажа яго там Садок сьвятар а Нафан прарока за караля над Ізраелям, і затрубіце ў трубу, і гукніце: "Хай жывець кароль Салямон!"

І пойдзеце за ім, і прыйдзе ён, і сядзе на пасад мой, і будзе цараваць замест мяне; і я загадаю яму, каб быў ён валадаром над Ізраэлем і над Юдэяй».
 
І вы ўзыйдзіце за ім, і ён прыйдзе, і сядзе на пасадзе маім; ён будзе караляваць замест мяне; яму я расказаў быць правадыром над Ізраелям а Юдаю».

І ў адказ Баная, сын Ёяды, сказаў цару: «Амін, хай скажа гэтак Госпад, Бог гаспадара майго, цара!
 
І адказаў Веная Ёгоядзёнак каралю, і сказаў: «Амін! — хай скажа так СПАДАР, Бог спадара майго караля!

Як быў Госпад з гаспадаром маім царом, так няхай будзе Ён з Саламонам і хай узвялічыць пасад яго больш за пасад гаспадара майго, цара Давіда!»
 
Як быў СПАДАР Бог із спадаром маім каралём, так хай будзе Ён із Салямонам, і хай узьвяліча пасад ягоны болей за пасад спадара майго, караля Давіда!»

І пайшоў Садок, святар, і Натан, прарок, і Баная, сын Ёяды, і херэты, і фелеты, і пасадзілі Саламона на мула цара Давіда і прывязлі яго ў Гіхон.
 
І пайшлі Садок сьвятар а Нафан прарока а Веная Ёгоядзёнак а Херэфеі а Пелефеі, і пасадзілі Салямона на мула караля Давіда, і павялі яго да Ґігону.

Там святар Садок узяў рог алею са скініі, і памазаў Саламона; і затрубіў у рог, і закрычаў увесь народ: «Хай жыве цар Саламон!»
 
І ўзяў Садок сьвятар рог алейны з будану, і памазаў Салямона. І затрубілі ў трубу, і ўвесь люд гукнуў: «Хай жывець кароль Салямон!»

І увесь народ праводзіў Саламона, і граў народ на флейтах, і радаваўся вялікай радасцю, і зямля шумела ад іх гомана.
 
І ўзышоў увесь люд за ім, і дудзеў люд у дудкі, і радаваліся радасьцяй вялікай, ажно зямля ськяпалася ад гуку іхнага.

І пачуў Адонія і ўсе запрошаныя ім; і ўжо застолле было скончана. Але і Ёаб, пачуўшы гук трубы, сказаў: «Што гэта за гоман узрушанага горада?»
 
І пачуў Адоня а ўсі пазваныя, што зь ім, а яны канчалі есьці; а Ёаў пачуў гук трубы і сказаў: «Што гэта за гоман месцкі равучы?»

Калі ён яшчэ гаварыў, прыйшоў Ёнатан, сын Абіятара, святара; сказаў яму Адонія: «Увайдзі, бо ты чалавек дастойны і добрае нам абвяшчаеш».
 
Яшчэ ён гукаў, як прышоў Ёнафан Авафаронак, сын сьвятароў. І сказаў Адоня: «Уйдзі; ты — чалавек дабрародны і нясеш добрую навіну».

І Ёнатан сказаў Адоніі: «Зусім не! Бо гаспадар наш, цар Давід, абвясціў царом Саламона,
 
І адказаў Ёнафан, і сказаў Адоні: «Але, спадар наш, кароль Давід, устанавіў Салямона за караля.

і паслаў з ім Садока, святара, і Натана, прарока, і Банаю, сына Ёяды, і херэтаў, і фелетаў; і яны пасадзілі Саламона на мула цара,
 
І паслаў кароль ізь ім Садока сьвятара а Нафана прароку а Венаю Ёгоядзёнка а Херэфеяў а Пелефеяў, і яны пасадзілі яго на мула каралеўскага.

і святар Садок і прарок Натан намасцілі яго на цара ў Гіхоне. І адтуль выйшлі яны з радасцю, і горад загаманіў; гэта той гоман, які вы чуеце.
 
І памазаў яго Садок сьвятар а Нафан прарока за караля ў Ґігоне, і ўзышлі стуль з радасьцяй, і загудзела места. Вось прычына гуку, каторы вы чулі.

Але і Саламон сядзеў на пасадзе царскім,
 
І таксама ўжо сеў Салямон на каралеўскім пасадзе.

і царскія паслугачы папрыходзілі дабраславіць гаспадара нашага, цара Давіда, кажучы: “Хай Бог праславіць імя Саламона па-над тваім імем, і ўзвялічыць пасад яго па-над тваім пасадам”. І цар пакланіўся на ложку сваім.
 
І таксама прышлі служцы каралёвы дабраславідь спадара нашага, караля Давіда, кажучы: "Хай учыне Бог лепшым імя Салямона за твае імя, і хай узьвяліча пасад ягоны болей за твой пасад". І пакланіўся кароль на ложку сваім.

І, апроч таго, сказаў ён так: “Дабраславёны Госпад, Бог Ізраэля, Які даў сёння вачам маім бачыць таго, хто сядзіць на пасадзе маім”».
 
І таксама гэтак сказаў кароль: "Дабраславёны СПАДАР, Бог Ізраеляў, Каторы сядні даў седзячага на пасадзе маім, і вочы мае бачаць яго"».

Такім чынам, спалохаліся і паўскаквалі ўсе, запрошаныя Адоніем, і кожны з іх пайшоў сваёй дарогаю.
 
Задрыжэлі і ўсталі ўсі пазваныя, што былі ўв Адоні, і пайшлі кажны сваёю дарогаю.

А Адонія, баючыся Саламона, устаў і пайшоў, і ўхапіўся за рогі ахвярніка.
 
Адоня, баючыся Салямона, устаў а пайшоў а ўхапіўся за рогі аброчніка.

І паведамілі пра гэта Саламону, кажучы: «Вось, Адонія, баючыся цара Саламона, ухапіўся за рогі ахвярніка, кажучы: “Хай сёння прысягне мне цар Саламон, што не заб’е паслугача свайго мечам”».
 
І наказалі Салямону, кажучы: «Вось, Адоня баіцца караля Салямона, і вось, ён ухапіўся за рогі аброчніка, кажучы: "Хай прысягне імне сядні кароль Салямон, што ён ня зробе сьмерці слузе свайму мячом"».

І Саламон сказаў: «Калі ён будзе чалавекам добрым, не ўпадзе на зямлю ніводны волас яго; але калі выявіцца ў ім ліха, то памрэ».
 
І сказаў Салямон: «Калі ён будзе чалавекам дабрародным, то ня зваліцца ні адзін із валасоў ягоных на зямлю; калі ж знойдзецца ў ім ліха, то памрэць».

І паслаў за ім Саламон, і адвялі яго ад ахвярніка, і ён увайшоў і пакланіўся цару Саламону; і Саламон сказаў яму: «Ідзі дамоў».
 
І паслаў Салямон, і зьвялі яго ад аброчніка. І ён прышоў, і пакланіўся каралю Салямону. І сказаў яму Салямон: «Ідзі да дому свайго».