Другі закон 1 разьдзел

Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Гэта словы, якія прамаўляў Майсей да ўсяго Ізраэля за Ярданам у пустыні, у Арабе насупраць Суфа, паміж Паранам, і Тафелам, і Лабанам, і Асэротам, і Дызагабам,
 
Гэта ё словы, каторыя гукаў Масей усяму Ізраелю за Ёрданом на пустыні, на раўніне супроці Суфа, меж Парану й Тофелу а Лавану а Гацэрофу а Ды-Загаву,

на адлегласці ў адзінаццаць дзён дарогі ад Гарэба да Кадэс-Барнэ праз горы Сэір.
 
Адзінанцаць дзён дарогі ад Горыва па дарозе ад гары Сэір да Кадэш-Барні.

У саракавым годзе, у адзінаццатым месяцы, у першы дзень месяца сказаў Майсей сынам Ізраэля ўсё, што яму Госпад загадаў, каб ён сказаў ім.
 
І сталася саракавога году, адзінанцатага месяца, на першы дзень месяца, што гукаў Масей сыном Ізраелявым подле ўсёга, што расказаў яму СПАДАР празь іх.

Пасля таго, як ён забіў Сэгона, цара амарэяў, які жыў у Хесебоне, і Ога, цара Басана, які жыў у Астароце і ў Эдраі,
 
Па забіцьцю ім Сыгона, караля Аморэйскага, што жыў у Гэшбоне, і Оґа, караля Вашанскага, каторы жыў у Ашарофе ў Едрэі,

за Ярданам, у зямлі Мааба, пачаў Майсей тлумачыць закон гэты і казаць:
 
За Ёрданом, у зямлі Моаўскай, пачаў Масей зьясьняць права гэтае, кажучы:

«Госпад, Бог наш, прамаўляў да нас на Гарэбе, кажучы: “Досыць ужо вам быць на гэтай гары.
 
«СПАДАР, Бог ваш, гукаў нам у Горыве, кажучы: "Досыць вам жыць на гары гэтай;

Абярніцеся і выберыцеся, і ідзіце на гару амарэяў і да ўсіх суседзяў іх: у Арабе, і ў гарах, і ў Сэфэле, і ў Нагэбе, і на марскім узбярэжжы; у зямлю хананеяў, і ў Лібан, аж да вялікай ракі Эўфрат.
 
Зьвярніцеся, краніцеся, і пайдзіце на гару Аморэяў а да ўсіх суседзяў іхных, на раўніну, на гару, на нізкія месцы, на паўдня і да берагоў мора, да зямлі Канаанскае а да Лібану, аж да ракі вялікае, ракі Еўфрату.

Вось, кажа, Я даю вам гэтую зямлю. Ідзіце, вазьміце яе ва ўласнасць, бо яе паабяцаў Госпад бацькам вашым Абрагаму, Ізааку і Якубу, што аддасць яе ім і іх нашчадкам пасля іх”».
 
Гля, Я даў вам зямлю гэтую, прыйдзіце й вазьміце на спадак зямлю, каторую СПАДАР із прысягаю абяцаў даць айцом вашым, Абрагаму, Ісаку а Якаву, даць ім а насеньню іхнаму просьле іх".

І сказаў ён ім у той час: «Не магу я адзін весці вас;
 
І я сказаў вам у тым часе: "Не магу адзінюсенькі насіць вас;

Госпад, Бог ваш, памножыў вас, і сёння вас так многа, як зорак у небе.
 
СПАДАР, Бог ваш, размнажыў вас, і вось, вас сядні шмат, як гвездаў нябёсных;

Дык хай Госпад, Бог бацькоў вашых, дадасць да гэтай лічбы многія тысячы і дабраславіць вас, як Ён гаварыў вам.
 
СПАДАР, Бог айцоў вашых, хай дадасьць вам тысяча разоў, і хай дабраславе вас, як Ён казаў вам;

Не магу я адзін забяспечыць вашы патрэбы, пераносіць вашы цяжары і спрэчкі.
 
Як жа імне аднанаму насіць клопаты вашы, цяжары вашы а звады вашы?

Абярыце сабе людзей мудрых і богабаязных, лад жыцця якіх выпрабаваны ў пакаленнях вашых, і я пастаўлю іх кіраўнікамі вашымі».
 
Абярыце сабе мужоў мудрых, разумных а ўзумелых па плямёнах сваіх, і я пастанаўлю іх за галавы вашы".

Тады адказалі вы мне: «Добрая гэта рэч, што ты хочаш зрабіць».
 
Вы адказалі імне й сказалі: "Добра гэта, што ты казаў рабіць".

Дык выбраў я тады з вашых пакаленняў мужоў мудрых і выпрабаваных, і паставіў іх князямі над вамі: тысячнікамі, сотнікамі, кіраўнікамі над пяццюдзесяццю, кіраўнікамі над дзесяццю і загадчыкамі працы для пакаленняў вашых.
 
І ўзяў я галоўных із плямёнаў вашых, мужоў мудрых а ўзумелых, і ўстанавіў іх галавамі над вамі, князьмі тысячаў, і князьмі сотняў, і князьмі пяцёх дзесяткоў, і князьмі дзесяткоў і ўраднікамі па плямёнах вашых.

У той час загадаў я суддзям вашым: «Слухайце справу братоў вашых і судзіце справядліва, — суайчыннік ён ці прыбылец.
 
І расказаў я судзьдзям вашым у тым часе, кажучы: "Слухайце справы меж братоў сваіх і судзіце справядліва меж людзіны й брата ейнага й чужаземца.

Не глядзіце на асобу на судзе: выслухайце як вялікага, так і малога, не бойцеся ніводнай асобы, бо гэта суд Божы. А калі б якая справа падавалася вам цяжкай, скіроўвайце да мяне, і я выслухаю».
 
Не зважайце на асобы на судзе, як малога, так вялікага выслухайце: ня бойцеся віду людзкога; бо суд справа Божая; а справу, каторая вам цяжкая, перадавайце імне, І Я выслухаю яго".

У той час загадаў я вам усё, што вы маеце рабіць.
 
І расказаў вам у тым часе ўсе, што належа вам рабіць.

Потым пакінулі мы Гарэб і прайшлі ўсю тую вялікую і страшную пустыню, якую вы бачылі, праз гару амарэйскую, як загадаў нам Госпад, Бог наш, і прыйшлі ў Кадэс-Барнэ.
 
І падарожжавалі вы ад Горыва, і йшлі па ўсёй тэй вялікай а страшнай пустыні, каторую вы бачылі, па дарозе да гары Аморэйскае, як расказаў СПАДАР, Бог наш, і прышлі да Кадэш-Барні.

І сказаў я вам: «Вы прыйшлі да гары амарэйскай, якую мае нам даць Госпад, Бог наш.
 
І сказаў я вам: "Вы прышлі аж да гары Аморэйскае, каторую СПАДАР, Бог наш, даець нам.

Агледзь зямлю, якую дае табе Госпад, Бог твой, увайдзі і вазьмі яе ва ўладанне, як сказаў табе Госпад, Бог бацькоў тваіх; не бойся і нічога не палохайся».
 
Гля, СПАДАР, Бог твой, даў табе зямлю гэтую, узыйдзі, вазьмі яе ў дзяржаньне, як казаў табе СПАДАР, Бог айцоў тваіх, ня бойся а не палохайся".

Прыступілі тады вы ўсе да мяне і сказалі: «Пашлём людзей перад намі, каб агледзелі зямлю і паведамілі пра дарогу, якою маем ісці, і пра гарады, у якія маем увайсці».
 
Вы ўсі дабліжыліся да мяне й сказалі: "Пашлем перад сабою людзёў, каб яны прасачылі нам зямлю й зьвярцуліся да нас ізь ведамкаю праз дарогу, па каторай нам узыходзіць, і празь месты, да каторых нам ісьці".

Слова мне спадабалася, і я выбраў паміж вас дванаццаць мужчын, па адным з кожнага пакалення іх.
 
І ўпадабаў я слова гэтае, і я ўзяў з вас двананцацёх чалавекаў, па адным чалавеку ад плямені.

Яны выйшлі, і скіраваліся ў горы, і дайшлі аж да даліны Нэгэлескал, і агледзелі зямлю.
 
І яны павярнуліся, узышлі на гару й дайшлі аж да даліны Ешкол, і вышпегавалі яе.

І ўзялі яны плады тае зямлі, і прынеслі нам, і сказалі: «Добрая тая зямля, якую мае даць нам Госпад, Бог наш».
 
І ўзялі ў рукі свае з пладоў зямлі, і зышлі да нас, і зьвярнуліся зь ведамкаю, і сказалі: "Добрая зямля, каторую СПАДАР, Бог наш, даець нам".

Але вы не хацелі ісці і не паверылі слову Госпада, Бога вашага.
 
Але вы не захацелі ўзыходзіць, і спрацівіліся слову СПАДАРА, Бога вашага,

І наракалі ў палатках сваіх, і казалі: «Ненавідзіць нас Госпад, таму і вывеў нас з зямлі Егіпецкай, каб выдаць нас у рукі амарэяў ды пагубіць.
 
І наракалі ў буданох сваіх, і казалі: "Ненавідзячы СПАДАР нас вывеў ізь зямлі Ягіпецкае, каб аддаць нас у рукі Аморэям выгубіць нас;

Куды пойдзем? Нашы браты напалохалі сэрца наша, кажучы: народ той шматлікі і перавышае нас ростам, гарады вялікія і аж у неба ўмацаваныя; бачылі мы нават там сыноў Анака».
 
Куды мы ўзыйдзем? Браты нашыя раскволілі сэрца нашае, кажучы: "Люд тый большы а вышшы за нас, месты вялікія а ўмацаваныя аж да нябёсаў, дый Еначонкаў бачылі мы там".

Дык сказаў я вам: «Не дрыжыце і не бойцеся іх.
 
І я сказаў вам: "Не палохайцеся а ня бойцеся іх;

Госпад Бог, Які ёсць правадыр ваш, Сам будзе за нас ваяваць, як зрабіў у Егіпце на вачах вашых.
 
СПАДАР, Бог ваш, Каторы йдзець перад вамі, Ён будзе ваяваць за вас, як Ён рабіў із вамі ў Ягіпце перад ачыма вашымі,

Бачыў ты сам на пустыні, як Госпад, Бог твой, насіў цябе, як звычайна носіць бацька свайго сына малога, ва ўсякай дарозе, якой вы ішлі, аж пакуль не прыйшлі вы ў гэтае месца.
 
І на пустыні гэтай, ідзе, як ты бачыў, што насіў цябе СПАДАР, Бог твой, як чалавек носе сына свайго, на ўсёй дарозе, каторай вы праходзілі, аж да прыходу вашага на гэтае месца.

Але вы так і не паверылі Госпаду, Богу вашаму,
 
Але й у гэтай справе вы ня верыце СПАДАРУ, Богу свайму,

Які ідзе перад вамі ў дарозе і вызначае месца, на якім вам належыць ставіць палаткі, паказваючы вам шлях: ноччу — агнём, каб асвятляць вам дарогу, удзень — у слупе воблачным».
 
Каторы хадзіў перад вамі дарогаю выглядаць вам месца, ідзе разьлегчыся табарам, ночы ў вагню, каб паказаваць вам дарогу, якой вам ісьці ёю, а ўдзень у булаку.

Калі Госпад пачуў голас слоў вашых, то разгневаўся, і прысягнуў, і сказаў:
 
І СПАДАР пачуў голас словаў вашых, і ўгневаўся, і прысягнуў, кажучы:

«Не ўбачыць ніводзін чалавек з гэтага пакалення ліхога тую добрую зямлю, якую Я пад прысягай абяцаў бацькам вашым,
 
"Не абача ні водзін чалавек ізь людзёў гэтых, з гэтага ліхога роду, добрае зямлі, каторую Я прысягаў даць айцом вашым;

за выключэннем Калеба, сына Ефоны. Ён яе ўбачыць, яму і сынам яго дам Я гэтую зямлю, па якой ён хадзіў, бо ён рабіў усё, каб быць паслухмяным Госпаду».
 
Апрача Калева Ефунёнка, ён абача яе; яму Я дам зямлю, па каторай ён праходзіў, і сыном ягоным, за тое, што супоўна йшоў за СПАДАРОМ".

Праз вас і на мяне загневаўся Госпад і казаў: «І ты туды не ўвойдзеш,
 
Таксама на мяне загневаўся СПАДАР за вас, кажучы: І ты ня ўвыйдзеш туды.

але Ешуа, сын Нуна, твой паслугач, ён туды ўвойдзе. Яго падбадзёрвай, бо ён размяркуе зямлю Ізраэлю.
 
Ігошуа Нунянок, каторы стаіць перад табою, ён увыйдзе туды; яго ўмацуй, бо ён умагчыме Ізраелю адзяржаць яе на спадак.

Дзеці вашы, пра якіх гаварылі вы, што павядуць іх у палон, і сыны вашы, якія сёння не разумеюць, што добрае або ліхое, яны ўвойдуць; ім дам Я яе, і яны завалодаюць ёю.
 
Дзецяняты вашыя, праз каторыя вы казалі, што яны стануць здабыткам, і сынове вашыя, каторыя ня знаюць цяпер ані дабра, ані ліха, яны ўвыйдуць туды, ім дам яе, і яны возьмуць яе ў дзяржаву.

А вы павярніце ды адыдзіце ў пустыню па дарозе праз мора Чырвонае».
 
А вы завярніцеся й краніцеся на пустыню дарогаю Чырвонага мора".

І адказалі вы мне: «Зграшылі мы перад Госпадам, мы пойдзем і будзем ваяваць, як загадаў нам Госпад, Бог наш». І вы падперазаліся зброяй і выправіліся на гару.
 
І вы адказалі й сказалі Імне: "Зграшылі мы перад СПАДАРОМ, мы ўзыйдзем і будзем ваяваць, подле ўсёга, як расказаў нам СПАДАР, Бог наш". І паперазаліся вы кажны ваеннаю зброяю сваёю, і былі гатовыя ўзыйсьці на гару.

Госпад сказаў мне: Скажы ім: «Не ўзыходзьце і не ваюйце, бо Я не з вамі, каб не пападалі вы перад ворагамі вашымі».
 
І сказаў СПАДАР імне: "Скажы ім: ня ўзыходзьце а не ваюйце, бо Я не сярод вас, і каб ня былі пабіты варагамі сваімі".

Сказаў я, ды вы не паслухалі, і супрацівіліся загаду Госпадаву, і, гнаныя пыхаю, вы ўзышлі на вяршыню гары.
 
І я казаў вам, але вы не паслухалі й спрацівіліся слову СПАДАРОВАМУ, але рабілі самадумам і ўзышлі на гару.

Дык выйшаў супраць вас амарэй, які жыў на той гары, і пагнаў вас, як звычайна гоняць пчолы, і пабіў вас ад Сэіра аж да Хормы.
 
І выступіў супроці вас Аморэй, што жыў на гары тэй, і гналі вас так, як робяць пшчолы, і білі вас на Сэіру аж да Гормы.

І вярнуліся вы і плакалі перад Госпадам, але Госпад не выслухаў вас і не захацеў звярнуць увагі на голас ваш.
 
І зьвярнуліся вы, і плакалі перад СПАДАРОМ; але СПАДАР не пачуў голасу вашага ані нахінуў вушшу сваіх да вас.

І прабылі вы ў Кадэсе на працягу таго доўгага часу, пакуль вы там заставаліся.
 
І прабылі вы ў Кадэшу шмат часу, колькі часу вы былі.