Другі закон 30 разьдзел
Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
«Калі споўняцца на табе ўсе гэтыя словы, дабраславенне і праклён, якія я абвясціў перад абліччам тваім, і ты прымеш іх у сэрца сваё сярод усялякіх народаў, па якіх раскідаў цябе Госпад, Бог твой,
І будзе як насьпее цябе ўсе гэта дабраславенства й улегцыменьне, каторыя я выклаў табе, і ты прымеш іх да сэрца свайго сярод усіх народаў, куды выпіхнуў цябе СПАДАР, Бог твой;
і вернешся да Яго, і будзеш слухацца Яго волі ва ўсім, што я сёння табе загадваю, разам з сынамі тваімі, усім сэрцам тваім і ўсёй душою тваёй,
І зьвернешся да СПАДАРА, Бога свайго, і паслухаеш голасу ягонага подле ўсёга, што Я расказую табе цяпер, ты а сынове твае з усёга сэрца свайго і з усяе душы свае;
тады адменіць Госпад, Бог твой, няволю тваю, і пашкадуе цябе, і зноў збярэ цябе з усіх народаў, сярод якіх цябе перад тым расцярушыў.
То зьверне СПАДАР, Бог твой, паланеньне твае, і зжаліцца над табою, і ўзноў зьбярэць цябе з усіх народаў, куды рассыпаў цябе СПАДАР, Бог твой.
Хоць бы ты быў расцярушаны аж да краёў неба, і нават адтуль сцягне і забярэ цябе Госпад, Бог твой,
Хоць бы ты быў выпіхнены аж да канца неба, і стуль зьбярэць цябе СПАДАР, Бог твой, і стуль возьме цябе,
і ўвядзе ў зямлю, якой валодалі бацькі твае, і атрымаеш яе, і зробіць Ён цябе шчаслівейшым і павялічыць цябе больш за бацькоў тваіх.
І прывядзець цябе СПАДАР, Бог твой, да зямлі, каторую дзяржалі айцове твае, і адзяржыш яе ў дзяржаньне, і добра зьдзее табе, і размножа цябе болей за айцоў тваіх;
Госпад, Бог твой, абрэжа сэрца тваё і сэрца нашчадкаў тваіх, каб любіў ты Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім ды ўсёю душою тваёй, каб мог ты жыць.
І абрэжа СПАДАР, Бог твой, сэрца твае а сэрца насеньня твайго, каб ты любіў СПАДАРА, Бога свайго, з усёга сэрца свайго й з усяе душы свае, каб жыць табе.
А ўсе гэтыя праклёны зверне Ён на ворагаў тваіх і на тых, якія ненавідзяць цябе і пераследуюць.
І дасьць СПАДАР, Бог твой, усі кляцьбы гэтыя на варагоў тваіх і ненавідзячых цябе, каторыя перасьледавалі цябе.
Ты, вось, навернешся, і будзеш слухаць голас Госпада, і выканаеш усе прыказанні, якія я загадваю табе сёння;
А ты зьвернешся й будзеш слухаць голасу СПАДАРА й паўніць усі расказаньні Ягоныя, каторыя расказую табе цяпер.
і Госпад, Бог твой, дасць табе вялікі поспех ва ўсіх справах рук тваіх, у пладах улоння твайго, і ў прыплодзе жывёлы тваёй, і ва ўрадлівасці зямлі тваёй, у дастатку ўсіх рэчаў. Бо навернецца Госпад, каб цешыцца з цябе ва ўсіх дабротах, як цешыўся Ён з бацькоў тваіх,
І перапоўне цябе СПАДАР, Бог твой, у ўсялякай рабоце рук тваіх, у плодзе жывата твайго, у плодзе статку твайго, у плодзе зямлі твае на дабро, бо ізноў радавацца будзе СПАДАР ізь цябе, на дабро, як Ён радаваўся з айцоў тваіх,
калі будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго, і берагчы будзеш загады Яго і прыказанні, якія запісаны ў гэтым законе, і навернешся да Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім і ўсёй душой тваёй.
Калі будзеш слухаць голасу СПАДАРА, Бога свайго, дзержачы расказаньні Ягоныя а ўставы Ягоныя, напісаныя ў гэтай кнізе права, калі зьвернешся да СПАДАРА, Бога свайго, усім сэрцам сваім і ўсёй душою сваёй.
Загад гэты, які я табе сёння даю, не ёсць па-над табою і не занадта далёкі.
Бо расказаньне гэтае, каторае я расказую табе цяпер, ня лішне дзіўное табе і не далёка яно.
Не ў небе ён змешчаны, каб мог ты сказаць: “Хто з нас здолее ўзысці ў неба, каб ён спусціўся да нас, каб маглі мы пачуць і выканаць?”
Не на небе яно, каб казаць: "Хто ўзышоў бы дзеля нас на неба, і прынёс бы яго нам, і даў нам пачуць яго, і мы споўнілі б яго?"
І не за морам ён знаходзіцца, каб ты скардзіўся і гаварыў: “Хто з нас можа пераплысці мора і прынесці яго да нас, каб мы маглі пачуць і выканаць тое, што загадана?”
І не за морам яно, каб казаць: "Хто перайшоў бы нам за мора, і ўзяў бы яго вам, і даў бы нам пачуць яго, і мы споўнілі б яго?"
Але ж слова блізка каля цябе, яно проста ў вуснах тваіх і ў сэрцы тваім, каб мог ты яго споўніць.
Але вельма блізка да цябе слова гэтае: у вуснах тваіх і ў сэрцу тваім, каб паўніць яго.
Глядзі, я прапаную табе сёння перад абліччам тваім жыццё і шчасце, і наадварот — смерць і няшчасце.
Глянь, я паклаў перад табою сядні жыцьцё а дабро, і сьмерць а ліха,
Калі будзеш выконваць прыказанні Госпада, Бога твайго, якія я загадваю табе сёння, каб любіў ты Госпада, Бога твайго, і хадзіў Яго шляхамі, і сцярог Яго загады, і прыказанні, і законы, будзеш жыць, і памножыць Ён цябе, і будзе дабраслаўляць цябе ў зямлі, у якую ідзеш, каб атрымаць яе ва ўласнасць.
У тым, што я расказую табе сядні — любіць СПАДАРА, Бога свайго, хадаіць па дарогах Ягоных і паўніць расказаньні Ягоныя а ўставы Ягоныя а суды Ягоныя: і будзеш жыць а мнажыцца, і дабраславе цябе СПАДАР, Бог твой, на зямлі, да каторае ты прыходзіш, каб апанаваць яе.
А калі адвернецца сэрца тваё, і не захочаш слухаць, і, аблудаю зведзены, паклонішся багам чужым і будзеш ім служыць,
Калі ж адвернецца сэрца твае, і ня будзеш слухаць, і адхінешся, і будзеш кланяцца іншым багом, і будзеш служыць ім;
то я прадказваю вам сёння, што прападзеце і за кароткі час пагінеце на зямлі, у якую, перайшоўшы Ярдан, вы ўвойдзеце, каб атрымаць ва ўласнасць.
То я агалашаю вам сядні, што вы напэўна загінеце, і не працягнеце дзён на зямлі, да каторае пераходзіш перазь Ёрдан, каб увыйсьці туды, каб апанаваць яе.
За сведкаў перад вамі клічу сёння неба і зямлю, што прапаную вам жыццё і смерць, дабраславенне і праклён. Дык выбірай жыццё, каб жыў ты і нашчадкі твае,
За сьветкі перад вамі гукаю сядні неба й зямлю: жыцьцё й сьмерць паклаў я перад табою, дабраславенства й кляцьбу. Абяры жыцьцё, каб жыў ты а насеньне твае,
і любі Госпада, Бога твайго, і слухай голас Яго, і туліся да Яго, бо Ён жыццё тваё і даўгавечнасць дзён тваіх, каб жыў ты на зямлі, якою прысягнуў Госпад бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу, што дасць ім яе».
Каб любіў СПАДАРА, Бога свайго, каб слухаў голасу й каб ліп да Яго; бо Ён жыцьцё твае й даўжыня дзён тваіх, каб жыць табе на зямлі, каторую СПАДАР прысягнуў айцом тваім, Абрагаму, Ісаку а Якаву, даць ім».