Другі закон 30 разьдзел
Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
«Калі споўняцца на табе ўсе гэтыя словы, дабраславенне і праклён, якія я абвясціў перад абліччам тваім, і ты прымеш іх у сэрца сваё сярод усялякіх народаў, па якіх раскідаў цябе Госпад, Бог твой,
Калі прыйдуць на цябе ўсе словы гэтыя — дабраславеньне і пракляцьце, якія выклаў я табе, і прымеш іх да сэрца свайго сярод усіх народаў, у якіх расьсее цябе Гасподзь, Бог твой,
і вернешся да Яго, і будзеш слухацца Яго волі ва ўсім, што я сёння табе загадваю, разам з сынамі тваімі, усім сэрцам тваім і ўсёй душою тваёй,
і зьвернешся да Госпада, Бога твайго і паслухаешся голасу Ягонага, як я наказваю табе сёньня, ты і сыны твае ад усяго сэрца твайго і ад усёй душы тваёй, —
тады адменіць Госпад, Бог твой, няволю тваю, і пашкадуе цябе, і зноў збярэ цябе з усіх народаў, сярод якіх цябе перад тым расцярушыў.
тады Гасподзь, Бог твой, верне палонных тваіх і ўмілажаліцца зь цябе, і зноў зьбярэ ад усіх народаў, сярод якіх расьсее цябе Гасподзь, Бог твой.
Хоць бы ты быў расцярушаны аж да краёў неба, і нават адтуль сцягне і забярэ цябе Госпад, Бог твой,
Хоць бы ты быў расьсеяны да краю неба, і адтуль зьбярэ цябе Гасподзь, Бог твой, і адтуль возьме цябе,
і ўвядзе ў зямлю, якой валодалі бацькі твае, і атрымаеш яе, і зробіць Ён цябе шчаслівейшым і павялічыць цябе больш за бацькоў тваіх.
і прывядзе цябе Гасподзь, Бог твой, у зямлю, якою валодалі бацькі твае, і атрымаеш яе ў валоданьне, і ўдабрадзеіць табе і памножыць цябе больш за бацькоў тваіх;
Госпад, Бог твой, абрэжа сэрца тваё і сэрца нашчадкаў тваіх, каб любіў ты Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім ды ўсёю душою тваёй, каб мог ты жыць.
і абрэжа Гасподзь, Бог твой, сэрца тваё і сэрца нашчадкаў тваіх, каб ты любіў Госпада, Бога твайго, ад усяго сэрца твайго і ад усёй душы тваёй, каб жыць табе;
А ўсе гэтыя праклёны зверне Ён на ворагаў тваіх і на тых, якія ненавідзяць цябе і пераследуюць.
тады Гасподзь, Бог твой, аберне ўсе праклёны гэтыя на ворагаў тваіх і ненавісьнікаў тваіх, якія гналі цябе,
Ты, вось, навернешся, і будзеш слухаць голас Госпада, і выканаеш усе прыказанні, якія я загадваю табе сёння;
а ты абернешся і будзеш слухацца голасу Госпада і выконваць усе запаведзі Ягоныя, якія наказваю табе сёньня;
і Госпад, Бог твой, дасць табе вялікі поспех ва ўсіх справах рук тваіх, у пладах улоння твайго, і ў прыплодзе жывёлы тваёй, і ва ўрадлівасці зямлі тваёй, у дастатку ўсіх рэчаў. Бо навернецца Госпад, каб цешыцца з цябе ва ўсіх дабротах, як цешыўся Ён з бацькоў тваіх,
зь лішкам дасьць табе Гасподзь, Бог твой, посьпех ва ўсякіх дзеях рук тваіх, у плодзе ўлоньня твайго, у плодзе быдла твайго, у плодзе зямлі тваёй; бо зноў радавацца будзе Гасподзь за цябе, дабрадзеючы табе, як Ён радаваўся за бацькоў тваіх,
калі будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго, і берагчы будзеш загады Яго і прыказанні, якія запісаны ў гэтым законе, і навернешся да Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім і ўсёй душой тваёй.
калі будзеш слухацца голасу Госпада, Бога твайго, шануючы запаведзі Ягоныя і пастановы Ягоныя, запісаныя ў гэтай кнізе закона, і калі зьвернешся да Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім і ўсёю душою тваёю.
Загад гэты, які я табе сёння даю, не ёсць па-над табою і не занадта далёкі.
Бо запаведзь гэтая, якую я наказваю табе сёньня, не недаступная табе і не далёкая;
Не ў небе ён змешчаны, каб мог ты сказаць: “Хто з нас здолее ўзысці ў неба, каб ён спусціўся да нас, каб маглі мы пачуць і выканаць?”
яна не на небе, каб можна было казаць: «хто ўзышоў бы дзеля нас на неба і прынёс бы яе нам і даў бы нам пачуць яе, і мы выканалі б яе?»
І не за морам ён знаходзіцца, каб ты скардзіўся і гаварыў: “Хто з нас можа пераплысці мора і прынесці яго да нас, каб мы маглі пачуць і выканаць тое, што загадана?”
і не за морам яна, каб можна было казаць: «хто схадзіў бы дзеля нас за мора і прынёс бы яе нам і даў бы нам пачуць яе, і мы выканалі б яе?»
Але ж слова блізка каля цябе, яно проста ў вуснах тваіх і ў сэрцы тваім, каб мог ты яго споўніць.
але даволі блізкае да цябе слова гэтае: яно ў вуснах тваіх і ў сэрцы тваім, каб выконваць яго.
Глядзі, я прапаную табе сёння перад абліччам тваім жыццё і шчасце, і наадварот — смерць і няшчасце.
Вось, я сёньня прапанаваў табе жыцьцё і дабро, сьмерць і зло.
Калі будзеш выконваць прыказанні Госпада, Бога твайго, якія я загадваю табе сёння, каб любіў ты Госпада, Бога твайго, і хадзіў Яго шляхамі, і сцярог Яго загады, і прыказанні, і законы, будзеш жыць, і памножыць Ён цябе, і будзе дабраслаўляць цябе ў зямлі, у якую ідзеш, каб атрымаць яе ва ўласнасць.
Я, наказваю табе сёньня — любіць Госпада, Бога твайго, хадзіць па шляхах Ягоных і выконваць запаведзі Ягоныя і пастановы Ягоныя і законы Ягоныя, дык жыцьмеш і будзеш множыцца, і дабраславіць цябе Гасподзь, Бог твой, на зямлі, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю;
А калі адвернецца сэрца тваё, і не захочаш слухаць, і, аблудаю зведзены, паклонішся багам чужым і будзеш ім служыць,
а калі адвернецца сэрца тваё, і ня будзеш слухацца, і заблудзішся, і пачнеш пакланяцца іншым багам і будзеш слугаваць ім,
то я прадказваю вам сёння, што прападзеце і за кароткі час пагінеце на зямлі, у якую, перайшоўшы Ярдан, вы ўвойдзеце, каб атрымаць ва ўласнасць.
дык я завяшчаю вам сёньня, што вы загінеце і не прабудзеце доўга на зямлі, дзеля авалоданьня якою ты пераходзіш Ярдан.
За сведкаў перад вамі клічу сёння неба і зямлю, што прапаную вам жыццё і смерць, дабраславенне і праклён. Дык выбірай жыццё, каб жыў ты і нашчадкі твае,
У сьведкі перад вамі заклікаю сёньня неба і зямлю: жыцьцё і сьмерць прапанаваў я табе, дабраславеньне і пракляцьце. Выберы жыцьцё, каб жыў ты і нашчадкі твае,
і любі Госпада, Бога твайго, і слухай голас Яго, і туліся да Яго, бо Ён жыццё тваё і даўгавечнасць дзён тваіх, каб жыў ты на зямлі, якою прысягнуў Госпад бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу, што дасць ім яе».
любіў Госпада, Бога твайго, слухаўся голасу Ягонага і прыляпляўся да Яго; бо ў гэтым жыцьцё тваё і доўгасьць дзён тваіх, каб быць табе на зямлі, даць якую ім Гасподзь з прысягаю абяцаў бацькам тваім Абрагаму, Ісааку і Якаву.