Другі закон 16 разьдзел
Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
Беражы месяц Абіб, каб учыняць Пасху Госпаду, Богу твайму, бо ў гэтым месяцы Абіб вывеў цябе Госпад, Бог твой, з Егіпта ноччу.
Сачы за месяцам Авіў і ўчыняй Пасху Госпаду, Богу твайму, бо ў месяцы Авіве вывеў цябе Гасподзь, Бог твой, зь Егіпта ўначы.
І складзі ахвяру пасхальную Госпаду, Богу твайму, з авечак і бычкоў у месцы, якое сам Госпад, Бог твой, выбера, каб было там імя Яго.
І закалі паску Госпаду, Богу твайму, з дробнага і буйнога быдла, на месцы, якое выбера Гасподзь, каб было там імя Ягонае.
Не еж з ёю хлеба квашанага. Сем дзён еж з гэтымі ахвярамі хлеб бедавання без закваскі, бо паспешна выйшаў ты з Егіпта, каб ты памятаў пра дзень выхаду твайго з Егіпта ўсе дні жыцця свайго.
Ня еж зь ёю квашанага; сем дзён еж зь ёю праснакі, хлябы бедаваньня, бо сьпешна выйшаў ты зь зямлі Егіпецкай, каб памятаў ты дзень выхаду свайго зь зямлі Егіпецкай праз усе дні жыцьця твайго;
Не павінна быць нічога кваснага ва ўсіх межах тваіх на працягу сямі дзён; з мяса, якое будзе складзена ў ахвяру вечарам, нічога не павінна застацца да раніцы ў першы дзень.
сем дзён не павінна быць у цябе нічога квашанага ва ўсім краі, і зь мяса, якое ты прынёс у ахвяру ўвечары першага дня, нічога не павінна заставацца да раніцы.
Не можаш ты складаць ахвяру Пасхі ў якім-колечы з гарадоў сваіх, якія мае даць табе Госпад, Бог твой,
Ня можаш ты калоць паску ні ў якім доме тваім, які Гасподзь, Бог твой дасьць табе;
але толькі ў тым месцы, якое выбера Госпад, Бог твой, каб было там імя Яго, складзеш ахвяру Пасхі вечарам пры захадзе сонца ў той самы час, калі выйшаў ты з Егіпта.
толькі на тым месцы, якое выбера Гасподзь, Бог твой, каб было там імя Ягонае, калі паску ўвечары пры захадзе сонца, тым самым часам, як ты выйшаў зь Егіпта;
Спячы і з’еж на тым месцы, якое выбера Госпад, Бог твой; на ранку ўстань і вярніся ў палаткі свае.
і сьпячы і зьеж на тым месцы, якое выбера Гасподзь, Бог твой, а на другі дзень можаш вярнуцца і ўвайсьці ў намёты твае.
Шэсць дзён еж праснакі і на сёмы дзень таксама, бо ён усталяваны для Госпада, Бога твайго, і не працуй.
Шэсьць дзён еж праснакі, а сёмага дня адданьне сьвята Госпаду, Богу твайму; не займайся працаю.
Адлічы сабе сем поўных тыдняў ад дня таго, калі ўзнясеш серп над жнівом,
Сем тыдняў адлічы сабе; і пачынай лічыць сем тыдняў з таго часу, як серп зажне сьпелае збожжа;
і ўшаноўвай свята тыдняў для Госпада, Бога твайго, дабрачыннай ахвярай з рукі тваёй, якую складаеш паводле дабраславення Госпада, Бога твайго.
тады ўчыняй сьвята сяміцаў Госпаду, Богу твайму, у меру дайнасьці рукі тваёй, колькі дасі, гледзячы па тым, чым спадобіць цябе Гасподзь, Бог твой;
І святкуй перад Госпадам, Богам тваім, і ты, і сын твой, і дачка твая, паслугач твой і паслугачка твая, і левіт, той, што ў брамах тваіх, прыбылец, і сірата, і ўдава, якая прабывае з табой у месцы, якое выбера Госпад, Бог твой, каб там было імя Яго;
І радуйся прад Госпадам, Богам тваім, ты і сын твой і дачка твая, і раб твой і рабыня твая, і лявіт, які ў селішчах тваіх, і прыхадзень і сірата і ўдава, якія сярод цябе, на месцы, якое выбера Гасподзь, Бог твой, каб было там імя Ягонае;
і прыпомні сабе, што ты быў нявольнікам у Егіпце, таму зберагай і чыні тое, што загадана табе.
памятай, што ты быў рабом у Егіпце, і шануй і выконвай пастановы гэтыя.
Святкуй свята палатак сем дзён пасля таго, як збярэш плён твой з току і з тоўчні.
Сьвята кучак учыняй у сябе сем дзён, калі прыбярэш з гумна твайго і з чавіла твайго;
У гэта свята будзеш святкаваць ты, і сын твой, і дачка, паслугач твой і паслугачка, таксама левіт і чужынец, сірата і ўдава, якія жывуць у брамах тваіх.
і радуйся ў сьвята тваё ты і сын твой і дачка твая, і раб твой і рабыня твая, і лявіт і прыхадзень, і сірата і ўдава, якія ў селішчах тваіх,
Сем дзён адзначай святы Госпаду, Богу твайму, у месцы, якое выбера Госпад; бо дабраслаўляць цябе будзе Госпад, Бог твой, ва ўсім плёне тваім і ва ўсякай працы рук тваіх, і будзеш поўны радасці.
сем дзён сьвяткуй Госпаду, Богу твайму, на месцы, якое выбера Гасподзь, Бог твой; бо дабраславіць цябе Гасподзь, Бог твой, ва ўсім плёне тваім і ва ўсякай дзеі рук тваіх, і ты будзеш толькі радавацца.
Тры разы ў год хай пакажацца кожны з мужчын тваіх перад абліччам Госпада, Бога твайго, у месцы, якое Ён выбера: на свята праснакоў, на свята тыдняў і на свята палатак. І ніхто хай не пакажацца перад абліччам Госпада з пустымі рукамі,
Тры разы на год увесь мужчынскі пол павінен зьяўляцца прад аблічча Госпада, Бога твайго, на месца, якое выбера Ён: у сьвята праснакоў, у сьвята сяміцаў і ў сьвята кучак; і ніхто не павінен зьяўляцца прад аблічча Госпада паражняком,
але кожны хай ахвяруе паводле таго, што будзе мець, паводле дабраславення Госпада, Бога твайго, якое Ён табе дасць.
а кожны з дарункам у руцэ сваёй, паводле дабраславеньня Госпада, Бога твайго, якое Ён даў Табе.
Ва ўсіх брамах тваіх, якія дасць табе Госпад, Бог твой, устанаві суддзяў і загадчыкаў на працах на ўсе пакаленні, каб судзілі людзей справядлівым судом.
Ва ўсіх селішчах тваіх, якія Гасподзь, Бог твой, дасьць табе, пастаў сабе судзьдзяў і наглядчыкаў па плямёнах тваіх, каб яны судзілі народ судом справядлівым;
Не крыві закону. Не глядзі на асобу і на падарункі, якія засляпляюць вочы мудрым і перакручваюць справы справядлівых.
не перакручвай закона, не зважай на асобы і не бяры дарункаў, бо дарункі сьлепяць вочы мудрым і пераварочваюць справу тых, чыя праўда;
За справядлівасцю, за справядлівасцю ідзі следам, каб жыў ты і валодаў зямлёю, якую Госпад, Бог твой, дасць табе.
праўды, праўды шукай, каб ты быў жывы і авалодаў зямлёю, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе.
Не садзі сабе гаёў з якіх-колечы дрэў каля ахвярніка Госпада, Бога твайго, які збудуеш сабе.
Не садзі сабе гаю зь якіх-небудзь дрэў каля ахвярніка Госпада, Бога твайго, які ты зробіш сабе,
Не стаў слупа, бо гэта ненавідзіць Госпад, Бог твой.
і ня стаў сабе слупа, ненавіснага Госпаду, Богу твайму.