Другі закон 26 разьдзел
Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
Калі ўвойдзеш у зямлю, якую мае даць табе Госпад, Бог твой, ва ўласнасць, і завалодаеш ёю і абжывешся ў ёй,
Калі ты прыйдзеш у зямлю, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў дзялянку, і авалодаеш ёю і аселішся на ёй,
вазьмі пяршыні з усіх пладоў на полі, якія збярэш з зямлі тваёй, якую дасць табе Госпад, Бог твой, ды пакладзі іх у кошык і ідзі на месца, якое Госпад, Бог твой, абярэ, каб прабывала там імя Яго,
дык вазьмі пачаткі ўсіх пладоў зямлі, якія ты атрымаеш ад зямлі тваёй, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе, і пакладзі ў кош, і йдзі на тое месца, якое Гасподзь, Бог твой, выбера, каб было там імя Ягонае:
і прыйдзі да святара, які будзе ў тыя дні, і скажы яму: «Абвяшчаю сёння перад Госпадам, Богам тваім, што я ўвайшоў у тую зямлю, якою Госпад прысягнуў бацькам нашым, што дасць Ён яе нам».
і прыйдзі да сьвятара, які будзе тымі днямі, і скажы яму; сёньня вызнаю прад Госпадам, Богам тваім, што я ўвайшоў у тую зямлю, даць якую нам Гасподзь запрысягнуўся бацькам нашым.
І хай возьме святар кошык з рукі тваёй і паставіць на ахвярніку Госпада, Бога твайго,
Сьвятар возьме кош з рукі тваёй і паставіць яго перад ахвярнікам Госпада, Бога твайго.
а ты скажы перад абліччам Госпада, Бога твайго: «Бацька мой быў вандроўны арамеец, прыйшоў аж у Егіпет і качаваў там у невялікай колькасці, а разросся ў народ вялікі, дужы ды незлічона шматлікі.
А ты адказвай і скажы прад Госпадам, Богам тваім: бацька мой быў вандроўны Арамэянін, і пайшоў у Егіпет і пасяліўся там зь нямногімі людзьмі, і павёўся там ад яго народ вялікі, моцны і шматлікі;
І прыгняталі нас егіпцяне і пераследавалі нас, накладаючы найцяжэйшыя работы.
але Егіпцяне блага абыходзіліся з намі і ўціскалі нас і накладвалі на нас цяжкую працу;
Дык мы ўсклікалі да Госпада, Бога бацькоў нашых. І Ён выслухаў нас, і глянуў на ўпакарэнне наша, і работу, і прыцясненне.
і заенчылі мы да Госпада, Бога бацькоў нашых, і пачуў Гасподзь енк наш і ўбачыў гароту нашу, працу нашу і прыгнёт наш;
І вывеў нас Госпад з Егіпта рукою магутнаю і плячом узнятым сярод вялікага страху, знакаў і цудаў.
і вывеў нас Гасподзь зь Егіпта рукою моцнаю і мышцаю ўзьнесенаю, вялікім жахам, азнакамі і цудамі,
І прывёў у гэтае месца, і даў нам гэтую зямлю, што ацякае малаком і мёдам.
і прывёў нас на месца гэтае, і даў нам зямлю гэтую, зямлю, у якой цячэ малако і мёд;
Вось таму прынёс я пяршыні пладоў зямлі, якую Ты даў мне, Госпадзе». І пакладзі іх перад абліччам Госпада, Бога твайго, і пакланіся Госпаду, Богу твайму.
дык вось, я прынёс пачаткі ад пладоў зямлі, якую Ты, Госпадзе, даў мне. І пастаў гэта прад Госпадам, Богам тваім, і пакланіся прад Госпадам, Богам тваім,
І будзеш цешыцца ва ўсіх даброццях, якія даў Госпад, Бог твой, табе і дому твайму, ты, і левіт, і чужынец, які пры табе.
і радуйся за ўсе даброты, якія Гасподзь, Бог твой, даў табе і дому твайму, ты і лявіт і прыхадзень, які будзе ў цябе.
Калі ў трэцім годзе, годзе дзесяціны, аддзеліш усе дзесяціны з усіх пладоў тваіх і аддасі іх левіту, і чужынцу, і сіраце, і ўдаве, каб елі ў брамах тваіх і насычаліся ўдосталь,
Калі ты аддзеліш усе дзесяціны пладоў зямлі тваёй на трэці год, год дзесяцін, і аддасі лявіту, прыхадню, сіраце і ўдаве, каб яны елі ў селішчах тваіх і наядаліся,
тады скажаш перад абліччам Госпада, Бога твайго: «Узяў я з дому свайго тое, што было пасвечана, і даў тое левіту, і чужынцу, і сіраце, і ўдаве, як Ты загадаў мне; я не парушыў загадаў Тваіх і не забыўся на волю Тваю.
тады скажы прад Госпадам, Богам тваім: я ўзяў ад дома сьвятыню і аддаў яе лявіту, прыхадню, сіраце і ўдаве, паводле ўсіх загадаў Тваіх, якія Ты наказаў мне: я не пераступіў запаведзяў Тваіх і не забыў;
Не спажываў я іх у жалобе сваёй, не ўзяў нічога з іх, што было нячыстым у чымсьці, не аддзяляў з іх нічога для памерлага, я слухаў голас Госпада, Бога майго, і зрабіў усё, што загадаў Ты мне.
я ня еў ад яе ў смутку маім, і не аддзяляў яе ў нячыстасьці і не даваў зь яе дзеля мёртвага; я слухаўся голасу Госпада, Бога майго, выконваў усё, што Ты наказаў мне;
Дык глянь са святога прыстанку Свайго, з неба, і дабраславі народ твой, Ізраэля, і зямлю, якую Ты даў нам, як прысягнуў бацькам нашым, зямлю, што ацякае малаком і мёдам».
падзівіся са сьвятога селішча Твайго, зь нябёсаў, і дабраславі народ Твой, Ізраіле, і зямлю, якую Ты даў нам — так, як ты прысягаўся бацькам нашым даць зямлю, у якой цячэ малако і мёд.
Сёння загадвае табе Госпад, Бог твой, каб ты спаўняў прыказанні гэтыя, а таксама законы, і пільнаваўся гэтага, і выконваў іх усім сэрцам тваім ды ўсёю душою тваёй.
У дзень гэты Гасподзь, Бог твой, наказвае табе выконваць пастановы гэтыя і законы: трымайся іх і выконвай іх ад усяго сэрца твайго і ад усёй душы тваёй.
Выбраў ты сёння Госпада, каб быў Ён табе Богам і каб ты хадзіў дарогамі Яго і трымаўся Яго пастаноў і прыказанняў, і закону ды быў паслухмяным волі Яго.
Госпаду сказаў ты цяпер, што Ён будзе тваім Богам, і што ты будзеш хадзіць шляхамі Ягонымі і запаведзі Ягоныя і законы Ягоныя і слухацца голасу Ягонага;
І Госпад выбраў цябе сёння, каб ты быў Яму народам выбраным, як Ён сказаў табе, і каб ты спаўняў усе прыказанні Яго.
і Гасподзь абяцаў табе цяпер, што ты будзеш уласным Ягоным народам, як Ён казаў табе, калі ты будзеш захоўваць усе запаведзі Яго,
І тады ўчыніць Ён цябе вышэйшым за іншыя народы, якія Ён паклікаў да жыцця, каб быў ты народам святым Госпада, Бога твайго, як Ён сказаў.
і што Ён паставіць цябе вышэй за ўсе народы, якія Ён стварыў, у гонары, славе і велічнасьці, і што ты будзеш сьвятым народам у Госпада, Бога твайго, як Ён казаў.