Другі закон 26 разьдзел

Другі закон
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Калі ўвойдзеш у зямлю, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, у спадчыну, і ты авалодаеш ёю, і абжывешся ў ёй,
 
Калі ты прыйдзеш у зямлю, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў дзялянку, і авалодаеш ёю і аселішся на ёй,

возьмеш пяршыны з усіх пладоў зямлі, якія зьбярэш у зямлі тваёй, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, і ўложыш іх у кошык, і пойдзеш на месца, якое ГОСПАД, Бог твой, выбраў, каб было там імя Ягонае.
 
дык вазьмі пачаткі ўсіх пладоў зямлі, якія ты атрымаеш ад зямлі тваёй, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе, і пакладзі ў кош, і йдзі на тое месца, якое Гасподзь, Бог твой, выбера, каб было там імя Ягонае:

І прыйдзеш да сьвятара, які будзе ў тыя дні, і скажаш яму: “Абвяшчаю сёньня перад ГОСПАДАМ, Богам тваім, што я ўвайшоў у зямлю, якую ГОСПАД запрысяг бацькам нашым, што дасьць яе нам”.
 
і прыйдзі да сьвятара, які будзе тымі днямі, і скажы яму; сёньня вызнаю прад Госпадам, Богам тваім, што я ўвайшоў у тую зямлю, даць якую нам Гасподзь запрысягнуўся бацькам нашым.

І возьме сьвятар кошык з рукі тваёй, і паставіць перад ахвярнікам ГОСПАДА, Бога твайго,
 
Сьвятар возьме кош з рукі тваёй і паставіць яго перад ахвярнікам Госпада, Бога твайго.

а ты адкажаш і скажаш перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго: “Бацька мой, вандроўны Арамеец, прыйшоў у Эгіпет, і завандраваў туды малой грамадкай, і стаўся там народам вялікім, дужым і шматлікім.
 
А ты адказвай і скажы прад Госпадам, Богам тваім: бацька мой быў вандроўны Арамэянін, і пайшоў у Егіпет і пасяліўся там зь нямногімі людзьмі, і павёўся там ад яго народ вялікі, моцны і шматлікі;

І прыгняталі нас Эгіпцяне, і перасьледавалі нас, і накладалі на нас цяжкія працы.
 
але Егіпцяне блага абыходзіліся з намі і ўціскалі нас і накладвалі на нас цяжкую працу;

І мы клікалі да ГОСПАДА, Бога бацькоў нашых. І Ён впачуў крык наш, і ўбачыў пакуты нашыя, і працу нашую, і ўціск наш.
 
і заенчылі мы да Госпада, Бога бацькоў нашых, і пачуў Гасподзь енк наш і ўбачыў гароту нашу, працу нашу і прыгнёт наш;

І вывеў нас ГОСПАД, Бог наш, рукою моцнаю і рамяном узьнятым сярод вялікага страху, знакаў і цудаў,
 
і вывеў нас Гасподзь зь Егіпта рукою моцнаю і мышцаю ўзьнесенаю, вялікім жахам, азнакамі і цудамі,

і прывёў нас у гэтае месца, і даў нам зямлю, якая ацякае малаком і мёдам.
 
і прывёў нас на месца гэтае, і даў нам зямлю гэтую, зямлю, у якой цячэ малако і мёд;

І вось цяпер я прынёс пяршыны пладоў зямлі, якую даў мне ГОСПАД”. І паложыш іх перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго, і паклонішся перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго.
 
дык вось, я прынёс пачаткі ад пладоў зямлі, якую Ты, Госпадзе, даў мне. І пастаў гэта прад Госпадам, Богам тваім, і пакланіся прад Госпадам, Богам тваім,

І будзеш радавацца ў-ва ўсіх даброцьцях, якія даў ГОСПАД, Бог твой, табе і дому твайму, ты, і лявіт, і прыхадзень, які ў цябе.
 
і радуйся за ўсе даброты, якія Гасподзь, Бог твой, даў табе і дому твайму, ты і лявіт і прыхадзень, які будзе ў цябе.

Калі ў трэцім годзе, годзе дзесяціны, аддзеліш усе дзесяціны з усіх пладоў тваіх і аддасі іх лявіту, прыхадню, сіраце і ўдаве, і яны будуць есьці ў брамах тваіх, і насыцяцца,
 
Калі ты аддзеліш усе дзесяціны пладоў зямлі тваёй на трэці год, год дзесяцін, і аддасі лявіту, прыхадню, сіраце і ўдаве, каб яны елі ў селішчах тваіх і наядаліся,

тады скажаш перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго: “Узяў я з дому свайго тое, што сьвятое, і даў лявіту, прыхадню, сіраце і ўдаве, паводле ўсіх прыказаньняў Тваіх, як Ты загадаў мне. Я не парушыў прыказаньняў Тваіх і не забыўся [пра іх].
 
тады скажы прад Госпадам, Богам тваім: я ўзяў ад дома сьвятыню і аддаў яе лявіту, прыхадню, сіраце і ўдаве, паводле ўсіх загадаў Тваіх, якія Ты наказаў мне: я не пераступіў запаведзяў Тваіх і не забыў;

Не спажываў я іх у [дзень] жалобы, ня ўзяў нічога з іх, калі быў нячысты, не даваў з іх нічога памёршаму. Я слухаў голас ГОСПАДА, Бога майго, і зрабіў усё, што Ты загадаў мне.
 
я ня еў ад яе ў смутку маім, і не аддзяляў яе ў нячыстасьці і не даваў зь яе дзеля мёртвага; я слухаўся голасу Госпада, Бога майго, выконваў усё, што Ты наказаў мне;

Дык глянь са сьвятой Сялібы Тваёй, з неба, і дабраславі народ Твой, Ізраіля, і зямлю, якую Ты даў нам, як прысягаў бацькам нашым, зямлю, якая ацякае малаком і мёдам”.
 
падзівіся са сьвятога селішча Твайго, зь нябёсаў, і дабраславі народ Твой, Ізраіле, і зямлю, якую Ты даў нам — так, як ты прысягаўся бацькам нашым даць зямлю, у якой цячэ малако і мёд.

Сёньня ГОСПАД, Бог твой, загадвае табе, каб ты выконваў пастановы гэтыя і прысуды, і захоўваў, і выконваў гэта ўсім сэрцам тваім і ўсёю душою тваёй.
 
У дзень гэты Гасподзь, Бог твой, наказвае табе выконваць пастановы гэтыя і законы: трымайся іх і выконвай іх ад усяго сэрца твайго і ад усёй душы тваёй.

Ты выбраў сёньня ГОСПАДА, каб быў Ён табе Богам, і каб ты хадзіў шляхамі Ягонымі і захоўваў пастановы Ягоныя, прыказаньні Ягоныя і прысуды Ягоныя, і слухаўся голасу Ягонага.
 
Госпаду сказаў ты цяпер, што Ён будзе тваім Богам, і што ты будзеш хадзіць шляхамі Ягонымі і запаведзі Ягоныя і законы Ягоныя і слухацца голасу Ягонага;

А ГОСПАД выбраў цябе сёньня, каб ты быў Яму народам выбраным, як Ён прамаўляў табе, і каб ты выконваў усе прыказаньні Ягоныя.
 
і Гасподзь абяцаў табе цяпер, што ты будзеш уласным Ягоным народам, як Ён казаў табе, калі ты будзеш захоўваць усе запаведзі Яго,

І Ён узвысіць цябе ў пашане, іменьні і славе па-над усімі народамі, якія Ён учыніў, каб ты быў для ГОСПАДА, Бога твайго, народам сьвятым, як Ён прамаўляў».
 
і што Ён паставіць цябе вышэй за ўсе народы, якія Ён стварыў, у гонары, славе і велічнасьці, і што ты будзеш сьвятым народам у Госпада, Бога твайго, як Ён казаў.