Другі закон 18 разьдзел
Другі закон
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
Сьвятары лявіты, усё калена Левія, ня будуць мець ані часткі, ані спадчыны ў Ізраілі. Будуць жывіцца з ахвяраў агнявых для ГОСПАДА і са спадчыны Ягонай.
Сьвятарам лявітам, усяму калену Лявіінаму, ня будзе долі і дзялянкі зь Ізраілем: яны павінны карміцца ахвярамі Госпада і Ягонай доляй;
Не атрымаюць яны спадчыны сярод братоў сваіх, бо ГОСПАД — спадчына іхняя, як Ён прамовіў да іх.
дзялянкі ж ня будзе яму сярод братоў ягоных: Сам Гасподзь дзялянка ягоная, як казаў Ён яму.
І гэта будзе належаць сьвятару ад народу, які складае ахвяры. Калі [складаюць у ахвяру] вала або авечку, даюць сьвятару лапатку, сківіцу і страўнік.
Вось што павінна быць удзелена сьвятарам ад народа, ад тых, што прыносяць у ахвяру валоў альбо авечак: трэба аддаваць сьвятарам лапатку, сківіцы і шлунак;
Аддасі яму пяршыны збожжа твайго, віна твайго, алівак тваіх і пяршыны [воўны] ад стрыжкі авечак тваіх.
таксама пачаткі ад хлеба твайго, віна твайго і алею твайго, і пачаткі ад воўны з авечак тваіх аддавай яму,
Бо яго выбраў ГОСПАД, Бог твой, з усіх каленаў тваіх, каб ён стаяў на служэньні ў імя ГОСПАДА, Бога твайго, ён і сыны ягоныя ў-ва ўсе дні.
бо яго выбраў Гасподзь, Бог твой, з усіх плямёнаў тваіх, каб ён стаяў служыць у імя Госпада, сам і сыны ягоныя ва ўсе дні.
Калі лявіт, які жыве ў адной з брамаў тваіх з усяго Ізраіля, як прыхадзень пойдзе і прыйдзе паводле жаданьня душы сваёй у месца, якое выбраў ГОСПАД,
І калі лявіт прыйдзе з аднаго селішча твайго, з усёй зямлі Ізраіля, дзе ён жыў, і прыйдзе з жаданьня душы сваёй на месца, якое выбера Гасподзь,
і будзе служыць у імя ГОСПАДА, Бога свайго, як усе браты ягоныя лявіты, якія там на службе перад абліччам ГОСПАДА,
і будзе служыць у імя Госпада Бога свайго, як і ўсе браты яго лявіты, якія стаяць там прад Госпадам, —
няхай [атрымлівае] для спажываньня частку, роўную з іншымі, акрамя [прыбытку] з продажу бацькоўскага [дому] свайго.
дык няхай яны карыстаюцца аднолькавай доляй, звыш атрыманага ад продажу бацькоўскай маёмасьці.
Калі ты ўвойдзеш у зямлю, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, не вучыся рабіць брыдоты народаў гэтых.
Калі ты ўвойдзеш у зямлю, якую дае табе Гасподзь, Бог твой, тады не навучыся рабіць брыдоты, якія рабілі народы гэтыя:
Няхай ня знойдзецца ў цябе той, хто сына свайго або дачку праводзіць праз агонь, ці глядзіць на аблокі, ці займаецца варажбой ці чараваньнем,
не павінен быць у цябе той, хто праводзіць сына свайго альбо дачку сваю праз агонь, ні вяшчун, ні варажбіт, ні чарнакніжнік, ні чарадзей,
ці займаецца заклёнамі, пытаецца ў духаў [памёршых] або выклікае памёршых.
ні змусьнік, які заклінае духаў, ні чараўнік, які апытвае нябожчыкаў;
Бо агідны для ГОСПАДА кожны, хто гэтак робіць. Дзеля гэтых брыдотаў выганяе іх ГОСПАД ад аблічча твайго.
бо агідны прад Госпадам кожны, хто робіць гэта, і якраз за гэтыя мярзоты Гасподзь, Бог твой, праганяе іх ад аблічча твайго;
Беззаганным будзь перад ГОСПАДАМ, Богам тваім.
будзь беспахібны прад Госпадам, Богам тваім;
Бо тыя народы, у зямлю якіх ты ўваходзіш, слухаюць тых, хто глядзіць на аблокі ці займаецца варажбой; гэтага не дазваляе табе ГОСПАД, Бог твой.
бо народы гэтыя, якіх ты праганяеш, слухаюць варажбітоў і чараўнікоў, а табе ня тое даў Гасподзь, Бог твой.
Прарока як мяне ўзьніме табе з братоў тваіх ГОСПАД, Бог твой; Яго слухайце.
Прарока спасярод цябе, з братоў тваіх, як мяне, паставіць табе Гасподзь, Бог твой, — Яго слухайце, —
Паводле ўсяго, што прасіў ты ў ГОСПАДА, Бога твайго, на Харэве, у дзень супольнага сходу, калі ты казаў: “Не магу болей слухаць голас ГОСПАДА, Бога майго, і глядзець болей на агонь гэты вялікі, каб не памерці”.
бо ты прасіў у Госпада, Бога твайго, каля Харыва ў дзень сходу, кажучы: хай не пачую больш голасу Госпада, Бога майго, і агню гэтага вялікага хай не пабачу болей, каб мне не памерці.
І сказаў мне ГОСПАД: “Слушна тое, што яны сказалі.
І сказаў мне Гасподзь: добра тое, што яны казалі;
Я пастаўлю ім спаміж братоў іхніх Прарока, [падобнага] табе, і ўкладу словы Мае ў вусны Ягоныя, і Ён прамовіць да іх усё, што Я загадаю Яму.
Я пастаўлю ім Прарока спасярод братоў іхніх, такога як ты, і ўкладу словы Мае ў вусны Ягоныя, і Ён будзе гаварыць ім усё, што Я загадаю Яму;
І станецца, што кожнага, які ня будзе слухаць словаў Маіх, якія будзе прамаўляць Прарок той у імя Маё, Я пакараю.
а хто не паслухае слоў Маіх, якія гаварыцьме імем Маім, з таго Я спаганю;
А прарок, які адважыцца гаварыць у імя Маё таго, чаго Я не загадаў яму, каб ён казаў, або які будзе прамаўляць у імя чужых багоў, такі прарок павінен памерці”.
а прарока, які асьмеліцца гаварыць Маім імем тое, чаго Я не загадаў яму гаварыць, і які будзе гаварыць імем багоў іншых, такога прарока аддайце сьмерці.
А калі ты скажаш у сэрцы тваім: “Як я магу даведацца, што словы гэтыя ГОСПАД не прамаўляў?”,
І калі скажаш у сэрцы тваім: «як мы пазнаем слова, якое не Гасподзь гаварыў?»
калі прарок прадказаў у імя ГОСПАДА, а ня сталася так, і ня споўнілася, гэта ня тое слова, якое прамовіў ГОСПАД, але ў пыхлівасьці сваёй гэта прамовіў прарок. Ня бойся яго.
Калі прарок скажа імем Госпада, а слова тое ня спраўдзіцца, дык не Гасподзь казаў тое слова, а казаў гэта прарок ад дзёрзкасьці сваёй, — ня бойся яго.