Да Ціта 1 разьдзел
Пасланьне да Ціта
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
Павал, слуга Божы, апостал жа Ісуса Хрыста, паводле веры выбраных Божых і пазнаньня праўды паводле пабожнасьці,
Павал, раб Божы, і апостал Ісуса Хрыста, па веры выбраных Божых і спазнаньня ісьціны, што вядзе да пабожнасьці,
у надзеі жыцьця вечнага, якое абяцаў Бог, Які не падманвае, перад адвечнымі часамі,
у надзеі на вечнае жыцьцё, якое абяцаў нязьменны ў слове Бог за часу спрадвечнага,
а ў свой час зьявіў слова Сваё ў пропаведзі, якое было даверана мне паводле загаду Збаўцы нашага, Бога, —
а ў Свой час зьявіў Сваё слова ў казані, даверанай мне загадам Збаўцы нашага, Бога, —
Ціту, шчыраму дзіцяці ў супольнай веры: ласка, літасьць, супакой ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста, Збаўцы нашага.
Ціту, сапраўднаму сыну ў супольнай веры: мілата, міласэрнасьць і мір ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста, Збаўцы нашага.
Я пакінуў цябе ў Крыце дзеля таго, каб ты ўпарадкаваў, дзе чаго не хапае, і паставіў у гарадах старостаў, як я табе загадаў:
На тое я пакінуў цябе ў Крыце, каб ты давяршыў незакончанае і паставіў ва ўсіх гарадах прасьвітэраў, як я табе наказваў:
калі хто бездакорны, муж аднае жонкі, дзяцей мае верных, якіх не абвінавачваюць за распусту або непакорлівасьць.
калі хто беспахібны, адзін раз жанаты, дзяцей мае верных, не дакараных за распусту або непакорлівасьць.
Бо епіскап мусіць быць бездакорны, як Божы аканом, не самалюбны, не гняўлівы, ня п’яніца, не задзірлівы, ня сквапны,
Бо япіскап мусіць быць беззаганны, як Божы домабудаўнік, ня дзёрзкі, не гняўлівы, ня п’яніца, не звадыяш, не карысьлівец,
але гасьцінны, дабралюбны, цьвярозы, праведны, багабойны, паўстрымлівы,
а гасьцінны да вандроўнікаў, дабралюбны, цнатлівы, справядлівы, пабожны, устрымлівы,
які трымаецца вернага слова згодна з вучэньнем, каб мог і настаўляць у здаровым вучэньні, і дакараць тых, якія працівяцца.
павінен трымацца праўдзівага слова, згоднага з вучэньнем, каб ён быў моцны і настаўляў у здаровым вучэньні і супраціўцаў выкрываў.
Бо ёсьць шмат і непакорлівых, і пустаслоўных, і ашуканцаў, асабліва з абрэзаных,
Бо ёсьць шмат і непакорлівых, пустасловаў і ашуканцаў, асабліва з абрэзаных,
якім трэба закрываць вусны; яны цэлыя дамы руйнуюць, навучаючы, чаго ня сьлед, дзеля агіднага набытку.
якім трэба замыкаць вусны: яны разбэшчваюць цэлыя дамы, вучаць, чаго ня сьлед, з ганебнай карысьлівасьці.
Сказаў нехта з іх, уласны іхні прарок: «Крыцяне заўсёды хлусяць, зьвяры ліхія, жываты гультайскія».
Зь іх самых адзін, вершатворца, сказаў: «Крыцяне заўсёды хлусы, злыя зьвяры, вантробы ляныя».
Сьведчаньне гэтае праўдзівае. Дзеля гэтае прычыны дакарай іх сувора, каб былі здаровыя ў веры,
Сьведчаньне гэта справядлівае. З гэтай прычыны выкрывай іх строга, каб яны былі здаровыя ў веры,
не зважаючы на юдэйскія байкі і прыказаньні людзей, якія адварочваюцца ад праўды.
ня слухаючы Юдэйскіх баек і пастановаў людзей, якія цураюцца ісьціны.
Для чыстых усё чыста, а для апаганеных і бязьверных няма нічога чыстага, але апаганены і розум іхні, і сумленьне.
У чыстых усё чыстае: а ў апаганеных і няверных няма нічога чыстага, а спаганены і розум іхні ды сумленьне.
Яны кажуць, што ведаюць Бога, а ўчынкамі адракаюцца, [яны —] брыдотныя і непакорныя, і на ўсякую добрую справу няздольныя.
Яны кажуць, што ведаюць Бога; а справамі выракаюцца, бо гнюсныя, непакорлівыя і няздольныя ні на якія добрыя ўчынкі.