Ераміін Плач 1 разьдзел

Ераміін Плач
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Як сядзіць самотна сталіца, [некалі] шматлюдная! Сталася як удава тая, якая [была] вялікай сярод народаў. Княгіня сярод краінаў сталася нявольніцай!
 
Які асамотнены горад, людны калісьці! ён нібы аўдавеў; вялікі паміж народамі, уладца краін адрабляе даніну.

Яна плачма плача ўначы, і сьлёзы ейныя на шчоках у яе. Няма для яе пацяшальніка з усіх, што любілі яе; усе сябры ейныя здрадзілі ёй, сталі ворагамі для яе.
 
Горка плача ён уначы, і сьлёзы яго па шчоках бягуць. Ня мае суцешніка сярод тых, што любілі яго; усе сябры яму здрадзілі, яму сталіся ворагамі.

Юдэя ўзята ў палон, [яна] ў горы і няволі вялікай, яна жыве паміж паганамі, не знаходзіць супачынку; усе перасьледвальнікі ейныя дагналі яе ў [месцах] цесных.
 
Юда ў выгнаньні, у цярпеньнях і ў цяжкай няволі, пасяліўся сярод язычнікаў, і не знаходзіць спакою сабе; усе, хто яго перасьледаваў, дагналі яго ў цясьнінах.

Смутныя шляхі [дачкі] Сыёну, ніхто ня прыйдзе на сьвяты; усе брамы яе спустошаныя; сьвятары яе енчаць; дзяўчаты яе пакутуюць, і горка ёй.
 
Шляхі да Сіёна ў жалобе, не пасьпяшае ніхто на сьвята; усе апусьцелі брамы; сьвятары яго енчаць, дзяўчаты ягоныя ў смутку, горка й самому яму.

Прыгнятальнікі яе сталіся галавою, ворагі яе маюць посьпех, бо ГОСПАД даў ёй пакуты за мноства правінаў яе; дзеці яе пайшлі ў палон перад абліччам прыгнятальніка.
 
Ворагі апанавалі яго, няпрыяцелі шчасьцяцца ў дабрадзенстве, бо наслаў на яго Гасподзь бядоту за многія беззаконьні ягоныя; дзеці яго пайшлі ў палон паперадзе ворага.

І адыйшла ад дачкі Сыёну ўся велічнасьць яе; князі яе сталіся як алені, якія не знаходзяць пашы, і ідуць яны бяз сілы перад перасьледвальнікам.
 
І адабрана ў дачкі Сіёна ўся яе велічнасьць; князі яе, як алені, што не знаходзяць пашы; і бясьсіла ідуць яны перад паганятым.

Узгадвае Ерусалім у дні нядолі сваёй і гаротнасьці сваёй усе каштоўнасьці свае, якія былі ў дні даўнейшыя, [перад тым,] як патрапіў народ ягоны ў руку прыгнятальніка, і няма нікога, хто дапаможа яму, і бачаць гэта прыгнятальнікі, і сьмяюцца з руінаў ягоных.
 
Успамінае Ерусалім у дні бедства свайго і пакутаў сваіх, пра ўсе скарбы свае, што былі ў яго за былымі днямі, тым часам народ яго гіне ад рук ворага, і ніхто яму не пасабляе; супастаты глядзяць на яго і сьмяюцца зь яго суботаў.

Грэхам зграшыла [дачка] Ерусаліму, дзеля гэтага сталася нячыстаю; усе, хто шанавалі яе, пагарджаюць ёю, бо бачылі голасьць ейную; яна таксама енчыць і адварочваецца [ад усіх].
 
Цяжка зграшыў Ерусалім, і за тое зрабіўся агідны; кожны, хто славіў яго, глядзіць на яго з пагардай, галізну ягоную ўбачыўшы; ён і сам уздыхае і адварочваецца.

Нячыстасьць ейная — на прыполах ейных, яна ня ўзгадвала пра канец свой; і яна ўпала незвычайна, не было пацяшальніка ў яе. «Глянь, ГОСПАДЗЕ, на нядолю маю, бо ўзьвялічыўся вораг».
 
На прыполе ў яго была нечысьць, але ён ня думаў пра будучыню, і заняпаў так ганебна, і няма яму суцешніка. «Паглядзі, Госпадзе, на гароту маю, бо вораг узвысіўся!»

Прыгнятальнік выцягнуў руку сваю на ўсе каштоўныя рэчы ейныя, яна бачыла, што ўвайшлі ў сьвятыню ейную пагане, пра якіх Ты загадаў, што яны ня ўвойдуць у царкву Тваю.
 
Вораг руку працягнуў на ўсе скарбы ягоныя; ён бачыць, як уваходзяць язычнікі ў сьвятыню ягоную, пра якую Ты наказаў, каб яны ня ўступалі ў сходню Тваю.

Увесь народ ейны енчыць, шукаючы хлеба, яны аддалі каштоўныя рэчы свае за ежу, каб ажывіць душу сваю. «Глянь, ГОСПАДЗЕ, і прыгледзься, бо я сталася нікчэмнаю».
 
Увесь народ ягоны ўздыхае, шукаючы хлеба, за ежу багацьці свае аддае, каб душу ўмацаваць. «Паглядзі, Госпадзе, і падзівіся, які я пагарджаны!»

«Гэта нішто для вас! Усе вы, што ідзеце па дарозе, прыгледзьцеся і пабачце, ці ёсьць такі боль, як мой боль, які зроблены мне, якім ГОСПАД даў пакуты [мне] ў дзень палючага гневу Свайго.
 
Хай ня будзе гэтага з вамі, вы, што дарогай праходзіце! зірнеце і падзівецеся, ці ёсьць хвароба, як хвароба мая, што спасьцігла мяне, што наслаў на мяне Гасподзь у дзень палкага гневу Свайго?

З вышыні Ён паслаў агонь у косткі мае і запанаваў над імі; расьцягнуў сетку на ногі мае, павярнуў мяне назад, зрабіў мяне спустошанаю і мляваю ўвесь дзень.
 
Згары Ён паслаў агонь у косткі мае, і ён авалодаў імі; раскінуў сеткі на ногі мае, абярнуў мяне, і зьбедніў мяне, каб я таміўся дзень кожны.

Ярмо правінаў маіх зьвязана рукою Ягонай; яны сплеценыя, узыйшлі на шыю маю; Ён паваліў сілу маю; Госпад аддаў мяне ў рукі, з якіх я не магу вырвацца.
 
Ярмо пахібнасьцяў маіх зьвязана ў руцэ Ягонай; яны сплецены і падняліся на шыю маю; Ён паслабіў сілу маю. Гасподзь аддаў мяне ў рукі, зь якіх не магу я вырвацца.

Госпад сапхнуў усіх дужых сярод мяне, склікаў грамаду супраць мяне, каб струшчыць юнакоў маіх; як у тоўчні, стаптаў Госпад дзяўчыну, дачку Юды.
 
Усіх дужых маіх Гасподзь скінуў сярод мяне, склікаў супроць мяне сход, каб вынішчыць хлопцаў маіх; як у таўчэльні стаптаў Гасподзь дзеву, дачку Юдавую.

З гэтае прычыны я плачу; вока маё, вока маё выцякае вадою, бо далёка ад мяне пацяшальнік, які ажывіў бы душу маю; сыны мае зьнішчаныя, бо ўзьвялічыўся вораг».
 
Па гэтым плачу я; вока маё, вока маё вылівае воды, бо далёка ад мяне мой суцешнік, які ажывіў бы душу маю; дзеці мае спустошаны, бо перамог вораг.

Выцягвае рукі свае [дачка] Сыёну, няма каму пацешыць яе. ГОСПАД загадаў пра Якуба, вакол яго прыгнятальнікі ягоныя; [дачка] Ерусаліму сталася нячыстаю сярод іх.
 
Сіён працягвае рукі свае, а суцешніка яму няма, Гасподзь даў загад пра Якава ворагам ягоным; Ерусалім сярод іх амярзоціўся.

«Праведны ГОСПАД, бо я бунтавалася супраць [слова] вуснаў Ягоных. Слухайце, прашу, усе народы, і пабачце боль мой: дзяўчаты мае і юнакі мае пайшлі ў палон.
 
Гасподзь праведны, бо не ўпакораны быў я слову Ягонаму. Паслухайце, усе народы, і зірнеце на немач маю: дзевы мае і хлопцы мае ў няволю пайшлі.

Я клікала каханкаў маіх, але яны падманулі мяне; сьвятары мае і старшыні мае гінуць у горадзе, шукаючы ежы сабе, каб ажывіць душы свае.
 
Клічу сяброў маіх, але яны ашукалі мяне; сьвятары мае і старцы мае канаюць у горадзе, шукаючы ежы сабе, каб душу сваю падмацаваць.

Глянь, ГОСПАДЗЕ, бо цесна мне, унутранасьць мая скорчылася, сэрца маё пераварочваецца ў-ва мне, бо бунтуючыся, я збунтавалася; звонку меч забірае дзяцей, а ў доме — сьмерць.
 
Паглядзі, Госпадзе, бо мне цесна, хвалюецца ўва мне нутроба, сэрца маё перавярнулася ўва мне за тое, што я ўпарта Табе супрацівіўся; меч звонку зьбязьдзетніў мяне, а дома — як сьмерць.

Яны пачулі, што я енчу, і няма каму пацешыць мяне; усе ворагі мае пачулі пра нядолю маю і цешацца, што Ты ўчыніў [гэта]. Прывядзі [на іх] дзень, які Ты прадказаў, і няхай будзе з імі, як са мною!
 
Пачулі, што я енчу, а суцешніка мне няма; пачулі ўсе ворагі мае пра гароту маю і парадаваліся, што Ты зрабіў гэта: о, калі б Ты загадаў, каб настаў дзень, Табою прадказаны, і каб яны мне ўпадобніліся!

Няхай уся ліхота іхняя прыйдзе перад аблічча Тваё, і ўчыні ім так, як Ты ўчыніў мне за ўсе правіны мае, бо вялікі енк мой, і сэрца маё млоснае».
 
Хай стане перад аблічча Тваё ўся іхняя злосьць; і ўчыні зь імі гэтак сама, як Ты са мною ўчыніў за грахі мае, бо цяжкія стагноты мае, і сэрца маё зьнемагае.