Ераміін Плач 2 разьдзел
Ераміін Плач
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
Як закрыў Госпад хмарай гневу Свайго дачку Сыёну, скінуў з неба на зямлю славу Ізраіля і не ўзгадаў у дзень гневу Свайго пра падножжа пад ногі Свае.
І як спахмурніў Гасподзь у гневе Сваім дачку Сіёна! скінуў зь нябёсаў на зямлю красу Ізраіля і не ўзгадаў пра падножжа ног Сваіх у дзень гневу Свайго.
Праглынуў Госпад, не пашкадаваў усе пашы Якуба; зруйнаваў у абурэньні Сваім гарады ўмацаваныя дачкі Юды, кінуў на зямлю, апаганіў валадарства і князёў ягоных.
Загубіў Гасподзь усе селішчы Якава, не ўмілажаліўся, разбурыў у лютасьці Сваёй умацаваньні дачкі Юдавай, скінуў на зямлю, адкінуў царства і князёў ягоных, як нечысьць;
Адсек у полымі гневу ўвесь рог Ізраіля, прыбраў правіцу Сваю ад аблічча ворага і ўзгарэўся супраць Якуба, як полымя агню, якое жарэ [ўсё] навокал.
У запале гневу зламаў моц Ізраіля, адвёў правіцу Сваю ад непрыяцеля і загарэўся ў Якаве, як зьнішчальны агонь, што пажыраў усё навакол;
Нацягнуў лук Свой, як вораг, выставіў правіцу Сваю, як прыгнятальнік, і забіў усё што было каштоўнае для вока; у намёце дачкі Сыёну выліў гнеў Свой, як агонь.
напяў лук Свой, як непрыяцель, накіраваў правіцу Сваю, як вораг, і забіў усё, вачам вабнае; на палатку дачкі Сіёна выліў лютасьць Сваю, як агонь.
Госпад стаў як вораг, праглынуў Ізраіля, праглынуў усе палацы ягоныя, зруйнаваў гарады ўмацаваныя ягоныя і памножыў у дачкі Юды стогн і смутак.
Гасподзь зрабіўся — як непрыяцель, зьнішчыў Ізраіля, спустошыў усе харомы ягоныя, разбурыў умацаваньні яго, і памножыў дачцэ Юдавай смутак і плач.
Разваліў агароджу Сваю [вакол] саду, зьнішчыў [месцы] спатканьняў Сваіх; ГОСПАД зрабіў, што забыліся на Сыёне пра сьвяты і суботы, і пагрэбаваў у абурэньні гневу Свайго валадаром і сьвятаром.
І адабраў агароджу Сваю, як у садзе; разбурыў сьвятыню Сваю, прымусіў Гасподзь забыць на Сіёне сьвяты й суботы; і ў абурэньні гневу Свайго адкінуў цара і сьвятара,
Адкінуў Госпад ахвярнік Свой, пагрэбаваў сьвятыняй Сваёй, аддаў у руку ворага муры палацаў ейных; яны ўзьнялі голас у Доме ГОСПАДА, як у дзень сьвяточны.
Адкінуў Гасподзь ахвярнік Свой, адвёў сэрца Сваё ад сьвятыні Сваёй, аддаў у рукі ворагаў сьцены храмаў яго; у доме Гасподнім шумелі, як у сьвята.
Пастанавіў ГОСПАД зруйнаваць муры дачкі Сыёну, працягнуў шнур, не ўхіліў рукі Сваёй ад нішчэньня, і апрануў у жалобу вежы і муры, яны разам змарнелі.
Гасподзь пастанавіў разбурыць мур дачкі Сіёна, шнур працягнуў, ня ўхіліў рукі Сваёй ад спусташэньня; зьнішчыў вонкавыя ўмацаваньні, і сьцены разам разбураны.
Абрынуліся на зямлю брамы яе; Ён зьнішчыў і паламіў завалы іхнія; валадар яе і князі яе між паганамі; няма Закону, і прарокі ейныя не знаходзяць відзежу ад ГОСПАДА.
Брамы яе аселі ў зямлю; Ён разбурыў і скрышыў завалы яе; цар яе і князі яе ў язычнікаў; ня стала закона, і прарокам яе няма ўяваў ад Госпада.
Сядзяць на зямлі, маўчаць старшыні дачкі Сыёну, пасыпалі попелам галовы свае, падперазаліся зрэбніцаю; схілілі да зямлі галовы свае дзяўчыны Ерусалімскія.
Маўкліва сядзяць на зямлі старцы дачкі Сіёнавай, пасыпалі попелам сваю галаву, вярэтаю аперазаліся; панурылі голаў сваю да зямлі дзевы Ерусалімскія.
Выцяклі сьлязьмі вочы мае, унутранасьці мае скорчыліся, вантробы мае вываліліся на зямлю з прычыны загубы дачкі народу майго, калі дзеці і немаўляты зьнемагаюць на вуліцах гораду.
Выплакала я мае вочы, і хвалюецца ўва мне нутроба мая, выліваецца на зямлю жоўць мая ад пагібелі дачкі народу майго, калі дзеці і немаўляты з голаду мруць на вуліцах горада.
Яны кажуць да маці сваіх: «Дзе збожжа і віно?», калі яны зьнемагаюць, як параненыя, на вуліцах гораду, калі душа іхняя выліваецца на ўлоньнях маці іхніх.
Сваім мацеркам кажуць яны: «дзе хлеб і віно?» паміраючы, падобна параненым на вуліцах гарадскіх, выліваючы душы свае ва ўлоньне сваіх мацярок.
Што я засьведчу табе? З кім параўнаю цябе, дачка Ерусаліму? Каго параўнаю з табою, каб пацешыць цябе, дзяўчына, дачка Сыёну? Бо вялікая, як мора, загуба твая. Хто можа вылечыць цябе?
Што скажу я табе, з чым параўнаю цябе, дачка Ерусаліма? да чаго прыпадобню цябе, каб суцешыць цябе, дзева, дачка Сіёна? бо рана твая вялікая, як мора, хто можа цябе ацаліць?
Прарокі твае мелі для цябе відзежы марныя і фальшывыя, не адкрывалі беззаконьня твайго, каб адвярнуць [ад цябе] палон твой, але мелі відзежы для цябе, цяжары марныя і падманлівыя.
Прарокі твае вяшчалі табе пустое, ілжывае і беззаконьня твайго не выкрывалі, каб папярэдзіць твой лёс, і зьвеставалі табе ілжыва, што прывяло цябе да выгнаньня.
Пляскаюць у далоні свае над табою ўсе, якія праходзяць дарогаю, сьвішчуць і ківаюць галовамі сваімі над дачкою Ерусаліму: «Хіба гэта той горад, пра які казалі: “Дасканаласьць прыгажосьці, радасьць для ўсёй зямлі”?».
Рукамі пляскаюць над табою праходжыя, сьвішчуць і круцяць галавой з дачкі Ерусаліма, кажучы: «ці той гэта горад, што называўся дасканаласьцю хараства, радасьцю ўсёй зямлі?»
Разявілі пашчы свае на цябе ўсе ворагі твае, сьвішчуць і скрыгочуць зубамі, кажуць: «Мы праглынулі [яе]! Гэта сапраўды той дзень, якога мы чакалі, мы знайшлі яго, мы бачылі».
Разьзявілі на цябе пашчу сваю твае ворагі, сьвішчуць, скрыгочуць зубамі, кажучы: «праглынулі мы яго, толькі гэтага дня і чакалі мы, дачакаліся, убачылі!»
Учыніў ГОСПАД тое, што задумаў; Ён споўніў слова Сваё, якое загадаў ад дзён старадаўніх, зруйнаваў і не пашкадаваў, і ўзрадаваў над табою ворага твайго, узьняў рог прыгнятальнікаў тваіх.
Зьдзейсьніў Гасподзь, што прадвызначыў, спраўдзіў слова Сваё, сказанае калісьці, спустошыў бязь літасьці і даў ворагу парадавацца над табою, узьнёс моц тваіх супастатаў.
Крычала сэрца іхняе да Госпада. О, мур дачкі Сыёну! Няхай выліваюцца, як ручай, сьлёзы ўдзень і ўначы, не давай сабе адпачынку, няхай не супакойваецца зрэнка вока твайго.
Сэрца іх лямантуе да Госпада: сьцяна дачкі Сіёна! лі ручаём сьлёзы дзень і ноч, не давай сабе супакоіцца, не давай спачыну зрэнкам вачэй тваіх.
Уставай, галасі сярод ночы, на пачатку варты [начной] вылівай, як ваду, сэрца сваё перад абліччам Госпада; узьнімі рукі свае да Яго за душу немаўлятаў тваіх, якія зьнемагаюць з голаду на ростанях усіх вуліцаў.
Уставай, кліч сярод ночы, на пачатку кожнае варты; вылівай, як ваду, сэрца тваё прад Госпадам; да Яго цягні рукі твае за душу тваіх дзетак, што канаюць з голаду на рагах усіх вуліц.
Глянь, ГОСПАДЗЕ, і прыгледзься, каму Ты ўчыніў гэта. Ці маюць жанчыны есьці плод свой, немаўлятаў, якіх выкармілі? Ці маюць быць забіваныя ў сьвятыні Госпада сьвятар і прарок?
«Паглядзі, Госпадзе, і падзівіся: каму так зрабіў, каб елі жанчыны свой плод, немаўлятак, выкармленых імі? каб забівалі ў Гасподнім сьвяцілішчы сьвятара і прарока?
Ляжаць на зямлі на вуліцах маладыя і старыя; дзяўчыны мае і юнакі мае пападалі ад мяча; Ты забіў [іх] у дзень гневу Твайго, пусьціў на зарэз, не пашкадаваў.
Дзеці і старцы ляжаць на зямлі ў пыле; дзевы мае і хлопцы загінулі ад меча; у дзень гневу Твайго ты іх біў, заколваў бязь літасьці».
Ты паклікаў, як на дзень сьвяточны, жахі мае адусюль. У дзень гневу ГОСПАДА ніхто ня ўцёк і ніхто не застаўся; тых, што я выкарміў і выгадаваў, выгубілі ворагі мае.
Ты склікаў адусюль, як на сьвята, жахі мае, і ў дзень гневу Гасподняга не ўратаваўся ніхто, не ацалеў аніхто; тых, каго выкарміла і ўзгадавала я, вораг мой вынішчыў.