Ераміін Плач 2 разьдзел
Ераміін Плач
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Як ахінуў Спадар дачку Сыёнскую булаком гневу Свайго! ськінуў зь нябёс на зямлю пазор Ізраеля і ня ўспомнеў у дзень гневу Свайго на казульку пад ногі Свае.
І як спахмурніў Гасподзь у гневе Сваім дачку Сіёна! скінуў зь нябёсаў на зямлю красу Ізраіля і не ўзгадаў пра падножжа ног Сваіх у дзень гневу Свайго.
Праглынуў Спадар, не пажалеў, усі гасподы Якававы; абурыў у гневе Сваім моцныя гарады дачкі Юдэйскае, зраўнаваў ізь зямлёю; збудзеніў каралеўства й князёў яго.
Загубіў Гасподзь усе селішчы Якава, не ўмілажаліўся, разбурыў у лютасьці Сваёй умацаваньні дачкі Юдавай, скінуў на зямлю, адкінуў царства і князёў ягоных, як нечысьць;
Адцяў у палкім гневе кажны рог Ізраеля, адняў правіцу Сваю ад непрыяцеля й загарэўся на Якава, як палаючае цяпло, што жарэць навокал.
У запале гневу зламаў моц Ізраіля, адвёў правіцу Сваю ад непрыяцеля і загарэўся ў Якаве, як зьнішчальны агонь, што пажыраў усё навакол;
Напяў лук Свой, як непрыяцель, стаў з правіцаю Сваёю, як праціўнік, і забіў усе любае воку; у будане дачкі Сыёнскае выліў гнеў Свой, як цяпло.
напяў лук Свой, як непрыяцель, накіраваў правіцу Сваю, як вораг, і забіў усё, вачам вабнае; на палатку дачкі Сіёна выліў лютасьць Сваю, як агонь.
Спадар стаў — як непрыяцель: праглынуў Ізраеля, праглынуў усі палацы ягоныя, абурыў моцныя гарады ягоныя й пашырыў у дачкі Юдзінай журбу а смутак.
Гасподзь зрабіўся — як непрыяцель, зьнішчыў Ізраіля, спустошыў усе харомы ягоныя, разбурыў умацаваньні яго, і памножыў дачцэ Юдавай смутак і плач.
Зламіў будку Сваю, як будку саду, зьнікбіў месцы ўрочыстых Сваіх; СПАДАР прычыніў забыцьцё ўрочыстых а сыботаў на Сыёне і пагрэбаваў у вабурэньню гневу Свайго каралём а сьвятаром.
І адабраў агароджу Сваю, як у садзе; разбурыў сьвятыню Сваю, прымусіў Гасподзь забыць на Сіёне сьвяты й суботы; і ў абурэньні гневу Свайго адкінуў цара і сьвятара,
Спадар пакінуў аброчнік Свой, збрыдзіў сьвятыню Сваю, аддаў у руку непрыяцеля сьцены палацаў яе; яны ўзьнялі голас у доме СПАДАРОВЫМ, як у дзень урочыстых.
Адкінуў Гасподзь ахвярнік Свой, адвёў сэрца Сваё ад сьвятыні Сваёй, аддаў у рукі ворагаў сьцены храмаў яго; у доме Гасподнім шумелі, як у сьвята.
СПАДАР думаў абурыць сьцяну дачкі Сыёнскае, выцягнуў павароз, не адцягнуў рукі Свае ад абурэньня, і прычыніў жалобу гораду а сьцяне, яны разам аслаблі.
Гасподзь пастанавіў разбурыць мур дачкі Сіёна, шнур працягнуў, ня ўхіліў рукі Сваёй ад спусташэньня; зьнішчыў вонкавыя ўмацаваньні, і сьцены разам разбураны.
Запалі ў зямлю брамы яе; Ён зьнішчыў а паламіў завалы іх; кароль а князі ейныя меж народаў: няма Права; прарокі ейныя таксама не адзержуюць відзені ад СПАДАРА.
Брамы яе аселі ў зямлю; Ён разбурыў і скрышыў завалы яе; цар яе і князі яе ў язычнікаў; ня стала закона, і прарокам яе няма ўяваў ад Госпада.
Сядзяць на зямлі, маўчаць старцы дачкі Сыёнскае, пасыпалі попелам галавы свае, паперазаліся зрэбнінаю; апусьцілі далоў галавы свае дзеўкі ерузалімскія.
Маўкліва сядзяць на зямлі старцы дачкі Сіёнавай, пасыпалі попелам сваю галаву, вярэтаю аперазаліся; панурылі голаў сваю да зямлі дзевы Ерусалімскія.
Выцяклі сьлязьмі вочы мае, нутр мой скорчыўся, печані мае вываліліся на зямлю ад патрышчаньня дачкі люду майго, бо дзецяняты а сысуны млеюць на вуліцах места.
Выплакала я мае вочы, і хвалюецца ўва мне нутроба мая, выліваецца на зямлю жоўць мая ад пагібелі дачкі народу майго, калі дзеці і немаўляты з голаду мруць на вуліцах горада.
Кажуць маткам сваім: «Ідзе збожжа а віно?» як млеюць, як раненыя, на вуліцах места, як душу сваю выліваюць на ўлоньне матак сваіх.
Сваім мацеркам кажуць яны: «дзе хлеб і віно?» паміраючы, падобна параненым на вуліцах гарадскіх, выліваючы душы свае ва ўлоньне сваіх мацярок.
Што імне сьветчыць табе? што знайду падобнае да цябе, дачка Ерузалімская? да чаго прыраўную цябе, каб мог пацешыць цябе, дзеўка, дачка Сыёнская? бо вялікае, як мора, патрышчаньне твае; хто можа вылячыць цябе?
Што скажу я табе, з чым параўнаю цябе, дачка Ерусаліма? да чаго прыпадобню цябе, каб суцешыць цябе, дзева, дачка Сіёна? бо рана твая вялікая, як мора, хто можа цябе ацаліць?
Прарокі твае відзелі табе марнасьць а хвальш, не адкрывалі бяспраўя твайго, каб адвярнуць палон твой; але відзелі відзень табе марных цяжараў і выгнаньні.
Прарокі твае вяшчалі табе пустое, ілжывае і беззаконьня твайго не выкрывалі, каб папярэдзіць твой лёс, і зьвеставалі табе ілжыва, што прывяло цябе да выгнаньня.
Пляскаюць рукамі сваімі над табою ўсі, што праходзяць дарогаю, сьвішчуць а ківаюць галавамі сваімі праз дачку Ерузалімскую: «Ці гэта места, праз каторае казалі: "Дасканальнасьць харашыні, радасьць усяе зямлі"?».
Рукамі пляскаюць над табою праходжыя, сьвішчуць і круцяць галавой з дачкі Ерусаліма, кажучы: «ці той гэта горад, што называўся дасканаласьцю хараства, радасьцю ўсёй зямлі?»
Разявілі раты свае на цябе ўсі непрыяцелі Твае, сьвішчуць а скрыгочуць зубамі, кажуць: «Мы праглынулі! напэўна гэта дзень, што мы чакалі, знайшлі яго, бачылі».
Разьзявілі на цябе пашчу сваю твае ворагі, сьвішчуць, скрыгочуць зубамі, кажучы: «праглынулі мы яго, толькі гэтага дня і чакалі мы, дачакаліся, убачылі!»
СПАДАР учыніў, што задумаў, спраўдзіў слова Свае, што расказаў за даўнейшых дзён: абурыў, не шчаджаў і зрабіў, што непрыяцелі цешацца зь цябе, узьняў рог праціўнікаў тваіх.
Зьдзейсьніў Гасподзь, што прадвызначыў, спраўдзіў слова Сваё, сказанае калісьці, спустошыў бязь літасьці і даў ворагу парадавацца над табою, узьнёс моц тваіх супастатаў.
Сэрца іхнае гукала да Спадара свайго: сьцяна дачкі Сыёнскае! хай цякуць, як рака, сьлёзы дзень і ноч, ня дай сабе супакою, хай не высыхае зрэнка вока твайго.
Сэрца іх лямантуе да Госпада: сьцяна дачкі Сіёна! лі ручаём сьлёзы дзень і ноч, не давай сабе супакоіцца, не давай спачыну зрэнкам вачэй тваіх.
Уставай, галасі ночы, на пачатку вартаў вылівай, як ваду, сэрца свае перад відам Спадара; узьнімі рукі свае да Яго за жыцьцё дзецянят, што млеюць з галадові на ростанях усіх вуліцаў.
Уставай, кліч сярод ночы, на пачатку кожнае варты; вылівай, як ваду, сэрца тваё прад Госпадам; да Яго цягні рукі твае за душу тваіх дзетак, што канаюць з голаду на рагах усіх вуліц.
Глянь, СПАДАРУ, і зваж, каму Ты ўчыніў гэта: ці будуць жанкі есьці плод свой, дзецяняты, кукобленыя на ўлонках? ці будзе сьвятар а прарока забіваны ў сьвятыні Спадаровай?
«Паглядзі, Госпадзе, і падзівіся: каму так зрабіў, каб елі жанчыны свой плод, немаўлятак, выкармленых імі? каб забівалі ў Гасподнім сьвяцілішчы сьвятара і прарока?
Ляжаць на зямлі на вуліцах маладыя й старыя; дзеўкі мае й дзяцюкі мае палі ад мяча; Ты забіў у дзень гневу Свайго, зарэзаў, не шчаджаў.
Дзеці і старцы ляжаць на зямлі ў пыле; дзевы мае і хлопцы загінулі ад меча; у дзень гневу Твайго ты іх біў, заколваў бязь літасьці».
Ты прыгукаў, як на дзень урочыстага збору, страшных маіх адусюль. У дзень гневу СПАДАРОВАГА ніхто ня ўцёк ані застаўся; тых, што я кукобіў а гадаваў, непрыяцелі мае выгубілі.
Ты склікаў адусюль, як на сьвята, жахі мае, і ў дзень гневу Гасподняга не ўратаваўся ніхто, не ацалеў аніхто; тых, каго выкарміла і ўзгадавала я, вораг мой вынішчыў.