Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Плач 2 Плач Ярэміі 2 разьдзел

1 Як закрыў Госпад хмарай гневу Свайго дачку Сыёну, скінуў з неба на зямлю славу Ізраіля і не ўзгадаў у дзень гневу Свайго пра падножжа пад ногі Свае.
2 Праглынуў Госпад, не пашкадаваў усе пашы Якуба; зруйнаваў у абурэньні Сваім гарады ўмацаваныя дачкі Юды, кінуў на зямлю, апаганіў валадарства і князёў ягоных.
3 Адсек у полымі гневу ўвесь рог Ізраіля, прыбраў правіцу Сваю ад аблічча ворага і ўзгарэўся супраць Якуба, як полымя агню, якое жарэ [ўсё] навокал.
4 Нацягнуў лук Свой, як вораг, выставіў правіцу Сваю, як прыгнятальнік, і забіў усё што было каштоўнае для вока; у намёце дачкі Сыёну выліў гнеў Свой, як агонь.
5 Госпад стаў як вораг, праглынуў Ізраіля, праглынуў усе палацы ягоныя, зруйнаваў гарады ўмацаваныя ягоныя і памножыў у дачкі Юды стогн і смутак.
6 Разваліў агароджу Сваю [вакол] саду, зьнішчыў [месцы] спатканьняў Сваіх; ГОСПАД зрабіў, што забыліся на Сыёне пра сьвяты і суботы, і пагрэбаваў у абурэньні гневу Свайго валадаром і сьвятаром.
7 Адкінуў Госпад ахвярнік Свой, пагрэбаваў сьвятыняй Сваёй, аддаў у руку ворага муры палацаў ейных; яны ўзьнялі голас у Доме ГОСПАДА, як у дзень сьвяточны.
8 Пастанавіў ГОСПАД зруйнаваць муры дачкі Сыёну, працягнуў шнур, не ўхіліў рукі Сваёй ад нішчэньня, і апрануў у жалобу вежы і муры, яны разам змарнелі.
9 Абрынуліся на зямлю брамы яе; Ён зьнішчыў і паламіў завалы іхнія; валадар яе і князі яе між паганамі; няма Закону, і прарокі ейныя не знаходзяць відзежу ад ГОСПАДА.
10 Сядзяць на зямлі, маўчаць старшыні дачкі Сыёну, пасыпалі попелам галовы свае, падперазаліся зрэбніцаю; схілілі да зямлі галовы свае дзяўчыны Ерусалімскія.
11 Выцяклі сьлязьмі вочы мае, унутранасьці мае скорчыліся, вантробы мае вываліліся на зямлю з прычыны загубы дачкі народу майго, калі дзеці і немаўляты зьнемагаюць на вуліцах гораду.
12 Яны кажуць да маці сваіх: «Дзе збожжа і віно?», калі яны зьнемагаюць, як параненыя, на вуліцах гораду, калі душа іхняя выліваецца на ўлоньнях маці іхніх.
13 Што я засьведчу табе? З кім параўнаю цябе, дачка Ерусаліму? Каго параўнаю з табою, каб пацешыць цябе, дзяўчына, дачка Сыёну? Бо вялікая, як мора, загуба твая. Хто можа вылечыць цябе?
14 Прарокі твае мелі для цябе відзежы марныя і фальшывыя, не адкрывалі беззаконьня твайго, каб адвярнуць [ад цябе] палон твой, але мелі відзежы для цябе, цяжары марныя і падманлівыя.
15 Пляскаюць у далоні свае над табою ўсе, якія праходзяць дарогаю, сьвішчуць і ківаюць галовамі сваімі над дачкою Ерусаліму: «Хіба гэта той горад, пра які казалі: “Дасканаласьць прыгажосьці, радасьць для ўсёй зямлі”?».
16 Разявілі пашчы свае на цябе ўсе ворагі твае, сьвішчуць і скрыгочуць зубамі, кажуць: «Мы праглынулі [яе]! Гэта сапраўды той дзень, якога мы чакалі, мы знайшлі яго, мы бачылі».
17 Учыніў ГОСПАД тое, што задумаў; Ён споўніў слова Сваё, якое загадаў ад дзён старадаўніх, зруйнаваў і не пашкадаваў, і ўзрадаваў над табою ворага твайго, узьняў рог прыгнятальнікаў тваіх.
18 Крычала сэрца іхняе да Госпада. О, мур дачкі Сыёну! Няхай выліваюцца, як ручай, сьлёзы ўдзень і ўначы, не давай сабе адпачынку, няхай не супакойваецца зрэнка вока твайго.
19 Уставай, галасі сярод ночы, на пачатку варты [начной] вылівай, як ваду, сэрца сваё перад абліччам Госпада; узьнімі рукі свае да Яго за душу немаўлятаў тваіх, якія зьнемагаюць з голаду на ростанях усіх вуліцаў.
20 Глянь, ГОСПАДЗЕ, і прыгледзься, каму Ты ўчыніў гэта. Ці маюць жанчыны есьці плод свой, немаўлятаў, якіх выкармілі? Ці маюць быць забіваныя ў сьвятыні Госпада сьвятар і прарок?
21 Ляжаць на зямлі на вуліцах маладыя і старыя; дзяўчыны мае і юнакі мае пападалі ад мяча; Ты забіў [іх] у дзень гневу Твайго, пусьціў на зарэз, не пашкадаваў.
22 Ты паклікаў, як на дзень сьвяточны, жахі мае адусюль. У дзень гневу ГОСПАДА ніхто ня ўцёк і ніхто не застаўся; тых, што я выкарміў і выгадаваў, выгубілі ворагі мае.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Плач Ярэміі, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023