1 Узгадай, ГОСПАДЗЕ, што сталася з намі; гледзячы, узглянь і пабач ганьбу нашую.
2 Спадчына нашая перададзеная чужым, дамы нашыя — чужынцам.
3 Мы сталіся сіротамі; няма бацькі, маці нашыя — як удовы.
4 Ваду сваю мы п’ем за срэбра, дровы нашыя прадаюць нам на грошы.
5 Перасьледвальнікі на шыі нашай, мы цяжка працуем, ня маем супачынку.
6 Мы выцягнулі руку сваю да Эгіпту і да Асірыі, каб насыціцца хлебам.
7 Бацькі нашыя грашылі; і іх няма, і беззаконьні іхнія мы носім.
8 Слугі пануюць над намі, і няма [нікога], хто вызваліць нас з рукі іхняй.
9 Прыносім хлеб свой, наражаючы душу сваю на меч у пустыні.
10 Скура нашая распаленая, як печ, ад палючага голаду.
11 Жанчын гвалцілі на Сыёне, дзяўчат — у гарадах Юды.
12 Князі павешаныя рукамі іхнімі, абліччы старых ня маюць пашаны.
13 Юнакі носяць камяні млыновыя, хлопцы спатыкаюцца, [носячы] дровы.
14 Старыя больш не сядзяць у брамах, юнакі не сьпяваюць.
15 Спынілася вясёласьць сэрца нашага, перамяніліся ў жалобу карагоды нашыя.
16 Звалілася карона з галавы нашай; гора нам, бо мы саграшылі.
17 Дзеля гэтага млявае сэрца нашае, дзеля гэтага зацемраныя вочы нашыя,
18 бо спустошаная гара Сыён, лісы ходзяць па ёй.
19 Ты, ГОСПАДЗЕ, трываеш на вякі, пасад Твой — з пакаленьня ў пакаленьне.
20 Чаму Ты забыўся на нас назаўсёды, пакінуў нас на доўгія дні?
21 Навярні нас да Сябе, ГОСПАДЗЕ, і мы навернемся; аднаві дні нашыя, як даўней [было].
22 Няўжо Ты, адкідаючы, адкінуў нас? Няўжо Ты загневаўся на нас аж так моцна?
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Плач Ярэміі, 5 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023