Ераміін Плач 4 разьдзел
Ераміін Плач
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
Як пацямнела золата, як зьмянілася шчырае золата добрае! Камяні сьвятыні параскіданыя на ростанях усіх вуліцаў.
Як паблякла золата, як зьмянілася золата высакароднае! камяні сьвяцілішча рассыпаны па ўсіх ростанях.
Сыны Сыёну, каштоўныя, якія цэняцца як золата найчысьцейшае, [цяпер] лічацца за посуд гліняны, за працу рук ганчара!
Сыны Сіёна каштоўныя, роўныя шчыраму золату, цяпер як чарэп’е глінянае цэняцца, як вырабы рук ганчара!
Нават цмокі марскія даюць грудзі, кормяць дзіцянят сваіх; а дачка народу майго [сталася] бязьлітаснай, як страус у пустыні.
І шакалы падсоўваюць смочкі і кормяць сваіх дзяцей, а дачка народа майго цяпер жорсткая, як у пустыні страўсы:
Язык немаўляці ліпне да паднябеньня ад смагі; дзеткі просяць хлеба, і няма нікога, хто адломіць ім [кавалак].
язык немаўлят да гартані ад смагі ліпне; дзеці благаюць хлеба, і не падае ім ніхто.
Тыя, што елі прысмакі, зьнемагаюць на вуліцах; тыя, што апраналіся ў пурпур, абдымаюць [купы] гною.
Тыя, што елі салодкае, млеюць на вуліцах; а тыя, каго спавівалі ў пурпуры, на сьметніках сьпяць.
І павялічылася беззаконьне дачкі народу майго болей за грэх Садому, які быў перакулены ў адзін момант, і рукі не дакраналіся да яго.
Правіны дачкі народа майго большыя за грэх Садомы: тая зьнішчана вокаімгненна, бяз дотыку рук чалавечых.
Назіры ейныя былі чысьцейшыя за сьнег, бялейшыя за малако, целы іхнія былі чырванейшыя за каралі; яны выглядалі як шафір.
Яе князі былі чысьцейшыя за сьнег, бялейшыя за малако; целам былі прыгажэйшыя за карал, выгляд іх быў, як шафір;
[А цяпер] выгляд іхні цямнейшы за сажу; не пазнаюць іх на вуліцах; скура іхняя прыліпла да костак іхніх, высахла, сталася як дрэва.
а цяпер цямней за ўсё чорнае твар у іх; не пазнаюць іх на вуліцы; скура ў іх да касьцей іх прыліпла, уся перасохла, як дрэва.
Лепш было забітым мячом, чым забітым голадам, бо тыя канаюць, прабітыя [мячом], а гэтыя — з нястачы пладоў палявых.
Тыя, каго забіваюць мечам, шчасьлівейшыя за забіваных голадам, ападаюць у сіле з голаду, бо ім пладоў нестае палявых.
Рукі жанчынаў чульлівых варылі дзетак сваіх, якія сталіся ежаю для іх у [час] загубы дачкі народу майго.
Пяшчотныя колісь жанчыны дзетак сваіх гатавалі, каб пракарміцца імі ў часе пагібелі дачкі народа свайго.
ГОСПАД скончыў гнеў Свой, выліў палючы гнеў Свой і запаліў агонь на Сыёне, і ён зжэр падваліны ягоныя.
Спраўдзіў Гасподзь Свой гнеў, выліў лютасьць гневу Свайго і запаліў на Сіёне агонь, які зжэр асновы яго.
Ня верылі валадары зямныя і ўсе жыхары сусьвету, што прыгнятальнік і вораг увойдзе ў брамы Ерусаліму.
Ня верылі цары зямныя і ўсе жывыя ў сусьвеце, каб вораг і непрыяцель увайшоў у браму Ерусаліма.
За грахі прарокаў ягоных, за беззаконьні сьвятароў ягоных, якія разьлівалі пасярод яго кроў праведных, [сталася гэта].
Усё гэта — за грахі ілжэпрарокаў, за беззаконьні яго сьвятароў, што пралівалі кроў праведнікаў;
Яны бадзяліся па вуліцах як сьляпыя, яны заплямленыя крывёю; ніхто ня мог дакранацца да адзеньня іхняга.
бадзяліся, як сьляпыя па вуліцах, крывёй апаганьваліся, аж немагчыма было дакрануцца да вопраткі іхняй.
«Адыйдзіцеся, нячыстыя!» — крычалі на іх. — «Адыйдзіцеся, адыйдзіцеся, не дакранайцеся!» І яны ўцяклі і бадзяліся; і казалі між народамі: «Яны больш ня будуць [тут] жыць».
«З дарогі! нячысты ідзе!» крычалі паперадзе іх; «сыдзеце ўбок, сыдзеце ўбок! не дакранайцеся!»; і саступалі ўбок; а людзі казалі: «іх болей ня будзе!
Аблічча ГОСПАДА расьцярушыла іх, Ён больш ня будзе глядзець на іх, [бо] яны абліччы сьвятароў не падымаюць і старым не спагадаюць.
Гасподзь іх між люду расьцярусіў; Ён іх больш не дагледзіць», бо яны сьвятароў не шануюць, бо не шкадуюць старцаў.
Выцяклі вочы нашыя, марна чакаючы дапамогі; на варце [сваёй] выглядалі мы народ, які ня можа збавіць.
Стаміліся нашыя вочы чакаць дапамогі марнае; з вежы дазорнай чакалі народу, які нас ня выратаваў.
Яны палююць на крокі нашыя, каб мы не маглі хадзіць па вуліцах нашых. Канец наш блізка; споўніліся дні нашыя, бо прыйшоў канец наш.
А яны цікавалі за крокамі нашымі, каб не маглі мы хадзіць па вуліцах нашых; зблізіўся наш канец, дні нашы споўніліся; настала наша пара.
Хутчэйшыя за арлоў паднебных былі перасьледвальнікі нашыя, па гарах гналіся за намі, у пустыні рабілі засаду на нас.
Ганіцелі нашы былі шыбчэйшыя за нябесных арлоў; ганяліся за намі па горах, ставілі пасткі на нас у пустыні.
Дух ноздраў нашых, памазанец ГОСПАДА злоўлены ў ямы іхнія, а мы казалі пра яго: «У ценю ягоным будзем жыць між народамі».
Дыханьне жыцьця нашага, памазанец Гасподні злоўлены ў яму іхнюю, той, пра якога казалі мы: пад яго шатамі жыцьмем сярод народаў.
Весяліся і радуйся, дачка Эдому, якая жывеш у зямлі Уц! Да цябе таксама дойдзе келіх, нап’ешся і аголішся.
Радуйся і весяліся, дачка Эдома, жыхарка зямлі Уц! І да цябе дойдзе чара; уп’ешся й аголішся.
Скончылася беззаконьне тваё, дачка Сыёну! Ён ня будзе больш выганяць цябе ў палон. Ён наведае беззаконьні твае, дачка Эдому, адкрые грахі твае.
Дачка Сіёна! скончыцца кара за беззаконьне тваё; Ён цябе болей ня гнацьме; а тваё беззаконьне, дачка Эдома, Ён адкрые і пакарае яго.