Другі закон 17 разьдзел
Другі закон
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
Не складай у ахвяру ГОСПАДУ, Богу твайму, авечку і вала, якія маюць загану або нейкі недахоп, бо брыдзіцца гэтым ГОСПАД, Бог твой.
Ня прынось у ахвяру Госпаду, Богу твайму, вала, альбо авечкі, на якой будзе загана, альбо што-небудзь благое, бо гэта агіда Госпаду, Богу твайму.
Калі знойдзецца ў асяродзьдзі тваім, у адной з брамаў тваіх, якія дае табе ГОСПАД, Бог твой, мужчына або жанчына, якія зробяць тое, што ліхім будзе ў вачах ГОСПАДА, Бога твайго, і парушаць запавет Ягоны,
Калі знойдзецца сярод цябе ў якім-небудзь селішчы тваім, што Гасподзь, Бог твой, дае табе, мужчына альбо жанчына, хто зробіць ліхое прад вачыма Госпада, Бога твайго, пераступіўшы запавет Бога,
і пойдуць, і будуць служыць багам чужым, і будуць пакланяцца ім, ці сонцу, ці месяцу, ці ўсяму войску нябеснаму, што я забараніў табе,
і пойдзе і пачне служыць іншым багам, альбо паклоніцца ім, альбо сонцу, альбо месяцу, альбо ўсяму войску нябеснаму, чаго я не загадаў,
і пра гэта паведамяць табе, ты выслухаеш і старанна дасьледуеш, і вось, гэта праўда, што такой брыдоты дапусьціліся ў Ізраілі.
і табе абвешчана будзе, і ты пачуеш, дык ты добра пашукай: і калі гэта чыстая праўда, калі зроблена мярзота гэтая ў Ізраіле,
Тады завядзеш таго мужчыну або жанчыну, якія дапусьціліся такой ліхой рэчы, да брамаў тваіх і ўкамянуеш іх камянямі, і яны памруць.
дык выведзі мужчыну таго, альбо жанчыну тую, якія ўчынілі ліха гэта, да варотаў тваіх і пабі іх камянямі да сьмерці.
Паводле [словаў] з вуснаў двух або трох сьведкаў [вінаваты] сьмерцю памрэ; не памрэ паводле [словаў] з вуснаў аднаго сьведкі.
Па словах двух сьведкаў, альбо трох сьведкаў, павінен памерці засуджаны на сьмерць: нельга аддаваць сьмерці па словах аднаго сьведкі;
Рука сьведкаў будзе першай супраць яго, каб забіць [вінаватага], а потым рука ўсяго народу, і вынішчыш зло з асяродзьдзя твайго.
рука сьведкаў павінна быць на ім раней за ўсё, каб забіць яго, потым рука ўсяго народа; і так вынішчы ліха спасярод сябе.
Калі цяжкая будзе для цябе справа суду паміж крывёй і крывёй, паміж спрэчкай і спрэчкай, паміж бойкай і бойкай, і будуць нязгодныя словы ў брамах тваіх, устань і пайдзі на месца, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой,
Калі ў тваім судзе цяжка будзе табе рассудзіць паміж крывёю і крывёю, паміж судом і судом, паміж пабоямі і пабоямі, і будуць нязгодныя меркаваньні ў варотах тваіх, дык устань і ідзі на месца, якое выбера Гасподзь, Бог твой,
і прыйдзі да сьвятароў лявітаў і да судзьдзі, які будзе ў гэтыя дні, і спытайся ў іх, і яны паведамяць табе, слова прысуду.
і прыйдзі да сьвятароў лявітаў і да судзьдзі, які будзе ў тыя дні, і спытайся ў іх, і яны скажуць табе, як рассудзіць;
І зрабі паводле слова, якое яны скажуць табе ў месцы, якое выбраў ГОСПАД, і намагайся, каб выканаць усё так, як яны навучаць цябе.
і зрабі паводле слова, якое яны скажуць табе, на тым месцы, якое выбера Гасподзь, і пастарайся выканаць усё, чаму яны навучаць цябе;
Паводле [слова] з вуснаў закону, якім яны навучаць, і паводле прысуду, які табе скажуць, зробіш. Не адхіляйся ад слова, якое паведамілі табе ані ўправа, ані ўлева.
паводле закона, якому яны навучаць цябе, і паводле вызначэньня, якое яны скажуць табе, зрабі і ня ўхіляйся ні направа, ні налева ад таго, што яны скажуць табе.
А [чалавек], які з пыхлівасьці не паслухае сьвятара, які стаіць, каб спаўняць служэньне для ГОСПАДА, Бога твайго, або судзьдзі, памрэ той чалавек, і вынішчыш зло з Ізраіля.
А хто зробіць так дзёрзка, што не паслухаецца сьвятара, які стаіць там на служэньні прад Госпадам, Богам тваім, альбо судзьдзі, той павінен памерці, — і так вынішчы зло зь Ізраіля;
І ўвесь народ, чуючы [гэта], будзе баяцца і ўжо болей ня будзе пыхлівы.
і ўвесь народ пачуе і збаіцца, і ня будзе болей паводзіцца дзёрзка.
Калі ты прыйдзеш у зямлю, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, і завалодаеш ёю, і абжывешся на ёй, і скажаш: “Пастаўлю я над сабою валадара, як усе народы, якія вакол мяне”,
Калі ты прыйдзеш у зямлю, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе, і авалодаеш ёю, і аселішся на ёй, і скажаш: «пастаўлю я над сабою цара, як і ў іншых народаў, якія вакол мяне»,
пастаўляючы, паставіш над сабой валадара, якога ГОСПАД, Бог твой, выбярэ спасярод братоў тваіх. Ня можаш паставіць над сабой чужынца, які ня брат твой.
дык пастаў над сабою цара, якога выбера Гасподзь, Бог твой; спасярод братоў тваіх пастаў над сабою цара; ня можаш паставіць над сабою іншаземца, які ня брат табе.
Толькі няхай не памнажае ён сабе коней і не вяртае народ у Эгіпет, каб мець шмат коней, бо ГОСПАД сказаў вам: “Ніколі больш гэтаю дарогаю ня вернецеся”.
Толькі каб ён ня множыў сабе коней і не вяртаў народа ў Егіпет дзеля памнажэньня сабе коней, бо Гасподзь сказаў вам: «не вяртайцеся больш дарогаю гэтай»;
І няхай ён не памнажае жонак сваіх, каб не адвярнулася сэрца ягонае, і няхай не памнажае срэбра і золата.
і каб не памнажаў сабе жонак, каб не разбэсьцілася сэрца ў яго, і каб срэбра і золата ня множыў сабе празьмерна.
Калі сядзе ён на пасадзе валадарства свайго, няхай перапіша сабе на скрутку сьпіс Закону гэтага з [кнігі], якая ў сьвятароў лявітаў,
Але калі ён сядзе на троне царства твайго, павінен сьпісаць сабе сьпіс закона гэтага з кнігі, якая ў сьвятароў лявітаў,
і мае яго пры сабе, і чытае яго ўсе дні жыцьця свайго, каб навучыўся баяцца ГОСПАДА, Бога свайго, і захоўваць усе словы Закону гэтага, і пастановы гэтыя выконваць,
і няхай ён будзе ў яго, няхай ён чытае яго ва ўсе дні жыцьця свайго, каб вучыцца баяцца Госпада, Бога свайго, і стараўся выконваць усе словы закона гэтага і пастановы гэтыя;
каб не вывышалася сэрца ягонае па-над братамі ягонымі, і каб не адхіляўся ён ад прыказаньняў ані ўправа, ані ўлева, каб доўгімі былі дні валадарства ягонага і сыноў ягоных у Ізраілі.
каб не надзімалася сэрца ягонае перад братамі ягонымі, і каб ня ўхіляўся ён ад закона ні направа, ні налева, каб доўгія дні заставаўся на царстве сваім ён і сыны ягоныя сярод Ізраіля.