Другі закон 11 разьдзел
Другі закон
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
Любі ГОСПАДА, Бога твайго, і захоўвай загады Ягоныя, і пастановы Ягоныя, і прысуды Ягоныя, і прыказаньні Ягоныя ўсе дні.
Дык вось, любі Госпада, Бога твайго, і шануй, што загадана Ім шанаваць, і пастановы Ягоныя і законы Ягоныя і запаведзі Ягоныя ва ўсе дні.
І вы ведаеце сёньня тое, чаго ня ведаюць сыны вашыя, якія ня бачылі караньня ГОСПАДА, Бога вашага, велічы Ягонай, і моцнай рукі Ягонай, і ўзьнятага рамяна Ягонага,
І ведайце сёньня, — бо я гутару ня з сынамі вашымі, якія ня ведаюць і ня бачылі кары Госпада, Бога вашага, — Ягоную велічнасьць, Ягоную моцную руку і высокую мышцу Ягоную,
знакаў Ягоных і справаў Ягоных, якія Ён учыніў у Эгіпце над фараонам, валадаром Эгіпту, і над усёй зямлёй ягонай,
азнакі Ягоныя і дзеі Ягоныя, якія Ён зрабіў сярод Егіпта з фараонам, царом Егіпецкім, і з усёю зямлёю ягонай,
і што зрабіў Ён з усім войскам Эгіпецкім, конямі ягонымі і калясьніцамі ягонымі; калі нахлынулі на іх воды Мора Чырвонага перад абліччам іхнім, калі яны гналіся за вамі, і зьнішчыў іх ГОСПАД, і так ёсьць да сёньняшняга дня,
і што Ён зрабіў з войскам Егіпецкім, з конямі ягонымі і калясьніцамі ягонымі, якія Ён утапіў у водах Чэрмнага мора, калі яны гналіся за вамі, — і пагубіў іх Гасподзь, і так трывае аж да сёньня;
і што Ён зрабіў для вас у пустыні, пакуль вы не прыйшлі на месца гэтае,
і што Ён рабіў дзеля вас у пустыні, пакуль вы не дайшлі да месца гэтага,
і што Ён зрабіў Датану і Абіраму, сынам Эліява, сына Рубэна, якіх праглынула зямля, адкрыўшы пашчу сваю, дамы іхнія і намёты іхнія, і ўсе жывыя істоты, якія мелі спасярод усяго Ізраіля ішлі за імі.
і што Ён зрабіў з Датанам і Авіронам, сынамі Эліява, сына Рувімавага, калі зямля разьзявіла вусны свае і сярод усяго Ізраіля праглынула іх і сямействы іхнія, і намёты іхнія і ўсю маёмасьць іхнюю, якая была ў іх;
Вочы вашыя бачылі ўсе вялікія справы ГОСПАДА, якія Ён учыніў,
бо вочы вашыя бачылі ўсе вялікія дзеі Госпада, якія Ён учыніў.
каб вы захоўвалі ўсе прыказаньні, якія сёньня я загадваю вам, каб вы ўмацаваліся і ўвайшлі, і ўзялі на ўласнасьць зямлю, у якую ўваходзіце, каб авалодаць ёю,
Дык вось, захоўвайце ўсе запаведзі, якія я пераказваю вам сёньня, каб вы ўмацаваліся і пайшлі і авалодалі зямлёю, у якую вы пераходзіце, каб авалодаць ёю;
і каб доўгія былі дні вашыя ў той зямлі, якую з прысягай абяцаў ГОСПАД бацькам вашым даць ім і насеньню іхняму, зямлю, якая ацякае малаком і мёдам.
і каб жылі вы доўга на той зямлі, даць якую запрысягнуўся Гасподзь бацькам вашым і насеньню іхняму, на зямлі, у якой цячэ малако і мёд.
Бо зямля, у якую ты ўваходзіш, каб авалодаць ёю, ня ёсьць такою, як зямля Эгіпецкая, з якой ты выйшаў, якую, укінуўшы зерне сваё, ты паліваў [працаю] ног тваіх, як у агародзе.
Бо зямля, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю, не такая, як зямля Егіпецкая, зь якой выйшлі вы, дзе ты, пасеяўшы семя тваё, паліваў з дапамогаю ног тваіх, як аліўны сад;
Зямля тая, у якую ты ўваходзіш, каб авалодаць ёю, — зямля гор і лагчынаў, якая п’е ваду з неба.
а зямля, у якую вы пераходзіце, каб авалодаць ёю, ёсьць зямля з гарамі і далінамі, і ад дажджу нябеснага напойваецца вадою, —
Гэта зямля, якою ГОСПАД, Бог твой, апякуецца, і вочы ГОСПАДА, Бога твайго, заўсёды зьвернуты на яе ад пачатку году аж да канца году.
зямля, пра якую Гасподзь, Бог ваш, рупіцца: вочы Госпада, Бога твайго, няспынна на ёй, ад пачатку года да канца года.
“Дык калі ты будзеш слухаць прыказаньні Мае, якія сёньня Я загадваю вам, каб вы любілі ГОСПАДА, Бога вашага, і служылі Яму ўсім сэрцам вашым і ўсёю душой вашай,
калі вы будзеце слухаць наказы мае, якія пераказваю вам сёньня, любіць Госпада, Бога вашага, і служыць Яму ад усяго сэрца вашага і ад усёй душы вашай,
Я дам зямлі вашай у свой час дождж раньні і дождж позьні, і ты зьбярэш збожжа тваё, і віно тваё, і алей твой.
дык дам зямлі вашай дажджу ў свой час, раньняга і позьняга, і ты зьбярэш хлеб твой і віно тваё і алей твой;
І дам Я траву на палях тваіх для быдла твайго, і ты будзеш есьці і насыцішся”.
і дам траву на полі тваім быдлу твайму, і будзеш есьці і наядацца.
Сьцеражыцеся, каб не ашукалася сэрца вашае, каб не адыйшлі вы ад [Госпада], і не служылі чужым багам, і не пакланяліся ім,
Пільнуйцеся, каб не засмуцілася сэрца вашае і ня ўхіліліся вы і не пачалі служыць іншым багам і не пакланяліся ім;
бо запалае ГОСПАД гневам на вас, і зачыніць неба, і ня будзе дажджу, і зямля ня дасьць плёну свайго, і загінеце вы хутка на добрай зямлі, якую ГОСПАД дае вам.
і тады запаліцца гнеў Госпада на вас, і замкне Ён неба, і ня будзе дажджу, і зямля ня ўродзіць твораў сваіх, і вы неўзабаве зьнікнеце з добрай зямлі, якую Гасподзь вам дае.
І прыйміце гэтыя словы Мае ў сэрца вашае і ў душу вашую, і прывяжыце іх на знак на руку вашую, і няхай будуць яны павязкаю над вачыма вашымі.
Дык вось, пакладзеце гэтыя словы Мае ў сэрца вашае і ў душу вашую і навяжэце іх як знак на руку сваю, і хай будуць яны павязкаю над вачыма вашымі;
І навучыце ім сыноў вашых, прамаўляючы іх ім, калі ты сядзіш у доме тваім, калі ты ідзеш дарогаю, калі ты кладзешся і калі ўстаеш.
вучэце сыноў сваіх, кажучы пра іх, калі ты сядзіш у доме тваім і калі ідзеш дарогаю, і калі кладзешся і калі ўстаеш;
І напішы іх на дзьвярах дому твайго і на брамах тваіх,
і напішы іх на вушаках дома твайго і на варотах тваіх,
каб памножыліся дні твае і дні сыноў тваіх на зямлі, якую прысягнуў ГОСПАД бацькам тваім даць ім, як дні неба над зямлёй.
каб гэтулькі ж многа было дзён вашых і дзён дзяцей вашых на той зямлі, даць якую Гасподзь запрысягнуўся бацькам вашым, колькі дзён неба будзе над зямлёю.
Калі будзеце захоўваць усе прыказаньні гэтыя, якія я загадваю вам, і будзеце выконваць іх, і будзеце любіць ГОСПАДА, Бога вашага, і будзеце хадзіць усімі шляхамі Ягонымі, і будзеце туліцца да Яго,
Бо калі вы будзеце шанаваць усе запаведзі гэтыя, якія наказваю вам выконваць, будзеце любіць Госпада, Бога вашага, хадзіць усімі шляхамі Ягонымі і гарнуцца да Яго,
ГОСПАД прагоніць перад вамі ўсе народы гэтыя, і вы авалодаеце народамі, якія большыя і дужэйшыя за вас.
дык прагоніць Гасподзь усе народы гэтыя ад аблічча вашага, і вы авалодаеце народамі, якія большыя і мацнейшыя за вас;
Кожнае месца, на якое стане нага вашая, будзе вашым. Ад пустыні і да Лібана, ад вялікай ракі Эўфрат аж да Мора Заходняга будуць межы вашыя.
усякае месца, на якое ступіць нага ваша, будзе ваша: ад пустыні і Лівана, ад ракі, ракі Еўфрата, аж да мора заходняга будуць межы вашыя;
Ніхто не ўстаіць перад вамі, бо ГОСПАД, Бог ваш, навядзе страх і трывогу перад вамі на аблічча ўсёй зямлі, на якую вы ступіце, як Ён прамовіў да вас.
ніхто ня ўстоіць супроць вас: Гасподзь, Бог ваш, навядзе страх і трымценьне перад вамі на ўсякую зямлю, на якую вы ступіце, як Ён казаў вам.
Глядзі, Я даю вам сёньня дабраславенства і праклён;
Вось, я прапаную вам сёньня дабраславеньне і праклён:
дабраславенства, калі будзеце слухаць прыказаньні ГОСПАДА, Бога вашага, якія я загадваю вам сёньня,
дабраславеньне, калі паслухаецеся наказаў Госпада, Бога вашага, якія я пераказваю вам сёньня,
і праклён, калі ня будзеце слухаць прыказаньняў ГОСПАДА, Бога вашага, і зыйдзеце са шляху, які я загадваю вам сёньня, і пойдзеце за багамі чужымі, якіх ня ведаеце.
а праклён, калі не паслухаецеся запаведзяў Госпада, Бога вашага, і ўхіліцеся ад шляху, які наказваю вам сёньня, і пойдзеце за багамі іншымі, якіх вы ня ведаеце.
І станецца, калі ўвядзе цябе ГОСПАД, Бог твой, у зямлю, якую ты ідзеш атрымаць на ўласнасьць, ты абвясьці дабраславенства на гары Гарызім, а праклён — на гары Эваль.
Калі ўвядзе цябе Гасподзь, Бог ваш, у тую зямлю, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю, тады вымаві дабраславеньне на гары Гарызім, а праклён на гары Гевал:
Горы гэтыя за Ярданам, на шляху на захад сонца, у зямлі Хананейцаў, якія жывуць у Арабе насупраць Гільгалу, каля дубоў Марэ.
вось ён за Ярданам, па дарозе да захаду сонца, у зямлі Хананэяў, якія жывуць на раўніне, насупраць Галгала, паблізу дубровы Марэ.
Бо вы пяройдзеце праз Ярдан, каб прыйсьці і завалодаць зямлёю, якую ГОСПАД, Бог ваш, дае вам, і возьмеце яе на ўласнасьць, і будзеце жыць на ёй.
Бо вы пераходзіце Ярдан, каб пайсьці авалодаць зямлёю, якую Гасподзь, Бог ваш, дае вам, і авалодаеце ёю і будзеце жыць на ёй.
Дык захоўвайце і выконвайце ўсе пастановы і прысуды, якія я даю вам сёньня.
Дык вось, старайцеся выконваць усе пастановы і законы, якія прапаную вам я сёньня.