Другі закон 23 разьдзел
Другі закон
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
Ніхто не павінен браць жонкі бацькі свайго і адкрываць крысо адзеньня бацькі свайго.
У каго раздушаны ядры альбо адрэзаны дзетародны чэлес, той ня можа ўвайсьці ў супольнасьць Гасподнюю.
Той, хто мае струшчаныя яечкі або адрэзаны чэляс, ня ўвойдзе ў царкву ГОСПАДА.
Сын блудніцы ня можа ўвайсьці ў супольнасьць Гасподнюю, і дзясятае пакаленьне ягонае ня можа ўвайсьці ў супольнасьць Гасподнюю.
Ня ўвойдзе байструк у царкву ГОСПАДА, нават у дзясятым пакаленьні ня ўвойдзе ён у царкву ГОСПАДА.
Аманіцянін і Маавіцянін ня можа ўвайсьці ў супольнасьць Гасподнюю, і дзясятае пакаленьне іх ня можа ўвайсьці ў супольнасьць Гасподнюю вавек,
Ня ўвойдзе Аманянін і Мааўлянін у царкву ГОСПАДА нават у дзясятым пакаленьні; ня ўвойдзе ён у царкву ГОСПАДА на вякі,
бо яны ня сустрэлі вас з хлебам і вадою ў дарозе, калі вы ішлі зь Егіпта, і таму што яны нанялі супроць цябе Валаама, сына Вэоравага з Пэтора Месапатамскага, каб праклясьці цябе;
за тое, што яны не сустрэлі вас з хлебам і вадой на шляху, калі вы ішлі з Эгіпту, і аплацілі супраць цябе Білеама, сына Бэора, з Пэтору, што ў Арам-Нагараіме, каб цябе праклінаў.
але Гасподзь, Бог твой, не схацеў слухаць Валаама і абярнуў Гасподзь, Бог твой, праклён ягоны ў дабраславеньне табе, бо Гасподзь, Бог твой, любіць цябе;
Але ГОСПАД, Бог твой, не хацеў слухаць Білеама, і ГОСПАД, Бог твой, замяніў праклён адносна цябе на дабраславенства, бо ГОСПАД, Бог твой, палюбіў цябе.
ня зычы ім міру і шчасьця ва ўсе дні твае, вавекі.
Ня будзеш жадаць для іх міру і дабрабыту ў-ва ўсе дні твае і на вякі.
Ня грэбуй Ідумэянінам, бо ён брат твой; ня грэбуй Егіпцянінам, бо ты быў прыхаднем у зямлі ягонай;
Ня будзеш брыдзіцца Эдомцам, бо ён — брат твой. Ня будзеш брыдзіцца Эгіпціянінам, бо прыхаднем ты быў у зямлі ягонай.
дзеці, якія ў іх народзяцца, у трэцім пакаленьні могуць увайсьці ў супольнасьць Гасподнюю.
Сыны, якія народзяцца ім, у трэцім пакаленьні ўвойдуць у царкву ГОСПАДА.
Калі пойдзеш у паход супроць ворагаў тваіх, сьцеражыся ўсяго благога.
Калі вырушыш табарам супраць ворагаў тваіх, сьцеражыся ад усякай справы ліхой.
Калі ў цябе будзе хто нячысты ад начнога здарэньня, дык ён павінен выйсьці з табара і не ўваходзіць у табар,
Калі будзе ў цябе чалавек нячысты дзеля выпадку начнога, няхай выйдзе ён па-за табар і ня ўвойдзе ў табар.
а калі зьвечарэе, павінен абмыць цела сваё вадою, і пасьля захаду сонца можа ўвайсьці ў табар.
Увечары няхай памыецца ў вадзе, а пасьля заходу сонца ўвойдзе ў табар.
Месца павінна быць у цябе па-за табарам, куды б ты мог выходзіць;
Будзеш мець месца па-за табарам, у якое будзеш хадзіць па патрэбе.
апрача зброі тваёй павінна быць у цябе лапатка; і калі будзеш садзіцца па-за табарам, выкапай ёю ямку і зноў закапай спаражненьне тваё;
І будзе шуфлік сярод прыладаў тваіх, і калі выйдзеш навонкі, прыгатуеш [ямку], і, вяртаючыся, прыкрыеш зямлёю тое, што выйшла з цябе.
бо Гасподзь, Бог твой, ходзіць сярод табара твайго, каб выбаўляць цябе і аддаваць ворагаў тваіх, а таму табар твой павінен быць сьвяты, каб Ён ня ўбачыў у цябе чаго брыдкага і не адступіўся ад цябе.
Бо ГОСПАД, Бог твой, ходзіць пасярод табару твайго, каб ратаваць цябе і выдаваць ворагаў тваіх перад абліччам тваім. Няхай табар твой будзе сьвяты, і нічога ў ім ня мае быць бачна паганага, каб Ён не адвярнуўся ад цябе.
Не выдавай раба гаспадару ягонаму, калі ён прыбяжыць да цябе ад гаспадара свайго;
Не выдавай нявольніка, які да цябе ўцёк ад гаспадара свайго, гаспадару ягонаму.
хай ён у цябе жыве, сярод вас у месцы, якое ён выбера ў якім-небудзь селішчы тваім, дзе яму спадабаецца; ня ўціскай яго.
Будзе ён жыць з табою, у месцы, якое ён выбраў у адной з брамаў тваіх, дзе будзе добра яму, і ты не засмучай яго.
Не павінна быць блудадзейкі з дочак Ізраілевых і не павінна быць блудадзея з сыноў Ізраілевых.
Ня будзе блудніцы сярод дачок Ізраіля, ані мужчыны блудніка сярод сыноў Ізраіля.
Ня ўнось платы блудадзейкі і цаны сабакі ў дом Госпада, Бога твайго, ні пасьля якога б тое ні было абяцаньня, бо тое і другое ёсьць гідота прад Госпадам, Богам тваім.
Не занясеш у Дом ГОСПАДА, Бога твайго, заробку распусьніцы і грошы сабакі, як шлюбаваныя, бо ГОСПАД, Бог твой, брыдзіцца адным і другім.
Не аддавай у ліхву брату твайму ні срэбра, ні хлеба, ні чаго-небудзь іншага, што можна аддаваць у ліхву;
Не вымагай ад брата свайго адсоткаў са срэбра, ці з харчаваньня, ці з кожнай рэчы, якую пазычыш.
іншаземцу аддавай у ліхву, а брату твайму не аддавай у ліхву, каб Гасподзь, Бог твой, дабраславіў цябе ва ўсім, што робіцца рукамі тваімі, на зямлі, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю.
Ад чужога можаш вымагаць адсоткаў, але ад брата ня будзеш вымагаць адсоткаў, каб ГОСПАД, Бог твой, дабраславіў цябе ў-ва ўсім, да чаго прыкладзеш ты руку тваю ў зямлі, якую ідзеш авалодаць.
Калі дасі абяцаньне Госпаду, Богу твайму, адразу выканай яго, бо Гасподзь, Бог твой, спагоніць зь цябе яго, і на табе будзе грэх;
Калі складзеш шлюбаваньне ГОСПАДУ, Богу твайму, не марудзь выканаць яго, бо ГОСПАД, Бог твой, запатрабуе гэтага ад цябе і будзе гэта табе як грэх.
а калі ты ня даў абяцаньня, дык ня будзе на табе грэху.
Калі ўстрымаешся ад шлюбаваньня, ня будзе на табе грэху.
Што выйшла з вуснаў тваіх, трымай і выконвай так, як абяцаў ты Госпаду, Богу твайму, дабраахвотнае прынашэньне, пра якое сказаў ты вуснамі тваімі.
Тое, што выйшла з вуснаў тваіх, захоўвай і рабі, як абяцаў ты ГОСПАДУ, Богу твайму; з уласнай волі і вуснамі сваімі ты [гэта] абяцаў.
Калі ўвойдзеш у вінаграднік блізкага твайго, можаш есьці ягады ўдосыць, колькі хоча душа твая, а ў посуд не кладзі.
Калі ўвойдзеш у вінаграднік бліжняга твайго, еш вінаград, колькі [падабаецца] душы тваёй, але ў кошык твой не кладзі.
Калі прыйдзеш на жніво блізкага твайго, зрывай калосьсе рукамі тваімі, а сярпа не занось на жніво блізкага твайго.
Калі ўвойдзеш у збожжа бліжняга твайго, рві каласы рукою тваёй, але сярпом ня жні.