Другі закон 17 разьдзел

Другі закон
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Не складай у ахвяру ГОСПАДУ, Богу твайму, авечку і вала, якія маюць загану або нейкі недахоп, бо брыдзіцца гэтым ГОСПАД, Бог твой.
 
Не складай у ахвяру Госпаду, Богу твайму, авечку і вала, на якіх ёсць пляма або якая-небудзь загана, бо брыдзіцца гэтым Госпад, Бог твой.

Калі знойдзецца ў асяродзьдзі тваім, у адной з брамаў тваіх, якія дае табе ГОСПАД, Бог твой, мужчына або жанчына, якія зробяць тое, што ліхім будзе ў вачах ГОСПАДА, Бога твайго, і парушаць запавет Ягоны,
 
Калі знойдуцца ў асяроддзі тваім, унутры адной з брам тваіх, якія дасць табе Госпад, Бог твой, мужчына або жанчына, якія зробяць тое, што ліхім будзе перад Госпадам, Богам тваім, і пераступяць запавет Яго,

і пойдуць, і будуць служыць багам чужым, і будуць пакланяцца ім, ці сонцу, ці месяцу, ці ўсяму войску нябеснаму, што я забараніў табе,
 
і пойдуць служыць чужым багам, і будуць пакланяцца ім, ці сонцу, ці месяцу, ці ўсяму войску нябеснаму, чаго я не загадаў,

і пра гэта паведамяць табе, ты выслухаеш і старанна дасьледуеш, і вось, гэта праўда, што такой брыдоты дапусьціліся ў Ізраілі.
 
і аб гэтым паведамяць табе, то выслухай і старанна даследуй справу, і калі выявіш, што гэта праўда, што такая брыдота здарылася ў Ізраэлі,

Тады завядзеш таго мужчыну або жанчыну, якія дапусьціліся такой ліхой рэчы, да брамаў тваіх і ўкамянуеш іх камянямі, і яны памруць.
 
завядзі таго мужчыну або жанчыну, якія дапусціліся гэтай надзвычай злачыннай справы, да брамы горада твайго і ўкамянуй.

Паводле [словаў] з вуснаў двух або трох сьведкаў [вінаваты] сьмерцю памрэ; не памрэ паводле [словаў] з вуснаў аднаго сьведкі.
 
Паводле слоў двух або трох сведкаў хай загіне той, хто мае быць забіты; ніхто не можа быць пакараны смерцю па словах аднаго сведкі.

Рука сьведкаў будзе першай супраць яго, каб забіць [вінаватага], а потым рука ўсяго народу, і вынішчыш зло з асяродзьдзя твайго.
 
Рука сведкаў будзе першай, каб забіць яго, а потым хай уздымецца рука ўсяго народа, каб ты выдаліў ліха з асяроддзя твайго.

Калі цяжкая будзе для цябе справа суду паміж крывёй і крывёй, паміж спрэчкай і спрэчкай, паміж бойкай і бойкай, і будуць нязгодныя словы ў брамах тваіх, устань і пайдзі на месца, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой,
 
Калі ўнутры брам тваіх ты ўбачыш, што ў судовых справах цяжка адназначна рассудзіць паміж крывёю і крывёю, спрэчкай і спрэчкай, бойкай і бойкай, то ўстань і ідзі на месца, якое выбера Госпад, Бог твой,

і прыйдзі да сьвятароў лявітаў і да судзьдзі, які будзе ў гэтыя дні, і спытайся ў іх, і яны паведамяць табе, слова прысуду.
 
і прыйдзі да святароў з роду левіцкага і да суддзі, які будзе ў гэтыя дні чыніць суд, і спытайся ў іх, і яны скажуць табе рашэнне наконт прысуду.

І зрабі паводле слова, якое яны скажуць табе ў месцы, якое выбраў ГОСПАД, і намагайся, каб выканаць усё так, як яны навучаць цябе.
 
І зрабі, як яны скажуць табе з месца, якое выбраў Госпад, і будзь пільны, каб выканаць так, як яны навучаць цябе

Паводле [слова] з вуснаў закону, якім яны навучаць, і паводле прысуду, які табе скажуць, зробіш. Не адхіляйся ад слова, якое паведамілі табе ані ўправа, ані ўлева.
 
паводле загаду, які яны загадаюць, і паводле рашэння, якое табе скажуць. Не адхіляйся ані ўправа, ані ўлева.

А [чалавек], які з пыхлівасьці не паслухае сьвятара, які стаіць, каб спаўняць служэньне для ГОСПАДА, Бога твайго, або судзьдзі, памрэ той чалавек, і вынішчыш зло з Ізраіля.
 
Хто з пыхлівасці не хацеў бы паслухаць волі святара, які ў той час спаўняе службу Госпаду, Богу твайму, або рашэння суддзі, — будзе пакараны смерцю той чалавек, каб ты выдаліў ліха з Ізраэля.

І ўвесь народ, чуючы [гэта], будзе баяцца і ўжо болей ня будзе пыхлівы.
 
А ўвесь народ, чуючы гэта, хай баіцца, каб ніхто больш не раздуваўся ад пыхі.

Калі ты прыйдзеш у зямлю, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой, і завалодаеш ёю, і абжывешся на ёй, і скажаш: “Пастаўлю я над сабою валадара, як усе народы, якія вакол мяне”,
 
Калі ты прыйдзеш у зямлю, якую дасць табе Госпад, Бог твой, і завалодаеш ёю, і абжывешся на ёй, і скажаш: “Пастаўлю я над сабою цара, як маюць усе народы вакол нас”,

пастаўляючы, паставіш над сабой валадара, якога ГОСПАД, Бог твой, выбярэ спасярод братоў тваіх. Ня можаш паставіць над сабой чужынца, які ня брат твой.
 
таго толькі паставіш над сабой царом, каго Госпад, Бог твой, выбера пасярод братоў тваіх. Не зможаш ты зрабіць царом чалавека другога народа, які не ёсць тваім братам.

Толькі няхай не памнажае ён сабе коней і не вяртае народ у Эгіпет, каб мець шмат коней, бо ГОСПАД сказаў вам: “Ніколі больш гэтаю дарогаю ня вернецеся”.
 
Толькі хай не набывае ён сабе многа коней і не вяртае народ у Егіпет, каб павялічыць колькасць коней, тым больш што Госпад загадаў вам, каб ніколі больш гэтаю дарогаю не вярталіся.

І няхай ён не памнажае жонак сваіх, каб не адвярнулася сэрца ягонае, і няхай не памнажае срэбра і золата.
 
Хай не будзе ён мець мноства жонак, каб не адхілялася сэрца яго, ды вялікай колькасці срэбра і золата.

Калі сядзе ён на пасадзе валадарства свайго, няхай перапіша сабе на скрутку сьпіс Закону гэтага з [кнігі], якая ў сьвятароў лявітаў,
 
Калі сядзе ён на пасадзе царства свайго, няхай спіша сабе са скрутка асобнік гэтага закону, узяўшы яго ў святароў з пакалення левіцкага,

і мае яго пры сабе, і чытае яго ўсе дні жыцьця свайго, каб навучыўся баяцца ГОСПАДА, Бога свайго, і захоўваць усе словы Закону гэтага, і пастановы гэтыя выконваць,
 
і мае яго пры сабе і чытае яго праз усе дні жыцця свайго, каб навучыўся шанаваць Госпада, Бога свайго, і захоўваць словы гэтага закону і гэтыя прыказанні, ды тое, што загадана ў законе.

каб не вывышалася сэрца ягонае па-над братамі ягонымі, і каб не адхіляўся ён ад прыказаньняў ані ўправа, ані ўлева, каб доўгімі былі дні валадарства ягонага і сыноў ягоных у Ізраілі.
 
Хай не ўздымаецца сэрца яго да пыхі над братамі сваімі, хай не ўхіляецца ён ад загадаў ані ўправа, ані ўлева, каб доўга цараваў сам і дзеці яго пасярод Ізраэля.