4 царстваў 1 разьдзел
Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
І збунтаваўся Мааў супраць Ізраіля пасьля сьмерці Ахава.
Па смерці ж Ахаба ўзбунтаваўся Мааб супраць Ізраэля.
А Ахазія выпаў праз краты з верхняга пакою свайго, які ў Самарыі, і захварэў. І паслаў ён пасланцоў, і сказаў ім: «Ідзіце, спытайце Баал-Зэбуба, бога Экрону, ці ачуняю я з гэтай хваробы маёй?»
А Ахазія выпаў праз краты з верхняга пакоя свайго, што ў Самарыі, і захварэў, і паслаў ён пасланцоў, загадваючы ім: «Ідзіце, спытайце Бэльзэбула, бога Акарона, ці ачуняю я з гэтай хваробы сваёй?»
І анёл ГОСПАДА прамовіў да Ільлі з Тэшбы: «Устань, і выйдзі насустрач пасланцам валадара Самарыі, і прамоў да іх: “Ці ж няма Бога ў Ізраіля, што вы ідзіцё пытацца ў Баал-Зэбуба, бога Экрону?
Але анёл Госпадаў сказаў Іллі з Тэсбы: «Устань і выйдзі насустрач пасланцам цара Самарыі і скажы ім: “Ці ж няма Бога ў Ізраэлі, што вы ідзяце пытацца ў Бэльзэбула, бога Акарона?”
Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД: "З ложку, на які ты лёг, ня зыйдзеш з яго, але сьмерцю памрэш"”». І Ільля пайшоў.
Таму вось што кажа Госпад: “З ложка, на які ты лёг, не падымешся, але напэўна памрэш”». І Ілля пайшоў.
І вярнуліся пасланцы да [Ахазіі], і ён сказаў ім: «Чаму вы вярнуліся?»
Тады вярнуліся пасланцы да Ахазіі, і ён спытаў іх: «Чаму вы вярнуліся?»
А яны сказалі яму: «Нейкі чалавек выйшаў насустрач нам і сказаў нам: “Ідзіце, і вярніцеся да валадара, які паслаў вас, і прамоўце да яго: "Гэта кажа ГОСПАД. Ці няма Бога ў Ізраіля, што ты пасылаеш пытацца ў Баал-Зэбуба, бога Экрону? Дзеля гэтага з ложку, на які ты лёг, ня зыйдзеш з яго, але сьмерцю памрэш"”».
А яны адказалі яму: «Нейкі чалавек сустрэў нас і сказаў нам: “Ідзіце і вярніцеся да цара, які паслаў вас, і скажыце яму: “Гэта кажа Госпад: “Ці няма Бога ў Ізраэлі, што ты пасылаеш раіцца да Бэльзэбула, бога Акарона? Таму з ложка, на які ты лёг, не падымешся, але, напэўна, памрэш”».
І ён сказаў ім: «Як выглядаў той чалавек, які выйшаў вам насустрач і прамовіў да вас словы гэтыя?»
Ён сказаў ім: «Як выглядаў і як быў апрануты той чалавек, які выйшаў вам насустрач і сказаў гэтыя словы?»
Яны сказалі яму: «Гэта чалавек касматы і падперазаны пасам скураным вакол сьцёгнаў сваіх». І ён сказаў: «Гэта Ільля з Тэшбы».
А яны адказалі: «Гэты чалавек быў у плашчы са скураў і быў падперазаны дзяжкай скураной вакол сцёгнаў». Ён крыкнуў: «Гэта Ілля з Тэсбы».
І паслаў Ахазія да яго пяцідзясятніка разам з пяцідзесяцьцю ягонымі. І прыйшоў ён да [Ільлі], які быў на вяршыні гары, і прамовіў да яго: «Чалавек Божы! Валадар гаворыць табе, каб ты зыйшоў!»
І паслаў Ахазія па яго кіраўніка пяцідзесяці разам з яго пяццюдзесяццю; і прыйшоў ён да Іллі, калі той быў на вяршыні гары, і сказаў яму: «Чалавеча Божы! Цар загадаў, каб ты сышоў з гары!»
І адказаў Ільля, і сказаў пяцідзясятніку: «Калі я — чалавек Божы, няхай зыйдзе агонь з неба і спаліць цябе і пяцядзясят [чалавек] тваіх!» І зыйшоў агонь з неба, і спаліў яго і пяцьдзясят [чалавек] ягоных.
І ў адказ Ілля сказаў кіраўніку пяцідзесяці: «Калі я чалавек Божы, хай сыдзе агонь з неба і спаліць цябе разам з тваімі пяццюдзесяццю!» І сышоў агонь з неба, і спаліў яго разам з яго пяццюдзесяццю.
І паслаў валадар да яго іншага пяцідзясятніка разам з пяцідзесяцьцю ягонымі. І ён адказаў, і сказаў яму: «Чалавек Божы! Гэта кажа валадар: “Хутка зыйдзі!”»
Тады цар паўторна паслаў па яго іншага кіраўніка пяцідзесяці разам з яго пяццюдзесяццю. І ён сказаў яму: «Чалавеча Божы, вось што кажа цар: “Хутка сыдзі з гары!”»
І адказаў Ільля, і сказаў ім: «Калі я — чалавек Божы, няхай зыйдзе агонь з неба і спаліць цябе і пяцьдзясят [чалавек] тваіх». І зыйшоў агонь Божы з неба, і спаліў яго і пяцьдзясят [чалавек] ягоных.
У адказ Ілля сказаў ім: «Калі я чалавек Божы, няхай сыдзе агонь з неба і спаліць цябе і пяцьдзесят чалавек тваіх». І сышоў агонь Божы з неба, і спаліў яго і пяцьдзесят чалавек яго.
І паслаў валадар трэцяга пяцідзясятніка разам з пяцідзесяцьцю ягонымі, і ён пайшоў. І прыйшоў трэці пяцідзясятнік, і ўпаў на калені свае перад Ільлёю, і прасіў яго, і сказаў яму: «Чалавек Божы! Няхай душа мая і душа гэтых слугаў тваіх, гэтых пяцідзесяці, будуць каштоўныя ў вачах тваіх!
Зноў паслаў цар трэцяга кіраўніка пяцідзесяці і пяцьдзесят чалавек з ім. Калі ён прыйшоў, упаў на калені перад Іллёй і прасіў яго і сказаў: «Чалавеча Божы, хай жыццё маё і жыццё гэтых паслугачоў тваіх, якія разам са мною, будзе каштоўным у вачах тваіх!
Вось, агонь зыйшоў з неба, і спаліў абодвух папярэдніх пяцідзясятнікаў разам з пяцідзесяцьцю іхнімі. Але цяпер няхай будзе каштоўная душа мая ў вачах тваіх».
Вось, агонь сышоў з неба і спаліў абодвух папярэдніх кіраўнікоў пяцідзесяці разам з папярэднімі пяццюдзесяццю, якія з імі былі; але цяпер прашу, каб злітаваўся ты над душою маёю».
І анёл ГОСПАДА прамовіў да Ільлі: «Зыйдзі з ім, ня бойся яго». І [Ільля] ўстаў, і пайшоў з ім да валадара,
Тады анёл Госпадаў сказаў Іллі: «Сыдзі разам з ім, не бойся яго». Дык Ілля ўстаў і пайшоў разам з ім да цара,
і прамовіў да яго: «Гэта кажа ГОСПАД: “За тое, што ты паслаў пасланцоў пытацца ў Баал-Зэбуба, бога Экрону, нібыта няма Бога ў Ізраіля, каб пытацца пра слова Ягонае, з ложку, на якім ляжыш, ня зыйдзеш з яго, але сьмерцю памрэш”».
і сказаў яму: «Гэта кажа Госпад: “За тое, што ты паслаў пасланцоў раіцца да Бэльзэбула, бога Акарона, як быццам не было Бога ў Ізраэлі, ад Якога ты мог бы даведацца слова Яго, з ложка, на якім ляжыш, не падымешся, але напэўна памрэш”».
І памёр [валадар] паводле слова ГОСПАДА, якое прамовіў Ільля. А замест яго заваладарыў Ярам у другім годзе Егарама, сына Язафата, валадара Юды, бо [Ахазія] ня меў сына.
І памёр цар па слове Госпада, якое сказаў Ілля. І на яго месцы стаў цараваць Ярам, брат яго, у другім годзе Ярама, сына Язафата, цара Юдэі, бо Ахазія не меў сына.
Іншыя дзеяньні Ахазіі, якія ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
А дзеянні Ахазіі, якія ён зрабіў, — ці не запісаны яны ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?