4 царстваў 8 разьдзел
Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
І Элісэй прамовіў да той жанчыны, сына якой уваскрасіў, кажучы: «Устань і ідзі ты і дом твой, і абжывіся на чужыне, бо ГОСПАД вырашыў пра голад, які прыходзіць на зямлю гэтую на сем гадоў».
І сказаў Элісей той жанчыне, сына якой уваскрасіў, кажучы: «Устань і ідзі разам з сям’ёй сваёй, і абжывіся на чужыне, там, дзе зможаш; бо Госпад спаслаў вялікі голад, і ён прыйдзе на гэтую зямлю на сем гадоў».
І ўстала жанчына, і зрабіла, як сказаў чалавек Божы. І пайшла яна і дом ейны, і абжылася ў зямлі Філістынцаў на сем гадоў.
Яна ж сабралася і зрабіла тое, што чалавек Божы сказаў ёй, і пайшла яна разам са сваёй сям’ёй, і абжылася ў зямлі філістынцаў на сем гадоў.
І сталася праз сем гадоў, што жанчына вярнулася з зямлі Філістынцаў, і пайшла яна да валадара прасіць пра [вяртаньне] дому свайго і поля свайго.
І па сямі гадах жанчына вярнулася з зямлі філістынцаў; і пайшла да цара прасіць за дом свой і поле сваё.
А валадар размаўляў з Гехазіем, слугою чалавека Божага, кажучы: «Раскажы мне пра ўсе вялікія справы, якія ўчыніў Элісэй».
А цар размаўляў з Гэхазі, паслугачом чалавека Божага, кажучы: «Раскажы мне пра ўсе вялікія справы, якія ўчыніў Элісей».
І калі ён расказваў валадару пра тое, як [Элісэй] уваскрасіў мёртвага, вось, жанчына, сына якой ён уваскрасіў, прасіла валадара пра [вяртаньне] дому свайго і поля свайго. І сказаў Гехазі: «Гаспадару мой, валадар, гэта тая жанчына і гэта той сын ейны, якога ўваскрасіў Элісэй».
І, калі ён расказаў пра тое, як Элісей уваскрасіў мёртвага, з’явілася жанчына, сына якой ён уваскрасіў, і маліла цара аб доме сваім і палях сваіх. І сказаў Гэхазі: «Гаспадару мой, цар, гэта тая жанчына і гэта яе сын, якога ўваскрасіў Элісей».
І спытаўся валадар жанчыну пра гэта, і яна расказала яму. І валадар даў ёй аднаго ўрадоўца, кажучы: «Вярні ёй усё, што яе, і ўсе прыбыткі з поля ад дня, у які пакінула яна зямлю, і аж да цяпер».
І запытаўся цар у жанчыны пра гэта, а яна адказала яму. І цар даў ёй аднаго скапца, кажучы: «Вярні ёй усё, што яе, ды ўсе даходы з поля ад дня, у які пакінула яна зямлю, і аж да цяперашняга дня».
І прыйшоў Элісэй у Дамаск, а ў той час хварэў Бэн-Гадад, валадар Сірыі. І паведамілі яму, кажучы: «Прыйшоў сюды чалавек Божы».
І прыйшоў Элісей у Дамаск, а ў той час хварэў Бэнадад, цар Сірыі. І паведамілі яму: «Прыйшоў сюды чалавек Божы».
І сказаў валадар Хазаэлю: «Вазьмі ў рукі твае дары і ідзі насустрач чалавеку Божаму, і спытайся ГОСПАДА пра знак, кажучы: "Ці я ачуняю з хваробы гэтай?"»
Тады сказаў цар Газаэлю: «Вазьмі дары з сабою і ідзі насустрач чалавеку Божаму, і спытайся праз яго ў Госпада, кажучы: “Ці падымуся я з гэтае хваробы сваёй?”»
І пайшоў Хазаэль на спатканьне [з Элісэем], і ўзяў дары ў рукі свае, і ўсе багацьці Дамаску наладаваў на сорак вярблюдаў. І прыйшоў ён, і стаў перад абліччам ягоным, і сказаў: «Сын твой Бэн-Гадад, валадар Сірыі, паслаў мяне да цябе, кажучы: “Ці я ачуняю з хваробы гэтай?”»
І пайшоў Газаэль насустрач Элісею, маючы з сабой дары і ўсе багацці Дамаска, цяжарам на сорак вярблюдаў. І прыйшоў ён, і стаў перад ім, і сказаў: «Сын твой Бэнадад, цар Сірыі, паслаў мяне да цябе спытаць: “Ці я падымуся з гэтае хваробы сваёй?”»
І Элісэй сказаў яму: «Ідзі і скажы яму: “Ачуняеш”. Але ГОСПАД паказаў мне, што ён сьмерцю памрэ».
Элісей сказаў: «Ідзі і скажы яму: “Ачуняеш”. Але Госпад аб’явіў мне, што ён памрэ».
І наставіў Элісэй вочы свае на яго, і доўга ўглядаўся, аж той засмуціўся. І пачаў плакаць чалавек Божы.
І наставіў Элісей вочы на яго і доўга ўглядаўся, аж той занепакоіўся. І пачаў плакаць чалавек Божы.
І сказаў Хазаэль: «Чаму плача гаспадар мой?» А ён сказаў: «Бо я ведаю, якое ліха ты зробіш сынам Ізраіля: умацаваньні іхнія спаліш агнём, юнакоў іхніх выб’еш мячом, дзяцей іхніх разьдзярэш і цяжарных жанчынаў іхніх пасячэш».
Газаэль спытаўся ў яго: «Чаму плача гаспадар мой?» А ён адказаў яму: «Бо я ведаю, якое няшчасце ты зробіш сынам Ізраэля: іх мураваныя гарады агнём спаліш, і ваяроў іх мечам заб’еш, і дзяцей іх пазабіваеш, і цяжарных жанчын пасячэш».
І сказаў Хазаэль: «Хто такі слуга твой, гэты сабака, каб рабіў такія вялікія рэчы?» І сказаў Элісэй: «ГОСПАД паказаў мне цябе як валадара Сірыі».
І Газаэль сказаў: «Хто бо такі паслугач твой, гэты сабака, каб рабіў такія вялікія рэчы?» І сказаў Элісей: «Госпад аб’явіў мне, што ты будзеш царом Сірыі».
І пайшоў ён ад Элісэя, і прыйшоў да гаспадара свайго. А той сказаў яму: «Што сказаў табе Элісэй?» І ён сказаў: «Ён сказаў мне, што ачуняеш».
Калі пайшоў ён ад Элісея, прыйшоў да гаспадара свайго. Той спытаўся ў яго: «Што сказаў табе Элісей?» І ён адказаў: «Ён сказаў мне, што ачуняеш».
І сталася на наступны дзень, [Хазаэль] узяў посьцілку, і намачыў у вадзе, і палажыў на твар ягоны, і ён памёр. І Хазаэль стаў валадаром замест яго.
І, калі прыйшоў Газаэль на другі дзень, узяў подсціл, і намачыў у вадзе, і палажыў на твар яго, і той памёр; і Газаэль стаў царом замест яго.
У пяты год Ярама, сына Ахава, валадара Ізраіля, Егарам, сын Язафата, валадара Юды, стаў валадаром Юды.
На пяты год Ярама, сына Ахаба, цара Ізраэля, — а Язафат быў царом Юдэі — Ярам, сын Язафата, стаўся царом Юдэі.
Меў ён трыццаць два гады, калі пачаў валадарыць і восем гадоў валадарыў у Ерусаліме.
Меў ён трыццаць два гады, калі пачаў цараваць і восем гадоў цараваў у Ерузаліме.
І хадзіў ён шляхам валадароў Ізраіля, як рабіў дом Ахава, бо дачка Ахава была жонкай ягонай, і рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА.
І хадзіў ён дарогамі цароў Ізраэля, як рабіў дом Ахаба; бо дачка Ахаба была яго жонкай. І рабіў ён тое, што ліхім было ў вачах Госпада.
Але ГОСПАД не хацеў зьнішчыць Юды дзеля Давіда, слугі Свайго, бо Ён казаў яму, што дасьць сьветач яму і сынам ягоным у-ва ўсе дні.
Але Госпад не хацеў знішчыць Юдэі дзеля паслугача Свайго, Давіда, як Ён абяцаў яму, даць светач яму і сынам яго на ўсе часы.
У дні ягоныя збунтаваўся Эдом, каб [ня быць] пад рукой Юды, і паставіў сабе валадара.
У дні яго Эдом паўстаў, каб не быць пад Юдэяй, і паставіў сабе цара.
І пайшоў Егарам у Цаір, і ўсе калясьніцы ягоныя з ім. І ўстаў ён уначы, і ўдарыў Эдомцаў, якія атачылі яго і начальнікаў калясьніцаў, і ўцёк народ у намёты свае.
І Ярам пайшоў у Сэйру, і ўсе яго калясніцы з ім; і ўстаў ён ноччу і ўдарыў эдомцаў, якія акружылі яго і кіраўнікоў калясніц; і народ уцёк у свае палаткі.
Але Эдом узбунтаваўся і [выйшаў] з-пад рукі Юды па сёньняшні дзень. У той час узбунтавалася [таксама] Лібна.
Такім чынам, Эдом узбунтаваўся, каб не быць пад Юдэяй, па сённяшні дзень. Тады ж адышла таксама Лебна.
А іншыя дзеяньні Егарама, і ўсё, што ён зрабіў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
А астатнія дзеянні Ярама, і ўсё, што ён зрабіў, — ці ж гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі?
І супачыў Егарам з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда. І заваладарыў Ахазія, сын ягоны, пасьля яго.
І супачыў Ярам з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з імі ў горадзе Давіда, і па ім цараваў сын яго, Ахазія.
У дванаццатым годзе Ярама, сына Ахава, валадара Ізраіля, пачаў валадарыць Ахазія, сын Егарама, валадара Юды.
На дванаццаты год Ярама, сына Ахаба, цара Ізраэля, пачаў цараваць Ахазія, сын Ярама, цара Юдэі.
Ахазія меў дваццаць два гады, калі стаў валадаром, і адзін год валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Аталія, дачка Омры, валадара Ізраіля.
Ахазія меў дваццаць два гады, калі стаў царом, і адзін год цараваў у Ерузаліме. Маці яго на імя Аталія, дачка Амры, цара Ізраэля.
І ён хадзіў шляхамі дому Ахава, і рабіў ліхоту ў вачах ГОСПАДА, як дом Ахава, бо быў ён сваяком дому Ахава.
І ён хадзіў шляхамі дому Ахаба, і рабіў тое, што ліхім было перад абліччам Госпада, як дом Ахаба; бо быў ён зяцем роду Ахаба.
І пайшоў ён з Ярамам, сынам Ахава, ваяваць супраць Хазаэля, валадара Сірыі, у Рамот Гілеадзкі, і Сірыйцы паранілі Ярама.
Таксама пайшоў ён разам з Ярамам, сынам Ахаба, ваяваць супраць Газаэля, цара Сірыі, у Рамот у Галаадзе, і сірыйцы паранілі Ярама.
І вярнуўся валадар Ярам у Езрээль, каб лячыцца ад ранаў, якімі паранілі яго Сірыйцы ў Рамоце, калі ён ваяваў супраць Хазаэля, валадара Сірыі. І Ахазія, сын Егарама, валадар Юды, пайшоў адведаць Ярама, сына Ахава, у Езрээль, бо той быў хворы.
Ён вярнуўся ў Ізрагэль, каб лячыцца ад ран, якімі паранілі яго сірыйцы ў Раме, калі ён ваяваў супраць Газаэля, цара Сірыі. А Ахазія, сын Ярама, цар Юдэі, пайшоў наведаць Ярама, сына Ахаба, у Ізрагэль, бо той хварэў.