4 царстваў 8 разьдзел
Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
І гукаў Елісэй жонцы, каторай сына ажывіў ён, і сказаў: «Устань і пайдзі, ты а дом твой, і пажыві там, ідзе можаш пажыць, бо прыгукаў СПАДАР галадоў, і яна прыйдзе на гэтую зямлю на сем год».
І сказаў Элісей той жанчыне, сына якой уваскрасіў, кажучы: «Устань і ідзі разам з сям’ёй сваёй, і абжывіся на чужыне, там, дзе зможаш; бо Госпад спаслаў вялікі голад, і ён прыйдзе на гэтую зямлю на сем гадоў».
І ўстала тая жонка, і ўчыніла подле слова чалавека Божага; і пайшла яна а дом ейны, і жыла ў зямлі Пілісцкай сем год.
Яна ж сабралася і зрабіла тое, што чалавек Божы сказаў ёй, і пайшла яна разам са сваёй сям’ёй, і абжылася ў зямлі філістынцаў на сем гадоў.
І сталася пры канцу сямёх год: зьвярнулася тая жонка ізь зямлі Пілісцкае і прышла да караля маліць дому свайго й поля свайго.
І па сямі гадах жанчына вярнулася з зямлі філістынцаў; і пайшла да цара прасіць за дом свой і поле сваё.
А кароль тады гутарыў ізь Ґігазам, маладзёнам чалавека Божага, і сказаў: «Паведай жа імне ўсе вялікае, што зрабіў Елісэй».
А цар размаўляў з Гэхазі, паслугачом чалавека Божага, кажучы: «Раскажы мне пра ўсе вялікія справы, якія ўчыніў Элісей».
І прымеж тога, як ён павядаў каралю, як тый ажывіў памерлага, і вось, жонка, каторай сына ажывіў ён, маліла дому свайго й поля свайго ў караля. І сказаў Ґігаз: «Спадару мой, каролю, гэта тая самая жонка й тый самы сын ейны, каторага ажывіў Елісэй».
І, калі ён расказаў пра тое, як Элісей уваскрасіў мёртвага, з’явілася жанчына, сына якой ён уваскрасіў, і маліла цара аб доме сваім і палях сваіх. І сказаў Гэхазі: «Гаспадару мой, цар, гэта тая жанчына і гэта яе сын, якога ўваскрасіў Элісей».
І папытаўся кароль у жонкі, і яна паведала яму. І прызначыў ёй кароль аднаго легчанца, кажучы: «Зьвярні ёй усе, ёй належачае, і ўсі прыбыткі з поля, адгэнуль, як яна пакінула зямлю, дагэтуль».
І запытаўся цар у жанчыны пра гэта, а яна адказала яму. І цар даў ёй аднаго скапца, кажучы: «Вярні ёй усё, што яе, ды ўсе даходы з поля ад дня, у які пакінула яна зямлю, і аж да цяперашняга дня».
І прышоў Елісэй да Дамашку, як Вен-Гадад, кароль Арамскі, быў хворы. І наказалі яму, кажучы: «Прышоў чалавек Божы аж сюды».
І прыйшоў Элісей у Дамаск, а ў той час хварэў Бэнадад, цар Сірыі. І паведамілі яму: «Прыйшоў сюды чалавек Божы».
І сказаў кароль Газаелю: «Вазьмі ў руку сваю дар, і пайдзі наўпярэймы чалавеку Божаму, і папытайся ў СПАДАРА ім, кажучы: "Ці ачуняю я ад гэтае хваробы?"»
Тады сказаў цар Газаэлю: «Вазьмі дары з сабою і ідзі насустрач чалавеку Божаму, і спытайся праз яго ў Госпада, кажучы: “Ці падымуся я з гэтае хваробы сваёй?”»
І пайшоў Газаель наўпярэймы яму, і ўзяў дар у руку сваю і ўсяго найлепшага ў Дамашку — наклад на сорак вярблюдоў, і прышоў, і стаў перад відам ягоным, і сказаў: «Сын твой Вен-Гадад, кароль Арамскі, паслаў мяне да цябе, кажучы: "Ці ачуняю я ад гэтае хваробы?"».
І пайшоў Газаэль насустрач Элісею, маючы з сабой дары і ўсе багацці Дамаска, цяжарам на сорак вярблюдаў. І прыйшоў ён, і стаў перад ім, і сказаў: «Сын твой Бэнадад, цар Сірыі, паслаў мяне да цябе спытаць: “Ці я падымуся з гэтае хваробы сваёй?”»
І сказаў яму Елісэй: «Пайдзі, скажы яму: "Ачуняеш"; аб’явіў, адылі, імне СПАДАР, што ён сьмерцю памрэць».
Элісей сказаў: «Ідзі і скажы яму: “Ачуняеш”. Але Госпад аб’явіў мне, што ён памрэ».
І ўцяміўся ў яго, аж ён засароміўся; і заплакаў чалавек Божы.
І наставіў Элісей вочы на яго і доўга ўглядаўся, аж той занепакоіўся. І пачаў плакаць чалавек Божы.
І сказаў Газаель: «Чаму спадар мой плача?» І сказаў ён: «Бо я ведаю, якога наробіш ты ліха сыном Ізраелявым: гарады іхныя спаліш, і маладзёнаў іхных мячом пазабіваеш, і дзецяняты іхныя зьмяжджуліш, і цяжарныя іхныя распорыш».
Газаэль спытаўся ў яго: «Чаму плача гаспадар мой?» А ён адказаў яму: «Бо я ведаю, якое няшчасце ты зробіш сынам Ізраэля: іх мураваныя гарады агнём спаліш, і ваяроў іх мечам заб’еш, і дзяцей іх пазабіваеш, і цяжарных жанчын пасячэш».
І сказаў Газаель: «Але што, слуга твой, сабака, каб ён мог зрабіць такую вялікую рэч?» І сказаў Елісэй: «СПАДАР паказаў імне цябе як караля Арамскага».
І Газаэль сказаў: «Хто бо такі паслугач твой, гэты сабака, каб рабіў такія вялікія рэчы?» І сказаў Элісей: «Госпад аб’явіў мне, што ты будзеш царом Сірыі».
І пайшоў ён ад Елісэя, і прышоў да гаспадара свайго, і сказаў яму тый: «Што казаў табе Елісэй?» І сказаў: «Ён казаў імне, што ты ачуняеш».
Калі пайшоў ён ад Элісея, прыйшоў да гаспадара свайго. Той спытаўся ў яго: «Што сказаў табе Элісей?» І ён адказаў: «Ён сказаў мне, што ачуняеш».
І было назаўтрае: ён узяў накрыцьцё, і занурыў яго ў ваду, і расьцягнуў на від ягоны, і ён памер. І загаспадарстваваў Газаель замест яго.
І, калі прыйшоў Газаэль на другі дзень, узяў подсціл, і намачыў у вадзе, і палажыў на твар яго, і той памёр; і Газаэль стаў царом замест яго.
І пятага году Ёрама Агавёнка, караля Ізраельскага, і Ясапата, караля Юдэйскага, загаспадарстваваў Ёрам Ясапацёнак, кароль Юдэйскі.
На пяты год Ярама, сына Ахаба, цара Ізраэля, — а Язафат быў царом Юдэі — Ярам, сын Язафата, стаўся царом Юдэі.
Трыццаць два гады было яму, як ён загаспадарстваваў, і восьмі год гаспадарстваваў у Ерузаліме.
Меў ён трыццаць два гады, калі пачаў цараваць і восем гадоў цараваў у Ерузаліме.
І хадзіў дарогаю каралёў Ізраельскіх, як рабілі дом Агаваў, бо дачка Агавава была жонкаю ягонаю, і рабіў ліхое ў ваччу СПАДАРОВЫМ.
І хадзіў ён дарогамі цароў Ізраэля, як рабіў дом Ахаба; бо дачка Ахаба была яго жонкай. І рабіў ён тое, што ліхім было ў вачах Госпада.
Ня зычыў, адылі, СПАДАР згубіць Юду, дзеля Давіда, слугі Свайго, бо Ён абяцаў даць яму сьветач у дзяцёх ягоных на ўсі часы.
Але Госпад не хацеў знішчыць Юдэі дзеля паслугача Свайго, Давіда, як Ён абяцаў яму, даць светач яму і сынам яго на ўсе часы.
За дзён ягоных выступіў Едом із-пад рукі Юды, і пастанавілі яны над сабою караля.
У дні яго Эдом паўстаў, каб не быць пад Юдэяй, і паставіў сабе цара.
І прайшоў Ёрам да Цаіру, і ўсі цялежкі зь ім; і ўстаў ён ночы, і паразіў Едомлян, што акружалі яго, і вайводцаў над цялежкамі, але люд уцёк да буданоў сваіх.
І Ярам пайшоў у Сэйру, і ўсе яго калясніцы з ім; і ўстаў ён ноччу і ўдарыў эдомцаў, якія акружылі яго і кіраўнікоў калясніц; і народ уцёк у свае палаткі.
І выступіў Едом із-пад рукі Юды дагэтуль. У тым жа часе выступіла й Ліўна.
Такім чынам, Эдом узбунтаваўся, каб не быць пад Юдэяй, па сённяшні дзень. Тады ж адышла таксама Лебна.
Засталыя справы Ёрамовы і ўсе, што ён зрабіў, ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Юдэйскіх?
А астатнія дзеянні Ярама, і ўсё, што ён зрабіў, — ці ж гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі?
І супачыў Ёрам із айцамі сваімі, і пахаваны з айцамі сваімі ў месьце Давідавым. І загаспадарстваваў Агазя, сын ягоны, замест яго.
І супачыў Ярам з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з імі ў горадзе Давіда, і па ім цараваў сын яго, Ахазія.
Двананцатага году Ёрама Агавёнка, караля Ізраельскага, загаспадарстваваў Агазя, сын Ёрама, караля Юдэйскага.
На дванаццаты год Ярама, сына Ахаба, цара Ізраэля, пачаў цараваць Ахазія, сын Ярама, цара Юдэі.
Дваццаць два гады было Агазі, як загаспадарстваваў, і адзін год гаспадарстваваў у Ерузаліме. Імя ж маці ягонае Афаля, дачка Омры, караля Ізраельскага.
Ахазія меў дваццаць два гады, калі стаў царом, і адзін год цараваў у Ерузаліме. Маці яго на імя Аталія, дачка Амры, цара Ізраэля.
І хадзіў дарогаю дому Агавовага, рабіў ліхое ў ваччу СПАДАРОВЫМ, падобна да дому Агавовага, бо ён зяць дому Агавовага.
І ён хадзіў шляхамі дому Ахаба, і рабіў тое, што ліхім было перад абліччам Госпада, як дом Ахаба; бо быў ён зяцем роду Ахаба.
І пайшоў Ёрам Агавёнак на вайну з Газаелям, каралём Арамскім, да Рамофу Ґілеадзкага, і ранілі Арамляне Ёрама.
Таксама пайшоў ён разам з Ярамам, сынам Ахаба, ваяваць супраць Газаэля, цара Сірыі, у Рамот у Галаадзе, і сірыйцы паранілі Ярама.
І зьвярнуўся Ёрам кароль, каб лячыцца ў Ізрэелю ад ранаў, што яго ранілі Арамляне ў Рамофе, як ён ваяваў з Газаелям, каралём Арамскім. І Агазя Ёрамёнак, кароль Юдэйскі, зышоў даведацца Ёрама Агавёнка да Ізрэелю, бо ён быў хворы.
Ён вярнуўся ў Ізрагэль, каб лячыцца ад ран, якімі паранілі яго сірыйцы ў Раме, калі ён ваяваў супраць Газаэля, цара Сірыі. А Ахазія, сын Ярама, цар Юдэі, пайшоў наведаць Ярама, сына Ахаба, у Ізрагэль, бо той хварэў.