4 царстваў 23 разьдзел

Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І паслаў кароль, і зьберлі да яго ўсіх старцоў Юды а Ерузаліму.
 
Тады паслаў цар, і сабраліся да яго ўсе старэйшыны Юдэі і Ерузаліма,

І ўзышоў кароль да дому СПАДАРОВАГА, і кажны муж Юдаў, і ўсі жыхары Ерузаліму зь ім, і сьвятары, і прарокі, і ўвесь люд, ад малога да вялікага, і прачытаў у іх вушы ўсі словы кнігі змовы, знойдзенае ў доме СПАДАРОВЫМ.
 
і ўвайшоў цар у святыню Госпада, і ўсе людзі Юдэі, і ўсе жыхары Ерузаліма з ім: святары, і прарокі, і ўвесь народ ад малога да вялікага. І прачытаў ён усім слухачам усе словы кнігі запавету, якую знайшлі ў доме Госпада.

І стаў кароль ля стаўпа, і ўчыніў змову перад СПАДАРОМ хадзіць за СПАДАРОМ а дзяржаць расказаньні Ягоныя а сьветчаньні Ягоныя а ўставы Ягоныя з усёга сэрца а з усяе душы, каб зацьвердзіць словы змовы гэтае, напісаныя ў кнізе гэтай. І ўвесь люд стаў за гэтую змову.
 
І стаў цар на ўзвышэнні і заключыў запавет перад абліччам Госпада, што будуць яны хадзіць за Госпадам і будуць пільнаваць прыказанні Яго, і пастановы, і законы ўсім сэрцам і ўсёй душой і што будуць яны выконваць словы гэтага запавету, якія запісаны ў той кнізе. І ўвесь народ далучыўся да запавету.

І расказаў кароль Гілку, найвышшаму сьвятару, і другарадным сьвятаром, і стоячым на варце ля парогу выпратаць ізь сьвятыні СПАДАРОВАЕ ўсі рэчы, зробленыя Ваалу а Астарце а ўсяму войску нябёснаму; і спалілі іх за Ерузалімам, на лядах Кідрону, і панёс попел іх да Бэт-Элю.
 
І загадаў цар першасвятару Хэлькіі і іншым святарам, і брамнікам, каб выкінулі са святыні Госпада ўсе рэчы, зробленыя для Баала і Асэры, і для ўсяго войска нябеснага; і ён спаліў гэта па-за Ерузалімам, у даліне Цэдрона, і попел ад іх занёс у Бэтэль.

І аддаліў з ураду паганскіх сьвятароў, каторых пастанавілі каралі Юдэйскія, каб кадзіць на ўзвышшах у местах Юдэйскіх а ў ваколіцах Ерузаліму, і кадзеньнікаў Ваалу, сонцу а месяцу а сузор’ям а ўсяму войску нябёснаму;
 
І знішчыў ён святароў паганскіх, якіх паставілі цары Юдэі дзеля складання ахвяр на ўзгорках у гарадах Юдэі і ў ваколіцах Ерузаліма, і тых, якія кадзілі Баалу, і сонцу, і месяцу, і дванаццаці сузор’ям, і ўсяму войску нябеснаму.

І выпратаў Астарту з дому СПАДАРОВАГА за Ерузалім, да цур’я Кідрона, і спаліў яе ля цур’я Кідрона, і стоўк яе на пыл, і рассыпаў пыл ізь яе на магілы сыноў люду;
 
І вынес ён з дома Госпада слуп па-за Ерузалім, у даліну Цэдрона, і спаліў яго там, і сцёр яго ў пыл, і кінуў на магілы людзей простых.

І разбурыў дамы бязуляў, што ля дому СПАДАРОВАГА, ідзе жанкі ткалі заслоны да гаю;
 
Таксама разваліў ён дамы распусніц, якія былі ў доме Госпада, дзе жанчыны ткалі адзенне для Асэры.

І вывеў усіх сьвятароў зь местаў Юдэйскіх, і ўпаганіў узвышшы, на каторых сьвятары кадзілі, ад Ґевы да Веер-Шэвы, і разбурыў узвышшы ля брамы, — каторая ля ўходу ў браму Ігошуі гараднічага, і каторая на левым баку месцкае брамы.
 
І выгнаў ён усіх паганскіх святароў з гарадоў Юдэі, і апаганіў узгоркі, дзе гэтыя святары складалі ахвяры, ад Габы аж да Бээр-Сэбы; і зруйнаваў узгоркі, якія былі ля ўваходу ў браму Ешуа, кіраўніка горада, з левага боку ад гарадской брамы.

Сьвятары ўзвышшаў, адылі, не абракалі аброкаў на аброчніку СПАДАРОВЫМ у Ерузаліме, праснакі ж елі сярод братоў сваіх.
 
І святарам узгоркаў забаранялася прыступаць да ахвярніка Госпада ў Ерузаліме, маглі яны толькі есці праснакі між сваіх братоў.

І ўпаганіў ён Тофет, каторы на даліне сыноў Гіномавых, каб ніхто не праводзіў сына свайго а дачкі свае перазь цяпло Молоху;
 
Таксама апаганіў ён Тафэт, што ў лагчыне Бэн-Гэном, каб ніхто не праводзіў сына свайго або дачку праз агонь Малоха.

І аддаліў коні, каторыя каралі Юдэйскія станаўлялі сонцу перад уходам у дом СПАДАРОЎ ля пакою Нафан-Мелеха, легчанца, каторы на перадмесьцю; цялежкі ж сонца спаліў цяплом.
 
Прыняў ён таксама коней, якіх цары Юдэі пасвячалі сонцу, ад уваходу ў святыню Госпада каля пакоя Натан-Мэлеха, еўнуха, што быў у Парурыме; і калясніцы сонца спаліў агнём.

І аброчнікі, што былі на страсе верхняга пакою Агазавага, што зрабілі каралі Юдэйскія, і аброчнікі, што зрабіў Манас на абодвых панадворках дому СПАДАРОВАГА, разламіў кароль, і ськінуў стуль, і кінуў пыл іх у цурэй Кідрон.
 
Таксама ахвярнікі, якія былі на даху пакоя Ахаза, якія зрабілі цары Юдэі, і ахвярнікі, якія зрабіў Манаса ў абодвух панадворках святыні Госпада, цар знішчыў і растаптаў іх там, і пыл ад іх кінуў у ручай Цэдрон.

І ўзвышшы, што перад Ерузалімам, направа ад Згубнае гары, каторыя збудаваў Салямон, кароль Ізраеляў, Астарце, агідзе Сыдонскай, і Хемошу, агідзе Моаўскай, і Мілкому, агідзе Амонскай, сплюгавіў кароль;
 
Таксама апаганіў ён узгоркі, якія былі насупраць Ерузаліма з правага боку гары Пагібелі, якія Саламон, цар Ізраэля, паставіў для Астарты, ідала сідонцаў, і Хамоса, ідала Мааба, і Мэлькома, ідала сыноў Амона,

І паламіў асобкі, і сьсек гаі, і напоўніў месцы іх касьцьмі людзкімі.
 
і паразбіваў ён слупы, і пассякаў дубровы, і засыпаў месца іх касцямі мёртвых.

Таксама й аброчнік, што ў Бэт-Элю, узвышша, каторае збудаваў Еровоам Невацёнак, каторы ўвёў Ізраеля ў грэх, — таксама аброчнік гэты а ўзвышша ён разламіў, і спаліў гэтае ўзвышша, стоўк на пыл, і спаліў гай.
 
Акрамя таго, і ахвярнік, які быў у Бэтэлі, узгорак, зроблены Ерабаамам, сынам Набата, які ўцягнуў у грэх Ізраэль; таксама той ахвярнік і ўзгорак разваліў, і спаліў, і расцёр у пыл, і спаліў ідала.

І азірнуўся Ёся, і абачыў магілы, каторыя там на гары, і паслаў, і пабраў косьці з магіл, і спаліў іх на аброчніку, і сплюгавіў яго подле слова СПАДАРОВАГА, каторае агаласіў чалавек Божы, што абясьціў гэтыя здарэньні.
 
І, павярнуўшыся, Осія ўбачыў там магілы, якія былі на гары, і паслаў, і прынёс косці з магіл, і спаліў іх на ахвярніку, і апаганіў яго па слове Госпада, якое абвясціў чалавек Божы, прадказаўшы гэтыя падзеі.

І сказаў: «Што гэна за помнік, каторы я бачу?» І сказалі яму месцкія жыхары: «Магіла чалавека Божага, каторы прыходзіў зь Юдэі і абясьціў праз тое, што ты робіш із аброчнікам Бэтэльскім».
 
І спытаўся Осія: «Што гэта за помнік, які, азірнуўшыся, бачу?» І адказалі яму жыхары таго горада: «Гэта магіла чалавека Божага, які прыйшоў з Юдэі і прадказаў тое, што ты зрабіў з ахвярнікам у Бэтэлі».

І сказаў ён: «Пакіньце яго ў супакою, ніхто не чапай касьцей ягоных». І ўратавалі косьці ягоныя й косьці прарокі, што прыходзіў із Самары.
 
Дык сказаў ён: «Пакіньце яго; хай ніхто не чапае касцей яго». І косці яго пакінулі некранутымі разам з касцямі прарока, які прыйшоў з Самарыі.

Таксама і ўсі дамы ўзвышшаў, каторыя ў местах Самарскіх, што каралі Ізраельскія пастанавілі квяліць СПАДАРА, Ёся разбурыў, і зрабіў зь імі подле ўсіх учынкаў, што зрабіў у Бэт-Элю;
 
Звыш таго, і ўсе свяцілішчы ўзгоркаў, якія былі па гарадах Самарыі пабудаваны царамі Ізраэля, каб гнявіць Госпада, Осія разваліў і зрабіў з імі, як з усім тым, што зрабіў ён у Бэтэлі.

І ён зарэзаў усіх сьвятароў узвышшаў, каторыя там былі, на аброчніках, і спаліў косьці людзкія на іх; і зьвярнуўся да Ерузаліму.
 
І пазабіваў ён усіх паганскіх святароў узгоркаў, якія там былі пры ахвярніках, і спаліў на іх косці чалавечыя; і вярнуўся ў Ерузалім.

І расказаў кароль усяму люду, сказаўшы: «Рабіце пасху СПАДАРУ, Богу свайму, як напісана ў гэтай кнізе змовы»;
 
І загадаў усяму народу, кажучы: «Святкуйце Пасху Госпада, Бога вашага, як напісана ў кнізе запавету Яго».

Бо ня была сьвячана такая пасха ад дзён судзьдзяў, каторыя судзілі Ізраеля, і ўсі дні каралёў Ізраельскіх а каралёў Юдэйскіх;
 
Бо не было такой Пасхі ад часоў суддзяў, якія судзілі Ізраэль, і ўвесь час цароў Ізраэля і цароў Юдэі,

А асьмінанцатага году караля Ёсі была сьвячана гэтая пасха СПАДАРУ ў Ерузаліме.
 
толькі ў васемнаццаты год царавання Осіі святкавалі гэту Пасху Госпаду ў Ерузаліме.

І выгуканьнікаў а знахараў а абразы а балваны а ўсі агіды, што зьявіліся ў зямлі Юдэйскай а ў Ерузаліме, вымеў Ёся, каб зацьвердзіць словы Закону, напісаныя ў кнізе, каторую знайшоў Гілка сьвятар у доме СПАДАРОВЫМ.
 
Таксама Осія загубіў выклікаючых памерлых, і чараўнікоў, і тэрафімаў, і ідалаў і ўсе агіднасці, якія былі ў зямлі Юдэі і ў Ерузаліме, каб споўніць словы закону, што былі запісаны ў кнізе, якую знайшоў святар Хэлькія ў святыні Госпада.

І падобнага да яго ня было караля перад ім, каторы абярнуўся б да СПАДАРА ўсім сэрцам сваім а ўсёй душою сваёю а ўсёй сілаю сваёю, подле ўсёга закону Масеявага; і просьле яго не паўстаў падобны да яго.
 
Перад ім не было такога цара, які павярнуўся б да Госпада ўсім сэрцам сваім, і ўсёю душою сваёй, і ўсёю моцаю сваёй згодна з усім законам Майсея, і пасля яго не з’явіўся падобны да яго.

СПАДАР, адылі, не адхінуўся ад вялікага палу гневу Свайго, якім запалаў гнеў Ягоны на Юду за ўсі ўразы, якімі ўразіў Яго Манас.
 
Аднак Госпад не спыніў гневу вялікага абурэння Свайго, якім ўзгарэлася абурэнне Яго супраць Юдэі за ўсе знявагі, якія прычыніў яму Манаса.

І сказаў СПАДАР: «І Юду адхіну ад віду Свайго, як адхінуў Я Ізраеля, і ўлегцы замею места гэтае Ерузалім, каторае Я абраў, і дом, праз каторы Я сказаў: "Будзе імя Мае там"».
 
Такім чынам, сказаў Госпад: «Нават Юдэю адкіну Я ад аблічча Свайго, як Я адкінуў Ізраэль, і адкіну гэты горад, які Я выбраў, Ерузалім, і дом, пра які Я сказаў: “Там будзе імя Маё!”»

Засталыя справы Ёсіны і ўсе, што ён зрабіў, ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Юдэйскіх?
 
А іншыя дзеянні Осіі і ўсё, што ён зрабіў, ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі?

За дзён ягоных узышоў фараон Нехо, кароль Ягіпецкі, супроці караля Асырскага, на раку Еўфрат, і вышаў кароль Ёся наўпярэймы яму, і тый зрабіў сьмерць яму ў Меґідзе, як абачыў яго.
 
У яго час фараон Нэкао, цар Егіпта, пайшоў на цара асірыйцаў на раку Эўфрат. І выйшаў супраць яго цар Осія, і той забіў яго ў Магедзе, калі ўбачыў яго.

І слугі ягоныя павезьлі яго мертвага зь Меґіда, і прывезьлі яго ў гробе ягоным. І ўзяў люд зямлі Егоагаза, сына Ёсінага, і памазалі яго замест айца ягонага.
 
І павезлі яго паслугачы яго мёртвым на калясніцы з Магеды, і прывезлі ў Ерузалім, і пахавалі яго ў грабніцы бацькоў яго. І народ краіны ўзяў сына Осіі Ёахаза, і намасціў яго, і паставіў яго царом на месца бацькі яго.

Дваццаць тры гады было Егоагазу, як загаспадарстваваў, і тры месяцы гаспадарстваваў у Ерузаліме; а імя маці ягонае Гамуталь Ярэмлянка, зь Ліўны.
 
Ёахаз меў дваццаць тры гады, калі стаў царом, і цараваў ён у Ерузаліме тры месяцы. Маці яго называлася Аміталь, дачка Ярэміі з Лебны.

І ён рабіў благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ у вусім так, як рабілі айцове ягоныя.
 
І дапускаўся ён таго, што ліхім было ў вачах Госпада, паводле ўсяго таго, што рабілі бацькі яго.

І зьвязаў яго фараон Нехо ў Рыўле, у зямлі Гамаўскай, каб ён не гаспадарстваваў у Ерузаліме, і ўзлажыў кару на зямлю сто таланяў срэбра і талань золата.
 
І фараон Нэкао закаваў яго ў кайданы ў Рэблі, што ў зямлі Эмат, каб не цараваў ён у Ерузаліме; і абклаў краіну падаткам — ста талентамі срэбра і талентам золата,

І ўстанавіў фараон Нехо за караля Елякіма Ёсянка замест Ёсі, айца ягонага, і зьмяніў імя ягонае на Егоякім; і ўзяў Егоагаза, і завёў да Ягіпту, ідзе ён і памер.
 
і паставіў фараон Нэкао царом Эліякіма, сына Осіі, замест бацькі яго, Осіі, і змяніў імя яго на Ёакіма. А Ёахаза ўзяў і завёў у Егіпет, і там ён памёр.

І срэбра й золата даваў Егоякім фараону; ён ацанаваў зямлю, каб даваць срэбра подле расказаньня фараонавага; ад кажнага зь люду зямлі, подле ацэны свае, ён спаганяў срэбра а золата на тое, каб аддаваць фараону Неху.
 
А Ёакім дастаўляў фараону срэбра і золата, і мусіў ён ападаткаваць зямлю, каб яны дастаўлялі срэбра па загадзе фараона; і ад кожнага з народа краіны паводле вызначанай колькасці вымагаў як срэбра, так і золата, каб даваць фараону Нэкао.

Дваццаць пяць год было Егоякіму, як загаспадарстваваў, і адзінанцаць год гаспадарстваваў у Ерузаліме; імя маці ягонае Зэбіда Педаішка, з Румы.
 
Ёакім меў дваццаць пяць гадоў, калі стаў царом, і адзінаццаць гадоў цараваў у Ерузаліме. Маці яго называлася Зэбіда, дачка Падаі з Румы.

І рабіў ён благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ у вусім так, як рабілі айцове ягоныя.
 
І рабіў ён тое, што ліхім было ў вачах Госпада, як усё, што рабілі бацькі яго.