4 царстваў 17 разьдзел

Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Двананцатага году Агаза, караля Юдэйскага, загаспадарстваваў Гося Ілянок у Самары над Ізраелям, і гаспадарстваваў дзесяць год.
 
На дванаццаты год Ахаза, цара Юдэі, Осія, сын Элы, стаў царом Ізраэля ў Самарыі на дзевяць гадоў.

І рабіў ён благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ, але ня так, як каралі Ізраельскія, што былі перад ім.
 
І дапускаўся ён таго, што ліхім было перад Госпадам, але не так, як цары Ізраэля, якія былі перад ім.

Супроці яго выступіў Шалманесэр, кароль Асырскі, і стаў Гося слугою яму і даваў яму дань.
 
Выйшаў супраць яго Салманасар, цар асірыйцаў; і Осія падпарадкаваўся яму і плаціў яму даніну.

І знайшоў кароль Асырскі ў Госі ізраду, бо ён пасылаў паслоў да Со, караля Ягіпецкага, і не пасылаў дані каралю Асырскаму кажны год; і ўзяў яго кароль Асырскі пад старожу, і паслаў яго ў вязьніцу.
 
Але цар асірыйцаў выкрыў, што Осія думае паўстаць, бо ён паслаў вестуноў да Суа, цара Егіпецкага, і перастаў перасылаць даніну цару асірыйцаў, як кожны год звычайна рабіў; схапіў ён яго і, звязанага, замкнуў у вязніцы.

І ўзышоў кароль Асырскі на ўсю зямлю, і ўзышоў аж да Самары, і аблягаў яе тры гады.
 
І прайшоў ён усю краіну, і, прыйшоўшы пад Самарыю, абклаў яе на тры гады.

Дзявятага году Госі заваяваў кароль Асырскі Самару, і перасяліў Ізраялян да Асыры, і асяліў іх у Галазе а ў Гавору, ля ракі Ґозан, а ў местах Мідзкіх.
 
На дзевяты год Осіі, цар асірыйцаў здабыў Самарыю і перасяліў Ізраэль у Асур, і пасяліў іх у Гале, і ў Габоры каля ракі Газан, і ў гарадах мідзян.

І было: як грашылі сынове Ізраелявы перад СПАДАРОМ, Богам сваім, Каторы ўзьвёў іх ізь зямлі Ягіпецкае, з пад рукі Фараона, караля Ягіпецкага, і пачалі баяцца багоў іншых,
 
Бо сталася гэта, калі сыны Ізраэля грашылі перад Госпадам, Богам сваім, Які вывеў іх з зямлі Егіпецкай, з рукі фараона, цара Егіпта: яны пакланяліся багам чужым.

І хадзілі ў вуставах паган, каторых прагнаў СПАДАР ад віду сыноў Ізраелявых, і ў вуставах каралёў Ізраельскіх, каторыя яны ўстанавілі,
 
І сталі хадзіць па звычаях народаў, якіх прагнаў Госпад перад сынамі Ізраэля, і цароў Ізраэля, якія рабілі тое самае.

І рабілі сынове Ізраелявы патай справы нялюбыя СПАДАРУ, Богу свайму, і збудавалі сабе ўзвышшы ў вусіх местах сваіх, ад старожнае вежы аж да абароннага места.
 
І зневажалі сыны Ізраэля ўчынкамі ліхімі Госпада, Бога свайго, і пабудавалі сабе ўзгоркі ва ўсіх гарадах сваіх, ад вартавой вежы аж да ўмацаванага горада.

І наставілі сабе асобкаў а гаёў на кажным высокім узгорку і пад кажным зялёным дзервам,
 
І паставілі яны сабе слупы і выявы на кожным высокім узгорку і пад кожным зялёным дрэвам.

І пачалі там кадзіць на ўсіх узвышшах падобна да паган, каторых СПАДАР выгнаў ад іх, і рабілі благія ўчынкі, каб наругацца СПАДАРУ,
 
І кадзілі яны там на ўсіх узгорках, як народы, якіх Госпад прагнаў перад абліччам іх, і дапускаліся найгоршых учынкаў, прагняўляючы Госпада,

І служылі балваном, праз каторыя казаў ім СПАДАР: «Не рабіце гэтага»;
 
і служылі паганым ідалам, пра якіх Госпад гаварыў ім, каб не рабілі гэтага.

Тады СПАДАР сьветчыў на Ізраеля а Юду ўсімі прарокамі Сваімі, усімі відзеньнікамі, кажучы: «Зьвярніцеся з благіх дарогаў сваіх, і дзяржыце расказаньні Мае, уставы Мае, подле ўсяе навукі, каторую Я расказаў бацьком вашым і каторую Я паслаў вам слугамі Сваімі, прарокамі».
 
І перасцярог Госпад Ізраэль і Юдэю праз усіх Сваіх прарокаў ды ўсіх прадказальнікаў, напамінаючы: «Звярніце з дарог сваіх найгоршых і пільнуйце прыказанні Мае і пастановы паводле ўсяго закону, які Я даў бацькам вашым і які паслаў вам праз паслугачоў Сваіх, прарокаў».

І яны ня слухалі, і закалянілі завыек свой, як завыек айцоў іхных, каторыя ня верылі ў СПАДАРА, Бога свайго;
 
Яны не паслухалі, але цвёрдым зрабілі карак свой, як карак бацькоў іх, якія не захацелі верыць Госпаду, Богу свайму.

І ўлегцы замелі ўставы Ягоныя, і змову Ягоную, каторую Ён учыніў із бацькамі іхнымі, і сьветчаньні Ягоныя, якімі Ён сьветчыў супроці іх, і пайшлі за пусьцінёй, і сталі пусьцінёй, і за акалічнымі паганамі, праз каторыя СПАДАР расказаў ім не рабіць так, як яны;
 
І адкінулі яны прыказанні Яго і запавет, які Ён заключыў з бацькамі іх, і сведчанні, якімі Ён звязаў іх, і пайшлі за марнасцямі і агіднасцю, і пайшлі за народамі, якія былі навокал іх, пра якіх загадаў ім Госпад, каб не рабілі яны так, як тыя рабілі.

І пакінулі ўсі расказаньні СПАДАРА, Бога свайго, і зрабілі сабе літыя абразы двух цялят-бычкоў, і ўладзілі гай, і кланяліся ўсяму войску нябёснаму, і служылі Ваалу;
 
І занядбалі яны ўсе прыказанні Госпада, Бога свайго, і зрабілі сабе двух літых цяльцоў, і слуп, і пакланяліся ўсяму войску нябеснаму, і служылі Баалу,

І праводзілі сыноў сваіх а дачкі свае перазь цяпло, і варажылі варожбамі, і чаравалі, і аддаліся таму, каб рабіць благое ў ваччу СПАДАРА, каб гневаць Яго.
 
і пасвячалі сыноў сваіх і дачок сваіх праз агонь; і займаліся варажбою і чарамі, і дапускаліся таго, што чынілі ліхое перад Госпадам і прагняўлялі Яго.

І запалаў СПАДАР гневам на Ізраеля, і адхінуў іх ад віду Свайго. Не засталося нікога, апрача адзінага плямені Юдзінага.
 
І моцна загневаўся Госпад на Ізраэль, і адкінуў іх ад Свайго аблічча, і нікога не засталося, толькі адно пакаленне Юды.

Дый Юда не дзяржаў расказаньняў СПАДАРА, Бога свайго, і хадзіў у звычаёх Ізраеля, як чынілі яны.
 
Але і сама Юдэя не пільнавала прыказанняў Госпада, Бога свайго; а хадзіла ў грахах ізраэльцаў, як яны рабілі.

І ўлегцы замеў СПАДАР усе насеньне Ізраеля, і зьнемарасьціў іх, і аддаў іх ў рукі глабаньнікаў, аж пакуль не адхінуў іх ад віду Свайго;
 
Тады Госпад адкінуў усё пакаленне Ізраэля, і вынішчыў іх, і аддаў у рукі рабаўнікоў, аж пакуль зусім не адкінуў іх ад Свайго аблічча ўжо з таго часу,

Бо адарваўся Ізраель ад дому Давідавага і ўстанавілі за караля Еровоама Невацёнка, і адпіхнуў Еровоам Ізраялян ад СПАДАРА, і ўцягнуў іх у вялікі грэх.
 
калі Ізраэль адарваўся ад дому Давіда, і выбраў сабе царом Ерабаама, сына Набата; бо Ерабаам адарваў Ізраэль ад Госпада і дазволіў ім грашыць грахом вялікім.

І хадзілі сынове Ізраелявы ў вусіх грахох Еровоама якія ён рабіў, не адхіналіся ад гэтага,
 
І сыны Ізраэля хадзілі ва ўсіх грахах Ерабаама, якіх ён дапускаўся; не пакідалі іх,

Аж пакуль СПАДАР не адвярнуў Ізраеля ад віду Свайго, як казаў усімі слугамі Сваімі, прарокамі. І пераселены Ізраель ізь зямлі свае да Асыры, ідзе ён і дагэтуль.
 
аж пакуль Госпад не адкінуў Ізраэль ад Свайго аблічча, як прадказаў праз усіх паслугачоў Сваіх, прарокаў. І перасяліў Ён Ізраэль з яго зямлі ў Асур аж да гэтага дня.

І прывёў кароль Асырскі людзёў з Бабілёну а з Куты а з Аўны а з Гамафу а із Сэфарваіму, і асяліў у местах Самарскіх замест сыноў Ізраелявых. І яны апанавалі Самару, і жылі ў местах яе.
 
А цар асірыйцаў перасяліў людзей з Бабілона, і з Куты, і з Авы, і з Эмата, і з Сэпарваіма, і пасяліў іх у гарадах Самарыі замест сыноў Ізраэля, яны прыйшлі ў Самарыю і абжыліся ў яе гарадах.

І было на пачатку жыцьця іхнага там, што яны не баяліся СПАДАРА; і паслаў СПАДАР на іх лявы, і бывала, што яны забівалі з памеж іх.
 
І, калі яны там спачатку абжыліся, яны не баяліся Госпада. І Госпад напусціў на іх ільвоў, якія забівалі іх.

І наказалі каралю Асырскаму, кажучы: «Народы, каторыя ты перасяліў і асяліў у местах Самарскіх, ня знаюць звычаю Бога тае зямлі, і паслаў на іх лявы, і вось, яны забіваюць іх, бо яны ня знаюць звычаю Бога тае зямлі».
 
І паведамлена было цару асірыйцаў: «Народы, якія ты перасяліў і прымусіў жыць у гарадах Самарыі, не ведаюць законы Бога той зямлі; і Ён напусціў на іх ільвоў, і вось, яны забіваюць іх, бо яны не ведаюць законы Бога той зямлі».

І расказаў кароль Асырскі, кажучы: «Пашліце туды аднаго ізь сьвятароў, каторых вы высялялі стуль; хай пойдуць і жывуць там, і ён навуча іх звычаю Бога тае зямлі».
 
А цар асірыйцаў загадаў, кажучы: «Завядзіце туды аднаго са святароў, якіх адтуль забралі ў няволю, і хай ён ідзе і жыве з імі, і хай вучыць іх законам Бога той зямлі».

І прышоў адзін ізь сьвятароў, каторых высялілі із Самары, і жыў у Бэт-Элю, і вучыў іх, як сьціць СПАДАРА.
 
Такім чынам, калі адзін з тых святароў, якіх забралі ў няволю з Самарыі, абжыўся ў Бэтэлі, ён вучыў іх, як яны маюць пакланяцца Госпаду.

Кажны народ, адылі, зрабіў свае багі, і пастанавіў у дамох узвышшаў, якія ўладзілі Самаране, — кажны народ у сваіх местах, ідзе жывуць яны.
 
І кожны народ зрабіў свайго бога; і паставілі іх у святынях на ўзгорках, якія пабудавалі самаране; кожны народ у сваім горадзе, дзе пражываў.

Бабіляняне зрабілі Суккот-Беноф, Кутцы зрабілі Нерґала, Гамафяне зрабілі Ашыму,
 
Бо так людзі з Бабілона зрабілі Сакот-Бэнота, а людзі з Куты зрабілі Нэргала, і людзі з Эмата — Ашыму;

Аўвяне зрабілі Ніўгаза а Тартака, а Сэфарваімцы палілі сыноў сваіх на цяпле Адрамелеху а Анамелеху, багом Сэфарваімскім.
 
а гевеі зрабілі Нэбхаза і Тартака, а сэпарваімцы палілі агнём дзяцей сваіх на хвалу Адрамэлеха і Анамэлеха, багоў Сэпарваіма.

І яны баяліся СПАДАРА, і зрабілі сабе з найніжшых ізь іх сьвятароў узвышшаў, і яны служылі ў іх у дамох узвышшаў.
 
І ўсё ж служылі яны Госпаду. А спаміж сваіх зрабілі яны сабе святароў на ўзгорках, і паставілі іх у храмах на ўзгорках;

СПАДАРА то яны сьцілі, а сваім багом служылі, подле звычаю народаў, скуль яны былі пераселены.
 
і калі служылі яны Госпаду, то таксама служылі багам сваім па звычаі тых народаў, ад якіх былі яны пераселеныя ў Самарыю.

Дагэтуль яны робяць подле бытых звычаёў: яны не баяцца СПАДАРА, і ня робяць подле сваіх уставаў ані подле сваіх правілаў, ані подле права а расказаньняў, каторыя СПАДАР расказаў сыном Якава, катораму Ен даў імя Ізраель.
 
Аж да сённяшняга дня робяць яны па старым звычаі: не баяцца Госпада і не пільнуюць пастаноў, і прыказанняў, і закону, і загаду, якія даў Госпад сынам Якуба, якога назваў Ізраэлем.

Учыніў СПАДАР ізь імі змову, і расказаў ім: «Ня бойцеся багоў іншых, і ня кланяйцеся ім, і ня служыце ім, і не абракайце аброкаў ім;
 
І заключыў Госпад з імі запавет і загадаў ім, кажучы: «Не ўслаўляйце багоў чужых, і не пакланяйцеся ім, і не служыце ім, і не складайце ахвяраў ім,

Але СПАДАРА, Каторы ўзьвёў вас ізь зямлі Ягіпецкае сілаю вялікаю і цаўём выцягненым, — Яго бойцеся, і Яму кланяйцеся, і Яму абракайце;
 
але Госпада, Які вывеў вас з зямлі Егіпецкай сілай вялікаю і рукой магутнаю, Яго бойцеся, Яго ўслаўляйце і Яму ахвяры складайце.

І звычаі, і ўрады, і права, і расказаньні, каторыя Ён напісаў вам, маеце дзяржаць, каб паўніць усі дні, і ня бойцеся багоў іншых;
 
Таксама пастановы, і загады, і закон, і прыказанні, якія Ён напісаў вам, пільнуйце, каб спаўняць гэта ва ўсе дні; і чужых багоў не бойцеся.

І змовы, каторую Я ўчыніў із вамі, не забывайцеся, і ня бойцеся багоў іншых;
 
І не забывайцеся пра запавет, які Я заключыў з вамі, і не бойцеся чужых багоў,

Адно СПАДАРА, Бога вашага, бойцеся, і Ён выбаве вас ад рукі ўсіх варагоў вашых».
 
але Госпада, Бога вашага, бойцеся, і Ён выратуе вас з рук усіх ворагаў вашых».

І яны не паслухалі, але подле звычаю свайго ранейшага чынілі.
 
Але яны не паслухалі, а рабілі ўсё па даўнейшым сваім звычаі.

Народы гэтыя сьцілі СПАДАРА, але служылі сваім выразаным балваном. Дый дзеці іхныя і дзеці дзяцей іхных робяць дагэтуль так, як рабілі бацькі іхныя.
 
Такім чынам, гэтыя народы баяліся Госпада, але ўсё ж служылі ідалам сваім; бо і дзеці іх, і дзеці дзяцей іх робяць так, як бацькі іх, аж да сённяшняга дня.