4 царстваў 17 разьдзел
Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Двананцатага году Агаза, караля Юдэйскага, загаспадарстваваў Гося Ілянок у Самары над Ізраелям, і гаспадарстваваў дзесяць год.
У дванаццатым годзе Ахаза, валадара Юды, Осія, сын Элы, стаў валадаром Ізраіля ў Самарыі на дзевяць гадоў.
І рабіў ён благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ, але ня так, як каралі Ізраельскія, што былі перад ім.
І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, але ня так, як валадары Ізраіля, якія былі перад ім.
Супроці яго выступіў Шалманесэр, кароль Асырскі, і стаў Гося слугою яму і даваў яму дань.
Выйшаў супраць яго Сальманэсэр, валадар Асірыі. І Осія стаў слугою ягоным, і плаціў яму даніну.
І знайшоў кароль Асырскі ў Госі ізраду, бо ён пасылаў паслоў да Со, караля Ягіпецкага, і не пасылаў дані каралю Асырскаму кажны год; і ўзяў яго кароль Асырскі пад старожу, і паслаў яго ў вязьніцу.
Але валадар Асірыі выкрыў змову Осіі, бо ён паслаў пасланцоў да Со, валадара Эгіпту, і не прынёс даніну валадару Асірыі, як кожны год [рабіў]. І ўзяў яго валадар Асірыі, і замкнуў у вязьніцы.
І ўзышоў кароль Асырскі на ўсю зямлю, і ўзышоў аж да Самары, і аблягаў яе тры гады.
І пайшоў валадар Асірыі на ўсю зямлю, і прыйшоў да Самарыі, і аблягаў яе тры гады.
Дзявятага году Госі заваяваў кароль Асырскі Самару, і перасяліў Ізраялян да Асыры, і асяліў іх у Галазе а ў Гавору, ля ракі Ґозан, а ў местах Мідзкіх.
У дзявятым годзе Осіі валадар Асірыі здабыў Самарыю і перасяліў Ізраіля ў Асірыю, і пасяліў іх у Халаху, і ў Хаборы каля ракі Газан, і ў гарадах Мідзянаў.
І было: як грашылі сынове Ізраелявы перад СПАДАРОМ, Богам сваім, Каторы ўзьвёў іх ізь зямлі Ягіпецкае, з пад рукі Фараона, караля Ягіпецкага, і пачалі баяцца багоў іншых,
І сталася гэта, бо сыны Ізраіля грашылі супраць ГОСПАДА, Бога свайго, Які вывеў іх з зямлі Эгіпецкай, з рукі фараона, валадара Эгіпту, і баяліся багоў чужых,
І хадзілі ў вуставах паган, каторых прагнаў СПАДАР ад віду сыноў Ізраелявых, і ў вуставах каралёў Ізраельскіх, каторыя яны ўстанавілі,
і хадзілі паводле звычаю народаў, якіх выгнаў ГОСПАД перад абліччам сыноў Ізраіля, і паводле звычаю валадароў Ізраіля, якія рабілі [брыдоты].
І рабілі сынове Ізраелявы патай справы нялюбыя СПАДАРУ, Богу свайму, і збудавалі сабе ўзвышшы ў вусіх местах сваіх, ад старожнае вежы аж да абароннага места.
І зьневажалі сыны Ізраіля ўчынкамі ліхімі ГОСПАДА, Бога свайго, і будавалі сабе ўзгоркі ў-ва ўсіх гарадах сваіх, ад вартавой вежы аж да ўмацаванага гораду.
І наставілі сабе асобкаў а гаёў на кажным высокім узгорку і пад кажным зялёным дзервам,
І паставілі яны сабе слупы і Астартаў на кожным узгорку высокім і пад кожным дрэвам зялёным.
І пачалі там кадзіць на ўсіх узвышшах падобна да паган, каторых СПАДАР выгнаў ад іх, і рабілі благія ўчынкі, каб наругацца СПАДАРУ,
І кадзілі яны там на ўсіх узгорках, як народы, якіх ГОСПАД выгнаў перад абліччам іхнім, і рабілі рэчы ліхія, і гнявілі ГОСПАДА,
І служылі балваном, праз каторыя казаў ім СПАДАР: «Не рабіце гэтага»;
і служылі ідалам, пра якіх ГОСПАД гаварыў ім, каб не рабілі гэтага.
Тады СПАДАР сьветчыў на Ізраеля а Юду ўсімі прарокамі Сваімі, усімі відзеньнікамі, кажучы: «Зьвярніцеся з благіх дарогаў сваіх, і дзяржыце расказаньні Мае, уставы Мае, подле ўсяе навукі, каторую Я расказаў бацьком вашым і каторую Я паслаў вам слугамі Сваімі, прарокамі».
І сьведчыў ГОСПАД супраць Ізраіля і супраць Юды праз усіх прарокаў Сваіх і ўсіх відушчых, кажучы: «Зьвярніце са шляхоў сваіх ліхіх і захоўвайце прыказаньні Мае і пастановы Мае паводле ўсяго Закону, які Я даў бацькам вашым і які пасылаў вам праз слугаў Маіх, прарокаў».
І яны ня слухалі, і закалянілі завыек свой, як завыек айцоў іхных, каторыя ня верылі ў СПАДАРА, Бога свайго;
Але яны ня слухалі і цьвёрдым зрабілі карак свой, як карак бацькоў іхніх, якія не хацелі верыць ГОСПАДУ, Богу свайму.
І ўлегцы замелі ўставы Ягоныя, і змову Ягоную, каторую Ён учыніў із бацькамі іхнымі, і сьветчаньні Ягоныя, якімі Ён сьветчыў супроці іх, і пайшлі за пусьцінёй, і сталі пусьцінёй, і за акалічнымі паганамі, праз каторыя СПАДАР расказаў ім не рабіць так, як яны;
І адкінулі яны пастановы Ягоныя і запавет Ягоны, які Ён заключыў з бацькамі іхнімі, і сьведчаньне Ягонае, якім Ён сьведчыў ім, і ішлі за марнасьцямі і гідотаю, і ўсьлед за народамі, якія навокал іх, пра якіх загадаў ім ГОСПАД, каб не рабілі так, як яны.
І пакінулі ўсі расказаньні СПАДАРА, Бога свайго, і зрабілі сабе літыя абразы двух цялят-бычкоў, і ўладзілі гай, і кланяліся ўсяму войску нябёснаму, і служылі Ваалу;
І занядбалі яны ўсе прыказаньні ГОСПАДА, Бога свайго, і зрабілі сабе літыя выявы, і двух быкоў, і Астарту, і пакланяліся ўсяму войску нябеснаму, і служылі Баалу,
І праводзілі сыноў сваіх а дачкі свае перазь цяпло, і варажылі варожбамі, і чаравалі, і аддаліся таму, каб рабіць благое ў ваччу СПАДАРА, каб гневаць Яго.
і праводзілі сыноў сваіх і дачок сваіх праз агонь, і займаліся варажбою і чараваньнем, і прадаваліся, каб рабіць ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і гнявілі Яго.
І запалаў СПАДАР гневам на Ізраеля, і адхінуў іх ад віду Свайго. Не засталося нікога, апрача адзінага плямені Юдзінага.
І моцна загневаўся ГОСПАД на Ізраіля, і адкінуў іх ад аблічча Свайго, і нікога не засталося, толькі адно калена Юды.
Дый Юда не дзяржаў расказаньняў СПАДАРА, Бога свайго, і хадзіў у звычаёх Ізраеля, як чынілі яны.
Але Юда таксама не захоўваў прыказаньняў ГОСПАДА, Бога свайго, і хадзіў паводле звычаяў Ізраільцянаў, як яны рабілі.
І ўлегцы замеў СПАДАР усе насеньне Ізраеля, і зьнемарасьціў іх, і аддаў іх ў рукі глабаньнікаў, аж пакуль не адхінуў іх ад віду Свайго;
І ГОСПАД адкінуў усё насеньне Ізраіля, і прынізіў іх, і аддаў іх у рукі рабаўнікоў, аж пакуль зусім не адкінуў іх ад аблічча Свайго.
Бо адарваўся Ізраель ад дому Давідавага і ўстанавілі за караля Еровоама Невацёнка, і адпіхнуў Еровоам Ізраялян ад СПАДАРА, і ўцягнуў іх у вялікі грэх.
Бо Ізраіль аддзяліўся ад дому Давіда і зрабіў сабе валадаром Ерабаама, сына Навата, а Ерабаам адарваў Ізраіля ад ГОСПАДА і ўвёў іх у грэх вялікі.
І хадзілі сынове Ізраелявы ў вусіх грахох Еровоама якія ён рабіў, не адхіналіся ад гэтага,
І сыны Ізраіля хадзілі ў-ва ўсіх грахах Ерабаама, якія ён учыняў, і не пакідалі іх,
Аж пакуль СПАДАР не адвярнуў Ізраеля ад віду Свайго, як казаў усімі слугамі Сваімі, прарокамі. І пераселены Ізраель ізь зямлі свае да Асыры, ідзе ён і дагэтуль.
аж пакуль ГОСПАД не адкінуў Ізраіля ад аблічча Свайго, як прамовіў праз усіх слугаў Сваіх, прарокаў. І перасяліў Ён Ізраіля з зямлі іхняй у Асірыю аж да гэтага дня.
І прывёў кароль Асырскі людзёў з Бабілёну а з Куты а з Аўны а з Гамафу а із Сэфарваіму, і асяліў у местах Самарскіх замест сыноў Ізраелявых. І яны апанавалі Самару, і жылі ў местах яе.
І валадар Асірыі перасяліў [людзей] з Бабілону, з Куты, з Аввы, з Хамату і з Сэфарваіму, і пасяліў іх у гарадах Самарыі замест сыноў Ізраіля. І яны прыйшлі ў Самарыю, і абжыліся ў ваколіцах ейных.
І было на пачатку жыцьця іхнага там, што яны не баяліся СПАДАРА; і паслаў СПАДАР на іх лявы, і бывала, што яны забівалі з памеж іх.
І сталася, калі яны там спачатку абжыліся, яны не баяліся ГОСПАДА. І ГОСПАД спаслаў на іх ільвоў, і яны забівалі іх.
І наказалі каралю Асырскаму, кажучы: «Народы, каторыя ты перасяліў і асяліў у местах Самарскіх, ня знаюць звычаю Бога тае зямлі, і паслаў на іх лявы, і вось, яны забіваюць іх, бо яны ня знаюць звычаю Бога тае зямлі».
І сказалі валадару Асірыі, кажучы: «Народы, якія ты перасяліў і пасяліў у гарадах Самарыі, ня ведаюць прысудаў Бога зямлі той, і Ён спаслаў на іх ільвоў, і вось, яны забіваюць іх, бо яны ня ведаюць прысудаў Бога зямлі той».
І расказаў кароль Асырскі, кажучы: «Пашліце туды аднаго ізь сьвятароў, каторых вы высялялі стуль; хай пойдуць і жывуць там, і ён навуча іх звычаю Бога тае зямлі».
І загадаў валадар Асірыі, кажучы: «Завядзіце туды аднаго са сьвятароў, якога адтуль забралі ў няволю. Няхай ён ідзе і жыве там, і няхай навучыць іх прысудам Бога зямлі той».
І прышоў адзін ізь сьвятароў, каторых высялілі із Самары, і жыў у Бэт-Элю, і вучыў іх, як сьціць СПАДАРА.
І пайшоў адзін са сьвятароў, якога забралі ў няволю з Самарыі, і абжыўся ў Бэтэлі, і вучыў іх, як яны маюць баяцца ГОСПАДА.
Кажны народ, адылі, зрабіў свае багі, і пастанавіў у дамох узвышшаў, якія ўладзілі Самаране, — кажны народ у сваіх местах, ідзе жывуць яны.
І сталася, што кожны народ зрабіў сабе бога свайго, і ставілі іх у сьвятынях на ўзгорках, якія раней пабудавалі Самаране; кожны народ у мясцовасьцях сваіх, дзе жыў.
Бабіляняне зрабілі Суккот-Беноф, Кутцы зрабілі Нерґала, Гамафяне зрабілі Ашыму,
Так людзі з Бабілону зрабілі Сукот-Бэнота, а людзі з Куты зрабілі Нэргаля, а людзі з Хамату — Ашыму,
Аўвяне зрабілі Ніўгаза а Тартака, а Сэфарваімцы палілі сыноў сваіх на цяпле Адрамелеху а Анамелеху, багом Сэфарваімскім.
а [жыхары] Аввы зрабілі Нібхаза і Тартака; Сэфарваімцы палілі ў агні дзяцей сваіх на [ўшанаваньне] Адрамэлеха і Анамэлеха, багоў Сэфарваіму.
І яны баяліся СПАДАРА, і зрабілі сабе з найніжшых ізь іх сьвятароў узвышшаў, і яны служылі ў іх у дамох узвышшаў.
І таксама яны баяліся ГОСПАДА, і спаміж сябе яны паставілі сьвятароў узгоркаў, і складалі ахвяры ў сьвятынях на ўзгорках.
СПАДАРА то яны сьцілі, а сваім багом служылі, подле звычаю народаў, скуль яны былі пераселены.
І яны баяліся ГОСПАДА, і служылі багам сваім паводле звычаю тых народаў, з якіх яны былі пераселеныя.
Дагэтуль яны робяць подле бытых звычаёў: яны не баяцца СПАДАРА, і ня робяць подле сваіх уставаў ані подле сваіх правілаў, ані подле права а расказаньняў, каторыя СПАДАР расказаў сыном Якава, катораму Ен даў імя Ізраель.
Аж да сёньняшняга дня яны робяць паводле старых звычаях, і не баяцца ГОСПАДА, не выконваюць пастановаў Ягоных і прысудаў Ягоных, Закону і прыказаньняў, якія загадаў ГОСПАД сынам Якуба, якому даў імя Ізраіль.
Учыніў СПАДАР ізь імі змову, і расказаў ім: «Ня бойцеся багоў іншых, і ня кланяйцеся ім, і ня служыце ім, і не абракайце аброкаў ім;
І заключыў ГОСПАД з імі запавет, і загадаў ім, кажучы: «Ня бойцеся багоў чужых, і не пакланяйцеся ім, і не служыце ім, і не складайце ахвяраў ім.
Але СПАДАРА, Каторы ўзьвёў вас ізь зямлі Ягіпецкае сілаю вялікаю і цаўём выцягненым, — Яго бойцеся, і Яму кланяйцеся, і Яму абракайце;
Толькі ГОСПАДА, Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай сілай вялікаю і рамяном узьнятым, Яго бойцеся, Яму пакланяйцеся і Яму ахвяры складайце.
І звычаі, і ўрады, і права, і расказаньні, каторыя Ён напісаў вам, маеце дзяржаць, каб паўніць усі дні, і ня бойцеся багоў іншых;
І пастановы, прысуды, Закон і прыказаньні, якія Ён напісаў вам, захоўвайце, каб выконваць іх у-ва ўсе дні, а багоў чужых ня бойцеся.
І змовы, каторую Я ўчыніў із вамі, не забывайцеся, і ня бойцеся багоў іншых;
І не забывайцеся пра запавет, які Я заключыў з вамі, і ня бойцеся багоў чужых.
Адно СПАДАРА, Бога вашага, бойцеся, і Ён выбаве вас ад рукі ўсіх варагоў вашых».
Толькі ГОСПАДА, Бога вашага, бойцеся, і Ён выратуе вас з рук усіх ворагаў вашых».
І яны не паслухалі, але подле звычаю свайго ранейшага чынілі.
Але яны не паслухалі, а рабілі ўсё паводле даўнейшых звычаяў сваіх.
Народы гэтыя сьцілі СПАДАРА, але служылі сваім выразаным балваном. Дый дзеці іхныя і дзеці дзяцей іхных робяць дагэтуль так, як рабілі бацькі іхныя.
І сталася, што гэтыя народы баяліся ГОСПАДА і служылі багам сваім. І таксама сыны іхнія, і сыны сыноў іхніх робяць так, як рабілі бацькі іхнія, аж да сёньняшняга дня.