4 царстваў 10 разьдзел
Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Ув Агава было семдзясят сыноў у Самары. І напісаў Егу лісты, і паслаў да Самары начэльнікам Ізрээльскім, старцом а кармілічам дзяцей Агавовых, кажучы:
А ў Самарыі было семдзясят сыноў Ахава. І Егу напісаў лісты, і выслаў іх у Самарыю да князёў Езрээля, і да старшыняў, і да апекуноў дзяцей Ахава, кажучы:
«Дык цяпер, як прыйдзе да вас гэты ліст, а ў вас сынове спадара вашага, у вас жа і цялежкі, і коні, і ўмацаванае месца, і зброя;
«Цяпер, калі прыйдзе да вас ліст гэты, а з вамі сыны гаспадара вашага, калясьніцы, коні, горад умацаваны і зброя,
Дык выглядзіце найлепшага а найпасьціўшага із сыноў гаспадара свайго, і пасадзіце яго на пасад айца ягонага, і ваюйце за дом гаспадара свайго».
выберыце найлепшага і найсправядлівейшага з сыноў гаспадара вашага, і пасадзіце яго на пасад бацькі ягонага, і ваюйце за дом гаспадара вашага».
Яны вельмі, вельмі спалохаліся і сказалі: «Вось, два каралі ня ўстоілі перад ім, як жа мы ўстоім?»
Але яны спалохаліся вельмі-вельмі і сказалі: «Вось, два валадары не змаглі ўстаяць перад абліччам ягоным, а як мы застанемся?»
І паслаў дамавер а гараднічы а старцы а кармілічы да Егу, сказаць: «Мы слугі твае, і што скажаш нам, тое й зробім. Мы нікога не пастановім за караля; што добра ў ваччу тваім, тое й рабі».
І загадчык дому, і начальнікі гораду, і старшыні, і апекуны паслалі да Егу, кажучы: «Мы — слугі твае, і ўсё, што ты скажаш, зробім, і ня будзем нікога рабіць валадаром. Што добрае ў вачах тваіх, рабі».
І напісаў ён ім ліст другі, кажучы: «Калі вы мае і слухаеце голасу майго, то вазьміце галавы сыноў гаспадара свайго і прыйдзіце да мяне заўтра гэтага часу да Ізрэелю». Каралеўскіх жа сыноў было семдзясят чалавекаў; найвыдатнейшыя ў месьце былі кармілічамі іх.
І Егу напісаў ім другі ліст, кажучы: «Калі вы са мною і слухаеце голас мой, тады вазьміце галовы сыноў гаспадара вашага і прыйдзіце да мяне заўтра ў гэты час у Езрээль». А сыны валадара, семдзясят чалавек, былі на выхаваньні ў магнатаў гораду.
Як прышоў да іх ліст, яны ўзялі каралеўскіх сыноў, зарэзалі семдзясят чалавекаў, і палажылі галавы іхныя ў сутнікі, і паслалі да яго да Ізрэелю.
І сталася, калі ліст гэты прыйшоў да іх, яны ўзялі сыноў валадара, семдзясят чалавек, і забілі. І галовы іхнія склалі ў кашы, і паслалі да яго ў Езрээль.
І прышоў пасланец, і наказаў яму, кажучы: «Прынесьлі галавы сыноў каралеўскіх». І сказаў ён: «Раскладзіце іх у дзьве кучы ля ўходу ў браму, да раньня».
І прыйшоў пасланец, і паведаміў яму, кажучы: «Прынесьлі галовы сыноў валадарскіх». Ён сказаў: «Улажыце іх у два стосы каля ўваходу ў браму аж да раніцы».
Нараніцы ён вышаў, і стаў, і сказаў усяму люду: «Вы ня вінны. Вось, я паўстаў супроці гаспадара свайго й зрабіў сьмерць яму, а іх усіх хто забіў?
І сталася раніцаю, ён выйшаў, і стаў, і сказаў усяму народу: «Вы праведныя. Вось, я змовіўся супраць гаспадара майго і забіў яго. Але хто забіў усіх гэтых?
Ведайце ж цяперака, што ня зваліцца на зямлю нічагусенькі із слова СПАДАРОВАГА, каторае СПАДАР казаў праз дом Агавоў; бо СПАДАР зрабіў, што казаў слугою Сваім Ільлёю».
Ведайце цяпер, што нішто ня ўпала на зямлю са словаў ГОСПАДА, якія Ён прамовіў супраць дому Ахава. ГОСПАД зьдзейсьніў тое, што прамовіў праз слугу Свайго Ільлю».
І пабіў Егу ўсіх засталых з дому Агавовага ў Ізрэелю, і ўсіх вялікіх ягоных, і знаёмых ягоных, і сьвятароў ягоных, ажно не засталося ў яго астачы.
І забіў Егу ўсіх, хто застаўся з дому Ахава ў Езрээлі, усіх магнатаў ягоных, дарадцаў ягоных і сьвятароў ягоных, і не засталося з іх аніводнага.
І ўстаў, і адышоў, і пайшоў да Самары, а па дарозе зайшоўся да дому пастухоў-пастрыганьнікаў.
І ўстаў, і пайшоў, і ішоў у Самарыю. І быў у дарозе каля Бэт-Экед-Гераім.
І Егу знайшоў братоў Агазіных, караля Юдэйскага, і сказаў: «Хто вы?» Яны адказалі: «Мы браты Агазіны і йдзем паздароваць сыноў каралёвых і сыноў каралічыных».
І вось, сустрэў [Егу] братоў Ахазіі, валадара Юды, і сказаў ім: «Хто вы?» А яны сказалі: «Мы — браты Ахазіі, і мы прыйшлі прывітаць сыноў валадара і сыноў валадаркі».
І сказаў ён: «Хапіце іх жывых». І схапілі іх жывых, і зарэзалі іх — сорак двух чалавекаў, ля студні двору пастрыгальні, і не засталося ні воднага зь іх.
А ён сказаў: «Схапіце іх жывымі!» І схапілі іх жывымі, і забілі іх каля студні Бэт-Экеду, сорак два чалавекі, і ён не пашкадаваў з іх аніводнага.
І пайшоў стуль, і стрэўся зь Егонадавом Рыхавёнкам, што йшоў наўпярэймы яму, і дабраславіў яго, і сказаў яму: «Ці твае сэрца шчырае, як мае сэрца да сэрца твайго?» І ён адказаў: «Але». І сказаў Егу: «Калі але, то дай руку сваю». І падаў ён руку сваю, і падняў ён яго да цялежкаў сваіх.
І пайшоў адтуль [Егу], і сустрэў Ёнадава, сына Рэхава, які выйшаў яму на спатканьне, і дабраславіў яго, і сказаў [Ёнадаву]: «Ці сэрца тваё шчырае да мяне, як сэрца маё да цябе?» Ёнадаў сказаў: «Так». [Сказаў Егу]: «Калі так, дай мне руку тваю». І [Ёнадаў] даў яму руку сваю, і ён пасадзіў яго пры сабе ў калясьніцу,
І сказаў: «Едзь з імною і глядзі на маю рупатлівасьць праз СПАДАРА». І павёз яго ў цялежках сваіх.
і сказаў: «Ідзі са мной і пабач руплівасьць маю дзеля ГОСПАДА». І ехаў ён з ім у калясьніцы ягонай.
Прыехаўшы да Самары, ён забіў усіх засталых ув Агава ў Самары, ажно сусім зьнішчыў яго, подле слова СПАДАРОВАГА, каторае Ён казаў Ільлі.
І прыехаў ён у Самарыю, і пазабіваў усіх, якія былі засталіся з [дому] Ахава ў Самарыі аж да зьнішчэньня іх паводле слова ГОСПАДА, якое Ён прамовіў праз Ільлю.
І зьбер Егу ўвесь люд, і сказаў ім: «Агаў мала служыў Ваалу; Егу будзе служыць яму болей.
І сабраў Егу ўвесь народ, і казаў ім: «Ахаў мала служыў Баалу. Егу будзе яму служыць болей.
Дык цяпер згукайце да мяне ўсіх прарокаў Вааловых, усіх служцоў ягоных і ўсіх сьвятароў ягоных, каб нікога не заставалася; бо вялікі аброк у мяне Ваалу. А кажны, хто ня стане, не застанецца жыў». Але Егу рабіў хітра, каб выгубіць службітоў Вааловых.
І цяпер паклічце да мяне ўсіх прарокаў Баала і ўсіх, хто служыць яму, і ўсіх сьвятароў ягоных. Кожны мусіць прыйсьці, бо [будзе] вялікая ахвяра Баалу. Хто ня прыйдзе, ня будзе жыць». А Егу рабіў гэта падступна, каб вынішчыць усіх, хто служыць Баалу.
І сказаў Егу: «Пасьвяціце збор дзеля Ваала». І агаласілі.
І сказаў Егу: «Сьвяткуйце ўрачыстасьць Баала». І абвясьцілі [сьвята].
І паслаў Егу па ўсім Ізраелю; і прышлі ўсі службіты Вааловы, і не засталося ні воднага, хто б ня прышоў; і ўвыйшлі ў дом Ваалоў, і дом Ваалоў быў поўны ад аднаго канца аж да другога канца.
І паслаў Егу да ўсяго Ізраіля, і прыйшлі ўсе, хто служыў Баалу, і не застаўся ніводзін, які б не прыйшоў. І прыйшлі яны ў дом Баала, і напоўнілі дом Баала ад уваходу да ўваходу.
І сказаў ён таму, хто быў над адзежняю: «Вынясі адзецьці ўсім службітом Вааловым». І ён вынес ім адзецьці.
І сказаў [Егу] загадчыку шатні [валадарскай]: «Вынесі адзеньне для ўсіх служыцеляў Баала». І ён вынес ім адзеньне.
І ўвыйшоў Егу зь Егонадавом Рыхавёнкам у дом Ваалоў, і сказаў службітом Вааловым: «Прасачыце а глядзіце, каб тут ня было з вамі нікога із службітоў СПАДАРОВЫХ, але адно службіты Вааловы».
І ўвайшлі Егу і Ёнадаў, сын Рэхава, у дом Баала, і Егу сказаў служыцелям Баала: «Перашукайце і перагледзьце, ці няма тут часам з вамі служыцеля ГОСПАДА, але каб былі толькі служыцелі Баала».
І прыступілі яны спаўняць аброкі а ўсепаленьні. А Егу пастанавіў сабе вонках асьмідзясят чалавекаў і сказаў: «Хто ўцячэць із тых людзёў, каторых я аддаў у рукі вашыя, душа таго замест душы ягонае».
І ўвайшлі яны, каб скласьці ахвяры і цэласпаленьні. А Егу паставіў звонку восемдзясят чалавек і сказаў: «Хто дазволіць уцячы аднаму з гэтых людзей, якіх я прыводжу ў рукі вашыя, душа ягоная [будзе] за душу тую».
І сталася, як скончылі абракаць усепаленьне, што сказаў Егу ганцом а ахвіцэрам: «Ідзіце, забіце іх, каб ні водзін ня вышаў». І забілі іх лязом мяча, і выкінулі іх ганцы а ахвіцэры, і пайшлі да места дому Вааловага.
І сталася, калі скончылі складаць цэласпаленьні, Егу сказаў варце сваёй і збраяносцам: «Ідзіце і забіце іх, няхай ніводзін не ўцячэ!» І пазабівалі іх варта і збраяносцы вострывам мяча, і кінулі [трупы іхнія], і ўвайшлі ў гарады, [дзе былі] дамы Баала.
І павыносілі асобкі з дому Вааловага, і папалілі іх.
І ўзялі яны слупы дому Баала, і спалілі іх,
І разьбілі асобку Ваала, і разьбілі дом Ваала, і зрабілі зь яго месца нечысьцяў дагэтуль.
і разьбілі ідалаў Баала, і зруйнавалі дом Баала, і замянілі яго на месца нячыстае аж да сёньня.
І выгубіў Егу Ваала ізь зямлі Ізраельскае.
І зьнішчыў Егу Баала ў Ізраілі.
Ад грахоў, адылі, Еровоама Невацёнка, каторы ўвёў Ізраеля ў грэх, ад іх не адступіў Егу, — ад залатых цялят-бычкоў, што ў Бэт-Элю і што ў Дане.
Але не адступіў Егу ад грахоў Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля, і [не пакінуў] ён залатых быкоў, якія ў Бэтэлі і Дане.
І сказаў СПАДАР Егу: «За тое, што ты добра зрабіў, каб споўніць пасьцівае ў ваччу Маім; подле ўсёга, што было ў сэрцу Маім, ты зрабіў дому Агавоваму, то да чацьвертага пакаленьня будуць сядзець у цябе на пасадзе Ізраелявым».
І ГОСПАД сказаў Егу: «За тое, што ты добра выканаў тое, што слушнае ў вачах Маіх, і ўсё, што было ў сэрцы Маім адносна дому Ахава, сыны твае будуць сядзець на пасадзе Ізраіля аж да чацьвёртага пакаленьня».
Але Егу ня рупіўся хадзіць у законе СПАДАРА, Бога Ізраелявага, з усёга сэрца. Ён не адступіў, ад грахоў Еровоама, каторы ўвёў Ізраеля ў грэх.
Але Егу не пільнаваўся хадзіць паводле закону ГОСПАДА, Бога Ізраіля, усім сэрцам сваім, і не адступіў ён ад грахоў Ерабаама, які ўвёў у грэх Ізраіля.
Тых дзён пачаў СПАДАР адразаць часьці ад Ізраялян, і біў іх Газаель па ўсіх граніцах Ізраелявых,
У тыя дні пачаў ГОСПАД разьдзіраць Ізраіль. І пабіў іх Хазаэль у-ва ўсіх межах Ізраіля,
Ад Ёрдану на ўсход сонца, усю зямлю Ґілеад, плямя Ґадава, Рувінава, Манасава, ад Ароеру, каторы ля цур’я Арнона, і Ґілеад а Вашан.
ад Ярдану на ўсход сонца, усю зямлю Гілеад, Гада, Рубэна і Манасу, ад Араэру, які над ракою Арнон, Гілеад, і Башан.
Засталыя справы Егавы і ўсе, што ён зрабіў, і ўся сіла ягоная, ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх.
А іншыя дзеяньні Егу, і ўсё, што ён зрабіў, і мужнасьць ягоная запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
І супачыў Егу з айцамі сваімі, і пахавалі яго ў Самары. І загаспадарстваваў Егоагаз, сын ягоны, замест яго.
І супачыў Егу з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў Самарыі. І заваладарыў Егаахаз, сын ягоны, пасьля яго.
Часу ж гаспадарстваваньня Егу над Ізраелям у Самары было дваццаць восьмі год.
А дзён, калі валадарыў Егу над Ізраілем у Самарыі — дваццаць восем гадоў.