4 царстваў 19 разьдзел
Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Як пачуў кароль Гэзэка, то разьдзер адзецьці свае, і прыкрыўся зрэбнінаю, і прышоў да дому СПАДАРОВАГА,
І сталася, калі пачуў [гэта] валадар Эзэкія, ён разьдзёр шаты свае, і апрануўся ў зрэбніцу, і пайшоў у Дом ГОСПАДА.
І паслаў Елякіма, што над дамоваю, а Шэўну пісара, а старшых сьвятароў, што былі пакрыўшыся зрэбнінаю, да прарокі Ісаі Амосёнка.
І паслаў ён Эліякіма, загадчыка дому [валадара], і Шэўну пісара, і старэйшых сьвятароў, апранутых у зрэбніцу, да прарока Ісаі, сына Амоса.
І яны сказалі яму: «Гэтак кажа Гэзэка: "Дзень бяды а кары а зьдзеку дзень гэты, бо прышлі дзецяняты да адтуліны дзетнічнае, і няма сілы радзіць.
І сказалі яны яму: «Гэта кажа Эзэкія: “Гэты дзень — дзень прыгнёту, кары і ганьбы! Бо дайшлі сыны да ўлоньня, але няма сілы іх нарадзіць!
Можа пачуе СПАДАР, Бог твой, усі словы галоўнага над напіткамі, каторага паслаў кароль Асырскі, спадар ягоны, ганіць Бога жывога й упікаць словамі, каторыя СПАДАР, Бог твой, чуў. Дык чыні малітву за засталых, што засталіся"».
Можа, пачуе ГОСПАД, Бог твой, усе словы Рабсака, якога паслаў гаспадар ягоны, валадар Асірыі, каб зьневажаць Бога Жывога, і пакарае яго за словы, якія пачуў ГОСПАД, Бог твой! Дык узьнясі малітву за рэшту, якая засталася”».
І прышлі служцы караля Гэзэкі да Ісаі;
І прыйшлі слугі валадара Эзэкіі да Ісаі.
І сказаў ім Ісая: «Гэтак скажыце спадару вашаму: "Гэтак кажа СПАДАР: ’Ня бойся словаў, каторыя ты чуў, каторымі зьневажалі Мяне парабкі караля Асырскага.
І сказаў ім Ісая: «Так скажыце гаспадару вашаму: “Гэта кажа ГОСПАД. Ня бойся словаў, якія ты чуў, якімі слугі валадара Асірыі зьневажалі Мяне!
Вось, Я дам у яго дух, і ён пачуе дзейку, і зьвернецца да зямлі свае, і я прычыню яму, што ён падзець на меч у зямлі сваёй’"».
Вось, Я пашлю яму духа, і ён пачуе вестку, і вернецца ў зямлю сваю, і Я ўдару яго мячом у зямлі ягонай”».
І зьвярнуўся галоўны над напіткамі, і знайшоў караля Асырскага ваюючага зь Ліўнаю, бо ён чуў, што адступіў ад Лахішу.
І вярнуўся Рабсак, і знайшоў валадара Асірыі, які здабываў Лібну, бо пачуў, што ён адыйшоў з-пад Ляхішу.
І пачуў праз Тыргака, караля Этыопскага, што казалі: «Вось, ён вышаў ваяваць із табою». І ўзноў паслаў ён паслоў да Гэзэкі сказаць:
І пачуў ён пра Тыргака, валадара Кушу: «Вось, ён пайшоў на вайну супраць цябе», і вярнуўся, і паслаў пасланцоў да Эзэкіі, кажучы:
«Гэтак скажыце Гэзэку, каралю Юдэйскаму, кажучы: "Няхай ня зводзе цябе Бог твой, на Каторага спадзяешся, кажучы: "Ня будзе адданы Ерузалім у рукі караля Асырскага’.
«Гэтак скажыце Эзэкіі, валадару Юды, кажучы: “Няхай ня зводзіць цябе Бог твой, на Якога ты спадзяешся, кажучы: "Ня будзе аддадзены Ерусалім у рукі валадара Асірыі".
Гэта ж ты чуў, што зрабілі каралі Асырскія з усімі землямі, аканаваўшы іх, — і ты меў бы быць вывальнены?
Вось, ты чуў, што зрабілі валадары Асірыі з усімі землямі, як яны панішчылі іх. А ты мог бы выратавацца?
Ці вывальнілі іх багі народаў, каторых мае айцы выгубілі? — Ґозан а Гаран а Рэцэф а сыноў Едэна, каторыя ў Феласару?
Ці ж богі тых народаў, якіх зьнішчылі бацькі мае, выратавалі іх? Дзе Газан, Харан, Рэзэф і сыны Эдэну, якія ў Тэлясары?
Ідзе кароль Гамафу а кароль Арпаду а кароль места Сэфарваіму, Гэны а Іўвы?"»
Дзе валадар Хамату і валадар Арпаду, валадары гарадоў Сэфарваіму, Гэны і Іввы?”»
І ўзяў Гэзэка лісты з рукі паслоў, і прачытаў іх, і зышоў да дому СПАДАРОВАГА, і разгарнуў іх Гэзэка перад відам СПАДАРОВЫМ.
І ўзяў Эзэкія лісты з рук пасланцоў, і прачытаў іх, і пайшоў у Дом ГОСПАДА, і разгарнуў іх перад абліччам ГОСПАДА.
І маліўся Гэзэка перад відам СПАДАРОВЫМ, і гукаў: «СПАДАРУ, Божа Ізраеляў, седзячы на херувах! Ты тый Бог, Каторы адзіны ўсіх гаспадарстваў зямлі, Ты ўчыніў неба й зямлю.
І маліўся Эзэкія перад абліччам ГОСПАДА, і сказаў: «ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля, Які сядзіш на херувімах! Толькі Ты — Бог усіх валадарстваў зямлі. Ты ўчыніў неба і зямлю.
Прыхіні, СПАДАРУ, вуха Свае й пачуй; адчыні, СПАДАРУ, вочы Свае й глянь, і пачуй словы Сэннахірывовы, каторыя паслаў ён ганіць Бога жывога.
Нахіні, ГОСПАДЗЕ, вуха Тваё і пачуй; адкрый, ГОСПАДЗЕ, вочы Твае і пабач! І пачуй усе словы Санхэрыва, які паслаў іх, каб зьневажаць Бога Жывога.
Праўда, СПАДАРУ, каралі Асырскія разбурылі народы й землі іхныя,
Гэта праўда, ГОСПАДЗЕ, што валадары Асірыі зьнішчылі народы і землі іхнія.
І паўкідалі багі іхныя ў цяпло; але гэта не багі, а выраб рук людзкіх, дзерва а камень; затым зьнішчылі іх.
І яны кінулі ў агонь багоў іхніх, бо яны ня богі, але толькі творы рук чалавечых з дрэва і камяня, і яны зьнішчылі іх.
А цяпер, СПАДАРУ, Божа наш, выбаў нас ад рукі ягонае, і пазнаюць усі гаспадарствы зямлі, што Ты — СПАДАР, Бог адзіны».
А цяпер, ГОСПАДЗЕ, Божа наш, збаў нас, прашу, ад рукі ягонай, і няхай ведаюць усе валадарствы зямлі, што Ты, ГОСПАДЗЕ, — Бог, толькі Ты».
І паслаў Ісая Амасёнак да Гэзэкі сказаць: «Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Тое, праз што ты маліўся Імне што да Сэннахірыва, караля Асырскага, Я пачуў".
І паслаў Ісая, сын Амоса, да Эзэкіі, кажучы: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Я пачуў тое, пра што ты маліўся да Мяне адносна Санхэрыва, валадара Асірыі”.
Во слова, што казаў СПАДАР празь яго: "Улегцы замее цябе, пасьмяецца зь цябе дзявушчая дачка Сыёну; паківае галавою над табою дачка Ерузаліму.
Гэта слова, якое прамовіў ГОСПАД пра яго: “Насьміхаецца з цябе, пагарджае табою дзяўчына, дачка Сыёну; за табой ківае галавой дачка Ерусаліму.
Каго ты лаеш, на каго блявузґаеш? І на каго ты падняў голас і ўзьняў так высака вочы свае? На Сьвятога Ізраелявага.
Каго зьневажаў ты і на Каго плявузгаў? Супраць Каго падняў ты голас твой і высока ўзьняў вочы твае? Супраць Сьвятога Ізраілевага!
Пасламі сваімі ты лаяў СПАДАРА і сказаў: "З множасьцяй цялежак сваіх я ўзышоў на вышыню гор, на бакі Лібану, і сьсяку высокія кедры яго, выборныя кіпрысы яго, і прыйду на канцавыя гасподы госьцяў яго і да лесу яго Кармілу.
Праз пасланцоў тваіх ты зьневажаў Госпада і казаў: "З мноствам калясьніцаў маіх я ўзыйшоў на горы высокія, на схілы Лібану. Я выразаў гонкія кедры і найпрыгажэйшыя кіпарысы, і дайшоў аж у нетры лесу Кармэлю.
І адкопаваў я, і піў воды чужыя, і высушу ступамі ног сваіх усі рэкі гораду’.
Я выкапаў [студню] і п’ю воды чужыя, і стопамі ног маіх я высушыў усе рэкі Эгіпецкія".
Ці ж ты ня чуў, што Я здаўна зрабіў гэта, у старавечныя дні наканаваў гэта, а цяпер аддаў бы гэта, і будуць абаронныя месты пакіненымі кучамі друзу?
Ці ты ня чуў, што Я даўно зрабіў гэта, у дні старадаўнія? Я гэта прызначыў, а цяпер зьдзяйсьняю, і стануць купай друзу гарады ўмацаваныя.
І ў жыхараў іх скарацелыя рукі, яны спалохаліся а засароміліся. Яны сталі травою польнаю і зялёным зельлям, травою на страсе і спаленым збожжам нявыплылым.
А тыя, што жывуць у іх, [маюць] слабыя рукі, стрывожаныя і зьбянтэжаныя, і сталіся як сена ў полі, як зеляніна маладая, як трава на даху, спаленая перш, чым сасьпела.
Ці ты сядзіш, ці выйдзеш, ці ўвыйдзеш, Я ведаю, і злосьць тваю, супроці Мяне.
Ці ты сядзіш, ці выходзіш, ці ўваходзіш — Я ведаю, і [ведаю] злоснасьць тваю адносна Мяне.
За злосьць тваю на Мяне і вераск твой, што ўзышоў у вушы Мае, Я ўлажу кручок Свой у нос твой і закілзы Свае ў рот твой, і зьвярну цябе назад тудэй, кудэй ты прышоў".
За тое, што ты злуешся на Мяне і што пыха твая дайшла да вушэй Маіх, Я ўкладу ў ноздры твае колца Маё і цуглі Мае ў вусны твае, і выведу цябе на дарогу, па якой ты прыйшоў!”
І во, табе знак: ежча сёлета самасейку, натолета — выраслае з упалага зярняці, а на трэйці год сейце, і жніце, і садзіце вінныя сады, і ежча плады іх.
А для цябе, [Эзэкія], будзе знак: у гэтым годзе еш тое, што засталося ад сабранага [зерня], а ў другі год — тое, што само вырасьце, а ў трэці год сейце і зьбірайце, і саджайце вінаграднікі, і ешце плады іхнія.
І ўзноў уцеклае дому Юдзінага, засталае пусьце карэнь далоў і дасьць плод угары;
І тое, што застанецца з дому Юды, пусьціць корань углыб, і дасьць плод угару.
Бо зь Ерузаліму выйдзе астача, і ўцеклыя з гары Сыёну. Рупатлівасьць СПАДАРА ўчыне гэта.
Бо з Ерусаліму выйдзе рэшта, і збаўленыя — з гары Сыён. Рэўнасьць ГОСПАДА Магуцьцяў зробіць гэта!
Дык гэтак кажа СПАДАР праз караля Асырскага: "Ня ўвыйдзе ён у гэтае места, і ня пусьце туды стралы, і ня прыступіцца да яго із шчытом, і не насыпе супроці яго валу.
Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД пра валадара Асірыі: “Ня ўвойдзе ён у горад гэты, і ня выпусьціць у яго стралы, і не наставіць супраць яго шчыт, і не насыпе кругом яго валу.
Тэй жа дарогаю, катораю прышоў, зьвернецца, і ў места гэтае ня ўвыйдзе, — агалашае СПАДАР. —
Шляхам, якім ён прыйшоў, вернецца, і ў горад гэты ня ўвойдзе, кажа ГОСПАД.
Я буду бараніць места гэтае, каб уратаваць яго дзеля Сябе і дзеля Давіда, слугі Свайго"».
Я абараню горад гэты і выратую яго дзеля Сябе і дзеля Давіда, слугі Майго”».
І сталася тае ночы, што вышаў Ангіл СПАДАРОЎ і паразіў у табару Асырскім сто асьмідзясят пяць тысячаў. І ўсталі рана нараніцы, і вось, усі целы мертвыя.
І сталася, што ў тую самую ноч выйшаў анёл ГОСПАДА і забіў у табары Асірыйцаў сто восемдзясят пяць тысячаў [чалавек]. І ўсталі раніцаю, і вось, усе яны мёртвыя.
Дык крануўся а пайшоў а зьвярнуўся Сэннахірыў, кароль Асырскі, і жыў у Ніневе.
І Санхэрыў, валадар Асірыі, сабраў [табар], і адыйшоў, і вярнуўся, і затрымаўся ў Нініве.
Як ён кланяўся ў доме Нісроха, бога свайго, то Адрамелех а Шарэцэр, сыны ягоныя, паразілі яго мячом, а самы ўцяклі да зямлі Арарацкае. І загаспадарстваваў Есараддон, сын ягоны, замест яго.
І сталася, калі ён пакланяўся ў доме Нісроха, бога свайго, Адрамэлех і Шарэцэр, сыны ягоныя, забілі яго мячом і ўцяклі ў зямлю Арарат. І заваладарыў замест яго Эсар-Хадон, сын ягоны.