4 царстваў 19 разьдзел

Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Калі пачуў гэта цар Эзэкія, дык падраў вопратку на сабе і накрыўся вярэтай, і пайшоў у дом Гасподні.
 
І сталася, калі пачуў [гэта] валадар Эзэкія, ён разьдзёр шаты свае, і апрануўся ў зрэбніцу, і пайшоў у Дом ГОСПАДА.

І паслаў Эліякіма, начальніка палаца, і Сэўну пісца, і старэйшых сьвятароў, пакрытых вярэтай, да Ісаі прарока, сына Амосавага.
 
І паслаў ён Эліякіма, загадчыка дому [валадара], і Шэўну пісара, і старэйшых сьвятароў, апранутых у зрэбніцу, да прарока Ісаі, сына Амоса.

І яны сказалі яму: так кажа Эзэкія: дзень смутку і кары і паганьбеньня — дзень гэты; бо дайшлі немаўляты да адтуліны нутробы мацярынскай, а сілы няма нарадзіць.
 
І сказалі яны яму: «Гэта кажа Эзэкія: “Гэты дзень — дзень прыгнёту, кары і ганьбы! Бо дайшлі сыны да ўлоньня, але няма сілы іх нарадзіць!

Можа, пачуе Гасподзь, Бог твой, усе словы Рабсака, якога паслаў цар Асірыйскі, гаспадар ягоны, зьневажаць Бога жывога і ганіць яго словамі, якія чуў Гасподзь, Бог твой. Учыні ж малітву за пазасталых, якія яшчэ жывыя.
 
Можа, пачуе ГОСПАД, Бог твой, усе словы Рабсака, якога паслаў гаспадар ягоны, валадар Асірыі, каб зьневажаць Бога Жывога, і пакарае яго за словы, якія пачуў ГОСПАД, Бог твой! Дык узьнясі малітву за рэшту, якая засталася”».

І прыйшлі слугі цара Эзэкіі да Ісаі,
 
І прыйшлі слугі валадара Эзэкіі да Ісаі.

і сказаў ім Ісая: так скажэце гаспадару вашаму: так кажа Гасподзь: ня бойся слоў, якія ты чуў, якімі ганілі Мяне слугі цара Асірыйскага.
 
І сказаў ім Ісая: «Так скажыце гаспадару вашаму: “Гэта кажа ГОСПАД. Ня бойся словаў, якія ты чуў, якімі слугі валадара Асірыі зьневажалі Мяне!

Вось Я пашлю ў яго дух, і ён пачуе вестку, і вернецца ў зямлю сваю, і Я паб’ю яго мечам у зямлі ягонай.
 
Вось, Я пашлю яму духа, і ён пачуе вестку, і вернецца ў зямлю сваю, і Я ўдару яго мячом у зямлі ягонай”».

І вярнуўся Рабсак, і знайшоў цара Асірыйскага, які ваяваў супроць Ліўны, бо ён чуў, што той адышоў ад Лахіса.
 
І вярнуўся Рабсак, і знайшоў валадара Асірыі, які здабываў Лібну, бо пачуў, што ён адыйшоў з-пад Ляхішу.

І пачуў ён пра Тыргака, цара Эфіопскага; яму сказалі: вось, ён выйшаў біцца з табою. І паслаў ён паслоў да Эзэкіі сказаць:
 
І пачуў ён пра Тыргака, валадара Кушу: «Вось, ён пайшоў на вайну супраць цябе», і вярнуўся, і паслаў пасланцоў да Эзэкіі, кажучы:

так скажэце Эзэкію, цару Юдэйскаму: няхай не ашуквае цябе Бог твой, на Якога ты спадзяешся, думаючы: ня будзе аддадзены Ерусалім у рукі цара Асірыйскага.
 
«Гэтак скажыце Эзэкіі, валадару Юды, кажучы: “Няхай ня зводзіць цябе Бог твой, на Якога ты спадзяешся, кажучы: "Ня будзе аддадзены Ерусалім у рукі валадара Асірыі".

Ты ж чуў, што зрабілі цары Асірыйскія з усімі землямі, наклаўшы на іх закляцьце, — дык жа ці ты ацалееш?
 
Вось, ты чуў, што зрабілі валадары Асірыі з усімі землямі, як яны панішчылі іх. А ты мог бы выратавацца?

Багі народаў, якіх спустошылі бацькі мае, ці ж выратавалі іх? — Ці выратавалі Газан, і Харан, і Рэцэф, і сыноў Эдэна, што ў Таласары?
 
Ці ж богі тых народаў, якіх зьнішчылі бацькі мае, выратавалі іх? Дзе Газан, Харан, Рэзэф і сыны Эдэну, якія ў Тэлясары?

Дзе цар Эмата, і цар Арпада, і цар горада Сэпарваіма, Эны і Івы?
 
Дзе валадар Хамату і валадар Арпаду, валадары гарадоў Сэфарваіму, Гэны і Іввы?”»

І ўзяў Эзэкія ліст з рукі паслоў і прачытаў яго, і пайшоў у дом Гасподні, і разгарнуў яго Эзэкія прад абліччам Гасподнім,
 
І ўзяў Эзэкія лісты з рук пасланцоў, і прачытаў іх, і пайшоў у Дом ГОСПАДА, і разгарнуў іх перад абліччам ГОСПАДА.

і маліўся Эзэкія прад абліччам Гасподнім і казаў: Госпадзе Божа Ізраілеў, Які сядзіць на херувімах! Ты адзін Бог усіх царстваў зямлі, Ты стварыў неба і зямлю.
 
І маліўся Эзэкія перад абліччам ГОСПАДА, і сказаў: «ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля, Які сядзіш на херувімах! Толькі Ты — Бог усіх валадарстваў зямлі. Ты ўчыніў неба і зямлю.

Прыхілі, Госпадзе, вуха Тваё і пачуй; разамкні, Госпадзе, вочы Твае і паглядзі, і пачуй словы Сэнахірыма, які паслаў ганіць Бога жывога!
 
Нахіні, ГОСПАДЗЕ, вуха Тваё і пачуй; адкрый, ГОСПАДЗЕ, вочы Твае і пабач! І пачуй усе словы Санхэрыва, які паслаў іх, каб зьневажаць Бога Жывога.

Праўда, о, Госпадзе, цары Асірыйскія спустошылі народы і землі іхнія,
 
Гэта праўда, ГОСПАДЗЕ, што валадары Асірыі зьнішчылі народы і землі іхнія.

і паўкідалі багоў іхніх у агонь, але гэта не багі, а вырабы рук чалавечых, дрэва і камень, — таму і вынішчылі іх.
 
І яны кінулі ў агонь багоў іхніх, бо яны ня богі, але толькі творы рук чалавечых з дрэва і камяня, і яны зьнішчылі іх.

І сёньня, Госпадзе Божа наш, выратуй нас ад рукі ягонай, і даведаюцца ўсе царствы зямлі, што Ты, Госпадзе, Бог адзін.
 
А цяпер, ГОСПАДЗЕ, Божа наш, збаў нас, прашу, ад рукі ягонай, і няхай ведаюць усе валадарствы зямлі, што Ты, ГОСПАДЗЕ, — Бог, толькі Ты».

І паслаў Ісая, сын Амосаў, да Эзэкіі сказаць: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: тое, за што ты молішся Мне супроць Сэнахірыма, цара Асірыйскага, Я пачуў.
 
І паслаў Ісая, сын Амоса, да Эзэкіі, кажучы: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Я пачуў тое, пра што ты маліўся да Мяне адносна Санхэрыва, валадара Асірыі”.

Вось слова, якое сказаў Гасподзь пра яго: пагардзіць цябе, пасьмяецца зь цябе дзеўная дачка Сіёна; усьлед табе пахітае галавою дачка Ерусаліма.
 
Гэта слова, якое прамовіў ГОСПАД пра яго: “Насьміхаецца з цябе, пагарджае табою дзяўчына, дачка Сыёну; за табой ківае галавой дачка Ерусаліму.

Каго ты асуджаў і ганіў? І на каго ты падняў голас, і падняў так высока вочы свае? На Сьвятога Ізраілевага?
 
Каго зьневажаў ты і на Каго плявузгаў? Супраць Каго падняў ты голас твой і высока ўзьняў вочы твае? Супраць Сьвятога Ізраілевага!

Праз паслоў тваіх ты асуджаў Госпада і сказаў: з мноствам калясьніц маіх я ўзыду на вышыню гор, на рэбры Лівана, і сьсяку рослыя кедры яго, выдатныя кіпарысы яго, і прыйду на самае крайняе прыстанішча яго, у гай саду яго:
 
Праз пасланцоў тваіх ты зьневажаў Госпада і казаў: "З мноствам калясьніцаў маіх я ўзыйшоў на горы высокія, на схілы Лібану. Я выразаў гонкія кедры і найпрыгажэйшыя кіпарысы, і дайшоў аж у нетры лесу Кармэлю.

і адкапаю я і піцьму ваду чужую, і асушу ступакамі ног маіх усе рэкі Егіпецкія.
 
Я выкапаў [студню] і п’ю воды чужыя, і стопамі ног маіх я высушыў усе рэкі Эгіпецкія".

Хіба ты ня чуў, што Я здаўна зрабіў гэта, у даўнія дні наканаваў гэта, а сёньня выканаў тым, што ты спусташаеш умацаваныя гарады, ператвараючы ў груды развалін?
 
Ці ты ня чуў, што Я даўно зрабіў гэта, у дні старадаўнія? Я гэта прызначыў, а цяпер зьдзяйсьняю, і стануць купай друзу гарады ўмацаваныя.

І жыхары іх зрабіліся маламоцныя, трымцяць і застаюцца ў сораме. Яны сталі як трава на полі і пяшчотная зеляніна, як пораст на дахах і апалены хлеб, да таго як выкаласіцца.
 
А тыя, што жывуць у іх, [маюць] слабыя рукі, стрывожаныя і зьбянтэжаныя, і сталіся як сена ў полі, як зеляніна маладая, як трава на даху, спаленая перш, чым сасьпела.

Ці сядзеш ты, ці выйдзеш, ці ўвойдзеш, Я ўсё ведаю; ведаю і дзёрзкасьць тваю супроць Мяне.
 
Ці ты сядзіш, ці выходзіш, ці ўваходзіш — Я ведаю, і [ведаю] злоснасьць тваю адносна Мяне.

За тваю дзёрзкасьць супроць Мяне і за тое, што пагарда твая дайшла да вушэй Маіх, Я ўвяду колца Маё ў ноздры твае і цуглі Мае ў рот твой, і вярну цябе назад тою самаю дарогаю, якою прыйшоў ты.
 
За тое, што ты злуешся на Мяне і што пыха твая дайшла да вушэй Маіх, Я ўкладу ў ноздры твае колца Маё і цуглі Мае ў вусны твае, і выведу цябе на дарогу, па якой ты прыйшоў!”

І вось табе азнака: ежце ў гэты год тое, што вырасла ад апалага зерня, і на другі год — самароднае, а на трэці год сейце і жнеце, і садзеце вінаградныя сады і ежце плады іх.
 
А для цябе, [Эзэкія], будзе знак: у гэтым годзе еш тое, што засталося ад сабранага [зерня], а ў другі год — тое, што само вырасьце, а ў трэці год сейце і зьбірайце, і саджайце вінаграднікі, і ешце плады іхнія.

І ацалелае ў доме Юдавым, што засталося, пусьціць зноў корань унізе і ўродзіць плод наверсе,
 
І тое, што застанецца з дому Юды, пусьціць корань углыб, і дасьць плод угару.

бо зь Ерусаліма павядзецца рэшта, і выратаваньне ад гары Сіёна. Руплівасьць Госпада Саваофа зробіць гэта.
 
Бо з Ерусаліму выйдзе рэшта, і збаўленыя — з гары Сыён. Рэўнасьць ГОСПАДА Магуцьцяў зробіць гэта!

Таму так кажа Гасподзь пра цара Асірыйскага: ня ўвойдзе ён у горад гэты, і ня кіне туды стрэлы, і не падступіцца да яго з шчытом, і не насыпле супроць яго вала.
 
Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД пра валадара Асірыі: “Ня ўвойдзе ён у горад гэты, і ня выпусьціць у яго стралы, і не наставіць супраць яго шчыт, і не насыпе кругом яго валу.

Тою самаю дарогай, якою прыйшоў, вернецца, і ў горад гэты ня ўвойдзе, кажа Гасподзь.
 
Шляхам, якім ён прыйшоў, вернецца, і ў горад гэты ня ўвойдзе, кажа ГОСПАД.

Я буду ахоўваць горад гэты, каб уратаваць яго дзеля Сябе і дзеля Давіда, раба Майго.
 
Я абараню горад гэты і выратую яго дзеля Сябе і дзеля Давіда, слугі Майго”».

І сталася тае ночы: пайшоў анёл Гасподні і пабіў у табары сто восемдзесят пяць тысяч. І ўсталі раніцай, і вось усе целы мёртвыя.
 
І сталася, што ў тую самую ноч выйшаў анёл ГОСПАДА і забіў у табары Асірыйцаў сто восемдзясят пяць тысячаў [чалавек]. І ўсталі раніцаю, і вось, усе яны мёртвыя.

І выправіўся, і пайшоў, і вярнуўся Сэнахірым, цар Асірыйскі, і жыў у Нінэвіі.
 
І Санхэрыў, валадар Асірыі, сабраў [табар], і адыйшоў, і вярнуўся, і затрымаўся ў Нініве.

І калі ён пакланяўся ў доме Нісроха, бога свайго, дык Адрамэлэх і Шарэцэр, сыны ягоныя, забілі яго мечам, а самыя ўцяклі ў зямлю Арарацкую. І зацараваў Асардан, сын ягоны, замест яго.
 
І сталася, калі ён пакланяўся ў доме Нісроха, бога свайго, Адрамэлех і Шарэцэр, сыны ягоныя, забілі яго мячом і ўцяклі ў зямлю Арарат. І заваладарыў замест яго Эсар-Хадон, сын ягоны.