4 царстваў 3 разьдзел

Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Ёрам, сын Ахава, зацараваў над Ізраілем у Самарыі ў васямнаццатым годзе Ёсафата, цара Юдэйскага, і цараваў дванаццаць гадоў,
 
А Ярам, сын Ахава, заваладарыў над Ізраілем у Самарыі ў васямнаццатым годзе Язафата, валадара Юды, і валадарыў дванаццаць гадоў.

і рабіў неспадобнае ў вачах Гасподніх, хоць ня так, як бацька ягоны і маці ягоная: ён зьняў статую Ваала, якую зрабіў бацька ягоны,
 
І рабіў ён ліхоту ў вачах ГОСПАДА, але ня так, як бацька ягоны і маці ягоная. І ён прыбраў слуп Баала, які зрабіў бацька ягоны.

аднак жа грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў у грэх Ізраіля, ён трымаўся, не адставаў ад іх.
 
Толькі да грахоў Ерабаама, сына Навата, які ўвёў у грэх Ізраіля, ён прыляпіўся і не адступіў ад іх.

Меса, цар Маавіцкі, быў багаты на быдла і прысылаў цару Ізраільскаму па сто тысяч авечак і па сто тысяч нястрыжаных бараноў.
 
А Мэша, валадар Мааву, быў гадоўцам авечак і даваў валадару Ізраіля сто тысячаў авечак і воўну са ста тысячаў бараноў.

Але калі памёр Ахаў, цар Маавіцкі адасобіўся ад цара Ізраільскага.
 
І сталася пасьля сьмерці Ахава, што валадар Мааву збунтаваўся супраць валадара Ізраіля.

І выступіў цар Ёрам у той час з Самарыі і зрабіў агляд усім Ізраільцянам,
 
І валадар Ярам у той дзень выйшаў з Самарыі і палічыў усяго Ізраіля.

і пайшоў і паслаў да Ёсафата, цара Юдэйскага, сказаць: цар Маавіцкі адасобіўся ад мяне, ці пойдзеш са мною на вайну супроць Маава? Ён сказаў: пайду; як ты, так і я, як твой народ, так і мой народ, як твае коні, так і мае коні.
 
І пайшоў, і паслаў да Язафата, валадара Юды, кажучы: «Валадар Мааву збунтаваўся супраць мяне. Ці пойдзеш са мною ваяваць супраць Мааву?» Той сказаў: «Пайду. Як ты, так і я, як народ твой, так і народ мой, як коні твае, так і коні мае».

І сказаў: якою дарогаю ісьці нам? Ён сказаў: дарогаю пустыні Эдомскай.
 
І сказаў: «Якім шляхам мы пойдзем?» А той сказаў: «Шляхам праз пустыню Эдом».

І пайшоў цар Ізраільскі і цар Юдэйскі і цар Эдомскі, і ішлі яны абыходам сем дзён, і ня было вады войску і быдлу, якое шло за імі.
 
І вырушылі валадар Ізраіля, валадар Юды і валадар Эдому. І ішлі яны па шляху сем дзён, і не было вады для войска і жывёлы, якая ішла з імі.

І сказаў цар Ізраільскі: ах! склікаў Гасподзь трох цароў гэтых, каб аддаць іх у руку Маава.
 
І сказаў валадар Ізраіля: «Бяда! бо паклікаў ГОСПАД трох валадароў, каб аддаць іх у рукі Мааву».

І сказаў Ёсафат: ці няма тут прарока Гасподняга, каб нам папытацца ў Госпада празь яго? І адказваў адзін з слуг цара Ізраільскага і сказаў: тут Елісей, сын Сафатаў, які падаваў ваду на рукі Ільлю.
 
І сказаў Язафат: «Ці няма тут прарока ГОСПАДАВАГА, каб праз яго спытаць ГОСПАДА?» І адказаў адзін са слугаў валадара Ізраіля, і сказаў: «Тут Элісэй, сын Шафата, які паліваў вадой рукі Ільлі».

І сказаў Ёсафат: ці ёсьць у яго слова Гасподняе. І пайшлі да яго цары Ізраільскі Ёсафат і цар Эдомскі.
 
І сказаў Язафат: «Ён мае слова ГОСПАДА». І пайшлі да яго валадар Ізраіля, і Язафат, і валадар Эдому.

І сказаў Елісей цару Ізраільскаму: што мне і табе? ідзі да прарокаў бацькі твайго і да прарокаў маці тваёй. І сказаў яму цар Ізраільскі: не, бо Гасподзь склікаў сюды трох цароў гэтых, каб аддаць іх у руку Маава.
 
І сказаў Элісэй валадару Ізраіля: «Што табе і мне? Ідзі да прарокаў бацькі твайго і да прарокаў маці тваёй». І сказаў яму валадар Ізраіля: «Ці не паклікаў ГОСПАД трох валадароў гэтых, каб аддаць іх у рукі Мааву?»

І сказаў Елісей: жывы Гасподзь Саваоф, прад Якім я стаю! калі б я не шанаваў Ёсафата, цара Юдэйскага, дык ня зірнуў бы на цябе і ня бачыў бы цябе;
 
І сказаў Элісэй: «Як жывы ГОСПАД Магуцьцяў, перад абліччам Якога я стаю, калі б я не паважаў Язафата, валадара Юды, не зьвярнуў бы ўвагі на цябе і ня глянуў бы.

цяпер паклічце мне гусьляра. І калі гусьляр іграў на гусьлях, тады рука Гасподняя дакранулася да Елісея,
 
А цяпер прывядзіце да мяне гусьляра». І сталася, калі гусьляр зайграў, лягла на Элісэя рука ГОСПАДА,

і ён сказаў: так кажа Гасподзь: рабі ў гэтай даліне равы за равамі,
 
і ён сказаў: «Гэта кажа ГОСПАД: “Выкапайце ў гэтай лагчыне роў за ровам”.

бо так кажа Гасподзь: ня ўбачыце ветру і ня ўбачыце дажджу, а даліна гэтая напоўніцца вадою, якую будзеце піць вы і дробнае і буйное быдла ваша;
 
Бо гэта кажа ГОСПАД: “Ня ўбачыце ветру, і ня ўбачыце дажджу, а лагчына гэтая напоўніцца вадою. І будзеце піць вы, і статак ваш, і жывёла вашая”.

але гэтага мала прад вачыма Госпада: Ён і Маава аддасьць у рукі вашыя,
 
І гэтага яшчэ мала ў вачах ГОСПАДА. І Ён выдасьць Мааў у рукі вашыя.

і вы паб’яце ўсе гарады ўмацаваныя і ўсе гарады галоўныя, і ўсе лепшыя дрэвы сьсечаце, і ўсе вытокі водныя запрудзіце, і ўсе лепшыя дзялянкі польныя сапсуяце каменьнем.
 
І вы зруйнуеце ўсе гарады ўмацаваныя і ўсе гарады багатыя, і вы сьсячыце ўсе дрэвы добрыя, і засыпеце ўсе крыніцы водаў, і на ўсе палі абрабляныя добрыя накідаеце камянёў».

Раніцай, калі ўзносяць хлебнае прынашэньне, раптам палілася вада па шляху ад Эдома, і напоўнілася зямля вадою.
 
І сталася раніцаю ў час складаньня ахвяры, вось, вада пацякла дарогаю Эдомскай, і напоўнілася зямля вадою.

Калі Маавіцяне пачулі, што ідуць цары ваяваць зь імі, тады сабраны былі ўсе, пачынаючы з таго, хто насіў пояс, і старэй, і сталі на мяжы.
 
А ўсе Мааўляне пачулі, што надыходзяць валадары, каб ваяваць супраць іх, і склікалі ўсіх, здольных насіць зброю, і сталі на мяжы.

Раніцай усталі яны завідна, і калі сонца зазьзяла над вадою, Маавіцянам здалёк здалася гэтая вада чырвонаю, як кроў.
 
І ўсталі рана раніцаю, і ўзыходзіла сонца над вадою, і ўбачылі Мааўляне здалёк ваду чырвоную, як кроў.

І сказалі яны: гэта кроў; схапіліся цары паміж сабою і зьнішчылі адзін аднаго; цяпер на здабычу, Мааў!
 
І сказалі яны: «Гэта кроў! Рэжучыся, рэжуцца валадары, і пазабівалі адзін аднаго. І цяпер [хадзем] па здабычу, Мааўляне!»

І прыйшлі яны да табара Ізраільскага. І ўсталі Ізраільцяне і пачалі біць Маавіцянаў, і тыя пабеглі ад іх, а яны ўсё ішлі на іх і біць Маавіцянаў.
 
І падыйшлі яны да табару Ізраіля, і ўсталі Ізраільцяне, і пабілі Мааўлянаў, і тыя ўцякалі перад абліччам іхнім, а яны ішлі сярод іх і забівалі Мааўлянаў.

І гарады разбурылі, і на кожную лепшую дзялянку ў полі кінулі кожны па камені і закідалі яго, і ўсе вытокі водаў запрудзілі і ўсе дрэвы лепшыя сьсеклі, так што заставалася толькі каменьне ў Кір-Харэшаце. І абступілі яго прашчнікі і разбурылі яго.
 
І зруйнавалі гарады, і закідалі палі добрыя камянямі, і засыпалі ўсе крыніцы водаў, і зрэзалі ўсе дрэвы добрыя. Засталіся толькі муры Кір-Харэшэту, і атачылі яго каменякіды, і закідвалі камянямі.

І ўбачыў цар Маавіцкі, што бітва адольвае яго, і ўзяў з сабою сямсот чалавек, якія валодалі мечам, каб прабіцца да цара Эдомскага; але не маглі.
 
І ўбачыў валадар Мааву, што перамагаюць ворагі ягоныя, і ён узяў з сабой семсот чалавек, якія трымаюць меч, каб прабіцца да валадара Эдому, але ня змог.

І ўзяў ён сына свайго першынца, якому належала цараваць замест яго, і прынёс яго на цэласпаленьне на сьцяне. Гэта выклікала вялікае хваляваньне ў Ізраільцянаў, і яны адступіліся ад яго і вярнуліся ў сваю зямлю.
 
І ўзяў ён сына свайго першароднага, які пасьля яго меў валадарыць, і склаў яго ў ахвяру цэласпаленьня на мурах. І паўстала вялікае абурэньне ў Ізраільцянаў, і яны адыйшлі ад яго, і вярнуліся ў зямлю сваю.