2 летапісаў 1 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І ўцьвердзіўся Саламон, сын Давідаў, у царстве сваім; і Гасподзь Бог яго быў зь ім, і ўзьнёс яго высока.
 
І ўмацаваўся Салямон, сын Давіда, на валадарстве сваім; і ГОСПАД, Бог ягоны [быў] з ім, і ўзьвялічыў яго высока.

І загадаў Саламон сабрацца ўсяму Ізраілю: тысячнікам і сотнікам, і судзьдзям, і ўсім начальнікам ва ўсім Ізраілі — узначальцам пакаленьняў.
 
І сказаў Салямон усяму Ізраілю, начальнікам тысячаў і сотняў, і судзьдзям, і ўсім начальнікам у-ва ўсім Ізраілі, галовам [дамоў] бацькоў.

І пайшлі Саламон і ўвесь сход зь ім на вышыню, што ў Гаваоне, бо там была Божая скінія збору, якую спарудзіў Майсей, раб Гасподні, у пустыні.
 
І пайшлі Салямон і ўся царква з ім на ўзвышша, якое ў Гібэоне, бо там быў Божы Намёт Спатканьня, які паставіў Майсей, слуга ГОСПАДА, у пустыні.

Каўчэг Божы прынёс Давід з Кірыятыярыма на месца, якое падрыхтаваў для яго Давід, зладзіўшы яму скінію ў Ерусаліме.
 
Каўчэг Божы перанёс Давід з Кірыят-Ярыму на [месца], якое Давід падрыхтаваў для яго, бо ён паставіў для яго намёт у Ерусаліме.

А медны ахвярнік, які зрабіў Вэсэлэіл, сын Урыя, сына Оравага, заставаўся там, перад скініяй Гасподняю, і зыскаў яго Саламон са зборам.
 
А ахвярнік, які зрабіў Бэцалеэль, сын Урыі, сына Хура, застаўся там перад Сялібай ГОСПАДА; і шукалі яго Салямон і царква.

І там прад абліччам Госпада, на медным ахвярніку, які перад скініяй сходу, узьнёс Саламон тысячу цэласпаленьняў.
 
І ўзыйшоў Салямон перад аблічча ГОСПАДА туды да ахвярніка мядзянага, які ў Намёце Спатканьня, і ахвяраваў на ім тысячу цэласпаленьняў.

У тую ноч зьявіўся Бог Саламону, і сказаў яму: прасі, што Мне даць табе.
 
У тую ноч зьявіўся Бог Салямону і сказаў яму: «Прасі, што Мне даць табе».

І сказаў Саламон Богу: Ты стварыў Давіду, бацьку майму, вялікую міласьць і паставіў мяне царом замест яго.
 
І сказаў Салямон Богу: «Ты зрабіў Давіду, бацьку майму, вялікую ласку і паставіў мяне валадарыць замест яго.

Хай жа спраўдзіцца, Госпадзе Божа, слова Тваё да Давіда, бацькі майго. Як што Ты ўцараваў мяне над народам шматлікім, як пыл зямны,
 
Цяпер, ГОСПАДЗЕ Божа, няхай зьдзейсьніцца слова Тваё Давіду, бацьку майму, бо Ты паставіў мяне валадарыць над народам вялікім, як пыл зямлі.

дык цяпер дай мне мудрасьць і веданьне, каб я выходзіў перад народам гэтым і ўваходзіў, бо хто можа кіраваць гэтым народам Тваім вялікім?
 
Дай мне цяпер мудрасьць і веданьне, каб я мог выходзіць і ўваходзіць перад народам гэтым, бо хто можа судзіць гэты народ Твой такі вялікі?»

І сказаў Бог Саламону: за тое, што гэта было на сэрцы тваім, і ты не прасіў багацьця, маёмасьці і славы і душы непрыяцеляў тваіх, і таксама не прасіў ты многіх дзён, а прасіў сабе мудрасьці і веданьня, каб кіраваць народам Маім, над якім Я ўцараваў цябе,
 
І сказаў Бог Салямону: «За тое, што было гэта ў сэрцы тваім, і ты не прасіў багацьця, маёмасьці, славы ці душы ворагаў тваіх, таксама не прасіў доўгіх дзён, але прасіў для сябе мудрасьці і веданьня, каб ты мог судзіць народ Мой, над якім Я паставіў цябе валадарыць,

мудрасьць і веданьне даецца табе, а багацьце і маёмасьць і славу Я дам табе такія, падобных да якіх ня было ў цароў да цябе і ня будзе пасьля цябе.
 
мудрасьць і веданьне дадзены табе, а багацьці, маёмасьць і славу Я дам табе, якіх ніводзін з валадароў ня меў перад табою і ня будзе мець ніякі пасьля цябе».

І прыйшоў Саламон з вышыні, што ў Гаваоне, ад скініі сходу, у Ерусалім і валадарыў над Ізраілем.
 
І вярнуўся Салямон з узвышша, якое ў Гібэоне, у Ерусалім ад аблічча Намёту Спатканьня, і валадарыў у Ізраілі.

І набраў Саламон калясьніц і коньнікаў; і было ў яго тысяча чатырыста калясьніц і дванаццаць тысяч коньнікаў; і ён разьмясьціў іх у калясьнічных гарадах і пры цары ў Ерусаліме.
 
І сабраў Салямон калясьніцы і вершнікаў, і было ў яго тысяча чатырыста калясьніцаў і дваццаць тысячаў вершнікаў, якіх ён разьмясьціў у гарадах калясьнічных і пры валадары ў Ерусаліме.

І зрабіў цар срэбра і золата ў Ерусаліме раўнацэнным простаму каменю, а кедры, па мностве іх, зрабіў раўнацэнным сікаморам, якія на нізкіх мясьцінах.
 
І сабраў валадар срэбра і золата ў Ерусаліме, як камянёў, а кедраў так шмат, як сікамораў, якія ў Шэфэлі.

Коней Саламону прыводзілі зь Егіпта і з Кувы: купцы царскія з Кувы атрымалі іх за грошы.
 
І прыводзілі для Салямона коней з Эгіпту і з Куэ, бо купцы валадарскія куплялі паводле цаны [іхняй] у Куэ.

Калясьніцу атрымлівалі і дастаўлялі зь Егіпта за шасьцьсот сікляў срэбра, а каня за сто пяцьдзясят. Такім самым чынам яны рукамі сваімі дастаўлялі гэта ўсім царам Хэтэйскім і царам Арамэйскім.
 
І яны зыходзілі і прывозілі з Эгіпту калясьніцы за шэсьцьсот сыкляў срэбра і каня за сто пяцьдзясят [сыкляў]. І гэтак праз рукі іхнія прывозілі іх для ўсіх валадароў Хетаў і валадароў Араму.