2 летапісаў 35 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
І ўчыніў Ёсія ў Ерусаліме пасху Госпаду, і закалолі пасхальнае ягня ў чатырнаццаты дзень першага месяца.
І справіў Ёсія ў Ерусаліме Пасху для ГОСПАДА, і зарэзалі пасхальнае [ягня] ў чатырнаццаты дзень першага месяца.
І паставіў ён сьвятароў на месцах іхніх, і падбадзёрваў іх на служэньне ў доме Гасподнім;
І паставіў ён сьвятароў на пасады іхнія, і падбадзёрваў іх служыць у Доме ГОСПАДА.
і сказаў лявітам, настаўнікам усіх Ізраільцянаў, пасьвечаных Госпаду: пастаўце каўчэг сьвяты ў храме, які пабудаваў Саламон, сын Давідаў, цар Ізраілеў; няма вам патрэбы насіць яго на плячах; служэце цяпер Госпаду Богу нашаму і народу Яго Ізраілю;
І ён сказаў лявітам, якія вучылі ўвесь Ізраіль і былі пасьвячоныя для ГОСПАДА: «Пастаўце Каўчэг Сьвяты ў Доме, які пабудаваў Салямон, сын Давіда, валадар Ізраіля. Ня будзе [ён] цяжарам на рамёнах вашых. Цяпер служыце ГОСПАДУ, Богу вашаму, і народу Ягонаму, Ізраілю.
станьце па пакаленьнях вашых, па чэргах вашых, як прадпісана Давідам, царом Ізраілевым, і як прадпісана Саламонам, сынам ягоным,
І рыхтуючыся, падрыхтуйцеся па дамах бацькоў сваіх, па чэргах сваіх, паводле напісанага Давідам, валадаром Ізраіля, і паводле напісанага Салямонам, сынам ягоным;
і стойце ў сьвятыні, паводле разьмеркаваных пакаленьняў у братоў вашых, сыноў народу, і па падзелах пакаленьняў у лявітаў,
і стойце ў сьвятыні паводле падзелаў дамоў бацькоў, паводле братоў сваіх, сыноў народу, і падзел гэты паводле дамоў бацькоў лявітаў.
і закалеце пасхальнае ягня і асьвяцецеся, і згатуйце яго братам вашым, робячы згодна са словам Гасподнім праз Майсея.
І зарэжце пасхальнае [ягня], і асьвяціцеся, і прыгатуйце яго для братоў сваіх, робячы [гэта] паводле слова ГОСПАДА, [дадзенага] праз рукі Майсея».
І даў Ёсія ў дарунак сынам народу, усім хто там, з дробнага быдла ягнят і казлоў маладых, усё дзеля ахвяры пасхальнай, лікам трыццаць тысяч і тры тысячы валоў. Гэта з маёмасьці цара.
І даў Ёсія для сыноў народу, для ўсіх, што былі там, авечак, ягнятаў і маладых козаў, усё на ахвяру пасхальную, лікам трыццаць тысячаў, і тры тысячы валоў. Гэта [ён даў] з маёмасьці валадара.
І князі ягоныя па руплівасьці давалі ў дарунак народу, сьвятарам і лявітам: Хэлкія і Захар і Ехііл, начальнікі ў доме Божым, далі сьвятарам для ахвяры пасхальнай дзьве тысячы шасьцьсот авечак, ягнят і казлоў і трыста валоў;
І князі ягоныя давалі ахвотна народу, сьвятарам і лявітам. Хількія, Захарыя і Ехіэль, начальнікі ў Доме Божым, далі сьвятарам на ахвяру пасхальную дзьве тысячы шэсьцьсот [авечак] і трыста валоў.
і Хананія і Шэмая і Натанаіл, браты ягоныя, і Хашавія і Еэл і Ёзавад, начальнікі лявітаў, падарылі лявітам для ахвяры пасхальнай авечак пяць тысяч і пяцьсот валоў.
А Хананія, Шэмая і Натанаэль, браты ягоныя, і Хашавія, Еіэль і Ёзавад, начальнікі лявітаў, далі лявітам на ахвяру пасхальную пяць тысячаў [авечак] і пяцьсот валоў.
Так наладжана было служэньне, і сталі сьвятары на месца сваё і лявіты паводле чародаў сваіх, па загадзе царскім;
І было падрыхтавана служэньне. І сталі сьвятары на месцы свае, і лявіты — чэргамі сваімі, паводле загаду валадара.
і закалолі пасхальнае ягня, і крапілі сьвятары крывёю, прымаючы яе з рук лявітаў, а лявіты здымалі скуру;
І рэзалі пасхальнае [ягня], і крапілі сьвятары крывёю з рук сваіх, а лявіты зьдзіралі [скуры].
і разьмеркавалі прызначанае на цэласпаленьне, каб раздаць па аддзелах пакаленьняў у сыноў народу, дзеля прынясеньня Госпаду, як напісана ў кнізе Майсеевай. Тое самае зрабілі і з валамі.
І яны адклалі цэласпаленьні, каб даць паводле падзелаў дамоў бацькоў сынам народу ахвяроўваць ГОСПАДУ, як напісана ў Кнізе Майсея. І гэтак сама зрабілі з валамі.
І сьпяклі пасхальнае ягня на агні, паводле статуту; і сьвяшчэнныя ахвяры згатавалі ў катлах, гаршках і рондлях і сьпешна раздалі ўсяму народу,
І пяклі пасхальнае [ягня] на агні, паводле пастановы, а ахвяры сьвятыя варылі ў катлах, гаршчках і рондлях, і хутка несьлі ўсім сынам народу.
а пасьля згатавалі сабе і сьвятарам, бо сьвятары, сыны Ааронавыя, прыносілі цэласпаленьні і тлушчы да ночы, таму і гатавалі лявіты сабе і сьвятарам, сынам Ааронавым.
А потым прыгатавалі сабе і сьвятарам, бо сьвятары, сыны Аарона, былі пры ахвяраваньні цэласпаленьняў і тлушчу аж да ночы, таму гатавалі лявіты сабе і сьвятарам, сынам Аарона.
І сьпевакі, сыны Асафавыя, заставаліся на месцах сваіх, паводле ўстанаўленьня Давіда і Асафа, і Эмана і Ідытуна празорліўца царскага, і брамнікі ў кожнай браме: і ня было дзеля чаго ім адыходзіць ад служэньня свайго, бо браты іхнія лявіты гатавалі ім.
І сьпевакі, сыны Асафа, былі на месцах сваіх паводле загаду Давіда і Асафа, і Гэмана, і Едутуна, відушчага валадара, і прыдзьвернікі [стаялі] ў кожнай браме. Не было патрэбы адыходзіць ім ад служэньня свайго, бо браты іхнія, лявіты, прыгатавалі ім.
Так зладжана было ўсё служэньне Госпаду ў той дзень, каб учыніць пасху і прынесьці цэласпаленьні на ахвярніку Гасподнім, па загадзе цара Ёсіі.
Гэтак наладжана было ўсё служэньне ГОСПАДУ ў той дзень, каб справіць Пасху і ахвяраваць цэласпаленьні на ахвярніку ГОСПАДА паводле загаду валадара Ёсіі.
І ўчынялі сыны Ізраілевыя, якія былі там, пасху ў той час і сьвята праснакоў сем дзён.
І спраўлялі сыны Ізраіля, што былі [там], Пасху ў той час і Сьвята Праснакоў сем дзён.
І ня ўчынялася такая пасха ў Ізраіля зь дзён Самуіла прарока; і з усіх цароў Ізраілевых ніводзін ня ўчыняў такой пасхі, якую ўчыніў Ёсія, і сьвятары, і лявіты, і ўсе Юдэі, і Ізраільцяне, якія былі там, і жыхары Ерусаліма.
І не была спраўляна такая Пасха ў Ізраілі ад дзён Самуэля прарока, і з усіх валадароў Ізраіля ніводзін не спраўляў такой Пасхі, якую справіў Ёсія, і сьвятары, і лявіты і ўвесь Юда і Ізраіль, што [там] былі, і жыхары Ерусаліму.
На васямнаццатым годзе валадараньня Ёсіі ўчынена гэтая пасха.
У васямнаццатым годзе валадараньня Ёсіі справілі гэтую Пасху.
Пасьля ўсяго таго, што зрабіў Ёсія ў доме Божым, пайшоў Нэхаа, цар Егіпецкі на вайну да Кархэміса на Еўфраце; і Ёсія выйшаў насустрач яму.
Пасьля ўсяго гэтага, калі падрыхтаваў Ёсія Дом [Божы], прыйшоў Нэхо, валадар Эгіпту, ваяваць супраць Кархемішу каля Эўфрату, і Ёсія выйшаў насустрач яму.
І паслаў да яго Нэхаа паслоў сказаць: што мне і табе, цар Юдэйскі? Ня супроць цябе цяпер іду я, а туды, дзе ў мяне вайна. І Бог загадаў мне сьпяшацца; ня супрацівіся Богу, Які са мною, каб Ён не пагубіў цябе.
І той паслаў да яго паслоў, кажучы: «Што мне і табе, валадар Юды? Ня супраць цябе я іду сёньня, але супраць дому, які ваюе са мною, і Бог сказаў мне пасьпяшацца. Адыйдзіся ад Бога, Які са мною, і Ён ня зьнішчыць цябе».
Але Ёсія не адхіліўся ад яго, а падрыхтаваўся, каб біцца зь ім, і не паслухаўся слоў Нэхаа ад аблічча Божага і выступіў на бітву на раўніну Мэгіда.
Але Ёсія не адвярнуў аблічча свайго ад яго, бо вырашыў ваяваць з ім, і не паслухаў словаў Нэхо, [якія былі] з вуснаў Божых, і пайшоў на бітву ў даліне Мэгіддо.
І стрэлілі стралкі ў цара Ёсію, і сказаў цар слугам сваім, выведзіце мяне, бо я цяжка паранены.
І стрэлілі лучнікі ў валадара Ёсію, і сказаў валадар слугам сваім: «Выведзіце мяне, бо я цяжка паранены».
І зьвялі яго слугі з калясьніцы, і пасадзілі яго на другую павозку, якая была ў яго, і адвезьлі яго ў Ерусалім. І памёр ён, і пахаваны ў магільніцах бацькоў сваіх. І ўся Юдэя і Ерусалім аплакалі Ёсію.
І зьнялі яго слугі ягоныя з калясьніцы, і пасадзілі яго ў іншы воз, які быў у яго, і завезьлі яго ў Ерусалім. І ён памёр, і быў пахаваны ў магілах бацькоў сваіх, і ўвесь Юда і Ерусалім плакалі па Ёсіі.
Аплакаў Ёсію і Ерамія ў песьні жалобнай; і гаварылі ўсе сьпевакі і сьпявачкі пра Ёсію ў жалобных песьнях сваіх, вядомых да сёньня, і перадалі іх на ўжытак у Ізраіля; і вось яны ўпісаны ў кнігу жалобных песьняў.
І галасіў Ярэмія па Ёсіі, і ўсе сьпевакі і сьпявачкі апавядаюць пра Ёсію ў галашэньнях сваіх аж да сёньня, і ўвялі іх як звычай у Ізраілі, і вось яны запісаныя ў галашэньнях.
Іншыя дзеі Ёсіі і дабрачыннасьці ягоныя, згодныя з прадпісаным у законе Гасподнім,
А іншыя дзеяньні Ёсіі і дабрадзействы ягоныя, згодныя з напісаным у Законе ГОСПАДА,
і дзеі ягоныя, першыя і апошнія, апісаны ў кнізе цароў Ізраільскіх і Юдэйскіх.
і дзеяньні ягоныя, першыя і апошнія, запісаныя ў Кнізе валадароў Ізраіля і Юды.