2 летапісаў 18 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І было ў Ёсафата многа багацьця і славы; і парадніўся ён з Ахавам.
 
І было ў Язафата шмат багацьця і славы; і ён пасваячыўся з Ахавам.

І пайшоў празь некалькі гадоў да Ахава ў Самарыю; і закалоў дзеля яго Ахаў мноства быдла дробнага і буйнога, і дзеля людзей, якія былі зь ім, і схіляў яго ісьці на Рамот Галаадскі.
 
І пайшоў ён праз некалькі гадоў да Ахава ў Самарыю. І ахвяраваў Ахаў мноства авечак і валоў для яго і для людзей, што з ім, і намовіў яго ісьці на Рамот Гілеадзкі,

І казаў Ахаў, цар Ізраільскі, Ёсафату, цару Юдэйскаму: ці пойдзеш са мною ў Рамот Галаадскі? Той сказаў Яму: як ты, так і я, як твой народ, так і мой народ: іду з табою на вайну!
 
І сказаў Ахаў, валадар Ізраіля, Язафату, валадару Юды: «Ці пойдзеш са мною на Рамот Гілеадзкі?» Той сказаў яму: «Як ты, так і я; як народ твой, так і народ мой; і я [буду] з табою на вайне».

І сказаў Ёсафат цару Ізраільскаму: спытайся сёньня, што скажа Гасподзь.
 
І сказаў Язафат валадару Ізраіля: «Спытайся сёньня слова ГОСПАДА».

І сабраў цар Ізраільскі прарокаў чатырыста чалавек і сказаў ім: ці ісьці нам на Рамот Галаадскі вайною, ці ўстрымацца? Яны сказалі: ідзі і Бог перадасьць яго ў рукі цара.
 
І сабраў валадар Ізраіля прарокаў чатырыста чалавек, і сказаў ім: «Ці ісьці нам на вайну на Рамот Гілеадзкі, ці стрымацца?» І яны сказалі: «Ідзі, і Бог аддасьць [яго] ў руку валадара».

І сказаў Ёсафат: ці няма тут яшчэ прарока Гасподняга? Спытаемся і ў яго.
 
І сказаў Язафат: «Ці няма тут яшчэ прарока ГОСПАДА? І мы спытаемся ў яго».

І сказаў цар Ізраільскі Ёсафату: ёсьць яшчэ адзін чалавек, празь якога можна спытацца ў Госпада; але я ня люблю яго, бо ён не прарочыць пра мяне добрага, а пастаянна прарочыць благое; гэта Міхей сын Емвлая. І сказаў Ёсафат: не кажы так, цару.
 
І сказаў валадар Ізраіля Язафату: «Ёсьць адзін чалавек, каб праз яго спытацца ў ГОСПАДА; але я ненавіджу яго, бо ён не прарочыць пра мяне добрае, але ўсе дні свае [прарочыць] ліхое. Гэта Міхей, сын Імлі». І сказаў Язафат: «Не кажы так, валадару».

І паклікаў цар Ізраільскі аднаго еўнуха і сказаў: схадзі хутчэй па Міхея, сына Емвлая.
 
І паклікаў валадар Ізраіля аднаго эўнуха, і сказаў: «Прывядзі хутчэй Міхея, сына Імлі».

А цар Ізраільскі і Ёсафат, цар Юдэйскі, сядзелі кожны на сваім троне, апранутыя ў царскую вопратку; сядзелі на плошчы каля брамы Самарыі, і ўсе прарокі прарочылі перад імі.
 
А валадар Ізраіля і Язафат, валадар Юды, сядзелі кожны на пасадзе сваім, апранутыя ў шаты валадарскія. І сядзелі яны каля ўваходу ў брамы Самарыі; і ўсе прарокі прарочылі перад імі.

І зрабіў сабе Сэдэкія, сын Хэнааны, жалезныя рогі і сказаў: так кажа Гасподзь: імі забадаеш Сірыйцаў да вынішчэньня іх.
 
І зрабіў сабе Сэдэкія, сын Кенааны, рогі жалезныя, і сказаў: «Гэта кажа ГОСПАД: “Імі будзеш бадаць Сірыйцаў, пакуль ня выгубіш іх”».

І ўсе прарокі прарочылі тое самае, кажучы: ідзі на Рамот Галаадскі; будзе посьпех табе, і аддасьць яго Гасподзь у руку цара.
 
І ўсе прарокі прарочылі, кажучы: «Ідзі на Рамот Гілеадзкі, і будзеш мець посьпех, і аддасьць ГОСПАД [яго] ў руку валадара».

Пасланец, які пайшоў паклікаць Міхея, казаў яму: вось, прарокі аднагалосна прадказваюць добрае цару; хай бы і тваё слова было такое самае, як кожнага зь іх: скажы і ты добрае.
 
А пасланец, які пайшоў клікаць Міхея, прамовіў да яго, кажучы: «Вось, словы прарокаў аднолькава добрыя для валадара. І няхай слова тваё, прашу, будзе, як аднаго з іх, і ты гавары добрае».

І сказаў Міхей: жывы Гасподзь, — што скажа мне Бог мой, тое вымаўлю.
 
І сказаў Міхей: «Як жывы ГОСПАД! Што скажа мне Бог, тое я буду гаварыць».

І прыйшоў ён да цара, і сказаў яму цар: Міхей, ці ісьці нам вайною на Рамот Галаадскі, ці ўстрымацца? І сказаў той: ідзеце, будзе вам посьпех, і яны аддадзены будуць у рукі вашыя.
 
І прыйшоў ён да валадара, і сказаў яму валадар: «Міхею, ці ісьці нам на вайну на Рамот Гілеадзкі, ці стрымацца?» І той сказаў: «Ідзіце, і будзеце мець посьпех, і яны будуць аддадзены ў рукі вашыя».

І сказаў яму цар: колькі разоў мне заклінаць цябе, каб ты не гаварыў мне нічога, акрамя праўды, у імя Гасподняе?
 
І сказаў яму валадар: «Колькі разоў я павінен прысягаю абавязваць цябе, каб ты гаварыў мне толькі праўду ў імя ГОСПАДА?»

Тады Міхей сказаў: я бачыў усіх сыноў Ізраіля, расьсеяных па горах, як авечак, у якіх няма пастуха, — і сказаў Гасподзь: няма ў іх начальніка, хай вернуцца кожны ў дом свой зь мірам.
 
І ён сказаў: «Я бачыў увесь Ізраіль, расьцярушаны на гарах, як авечкі, у якіх няма пастуха. І сказаў ГОСПАД: “Няма ў іх гаспадара, няхай вернуцца кожны ў дом свой у супакоі”».

І сказаў цар Ізраільскі Ёсафату, ці не казаў я табе, што ён не прарочыць пра мяне добрага, а толькі благое?
 
І сказаў валадар Ізраіля Язафату: «Ці не казаў я табе, што ён не прарочыць мне добрае, але толькі ліхое?»

І сказаў Міхей: дык выслухайце слова Гасподняе: я бачыў Госпада, Які сядзеў на троне Сваім, і ўсё войска нябеснае стаяла праваруч і леваруч ад Яго.
 
І сказаў [Міхей]: «Таму слухайце слова ГОСПАДА. Я бачыў ГОСПАДА, Які сядзеў на пасадзе Сваім, і ўсё войска нябеснае стаяла праваруч і леваруч Яго.

І сказаў Гасподзь: хто звабіў бы Ахава, цара Ізраільскага, каб ён пайшоў і загінуў у Рамоце Галаадскім? І адзін казаў так, другі казаў інакш.
 
І сказаў ГОСПАД: “Хто намовіць Ахава, валадара Ізраіля, каб ён пайшоў і загінуў у Рамоце Гілеадзкім?” І казалі, і адзін казаў так, а другі казаў гэтак.

І выступіў адзін дух, і сказаў прад абліччам Госпада і сказаў: я зваблю яго. І сказаў яму Гасподзь: чым?
 
І выступіў [адзін] дух, і стаў перад абліччам ГОСПАДА, і сказаў: “Я намоўлю”. І сказаў яму ГОСПАД: “Як?”

Той сказаў: я выйду і буду духам падману ў вуснах усіх прарокаў ягоных. І сказаў Ён: ты звабіш яго, і пасьпееш; ідзі і зрабі так.
 
Той сказаў: “Я выйду і буду духам хлусьлівым у вуснах усіх прарокаў ягоных”. І сказаў [Госпад]: “Ты намовіш, і атрымаецца ў цябе; ідзі і зрабі гэтак”.

І цяпер, вось папусьціў Гасподзь духа падману ўвайсьці ў вусны гэтых прарокаў тваіх, але Гасподзь сказаў пра цябе нядобрае.
 
І цяпер, вось, ГОСПАД даў духа хлусьлівага ў вусны прарокаў тваіх, і ГОСПАД прамовіў пра цябе ліхое».

І падышоў Сэдэкія, сын Хэнааны, і ўдарыў Міхея па шчацэ і сказаў: па якой гэта дарозе адышоў ад мяне Дух Гасподні, каб гаварыць у табе?
 
І наблізіўся Сэдэкія, сын Кенаана, і ўдарыў Міхея па шчацэ, і сказаў: «Якім гэта шляхам адыйшоў ад мяне Дух ГОСПАДА, каб гаварыць з табою?»

І сказаў Міхей: вось ты ўбачыш гэта ў той дзень, калі будзеш бегаць з пакоя ў пакой, каб схавацца.
 
І сказаў Міхей: «Вось, ты ўбачыш [гэта] ў той дзень, калі будзеш бегаць з пакою ў пакой, каб схавацца».

І сказаў цар Ізраільскі: вазьмеце Міхея і зьвядзеце яго да Амона начальніка горада і да Ёаса, сына цара,
 
І сказаў валадар Ізраіля: «Вазьміце Міхея, і завядзіце яго да Амона, начальніка гораду, і да Ёаша, сына валадарскага,

і скажэце: так кажа цар: пасадзеце гэтага ў цямніцу і кармеце яго хлебам і вадою мала, пакуль я не вярнуся ў міры.
 
і скажыце: “Гэта сказаў валадар. Пасадзіце яго ў вязьніцу і давайце яму хлеб скупа і ваду скупа, пакуль я вярнуся ў супакоі”».

І сказаў Міхей: калі ты вернешся ў міры, дык мне Гасподзь гаворыць празь мяне. І сказаў: слухайце гэта, усе людзі,
 
І сказаў Міхей: «Калі ты сапраўды вернешся ў супакоі, не прамаўляў ГОСПАД праз мяне». І сказаў: «Слухайце, усе людзі!»

і пайшоў цар Ізраільскі і Ёсафат, цар Юдэйскі, да Рамота Галаадскага.
 
І пайшоў валадар Ізраіля і Язафат, валадар Юды, на Рамот Гілеадзкі.

І сказаў цар Ізраільскі Ёсафату: я пераапрануся і ўступлю ў бітву, а ты надзень сваю царскую вопратку. І пераапрануўся цар Ізраільскі, і ўступілі ў бітву.
 
І сказаў валадар Ізраіля Язафату: «Я пераапрануся і пайду ў бітву, а ты апрані шаты свае». І пераапрануўся валадар Ізраільскі, і яны пайшлі ў бітву.

І цар Сірыйскі загадаў начальнікам калясьніц, якія былі ў яго, сказаўшы: ня бецеся ні з малым, ні зь вялікім, а толькі з адным царом Ізраільскім.
 
А валадар Сірыі загадаў начальнікам калясьніцаў сваіх, якія былі ў яго, кажучы: «Ня біцеся ані з малым, ані з вялікім, але толькі з валадаром Ізраіля».

І калі ўбачылі Ёсафата начальнікі калясьніц, дык падумалі: гэта цар Ізраільскі, — і акружылі яго, каб біцца зь ім. Але Ёсафат закрычаў, і Гасподзь памог яму, і адвёў іх Бог ад яго.
 
І сталася, што ўбачылі начальнікі калясьніцаў Язафата і сказалі: «Гэта валадар Ізраіля», — і атачылі яго, каб біцца з ім. І закрычаў Язафат, і ГОСПАД дапамог яму, і адвёў іх Бог ад яго.

І калі ўбачылі начальнікі калясьніц, што гэта ня быў цар Ізраільскі, дык павярнулі ад яго.
 
І сталася, што ўбачылі начальнікі калясьніцаў, што гэта не валадар Ізраіля, і павярнулі ад яго.

Тым часам адзін чалавек выпадкова нацягнуў лук свой, і параніў цара Ізраільскага праз швы латаў. І сказаў ён калясьнічаму: павярні назад, і вязі мяне ад войска, бо я паранены.
 
І адзін чалавек ненарокам нацягнуў лук і трапіў у валадара Ізраіля паміж поясам і панцырам. І той сказаў возьніку: «Павярні руку тваю і вывязі мяне з табару, бо я паранены».

Але бітва таго дня ўзмацнілася і цар Ізраільскі стаяў на калясьніцы насупраць Сірыйцаў да вечара і памёр на захадзе сонца.
 
І разгарэлася бітва ў той дзень, і валадар Ізраіля стаяў на калясьніцы супраць Сірыйцаў аж да вечара, і памёр у часе заходу сонца.