2 летапісаў 6 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Тады сказаў Саламон: Гасподзь сказаў, што ён дабраволіць жыць у мгле,
Тады сказаў Салямон: «ГОСПАД сказаў, што Ён жыве ў імгле.
а я пабудаваў дом у жытлішчы Табе, месца для вечнага Твайго быцьця.
А я пабудаваў Дом на пражываньне Табе і месца знаходжаньня Твайго на вякі».
І павярнуўся цар тварам сваім і дабраславіў увесь сход Ізраільцянаў, — увесь сход Ізраільцянаў стаяў,
І павярнуў валадар аблічча сваё, і дабраславіў усю царкву Ізраіля, а ўся царква стаяла.
і сказаў: дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў, Які што сказаў вуснамі Сваімі Давіду, бацьку майму, выканаў сёньня рукою Сваёю. Ён казаў:
І ён сказаў: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Ізраіля, Які гаварыў вуснамі Сваімі Давіду, бацьку майму, і выканаў [гэта] рукамі Сваімі, кажучы:
з таго дня, як Я вывеў народ Мой зь зямлі Егіпецкай, Я ня выбраў горада ні ў адным зь плямёнаў Ізраілевых для збудаваньня дома, у якім было б імя Маё, і ня выбраў чалавека, які быў бы кіраўніком народу Майго Ізраіля,
“Ад дня, у які Я вывеў народ Мой з зямлі Эгіпецкай, Я ня выбраў гораду з усіх каленаў Ізраіля, каб пабудаваць дом, у якім было б імя Маё, і ня выбраў чалавека, які быў бы начальнікам народу Майго, Ізраіля,
а выбраў Ерусалім, каб там было імя Маё, і выбраў Давіда, каб ён быў над народам Маім Ізраілем.
але Я выбраў Ерусалім, каб там было імя Маё, і выбраў Давіда, каб ён быў над народам Маім, Ізраілем”.
І было на сэрцы ў Давіда, бацькі майго, пабудаваць дом імя Госпада Бога Ізраілевага.
І было на сэрцы ў Давіда, бацькі майго, пабудаваць Дом для ГОСПАДА, Бога Ізраіля.
Але Гасподзь сказаў Давіду, бацьку майму: у цябе ёсьць на сэрцы пабудаваць храм імю Майму; добра, што гэта на сэрцы ў цябе.
І ГОСПАД сказаў Давіду, бацьку майму: “Тое, што было на сэрцы тваім, каб пабудаваць Дом для імя Майго, добра ты зрабіў, што гэта ў сэрцы тваім.
Аднак ты не пабудуеш храм, а сын твой, які пойдзе са сьцёгнаў тваіх, — ён пабудуе храм імю Майму.
Толькі ты не пабудуеш Дом, але сын твой, які выйдзе са сьцёгнаў тваіх, ён пабудуе Дом для імя Майго”.
І стрымаў Гасподзь слова Сваё, якое сказаў: я ўступіў на месца Давіда, бацькі майго, і сеў на троне Ізраілевым, як сказаў Гасподзь, і пабудаваў дом імя Госпада Бога Ізраілевага.
І споўніў ГОСПАД слова Сваё, якое прамовіў, і я стаў на месца Давіда, бацькі майго, і сеў на пасадзе Ізраіля, як сказаў ГОСПАД, і пабудаваў Дом для імя ГОСПАДА, Бога Ізраіля.
І я паставіў там каўчэг, у якім запавет Госпада, заключаны Ім з сынамі Ізраілевымі.
І я паставіў там Каўчэг, у якім запавет ГОСПАДА, які заключыў Ён з сынамі Ізраіля».
І стаў Саламон каля ахвярніка Гасподняга наперадзе ўсяго сходу Ізраільцянаў, і падняў рукі свае,
І стаў ён перад ахвярнікам ГОСПАДА насупраць усёй царквы Ізраіля, і выцягнуў рукі свае,
бо Саламон зрабіў медны амвон даўжынёю ў пяць локцяў і шырынёю ў пяць локцяў, а вышынёю ў тры локці, і паставіў яго сярод двара; і стаў на ім і схіліў калені наперадзе ўсяго сходу Ізраільцянаў, і падняў рукі свае да неба,
бо Салямон зрабіў амбону мядзяную і паставіў яе сярод панадворку; даўжыня ейная пяць локцяў, і шырыня ейная пяць локцяў, і вышыня ейная тры локці. І ён стаў на ёй, і ўпаў на калені свае насупраць усёй царквы, і выцягнуў рукі свае да неба,
і сказаў: Госпадзе Божа Ізраілеў! Няма Бога, падобнага на Цябе, ні на небе, ні на зямлі. Ты захоўваеш запавет і літасьць да рабоў Тваіх, якія ходзяць прад Табою ўсім сэрцам сваім:
і сказаў: «ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля! Няма Бога, падобнага да Цябе, ані ў небе, ані на зямлі. Ты захоўваеш запавет і міласэрнасьць да слугаў Тваіх, якія ходзяць перад абліччам Тваім усім сэрцам сваім.
Ты выканаў рабу Твайму Давіду, бацьку майму, што Ты гаварыў яму; што вымавіў Ты вуснамі Тваімі, тое ў дзень гэты выканаў рукою Тваёю.
Ты споўніў слузе Твайму Давіду, бацьку майму, тое, што Ты сказаў яму; што сказаў Ты вуснамі Тваімі, тое ў дзень гэты споўніў рукою Тваёй.
І сёньня, Госпадзе Божа Ізраілеў, выканай рабу Твайму Давіду, бацьку майму, тое, што Ты сказаў яму, кажучы: не перастанецца ў цябе муж, які сядзіць прад абліччам Маім на троне Ізраілевым. Калі толькі сыны Твае будуць назіраць за шляхамі сваімі, ходзячы паводле закону Майго так, як ты хадзіў прад Мною.
І цяпер, ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля, споўні слузе Твайму Давіду, бацьку майму, тое, што Ты сказаў яму, кажучы: “Ня будзе забраны ў цябе муж перад абліччам Маім, які сядзіць на пасадзе Ізраіля, калі толькі сыны твае будуць захоўваць шляхі свае, каб хадзіць паводле закону Майго так, як ты хадзіў перад абліччам Маім”.
І цяпер, Госпадзе Божа Ізраілеў, хай будзе правільнае слова Тваё, якое Ты сказаў рабу Твайму Давіду.
І цяпер, ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля, няхай будзе зьдзейсьнена слова Тваё, якое Ты сказаў слузе Твайму Давіду.
Сапраўды ці ж Богу жыць зь людзьмі на зямлі? Калі неба і нябёсы нябёсаў не ўмяшчаюць Цябе, тым меней храм гэты, які пабудаваў я.
Бо, сапраўды, ці Бог будзе жыць з чалавекам на зямлі? Калі неба і нябёсы нябёсаў ня могуць агарнуць Цябе, тым менш [можа] Дом гэты, які я пабудаваў.
Але паглядзі на малітву раба Твайго і на прашэньне яго, Госпадзе Божа мой, пачуй заклік і малітву, якою раб Твой моліцца прад Табою.
Але ўзглянь на малітву слугі Твайго і на маленьне ягонае, ГОСПАДЗЕ, Божа мой! Пачуй кліканьне і малітву, якімі слуга Твой моліцца перад абліччам Тваім.
Хай будуць вочы Твае адкрытыя на храм гэты ўдзень і ўначы, на месца, дзе Ты абяцаў пакласьці імя Тваё, каб чуць малітву, якою раб Твой будзе маліцца на месцы гэтым.
Няхай будуць вочы Твае адчыненыя на Дом гэты ўдзень і ўначы, на месца, пра якое Ты сказаў, што імя Тваё пакладзеш там, каб чуць малітву, якою слуга Твой будзе маліцца на месцы гэтым.
Пачуй маленьні раба Твайго і народу Ізраіля, якімі яны будуць маліцца на месцы гэтым; пачуй месца пабытаваньня Твайго, зь нябёсаў, пачуй і памілуй.
І Ты пачуй маленьні слугі Твайго і народу Твайго Ізраіля, якімі яны будуць маліцца на месцы гэтым, пачуй з месца знаходжаньня Твайго, з нябёсаў, пачуй і прабач!
Калі хто зграшыў супроць блізкага свайго, і запатрабуюць ад яго клятвы, каб ён запрысягнуўся, і будзе ўчыняцца прысяга перад ахвярнікам Тваім у храме гэтым,
Калі саграшыць чалавек супраць бліжняга свайго, і будуць вымагаць ад яго прысягі, каб ён прысягнуў, і будзе адбывацца прысяга перад ахвярнікам Тваім у Доме гэтым,
тады Ты пачуй зь неба і ўчыні суд над рабамі Тваімі, дай вінаватаму, паклаўшы ўчынак на галаву ягоную, і апраўдай невінаватага паводле праўды ягонай.
Ты пачуй з неба, і зрабі, і судзі слугаў Тваіх, зьвяртаючы бязбожнаму, каб прыйшоў шлях ягоны на галаву ягоную, і апраўдваючы праведнага, даючы яму паводле праведнасьці ягонай.
Калі пабіты будзе народ Твой Ізраіль няпрыяцелем за тое, што зграшыў прад Табою, і яны павернуцца да Цябе, і вызнаюць імя Тваё, і будуць прасіць і маліцца прад Табою ў храме гэтым,
Калі народ Твой Ізраіль будзе пабіты перад абліччам ворага, бо ён саграшыў перад Табою, і яны навернуцца, і будуць славіць імя Тваё, і будуць маліцца, і будуць прасіць перад абліччам Тваім у Доме гэтым,
тады Ты пачуеш зь неба, і даруй грэх народу Твайго Ізраіля, і вярні іх у зямлю, якую Ты даў ім і бацькам іхнім.
Ты пачуй з неба, і прабач грэх народу Твайго Ізраіля, і вярні іх у зямлю, якую Ты даў ім і бацькам іхнім.
Калі зачыніцца неба і ня будзе дажджу за тое, што яны зграшылі прад Табою, і будуць маліцца на месцы гэтым, і вызнаюць імя Тваё, і адвернуцца ад грэху свайго, бо ты ўпакорыў іх,
Калі будзе замкнутае неба і ня будзе дажджу за тое, што яны саграшылі перад Табою, і будуць яны маліцца на месцы гэтым, і будуць славіць імя Тваё, і адвернуцца ад грахоў сваіх, бо Ты пакараў іх,
тады Ты пачуй зь неба і даруй грэх рабоў Тваіх і народу Твайго Ізраіля, паказаўшы ім добры шлях, па якім ісьці ім, і пашлі дождж на зямлю Тваю, якую Ты даў народу Твайму ў спадчыну.
Ты пачуй з неба і прабач грэх слугаў тваіх і народу Твайго Ізраіля, навучыўшы іх шляху добраму, па якім яны будуць ісьці, і пашлі дождж на зямлю Тваю, якую Ты даў народу Твайму ў спадчыну.
Ці голад будзе на зямлі, ці будзе пошасьць маравая, ці будзе вецер палючы ці іржа, саранча ці чарвяк, ці будуць цясьніць яго няпрыяцелі ягоныя на зямлі валоданьняў ягоных, ці будзе якое бедства, якая хвароба,
Калі будзе голад на зямлі, або будзе пошасьць, або будзе суша, або іржа, саранча або чэрві, або будуць прыгнятаць яго ворагі ягоныя ў зямлі, дзе брамы ягоныя, [або будзе] якая бяда ці якая хвароба,
усякую малітву, усякае прашэньне, якое будзе ад якога-небудзь чалавека альбо ад усяго народу Твайго Ізраіля, калі яны адчуюць кожны бедства сваё і гора сваё і працягнуць рукі свае да храма гэтага,
кожную малітву, кожнае маленьне, якое будзе ад нейкага чалавека альбо ад усяго народу Твайго Ізраіля, калі кожны з іх адчуе бяду сваю і гора сваё, і яны выцягнуць далоні свае да Дому гэтага,
Ты пачуй зь неба — месца пабытаваньня Твайго, і даруй, і аддай кожнаму паводле шляхоў ягоных, як Ты ведаеш сэрца ягонае, — бо Ты адзін ведаеш сэрца сыноў чалавечых,
Ты пачуй з неба, з месца знаходжаньня Твайго, і прабач, і дай кожнаму паводле ўсіх шляхоў ягоных, бо Ты ведаеш сэрца ягонае, бо толькі Ты ў сэрцы Тваім ведаеш сэрцы сыноў чалавечых,
каб яно баялася Цябе і хадзіла шляхамі Тваімі ва ўсе дні, пакуль жывуць на зямлі, якую Ты даў бацькам нашым.
каб яны баяліся Цябе і хадзілі шляхамі Тваімі ўсе дні, у якія жывуць яны на абліччы зямлі, якую Ты даў бацькам нашым.
Нават іншапляменец, які не ад народу Твайго Ізраіля, калі ён прыйдзе зь зямлі далёкай дзеля імя Твайго вялікага і рукі Тваёй магутнай і мышцы Тваёй працягнутай, і прыйдзе і будзе маліцца каля храма гэтага,
І таксама чужынец, які не з народу Твайго Ізраіля, калі ён прыйдзе з зямлі далёкай дзеля імя Твайго вялікага, і рукі Тваёй магутнай, і рамяна Твайго ўзьнятага, і прыйдзе, і будзе маліцца ў Доме гэтым,
Ты пачуй зь неба, зь месца пабытаваньня Твайго, і зрабі ўсё, пра што будзе прасіць у Цябе іншапляменец, каб у сьне народы зямлі ўведалі імя Тваё, і каб баяліся Цябе, як народ Твой Ізраіль, і ведалі, што Тваім імем называецца дом гэты, які пабудаваў я.
Ты пачуй з неба, з месца знаходжаньня Твайго, і зрабі ўсё, пра што будзе клікаць да Цябе чужынец, каб пазналі ўсе народы зямлі імя Тваё і каб баяліся Цябе, як народ Твой, Ізраіль, каб ведалі, што імя Тваё заклікаецца над Домам гэтым, які я пабудаваў.
Калі выйдзе народ Твой на вайну супроць няпрыяцеляў сваіх шляхам, якім Ты пашлеш яго, і будзе маліцца Табе, павярнуўшыся да горада гэтага, які выбраў Ты, і да храма, які я пабудаваў імю Твайму,
Калі выйдзе народ Твой на вайну супраць ворагаў сваіх шляхам, якім Ты пашлеш яго, і будзе маліцца Табе ў накірунку гораду гэтага, які Ты абраў, і Дому, які я пабудаваў для імя Твайго,
тады пачуй зь неба малітву іхнюю і прашэньне іхняе і зрабі, што трэба для іх.
Ты пачуй з неба малітву іхнюю і маленьне іхняе, і ўчыні суд для іх.
Калі яны зграшылі прад Табою, — бо няма чалавека, які не зграшыў бы, — і Ты прагневаешся на іх і аддасі іх ворагу, і завядуць іх тыя, што паланілі іх, у зямлю далёкую альбо блізкую,
Калі яны саграшаць перад Табою, бо няма чалавека, які не саграшыў бы, і Ты загневаешся на іх, і аддасі іх ворагам, і яны возьмуць іх у няволю ў зямлю далёкую або блізкую,
і калі яны ў зямлі, у якую будуць запаланёныя, увойдуць у сябе і будуць маліцца Табе ў зямлі палону свайго, кажучы: мы зграшылі, зрабілі беззаконьне, мы вінаватыя,
і калі яны схамянуцца ў сэрцы сваім у зямлі, у якую будуць палонены, і навернуцца, і будуць прасіць Цябе ў зямлі няволі сваёй, кажучы: “Мы саграшылі, правініліся і былі бязбожнікамі”,
і павернуцца да Цябе ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёю ў зямлі палону свайго, куды завядуць іх у палоне, і будуць маліцца, павярнуўшыся да зямлі сваёй, якую Ты даў бацькам іхнім, і да горада, які выбраў Ты, і да храма, які я пабудаваў імю Твайму,
і навернуцца да Цябе ўсім сэрцам сваім і ўсёй душою сваёй у зямлі няволі сваёй, у якой яны палонены, і будуць маліцца ў накірунку зямлі сваёй, якую Ты даў бацькам іхнім, і гораду гэтага, які Ты абраў, і Дому, які я пабудаваў для імя Твайго,
тады пачуй зь неба, зь месца пабытаваньня Твайго, малітву іхнюю і прашэньне іхняе, і зрабі, што трэба ім, і даруй народу Твайму, у чым ён зграшыў прад Табою.
Ты пачуй з неба, з месца знаходжаньня Твайго, малітву іхнюю і маленьне іхняе, і ўчыні суд для іх, і прабач народу Твайму, які саграшыў перад Табою.
Божа мой, хай будуць вочы Твае адкрытыя і вушы Твае ўважлівыя да малітвы на месцы гэтым.
Цяпер, Божа мой, няхай будуць вочы Твае адчыненыя і вушы Твае ўважлівыя да малітвы на месцы гэтым.
І сёньня, Госпадзе Божа, стань на месца спакою Твайго, Ты і каўчэг магутнасьці Тваёй. Сьвятары Твае, Госпадзе Божа, хай апрануцца ў выратаваньне і падобнікі Твае хай усьцешацца дабротамі.
І цяпер, ГОСПАДЗЕ Божа, стань на [месца] супачынку Твайго, Ты і Каўчэг моцы Тваёй. Сьвятары Твае, ГОСПАДЗЕ Божа, няхай апрануцца ў збаўленьне, і сьвятыя Твае няхай радуюцца добраму.
Госпадзе Божа, не адвярні аблічча Твайго, спамяні міласьціны Давіду, рабу Твайму.
ГОСПАДЗЕ Божа! Не адвярні аблічча ад памазанца Твайго, узгадай пра міласэрнасьць для Давіда, слугі Твайго».