2 летапісаў 6 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Тады прамовіў Саламон: «Госпад сказаў, што будзе жыць у імгле;
 
Тады сказаў Салямон: «ГОСПАД сказаў, што Ён жыве ў імгле.

а я пабудаваў дом на пражыванне Табе, каб абжыўся Ты там навек».
 
А я пабудаваў Дом на пражываньне Табе і месца знаходжаньня Твайго на вякі».

І павярнуў цар твар свой, і дабраславіў усю супольнасць Ізраэля, — бо ўся супольнасць стаяла, чакаючы,
 
І павярнуў валадар аблічча сваё, і дабраславіў усю царкву Ізраіля, а ўся царква стаяла.

і сказаў: «Дабраславёны будзь, Госпадзе, Божа Ізраэля, Ты бо сказаў вуснамі Сваімі Давіду, бацьку майму, і на справе выканаў. Ты сказаў:
 
І ён сказаў: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Ізраіля, Які гаварыў вуснамі Сваімі Давіду, бацьку майму, і выканаў [гэта] рукамі Сваімі, кажучы:

“Ад таго дня, у якім вывеў Я народ мой з зямлі Егіпецкай, не выбраў я з усіх пакаленняў Ізраэля іншага горада для пабудавання дома, каб імя Маё ў ім прабывала, ды не выбраў нікога іншага, каб быў кіраўніком народа Майго Ізраэля,
 
“Ад дня, у які Я вывеў народ Мой з зямлі Эгіпецкай, Я ня выбраў гораду з усіх каленаў Ізраіля, каб пабудаваць дом, у якім было б імя Маё, і ня выбраў чалавека, які быў бы начальнікам народу Майго, Ізраіля,

але выбраў Я Ерузалім, каб прабывала імя Маё ў ім, ды выбраў Я Давіда, каб паставіць яго над народам Маім Ізраэлем”.
 
але Я выбраў Ерусалім, каб там было імя Маё, і выбраў Давіда, каб ён быў над народам Маім, Ізраілем”.

І калі бацька мой, Давід, хацеў збудаваць дом імю Госпада, Бога Ізраэля,
 
І было на сэрцы ў Давіда, бацькі майго, пабудаваць Дом для ГОСПАДА, Бога Ізраіля.

сказаў Госпад яму: “Калі такая была воля твая, каб пабудаваць дом імю Майму, добра, што ты маеш такую волю,
 
І ГОСПАД сказаў Давіду, бацьку майму: “Тое, што было на сэрцы тваім, каб пабудаваць Дом для імя Майго, добра ты зрабіў, што гэта ў сэрцы тваім.

але не ты пабудуеш дом, але сын твой, які выйдзе са сцёгнаў тваіх, ён пабудуе дом імю Майму”.
 
Толькі ты не пабудуеш Дом, але сын твой, які выйдзе са сьцёгнаў тваіх, ён пабудуе Дом для імя Майго”.

Такім чынам, выканаў затым Госпад прамову Сваю, якую сказаў, і я ўстаў па бацьку сваім, Давідзе, і сеў на пасадзе Ізраэля, як прадказаў Госпад, дый пабудаваў дом імю Госпада, Бога Ізраэля;
 
І споўніў ГОСПАД слова Сваё, якое прамовіў, і я стаў на месца Давіда, бацькі майго, і сеў на пасадзе Ізраіля, як сказаў ГОСПАД, і пабудаваў Дом для імя ГОСПАДА, Бога Ізраіля.

ды змясціў у ім каўчэг, у якім знаходзіцца прымірэнне Госпада, якое заключыў Ён з сынамі Ізраэля».
 
І я паставіў там Каўчэг, у якім запавет ГОСПАДА, які заключыў Ён з сынамі Ізраіля».

Такім чынам, стаў ён перад ахвярнікам Госпада насупраць усёй супольнасці ізраэльскай і выцягнуў рукі свае.
 
І стаў ён перад ахвярнікам ГОСПАДА насупраць усёй царквы Ізраіля, і выцягнуў рукі свае,

Зрабіў бо Саламон меднае падножжа і памясціў яго пасярод панадворка, а мела яно пяць локцяў даўжыні, і пяць локцяў шырыні, і тры локці вышыні, і стаў на яго; і затым, калі ўся супольнасць Ізраэля ўкленчыла і ўзняла рукі ў неба,
 
бо Салямон зрабіў амбону мядзяную і паставіў яе сярод панадворку; даўжыня ейная пяць локцяў, і шырыня ейная пяць локцяў, і вышыня ейная тры локці. І ён стаў на ёй, і ўпаў на калені свае насупраць усёй царквы, і выцягнуў рукі свае да неба,

ён сказаў: «Госпадзе, Божа Ізраэля, няма Бога, падобнага да Цябе, ані ў небе, ані на зямлі; Ты захоўваеш запавет і міласэрнасць з паслугачамі Тваімі, якія ходзяць перад Табою са шчырым сэрцам сваім,
 
і сказаў: «ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля! Няма Бога, падобнага да Цябе, ані ў небе, ані на зямлі. Ты захоўваеш запавет і міласэрнасьць да слугаў Тваіх, якія ходзяць перад абліччам Тваім усім сэрцам сваім.

Ты даў паслугачу Твайму Давіду, бацьку майму, усё, што толькі сказаў яму, ды тое, што вуснамі прырок, на справе выканаў, як і сённяшні час пацвярджае.
 
Ты споўніў слузе Твайму Давіду, бацьку майму, тое, што Ты сказаў яму; што сказаў Ты вуснамі Тваімі, тое ў дзень гэты споўніў рукою Тваёй.

Дык цяпер, Госпадзе, Божа Ізраэля, стрымай абяцанне паслугачу Твайму Давіду, бацьку майму, што яму даў, кажучы: “Не будзеш ты пазбаўлены нашчадка перада Мною, які мае сядзець на пасадзе Ізраэля, але толькі тады, калі сыны твае будуць пільнаваць дарогі свае і трымацца закону Майго, як і ты спраўляўся перада Мною”.
 
І цяпер, ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля, споўні слузе Твайму Давіду, бацьку майму, тое, што Ты сказаў яму, кажучы: “Ня будзе забраны ў цябе муж перад абліччам Маім, які сядзіць на пасадзе Ізраіля, калі толькі сыны твае будуць захоўваць шляхі свае, каб хадзіць паводле закону Майго так, як ты хадзіў перад абліччам Маім”.

Дык цяпер, Госпадзе, Божа Ізраэля, хай здзейсніцца слова Тваё, якое Ты сказаў паслугачу Твайму Давіду!
 
І цяпер, ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля, няхай будзе зьдзейсьнена слова Тваё, якое Ты сказаў слузе Твайму Давіду.

Ці ж можна паверыць, што Бог будзе жыць на зямлі разам з людзьмі? Калі неба і нябёсы нябёсаў не могуць Цябе ахапіць, то тым болей дом гэты, які я пабудаваў!
 
Бо, сапраўды, ці Бог будзе жыць з чалавекам на зямлі? Калі неба і нябёсы нябёсаў ня могуць агарнуць Цябе, тым менш [можа] Дом гэты, які я пабудаваў.

Але заўваж прамову паслугача Твайго і мальбу яго, Госпадзе, Божа мой, ды выслухай покліч і просьбы, якія выявіў паслугач Твой перад Табою,
 
Але ўзглянь на малітву слугі Твайго і на маленьне ягонае, ГОСПАДЗЕ, Божа мой! Пачуй кліканьне і малітву, якімі слуга Твой моліцца перад абліччам Тваім.

каб вочы Твае днём і ноччу глядзелі на дом гэты, на месца, якое Ты выбраў, каб пакінуць імя Тваё і каб выслухаць мальбу, якую паслугач Твой вымаўляе там.
 
Няхай будуць вочы Твае адчыненыя на Дом гэты ўдзень і ўначы, на месца, пра якое Ты сказаў, што імя Тваё пакладзеш там, каб чуць малітву, якою слуга Твой будзе маліцца на месцы гэтым.

Ды выслухай просьбы паслугача Твайго і народа Твайго Ізраэля, калі будуць маліцца на гэтым месцы; пачуй з жытла Твайго, з неба — выслухай і будзь літасцівы!
 
І Ты пачуй маленьні слугі Твайго і народу Твайго Ізраіля, якімі яны будуць маліцца на месцы гэтым, пачуй з месца знаходжаньня Твайго, з нябёсаў, пачуй і прабач!

Калі хто зграшыць супраць блізкага свайго, і той пакліча яго да прысягі, каб ён прысягнуў перад абліччам Твайго ахвярніка ў гэтым доме, —
 
Калі саграшыць чалавек супраць бліжняга свайго, і будуць вымагаць ад яго прысягі, каб ён прысягнуў, і будзе адбывацца прысяга перад ахвярнікам Тваім у Доме гэтым,

тады выслухай Ты з неба і зрабі суд над паслугачамі Тваімі, каб павярнуць ліха ліхога чалавека на яго ўласную галаву і каб адпомсціць за справядлівага чалавека, адплачваючы яму за яго справядлівасць.
 
Ты пачуй з неба, і зрабі, і судзі слугаў Тваіх, зьвяртаючы бязбожнаму, каб прыйшоў шлях ягоны на галаву ягоную, і апраўдваючы праведнага, даючы яму паводле праведнасьці ягонай.

Калі народ Твой, Ізраэль, спасцігне паражэнне ад непрыяцеляў дзеля таго, што зграшыў Табе, і яны навернуцца ды будуць славіць імя Тваё, і ўмаляць, і прасіць у гэтай святыні,
 
Калі народ Твой Ізраіль будзе пабіты перад абліччам ворага, бо ён саграшыў перад Табою, і яны навернуцца, і будуць славіць імя Тваё, і будуць маліцца, і будуць прасіць перад абліччам Тваім у Доме гэтым,

то Ты выслухай у небе і даруй грэх Твайго народа, Ізраэля, ды прывядзі іх зноў у край, які Ты даў ім і бацькам іх.
 
Ты пачуй з неба, і прабач грэх народу Твайго Ізраіля, і вярні іх у зямлю, якую Ты даў ім і бацькам іхнім.

Калі зачыніцца неба і не будзе дажджу дзеля грахоў народа ды калі яны будуць прасіць Цябе ў гэтым месцы, і будуць прызываць імя Тваё, і адвернуцца ад грахоў сваіх, калі іх упакорыш, —
 
Калі будзе замкнутае неба і ня будзе дажджу за тое, што яны саграшылі перад Табою, і будуць яны маліцца на месцы гэтым, і будуць славіць імя Тваё, і адвернуцца ад грахоў сваіх, бо Ты пакараў іх,

выслухай іх з неба, Госпадзе, ды адпусці грахі паслугачоў Тваіх і народа Твайго Ізраэля, навучы іх добрай дарозе, якою хай ідуць, і дай дождж зямлі, якую даў Ты народу Твайму ва ўласнасць.
 
Ты пачуй з неба і прабач грэх слугаў тваіх і народу Твайго Ізраіля, навучыўшы іх шляху добраму, па якім яны будуць ісьці, і пашлі дождж на зямлю Тваю, якую Ты даў народу Твайму ў спадчыну.

Калі ўзнікне голад, і пошасць на зямлі, іржа і засуха, і саранча, і чэрві ды ворагі, знішчыўшы ваколіцы, асадзяць яе брамы, і ўсякая хвароба і немач будуць прыціскаць,
 
Калі будзе голад на зямлі, або будзе пошасьць, або будзе суша, або іржа, саранча або чэрві, або будуць прыгнятаць яго ворагі ягоныя ў зямлі, дзе брамы ягоныя, [або будзе] якая бяда ці якая хвароба,

і калі хто з народа Твайго Ізраэля будзе прасіць, прызнаючы кару і немач сваю, ды выцягне рукі свае да гэтага дома, —
 
кожную малітву, кожнае маленьне, якое будзе ад нейкага чалавека альбо ад усяго народу Твайго Ізраіля, калі кожны з іх адчуе бяду сваю і гора сваё, і яны выцягнуць далоні свае да Дому гэтага,

Ты выслухай з неба з месца прабывання Твайго, ды пашкадуй і аддай кожнаму па яго ўчынках, бо ведаеш сэрца яго; бо Ты адзіны, Хто ведаеш сэрцы сыноў чалавечых,
 
Ты пачуй з неба, з месца знаходжаньня Твайго, і прабач, і дай кожнаму паводле ўсіх шляхоў ягоных, бо Ты ведаеш сэрца ягонае, бо толькі Ты ў сэрцы Тваім ведаеш сэрцы сыноў чалавечых,

дык хай баяцца Цябе і ходзяць дарогамі Тваімі ва ўсе дні, у якія жывуць на паверхні зямлі, якую даў Ты бацькам нашым.
 
каб яны баяліся Цябе і хадзілі шляхамі Тваімі ўсе дні, у якія жывуць яны на абліччы зямлі, якую Ты даў бацькам нашым.

Таксама чужынца, які не належыць да народа Твайго ізраэльскага, калі прыйдзе ён з далёкага краю дзеля вялікага імя Твайго і дзеля рукі Тваёй магутнай ды рукі Тваёй выцягнутай і калі ён будзе маліцца ў гэтым месцы,
 
І таксама чужынец, які не з народу Твайго Ізраіля, калі ён прыйдзе з зямлі далёкай дзеля імя Твайго вялікага, і рукі Тваёй магутнай, і рамяна Твайго ўзьнятага, і прыйдзе, і будзе маліцца ў Доме гэтым,

выслухай Ты яго ў небе, самым трывалым месцы прабывання Твайго, і зрабі ўсё, дзеля чаго будзе прызываць Цябе той вандроўнік; хай пазнаюць усе народы на зямлі імя Тваё, ды хай баяцца Цябе, як народ Твой Ізраэль, і хай пазнаюць, што імя Тваё прызвана над гэтым домам, які я пабудаваў.
 
Ты пачуй з неба, з месца знаходжаньня Твайго, і зрабі ўсё, пра што будзе клікаць да Цябе чужынец, каб пазналі ўсе народы зямлі імя Тваё і каб баяліся Цябе, як народ Твой, Ізраіль, каб ведалі, што імя Тваё заклікаецца над Домам гэтым, які я пабудаваў.

Калі народ Твой выйдзе ў бой са сваімі непрыяцелямі дарогаю, якою пашлеш іх, ды будзе маліцца да Цябе, да выбранага Табою горада і дома, які збудаваў я для Твайго імя,
 
Калі выйдзе народ Твой на вайну супраць ворагаў сваіх шляхам, якім Ты пашлеш яго, і будзе маліцца Табе ў накірунку гораду гэтага, які Ты абраў, і Дому, які я пабудаваў для імя Твайго,

тады Ты выслухай з неба просьбы іх і мальбу, ды рассудзі іх справядліва.
 
Ты пачуй з неба малітву іхнюю і маленьне іхняе, і ўчыні суд для іх.

А калі яны зграшаць супраць Цябе — бо няма чалавека, які б не грашыў, — і Ты загневаешся на іх і аддасі ворагам, і яны іх, як нявольнікаў, павядуць у далёкую або блізкую зямлю,
 
Калі яны саграшаць перад Табою, бо няма чалавека, які не саграшыў бы, і Ты загневаешся на іх, і аддасі іх ворагам, і яны возьмуць іх у няволю ў зямлю далёкую або блізкую,

і яны навернуцца сэрцам сваім у той зямлі, у якую былі заведзены, будуць пакутаваць і маліць Цябе ў зямлі няволі сваёй і прызнавацца: “Зграшылі мы, ліха вялі сябе, несправядліва паступалі,” —
 
і калі яны схамянуцца ў сэрцы сваім у зямлі, у якую будуць палонены, і навернуцца, і будуць прасіць Цябе ў зямлі няволі сваёй, кажучы: “Мы саграшылі, правініліся і былі бязбожнікамі”,

калі звернуцца да Цябе ўсім сэрцам сваім і ўсёй душой сваёй у зямлі няволі сваёй, у якую былі заведзены, ды будуць умольваць Цябе адносна дарогі свайго жыцця, якую даў Ты бацькам іх, і горада, які выбраў, ды дома, які пабудаваў я імю Твайму,
 
і навернуцца да Цябе ўсім сэрцам сваім і ўсёй душою сваёй у зямлі няволі сваёй, у якой яны палонены, і будуць маліцца ў накірунку зямлі сваёй, якую Ты даў бацькам іхнім, і гораду гэтага, які Ты абраў, і Дому, які я пабудаваў для імя Твайго,

Ты выслухай з неба, з месца прабывання Твайго, іх просьбы і іх маленні і ўчыні суд ды адпусці народу Твайму, які зграшыў Табе;
 
Ты пачуй з неба, з месца знаходжаньня Твайго, малітву іхнюю і маленьне іхняе, і ўчыні суд для іх, і прабач народу Твайму, які саграшыў перад Табою.

бо Ты Бог мой. Хай адкрываюцца, малю, вочы Твае і хай вушы Твае будуць чуткімі да мальбы, якая ўзносіцца з гэтага месца.
 
Цяпер, Божа мой, няхай будуць вочы Твае адчыненыя і вушы Твае ўважлівыя да малітвы на месцы гэтым.

Дык цяпер, Госпадзе Божа, устань на месца супакою Твайго, Ты і каўчэг магутнасці Тваёй: Твае святары, Госпадзе Божа, хай апрануцца ў збаўленне і хай святыя Твае радуюцца дабром.
 
І цяпер, ГОСПАДЗЕ Божа, стань на [месца] супачынку Твайго, Ты і Каўчэг моцы Тваёй. Сьвятары Твае, ГОСПАДЗЕ Божа, няхай апрануцца ў збаўленьне, і сьвятыя Твае няхай радуюцца добраму.

Госпадзе Божа, не адварочвай аблічча ад Намашчэнца Твайго; памятай пра міласэрнасць да Давіда, паслугача Твайго».
 
ГОСПАДЗЕ Божа! Не адвярні аблічча ад памазанца Твайго, узгадай пра міласэрнасьць для Давіда, слугі Твайго».