2 летапісаў 28 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Ахаз меў дваццаць гадоў, калі стаў царом, і шаснаццаць гадоў цараваў у Ерузаліме. Не дзейнічаў справядліва перад абліччам Госпада, як Давід, бацька яго,
 
Дваццаць гадоў [было] Ахазу, калі ён пачаў валадарыць, і шаснаццаць гадоў ён валадарыў у Ерусаліме; і не рабіў ён таго, што слушнае ў вачах ГОСПАДА, як Давід, бацька ягоны.

але пайшоў дарогамі цароў Ізраэля. Прытым яшчэ адліваў статуі Баалам.
 
І хадзіў ён шляхамі валадароў Ізраілю, і нават зрабіў літыя балваны Баалаў.

Ён той, хто складаў ахвяры ўспалення ў лагчыне сыноў Гэнома і правёў сыноў сваіх праз агонь па агідных звычаях паганаў, якіх Госпад выдаліў перад сынамі Ізраэля.
 
І ён кадзіў у даліне Бэн-Гінном, і спаліў сыноў сваіх у агні паводле брыдотаў тых народаў, якіх выгнаў ГОСПАД перад абліччам сыноў Ізраіля.

І складаў таксама ахвяры крывавыя і кадзіла ўспальваў на ўзгорках, ды на ўзвышшах, ды пад кожным зялёным дрэвам.
 
І ён складаў ахвяры, і кадзіў на ўзвышшах і на ўзгорках, і пад кожным дрэвам зялёным.

І аддаў яго Госпад, Бог яго, у рукі цара Сірыі, які пабіў яго і многіх ад яго ўзяў у палон ды павёў у Дамаск. Ён таксама быў выдадзены ў рукі цара Ізраэля ды паражоны быў вялікаю плягаю.
 
І аддаў яго ГОСПАД, Бог ягоны, у рукі валадара Сірыі, і яны пабілі яго, і ўзялі ў яго ў палон шмат палонных, і завялі ў Дамаск. І таксама ў руку валадара Ізраіля ён быў аддадзены, і той ударыў яго паразай вялікаю.

Бо Фацэй, сын Рамэліі, у адзін дзень забіў сто дваццаць тысяч з юдэяў — усіх баявых ваяроў, таму што яны адвярнуліся ад Госпада, Бога бацькоў сваіх.
 
І забіў Пэках, сын Рэмаліі, у Юдзе сто дваццаць тысячаў за адзін дзень, а ўсе яны — людзі мужныя, бо яны пакінулі ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх.

У той жа час Зэхры, дужы мужчына з Эфраіма, забіў Маасію, сына цара, і Эзрыку, загадчыка палаца, а таксама Элькану, другога чалавека пасля цара.
 
І забіў ён Зіхры, волата з Эфраіму, Маасэю, сына валадара, Азрыкама, кіраўніка дому, і Элькану, другога пасьля валадара.

І сыны Ізраэля ўзялі ў няволю ў братоў сваіх дзвесце тысяч жанчын, юнакоў і дзяўчат і надта вялікую здабычу, і пераправілі ўсё ў Самарыю.
 
І ўзялі сыны Ізраіля ў палон у братоў сваіх дзьвесьце тысячаў жанчынаў, сыноў і дачок; і таксама шмат здабычы нарабавалі ў іх, і завезьлі здабычу ў Самарыю.

А быў тады там прарок Госпадаў на імя Адэд, які выйшаў насустрач войску, што ішло ў Самарыю, ды сказаў ім: «Вось, Госпад, Бог бацькоў вашых, разгневаўся на Юдэю і аддаў іх у вашы рукі, і забілі іх страшэнна, так што да неба дайшла ваша лютасць.
 
І там быў прарок ГОСПАДА, імя ягонае — Адэд. І выйшаў ён перад аблічча войска, якое ўваходзіла ў Самарыю, і сказаў ім: «Вось, ГОСПАД, Бог бацькоў вашых, у гневе на Юду аддаў іх у руку вашую, і вы забілі іх з лютасьцю, якая дайшла да неба.

Звыш таго, хочаце вы ўзяць сыноў Юды і Ерузаліма ў нявольнікі і нявольніцы. Аднак ці вы самі не без віны перад Госпадам, Богам вашым?
 
І цяпер вы думаеце мець сыноў Юды і Ерусаліму як слугаў і нявольнікаў. А ці самі вы ня маеце правіны перад ГОСПАДАМ, Богам вашым?

Дык паслухайце маёй парады і вярніце ўзятых у палон, якіх вы прывялі ад братоў вашых, бо страшнае абурэнне Госпада пагражае вам».
 
І цяпер паслухайце мяне, і вярніце палонных, якіх вы ўзялі ў палон з братоў вашых; бо полымя гневу ГОСПАДА [прыйдзе] на вас».

Такім чынам, паўсталі некаторыя мужы паміж кіраўнікоў сыноў Эфраіма: Азарыя, сын Ёганана, Барахія, сын Масаламота, Эзэкія, сын Сэлума, і Амаса, сын Адалі, — супраць тых, якія вярталіся з вайны,
 
І ўсталі некаторыя з галоваў сыноў Эфраіма: Азарыя, сын Егаханана, Бэрэхія, сын Мэшылемота, Эхізкія, сын Шальлюма, і Амаса, сын Хадлая, насупраць тых, што вярталіся з вайны,

ды сказалі ім: «Не ўводзьце сюды палонных, бо да віны, якая ўжо ляжыць на нас перад Госпадам, хочаце дадаць, апрача грахоў нашых, большую віну. Вялікая бо віна наша, і гнеў абурэння Госпада — на Ізраэль».
 
і сказалі ім: «Ня ўводзьце сюды палонных, бо гэта будзе нам правіна перад ГОСПАДАМ, якую вы думаеце дадаць да грахоў нашых і да правінаў нашых. Бо вялікая правіна наша, і полымя гневу [Божага] над Ізраілем».

Ды адпусцілі ваяры палонных і здабычу пакінулі перад кіраўнікамі ды ўсёю супольнасцю.
 
І ўзброеныя пакінулі палонных і здабычу перад абліччам князёў і ўсёй царквы [Ізраіля].

І пайменна названыя людзі ўзялі палонных, і ўсіх, што былі голымі, апранулі са здабычы. І калі апранулі іх, і абулі, і накармілі, і напаілі, і намазалі алеем, то клапатліва павыводзілі іх, нават пасадзілі на аслоў усіх слабых ды адправілі ў Ерыхон, горад Пальмаў, да іх братоў. І самі яны вярнуліся ў Самарыю.
 
І ўсталі мужы, якіх вызначылі па імёнах, і ўзялі палонных, і ўсіх голых з іх апранулі са здабычы, і апранулі іх, і абулі, і далі ім есьці, і далі ім піць, і памазалі [раны] іх, і пасадзілі на аслоў усіх кволых, і завялі іх у Ерыхон, горад пальмаў, да братоў іхніх, і вярнуліся ў Самарыю.

У той час паслаў Ахаз пасланцоў да цара асірыйцаў, просячы дапамогі.
 
У той час паслаў валадар Ахаз да валадароў Асірыі, каб яны дапамаглі яму.

Бо ідумейцы напалі, і пабілі юдэяў, і ўзялі палонных.
 
І зноў прыйшлі Эдомцы, і пабілі [шмат] у Юдзе, і ўзялі ў палон.

Таксама філістынцы напалі на гарады Юдэі Сэфэлу і Нагэб, і захапілі Бэтсамэс, і Аялон, і Гадэрот, таксама Соха з ваколіцамі яго, і Тамну, і Гамзо з ваколіцамі іх ды абжыліся ў іх.
 
А Філістынцы напалі на гарады Шэфэлі і Нэгеву Юдэйскага, і ўзялі Бэт-Шэмэш, Аялон і Гедэрот, Сахо і вёскі ейныя, Тымну і вёскі ейныя, Гімзо і вёскі ягоныя, і пасяліліся там,

Упакорыў бо Госпад Юдэю дзеля Ахаза, цара Юдэі, таму што ён разбэсціў народ і зняважыў Госпада.
 
бо прынізіў ГОСПАД Юду з прычыны Ахаза, валадара Ізраіля, бо ён разкелзаў Юду і нявернасьцю стаў няверным ГОСПАДУ.

І пайшоў на яго цар асірыйцаў Тыглатпаласар, які пакрыўдзіў яго, а не дапамог.
 
І прыйшоў да яго Тыглят-Пільнэсэр, валадар Асірыі, і прыціснуў яго, а не ўмацаваў яго,

Бо Ахаз, абрабаваўшы дом Госпада і палац цара і кіраўнікоў, паднёс падарункі цару асірыйцаў, але гэта яму не дапамагло.
 
бо Ахаз узяў частку [маёмасьці] Дому ГОСПАДА і дому валадарскага і князёў, і аддаў валадару Асірыі, але не [прынесла гэта] дапамогі яму.

Звыш таго, у час бяды сваёй ён, як раней, зневажаў Госпада. Ён — цар Ахаз.
 
І ў часе ўціску свайго валадар Ахаз павялічваў нявернасьць ГОСПАДУ,

Сам цар Ахаз складаў ахвяры багам Дамаска, сваім забойцам, і казаў: «Багі цароў Сірыі дапамагаюць ім; буду і я складаць ім ахвяры, і яны дапамогуць мне», хаця, наадварот, былі яны на загубу яму і ўсяму Ізраэлю.
 
і складаў ахвяры багам Дамаску, якія пабілі яго, і казаў: «Богі валадароў Сірыі дапамагаюць ім, і я буду складаць ахвяры ім, і яны дапамогуць мне». Але яны былі на спатыкненьне яму і ўсяму Ізраілю.

Такім чынам, Ахаз, забраўшы ўсе пасудзіны дома Божага і пабіўшы іх, замкнуў брамы дома Божага і паставіў сабе ахвярнікі па ўсіх закутках Ерузаліма.
 
І сабраў Ахаз начыньні Дому Божага, і пасек начыньні Дому Божага, і замкнуў дзьверы Дому ГОСПАДА, і зрабіў сабе ахвярнікі ў-ва ўсіх кутах Ерусаліму,

Таксама ў кожным горадзе Юдэі пабудаваў узгоркі, каб успальваць ахвяры чужым багам, чым прагнявіў Госпада, Бога сваіх бацькоў.
 
і ў-ва ўсіх гарадах Юды зрабіў узвышшы, каб кадзіць іншым багам, і гнявіў ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх.

А іншыя дзеянні яго і ўсе справы, ранейшыя і апошнія, запісаны ў Кнізе цароў Юдэі і Ізраэля.
 
А іншыя дзеяньні ягоныя і ўсе ўчынкі ягоныя, першыя і апошнія, вось, яны запісаныя ў Кнізе валадароў Юды і Ізраілю.

І супачыў Ахаз са сваімі бацькамі, ды пахавалі яго ў горадзе Ерузаліме; але не паклалі яго ў грабніцах цароў Ізраэля. І па ім цараваў сын яго — Эзэкія.
 
І супачыў Ахаз з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе, у Ерусаліме; але ня ўнесьлі яго ў магілы валадароў Ізраіля. І пачаў валадарыць Эзэкія, сын ягоны, пасьля яго.