Захарыі 1 разьдзел
Кніга прарока Захарыі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
У восьмы месяц на другі год Дарыя прамовіў Госпад да прарока Захарыі, сына Барахіі, сына Адо, кажучы:
У восьмым месяцы, у другім годзе Дарыя было слова ГОСПАДА да Захарыі, сына Бэрэхіі, сына Іддо, прарока, кажучы:
«Загневаўся вельмі Госпад на бацькоў вашых.
«Загневаўся гневам ГОСПАД на бацькоў вашых.
Ды скажы ім: гэта кажа Госпад Магуццяў: “Звярніцеся да Мяне, — кажа Госпад Магуццяў. —
І ты скажы ім: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Павярніцеся да Мяне, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, і Я павярнуся да вас, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.
Не будзьце, як бацькі вашы, якіх заклікалі даўнейшыя прарокі і казалі: “Пакіньце шляхі вашы ліхія і намеры вашы благія, — гэта кажа Госпад Магуццяў”; і яны не паслухалі і не звярнулі ўвагі на Мяне, — кажа Госпад. —
Ня будзьце як бацькі вашыя, да якіх клікалі прарокі, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Адвярніцеся, прашу, ад шляхоў сваіх злых і ад учынкаў сваіх злых; але яны ня слухалі і не зважалі на Мяне, кажа ГОСПАД”.
Дзе цяпер бацькі вашы? Ды ці ж прарокі жывуць вечна?”
Бацькі вашыя, дзе яны? І прарокі ці жывуць вечна?
А ўсё ж такі ці ж словы Мае і загады Мае, якія даручыў Я слугам Маім, прарокам, ці ж не закранулі яны бацькоў вашых? І яны навярнуліся і казалі: “Як маніўся Госпад Магуццяў зрабіць з намі адносна паводзін нашых і ліхоццяў нашых — так і зрабіў з намі”».
Толькі словы Мае і пастановы Мае, якія Я загадаў слугам Маім прарокам, ці не дасягалі бацькоў вашых? І яны навярнуліся, і сказалі: “Як ГОСПАД Магуцьцяў думаў зрабіць нам паводле шляхоў нашых і паводле ўчынкаў нашых, так і зрабіў нам”».
У дваццаць чацвёрты дзень адзінаццатага месяца, гэта значыць месяца Тэбэт, у другі год Дарыя Госпад прамовіў да прарока Захарыі, сына Барахіі, сына Адо, кажучы:
У дваццаць чацьвёрты дзень адзінаццатага месяца, гэта месяц Шэват, у другім годзе Дарыя было слова ГОСПАДА да Захарыі, сына Бэрэхіі, сына Іддо, прарока, кажучы:
«Бачанне меў я ноччу: і вось, коннік на рыжым кані стаяў сярод міртаў у лагчыне; і за ім коні рыжыя, рабыя і белыя.
«Я бачыў у гэтую ноч; і вось, муж едзе на кані чырвоным, ён стаіць паміж міртаў, якія ў нізіне, а за ім коні чырвоныя, рудыя і белыя.
І я запытаўся: “Што значаць яны, гаспадару мой?” І анёл загаварыў са мной, і сказаў мне: “Я растлумачу табе, што яны азначаюць”.
І я сказаў: “Што гэта, Госпадзе мой?” І сказаў мне анёл, які гаварыў са мною: “Я пакажу табе, што гэта”.
І сказаў коннік, які стаяў сярод міртаў, гэтыя словы: “Гэта, вось, тыя, каго Госпад паслаў абысці зямлю”.
І адказаў муж, які стаяў паміж міртаў, і сказаў: “Гэта тыя, якіх паслаў ГОСПАД абыйсьці зямлю”.
І яны адказалі анёлу Госпадаваму, які стаяў сярод міртаў, і паведамілі: “Абышлі мы зямлю, і вось, уся зямля абжытая і жыве спакойна”.
І адказалі яны анёлу ГОСПАДА, які стаяў паміж міртаў, і сказалі: “Мы абыйшлі зямлю, і вось, уся зямля заселеная і ў супакоі”.
І сказаў анёл Госпадаў гэтыя словы: “Госпадзе Магуццяў, як доўга яшчэ Ты не злітуешся над Ерузалімам і гарадамі Юды, на якія загневаўся? Гэта сямідзесяты год”.
І адказаў анёл ГОСПАДА, і сказаў: “ГОСПАДЗЕ Магуцьцяў, калі Ты зьлітуешся над Ерусалімам і над гарадамі Юды, на якія Ты гневаешся ўжо семдзясят гадоў?”
Ды адказаў Госпад анёлу, які гаварыў да мяне, словамі добрымі, словамі суцяшальнымі.
І адказаў ГОСПАД анёлу, які гаварыў са мною, словы добрыя, словы пацяшальныя.
І анёл, які гаварыў да мяне, сказаў: “Абвясці: вось што кажа Госпад Магуццяў: “Любоў апякуючая ў Мяне да Ерузаліма і Сіёна з вялікай руплівасцю,
І сказаў мне анёл, які гаварыў са мною: “Клікай, кажучы: "Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Я раўную пра Ерусалім і пра Сыён рэўнасьцю вялікай.
але вялікім гневам Я гневаюся на пыхлівыя народы, бо Я крыху загневаўся, а яны павялічылі ліха”.
І гневам вялікім Я гневаюся на народы, якія ў супакоі, бо Я загневаўся крыху, а яны дапамагалі [рабіць] зло"”.
Таму вось што кажа Госпад: “Вяртаюся ў Ерузалім з міласэрнасцю. У ім будзе пабудаваны Мой дом, — кажа Госпад Магуццяў, — і грунтвага пройдзе над Ерузалімам”.
Дзеля гэтага кажа ГОСПАД: “Я зьвярнуся да Ерусаліму з літасьцю. Дом Мой будзе адбудаваны ў ім, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, і меральны шнур будзе расьцягнуты над Ерусалімам”.
Ды яшчэ абвяшчай: гэта кажа Госпад Магуццяў: “Зноў перапоўняцца гарады мае маёмасцю, і зноў пацешыць Госпад Сіён, і зноў абярэ Ерузалім”».
І зноў клікай, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Зноўку напоўняцца гарады Мае дабром, і зноў пацешыць ГОСПАД Сыён, і выбярэ ізноў Ерусалім”.
І зноў падняў я вочы свае і ўбачыў: і вось, чатыры рогі;
І ўзьняў я вочы мае, і ўбачыў, і вось, чатыры рогі.
і запытаўся я ў анёла, які гаварыў да мяне: «Што гэта?» І ён сказаў мне: «Гэта рогі, якія паразганялі Юду, і Ізраэль, і Ерузалім».
І я сказаў анёлу, які гаварыў са мною: “Што гэта?” І ён сказаў мне: “Гэта рогі, якія раскідалі Юду, Ізраіля і Ерусалім”.
І паказаў мне Госпад чатырох рамеснікаў;
І паказаў мне ГОСПАД чатырох рамесьнікаў.
і я запытаўся: «Што яны маюць рабіць?» Адказаў ён, кажучы: «Гэта рогі, якія паразганялі Юду, паасобна кожнага чалавека, каб ніводзін з іх не мог падняць галавы сваёй; а яны прыйшлі настрашыць іх, каб збіць рогі народаў, якія паднялі рог супраць зямлі Юды, каб расцярушыць яе».
І я сказаў: “Што яны прыходзяць рабіць?” І Ён сказаў, кажучы: “Гэта рогі, якія раскідалі Юду, так што ніхто не падняў галавы сваёй. А яны прыйшлі, каб стрывожыць іх, каб скрышыць рогі народаў, якія паднялі рог супраць зямлі Юды, каб раскідаць яе”.