Агея 2 разьдзел

Кніга прарока Агея
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Дваццаць першага дня сёмага месяца прамовіў Госпад праз Агея прарока гэтыя словы:
 
У сёмы месяц, у дваццаць першы дзень месяца, было слова ГОСПАДА праз Агея прарока, кажучы:

«Скажы Зарабабэлю, сыну Салаціэля, кіраўніку Юды, і першасвятару Ешуа, сыну Ёсэдэка, а таксама астатку народа:
 
«Скажы цяпер Зэрубабэлю, сыну Шэалтыэля, ваяводзе Юды, і Егошуа, сыну Егацадака, сьвятару вялікаму, і рэшце народу, кажучы:

“Ці застаўся хто ў вас, хто бачыў той дом у ранейшай яго славе? І як вы ўяўляеце яго цяпер? Ці не ёсць так, што ён у вачах вашых, як быццам нішто?
 
“Хто застаўся між вамі, што бачылі Дом гэты ў першай славе ягонай? І якім вы бачыце яго цяпер? Ці ня ёсьць ён у вачах вашых у параўнаньні з тым як нішто?

Але вось цяпер набярыся сілы, Зарабабэлю, — кажа Госпад, — набярыся сілы, першасвятару Ешуа, сыне Ёсэдэка, набярыцеся сілы, увесь народзе зямлі, — кажа Госпад Магуццяў, — ды вазьміцеся за працу, бо Я з вамі, — кажа Госпад Магуццяў, —
 
Але цяпер вось умацуйся, Зэрубабэлю, кажа ГОСПАД, і ўмацуйся, Егошуа, сын Егацадака, сьвятар вялікі, і ўмацуйся, увесь народ зямлі, кажа ГОСПАД, і рабіце; бо Я з вамі, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.

прымірэнне, якое заключыў з вамі, калі выходзілі вы з зямлі Егіпта, і Дух Мой прабываў сярод вас: дык не бойцеся!”
 
Паводле слова, якім Я ўмовіўся з вамі, калі вы выйшлі з Эгіпту, Дух Мой сярод вас. Ня бойцеся.

Бо вось што кажа Госпад Магуццяў: “Яшчэ адна хвілінка, і Я ўзварухну неба, і зямлю, і мора, і сухмень.
 
Бо гэтак кажа ГОСПАД Магуцьцяў: 'Яшчэ раз, і неўзабаве, Я ўзварухну неба і зямлю, мора і сухазем’е,

І страсяну ўсе народы, і прыйдуць мноствы ўсіх народаў, і напоўню дом гэты хвалою, — кажа Госпад Магуццяў.
 
і ўзварухну ўсе народы, і прыйдзе жаданьне ўсіх народаў, і напоўню Дом гэты славаю, кажа ГОСПАД Магуцьцяў'.

Маё срэбра і Маё золата, — кажа Госпад Магуццяў.
 
Маё срэбра і Маё золата, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.

Большай будзе слава дома гэтага новага, чым першага, — кажа Госпад Магуццяў, — і ў гэтым месцы дам Я супакой,” — кажа Госпад Магуццяў».
 
Большая будзе слава гэтага Дому апошняга, чым першага, кажа ГОСПАД Магуцьцяў; і на гэтым месцу Я дам супакой, кажа ГОСПАД Магуцьцяў”».

У дваццаць чацвёрты дзень дзевятага месяца, у другі год валадарання Дарыя прамовіў Госпад да прарока Агея, кажучы:
 
У дваццаць чацьвёрты дзень, у дзявяты месяц, у сёмы год Дарыя было слова ГОСПАДА да Агея прарока, кажучы:

гэта кажа Госпад Магуццяў: «Спытайся ў святароў пра закон і кажы:
 
«Гэтак кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Спытайся цяпер у сьвятароў пра Закон, кажучы:

“Калі будзе несці чалавек асвячонае мяса ў крысе адзення свайго і краем яго дакранецца да хлеба, або да чаго-небудзь варанага, або да віна, або да алею, або да якой-небудзь ежы, ці тады будзе асвячоны?”» На гэта ж святары адказалі: «Не».
 
"Калі хто нёс асьвячонае мяса ў крысе адзеньня свайго і дакрануўся крысом сваім да хлеба, або да стравы, або да віна, або да алею, або да якой ежы, ці будуць яны асьвячоныя?"”» І сьвятары адказалі: «Не».

Ды Агей запытаўся далей: «Калі апаганены трупам дакранецца да якой з гэтых рэчаў, ці будуць яны апаганены?» І святары адказалі і сказалі: «Будзе гэта нячыстым!»
 
І сказаў Агей: «А калі занячышчаны нябожчыкам дакранецца да нечага з гэтых [рэчаў], ці будуць яны нячыстымі?» І адказалі сьвятары, і сказалі: «Яны будуць нячыстымі».

І адказаў Агей, і казаў: «Такі гэта народ, і такое гэта племя перад абліччам Маім, — кажа Госпад, — і такая ўся дзейнасць рук іх, і ўсё, што складаюць там у ахвяру, апаганена».
 
І адказаў Агей, і сказаў: «Такія людзі гэтыя, і такі народ гэты перад абліччам Маім, кажа ГОСПАД, і такая кожная праца рук іхніх. Тое, што яны прыносяць у ахвяру, — нячыстае.

І зараз разважце ў сэрцах вашых ад гэтага дня і далей: перш чым пакласці камень на камень у святыні Госпада, чым вы былі?
 
А цяпер зьвярніце сэрцы вашыя адгэтуль і назад, перш, чым быў пакладзены камень на камяні ў сьвятыні ГОСПАДА.

Калі прыходзілі да стога, што мог прыносіць дваццаць мер, было толькі дзесяць; калі прыходзілі да выціскальні, каб выціснуць пяцьдзесят мер, было дваццаць.
 
Было, што калі хто прыходзіў да капы ў дваццаць [мераў], было там дзесяць; і калі хто прыходзіў да тоўчні, каб выціснуць пяцьдзясят [мераў] з тоўчні, было там дваццаць.

«Гэта Я гарачым ветрам, і засухай, і градам пакараў вас і ўсю працу рук вашых, і не знайшоўся ні адзін з вас, хто б навярнуўся да Мяне, — кажа Госпад.
 
Я караў вас сушаю, і іржою, і градам усю працу рук вашых, але вы не навярнуліся да Мяне, кажа ГОСПАД.

Разважце ў сэрцах вашых час ад гэтага дня і на будучыню, ад дваццаць чацвёртага дня дзевятага месяца, ад дня, калі быў пакладзены падмурак святыні Госпада; разважце ў сэрцах вашых.
 
Зьвярніце сэрцы вашыя адгэтуль і назад, ад дваццаць чацьвёртага дня дзявятага месяца, ад дня, у які закладзеная сьвятыня ГОСПАДА, зьвярніце сэрцы вашыя.

Ці ёсць яшчэ насенне ў свірнах? І ці ёсць яшчэ вінаград; і дрэва фігавае, і дрэва гранатавае, і дрэва аліўкавае ці далі плод? Ад гэтага дня буду Я дабраслаўляць!»
 
Ці ёсьць яшчэ насеньне ў сьвірне? Ці яшчэ вінаград, і дрэва фігавае, і дрэва гранатовае, і дрэва аліўнае давалі плод? Ад гэтага дня Я дабраслаўлю».

І другі раз прамовіў Госпад да Агея ў дваццаць чацвёрты дзень месяца, кажучы:
 
І было слова ГОСПАДА другі раз да Агея ў дваццаць чацьвёрты дзень таго самага месяца, кажучы:

«Скажы Зарабабэлю, правіцелю Юды, кажучы: “Я ўстрасу неба і разам зямлю,
 
«Скажы Зэрубабэлю, ваяводзе Юды, кажучы: “Я ўзварухну неба і зямлю;

і перавярну пасад царстваў, і сатру магутнасць царстваў народаў, і перавярну калясніцу і яе вершнікаў; і ўпадуць коні і іх коннікі, кожны пакараны мечам брата свайго.
 
Я перавярну пасады валадарстваў, і выгублю моц валадарстваў паганаў, і перавярну калясьніцы і тых, якія едуць у іх, і паваляцца коні і вершнікі іхнія, кожны ад мяча брата свайго.

У той дзень, — кажа Госпад Магуццяў, — вазьму цябе, слуга Мой Зарабабэлю, сыне Салаціэля, — кажа Госпад, — і зраблю з цябе як бы пячаць, бо выбраў цябе”, — кажа Госпад Магуццяў».
 
У той дзень, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Я вазьму цябе, Зэрубабэлю, сыне Шэалтыэля, слугу Майго, кажа ГОСПАД, і зраблю цябе, як пячатку, бо Я выбраў цябе, кажа ГОСПАД Магуцьцяў”».