Ісаі 1 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Бачанне Ісаі, сына Амоса, якое бачыў ён адносна Юды і Ерузаліма ў дні Озіі, Ёатама, Ахаза і Эзэкіі, цароў Юдэйскіх.
Відзеж Ісаі, сына Амоса, які ён бачыў адносна Юды і Ерусаліму ў дні Узіі, Ётама, Ахаза і Эзэкіі, валадароў Юды.
Слухайце, нябёсы, і ты, зямля, настаў вушы, бо Госпад прамаўляе: «Выкарміў сыноў і ўзвысіў, а яны пайшлі супраць Мяне.
Слухайце, нябёсы, і ты, зямля, прыхілі вушы, бо ГОСПАД прамаўляе: «Я выкарміў сыноў і ўзгадаваў іх, а яны пайшлі супраць Мяне.
Вол пазнае гаспадара свайго, і асёл — стойла ўласніка свайго, а Ізраэль не пазнаў, народ Мой не зразумеў.
Вол ведае гаспадара свайго, і асёл — жолаб уласьніка свайго, а Ізраіль ня ведае [Мяне], народ Мой не разумее».
Гора народу грэшнаму, народу, абцяжаранаму беззаконнем, племю разбэшчанаму, дзецям пагібельным! Яны пакінулі Госпада, пагардзілі Святым Ізраэлевым, павярнуліся спіной.
Гора табе, народ грэшны, народ, абцяжараны беззаконьнем, насеньне ліхадзейскае, сыны сапсутасьці! Вы пакінулі ГОСПАДА, пагардзілі Сьвятым Ізраіля, павярнуліся сьпінай [да Яго].
Дзе вас яшчэ ўдарыць, калі множыце злачынствы? Уся галава хворая, і ўсё сэрца млоснае;
Дзе вас яшчэ ўдарыць, калі вы множыце злачынствы? Уся галава хворая, і ўсё сэрца млоснае;
ад ступні нагі аж да чуба галавы няма на ім месца здаровага: раны, і сінякі, і апухлыя шнары, не агледжаныя, не перавязаныя і алеем не злагоджаныя.
ад стапы нагі аж да чубу галавы няма на ім месца здаровага, раны і сінякі, і апухлыя шнары, не агледжаныя, не перавязаныя, і алеем не злагоджаныя.
Зямля ваша спустошана, гарады вашы агнём папалены: чужынцы топчуць палеткі вашы на вачах вашых; і апусцела, як па знішчэнні варожым.
Зямля вашая спустошана, гарады вашыя агнём папалены; чужынцы топчуць палеткі вашыя на вачах вашых; спусташэньне як пасьля зьнішчэньня Садому.
Дачка Сіёна пакінута, як палатка ў вінаградніку, як шалаш у агародзе, як горад у аблозе».
Дачка Сыёну пакінута як намёт у вінаградніку, як будан у агародзе, як горад у аблозе.
Калі б Госпад Магуццяў не пакінуў нам семя, сталіся б мы, як Садом, былі б падобныя да Гаморы.
Калі б ГОСПАД Магуцьцяў не пакінуў нам рэшты, сталіся б мы як Садом, былі б падобныя да Гаморы.
Слухайце слова Госпада, князі садомскія, успрыміце вушамі закон Бога нашага, народ Гаморы!
Слухайце слова ГОСПАДА, князі Садомскія, пачуйце закон Бога нашага, народ Гаморы!
«Што Мне безліч ахвяр вашых? — кажа Госпад. — Я здаволены цэласпаленнямі бараноў і тлустасцю адкормленых жывёл; не хачу Я крыві цялячай, ані ягнячай, ані казлінай.
«Навошта Мне мноства ахвяраў вашых? — кажа ГОСПАД. — Я насычаны цэласпаленьнямі казлоў і тлустасьцю кормных цялятаў; кроў валоў, бараноў і казлоў Мне абрыдла.
Калі прыходзіце ў прысутнасць Маю, хто чакае гэтага з рук вашых і каб вы тапталі панадворак Мой?
Калі вы прыходзіце перад аблічча Маё, хто жадае, каб вы тапталі панадворак Мой?
Не складайце больш ахвяры пустой! Каджэнне абрыдла Мне, свята маладзіка, шабат, урачысты сход; не магу вытрываць злачынства побач са святочным зборышчам;
Не складайце больш ахвяраў пустых! Каджэньне абрыдла Мне. Сьвятаў маладзіка, суботаў і голасу сходаў не магу вытрываць, бо нягодныя ўрачыстасьці [вашыя].
брыдзіцца душа Мая вашымі святамі маладзіка і ўрачыстасцямі. Сталіся яны Мне цяжарам, мучуся, іх пераносячы!
Брыдзіцца душа Мая сьвятамі маладзіка і ўрачыстасьцямі вашымі. Яны сталіся Мне цяжарам, Я мучуся, іх пераносячы!
Калі выцягнеце рукі вашы, адвярну вочы Мае ад вас, і нават калі вы павялічыце малітвы, не выслухаю. Рукі бо вашы поўныя крыві.
Калі вы выцягваеце рукі, Я адварочваю вочы Мае ад вас, і нават калі павялічыце малітвы вашыя, ня выслухаю, бо рукі вашыя ў крыві.
Абмыйцеся, будзьце чыстымі! Прыміце ліхасць учынкаў вашых з вачэй Маіх! Перастаньце рабіць зло!
Абмыйцеся, будзьце чыстымі! Прыбярыце ліхоту ўчынкаў вашых з вачэй Маіх! Спыніцеся чыніць зло!
Навучыцеся рабіць дабро, рупцеся пра справядлівасць, дапамагайце пакрыўджанаму, заступайцеся за сірот, абараняйце ўдаву!
Навучыцеся рабіць дабро, рупцеся пра суд, дапамагайце пакрыўджанаму, абараняйце сіротаў, заступайцеся за ўдоваў!
Тады прыходзьце і давайце спрачацца па справядлівасці, — кажа Госпад. — Хоць бы грахі вашы былі, як пурпур — як снег, пабялеюць; хоць бы былі чырвоныя, як кармазын, — стануцца белымі, як воўна.
Тады прыходзьце і спрачайцеся са Мною, — кажа ГОСПАД. Хоць бы грахі вашыя былі, як пурпур, як сьнег стануцца белымі; хоць бы былі чырвоныя, як кармазын, стануцца як воўна.
Калі захочаце і будзеце слухаць Мяне, будзеце спажываць даброцці зямлі.
Калі вы скарыцеся і будзеце слухаць Мяне, будзеце спажываць даброцьці зямлі.
А калі не захочаце і Мяне давядзеце да гневу, вынішчыць вас меч, бо так сказалі вусны Гоcпада!»
А калі адмовіцеся і ня будзеце слухаць, вынішчыць вас меч, бо гэта сказалі вусны ГОСПАДА!»
Як жа гэта горад верны, поўны праўды, стаўся распусным? Справядлівасць пражывала ў ім, а цяпер, вось, забойцы.
Як стаўся распусьніцай горад верны, поўны суду? Праведнасьць жыла ў ім, а цяпер — забойцы.
Срэбра тваё стала вугалем, віно тваё змяшалася з вадою.
Срэбра тваё сталася жужалем, віно зьмяшалася з вадою.
Князі твае няверныя, супольнікі зладзеяў; яны ўсе любяць дарункі і гоняцца за аднагародаю, а не спагадаюць сіраце, справа ўдоў да іх не даходзіць.
Князі твае — бунтаўнікі і супольнікі злодзеяў; яны ўсе любяць падарункі і гоняцца за хабарамі, а не спагадаюць сіраце, і справа ўдоваў іх не цікавіць.
Дзеля таго кажа Валадар, Госпад Магуццяў, Моцны Ізраэлеў: «О, пацешуся з ворагаў Маіх і буду патрабаваць помсты непрыяцелям Маім.
Дзеля гэтага так кажа Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў, Моцны Ізраіля: «Я буду цешыцца з супраціўнікаў Маіх, і адпомшчу ворагам Маім.
І павярну Я руку Маю на цябе, і выпалю ўсю чыста руду тваю, і аддзялю ўсё волава тваё.
І павярну руку Маю на цябе, і лугам ачышчу руду тваю, і прыбяру ўсё волава тваё.
І зноў зраблю суддзяў тваіх такімі, як былі раней, і радных тваіх, як былі ў даўнасці. Пасля таго назавуць цябе горадам справядлівасці, сталіцай вернай».
І ўзнаўлю судзьдзяў тваіх, як былі раней, і раднікаў тваіх — як было на пачатку. Тады назавуць цябе Горадам Праведнасьці, Цьвярдыняй вернай».
Сіён адкупіцца законнасцю, а тыя, хто ў ім навярнуліся, — справядлівасцю;
Сыён будзе выбаўлены праз правасудзьдзе, а тыя, што навернуцца ў ім — праз праведнасьць.
і будзе пагібель злачынцам і грэшнікам разам, і тыя, хто пакінулі Госпада, — будуць знішчаны.
І [будзе] загуба для адступнікаў і грэшнікаў, і тыя, што пакідаюць ГОСПАДА, загінуць.
Сапраўды, сорамна будзе вам дзеля тэрэбінітаў, на якія любуецеся, і засаромеецеся дзеля садоў, якія сабе выбралі.
Бо сорамна будзе вам дзеля дуброваў, якія вам падабаюцца, у ганьбе будзеце дзеля садоў, якія вы сабе выбралі.
Бо станецеся, як дуб з завялым лісцем ды як агарод без вады,
Бо вы станецеся як той дуб, лісьце якога ссохла, і як сад, у якім няма вады.
і станецца сіла ваша, як попел пакулля, і справа — як знічка, і загарацца абое разам, і не будзе каму тушыць».
І станецца дужы як зрэб’е, а праца ягоная — як зьнічка, і згараць яны разам, і ня будзе каму тушыць.