Ісаі 51 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Слухайце Мяне вы, якія ідзяце следам за справядлівасцю, якія шукаеце Госпада. Зважце на скалу, з якой вы высечаны, і на бяздонне ямы, з якой вы выцягнуты.
Слухайце Мяне вы, якія імкнецеся да праведнасьці, якія шукаеце ГОСПАДА. Паглядзіце на скалу, з якой вы высечаныя, і на глыбіню ямы, з якой вы выцягнутыя.
Зважце на Абрагама, бацьку вашага, ды на Сару, якая нарадзіла вас, бо паклікаў Я яго аднаго, і дабраславіў яго, і павялічыў яго.
Паглядзіце на Абрагама, бацьку вашага, і на Сару, якая нарадзіла вас, бо Я паклікаў яго аднаго і дабраславіў яго, і памножыў яго.
Бо суцяшае Госпад Сіён, суцяшае ўсе руіны яго, робіць пустыню яго — быццам Эдэн, а пустэчу яго — быццам сад Госпада. Знойдуцца ў ім радасць і весялосць, падзяка і гучанне спеваў.
Бо пацешыць ГОСПАД Сыён, пацешыць усе руіны ягоныя, і зробіць Ён пустыню ягоную як Эдэм, і стэп ягоны — як сад ГОСПАДА. І будуць знойдзены ў ім вясёласьць і радасьць, дзякаваньне і голас сьпяваньня.
Звярні ўвагу, людзе Мой, і, народы, паслухайце Мяне, бо закон выйдзе ад Мяне і прысуд Мой пастаўлю як святло для народаў.
Паслухай Мяне, народзе Мой, племя Маё, прыхілі вуха да Мяне, бо Закон выйдзе ад Мяне, і суд Мой Я пастаўлю як сьвятло для народаў.
Блізка справядлівасць Мая, наблізілася збаўленне Маё, і рукі Мае будуць судзіць народы, на Мяне астравы будуць ускладаць надзею і лічыцца будуць з Маёй рукою.
Блізка праведнасьць Мая, выходзіць збаўленьне Маё, і рамяно Маё будзе судзіць народы; на Мяне чакаюць астравы і на рамяно Маё спадзяюцца.
Падыміце ўверх вочы свае і гляньце на зямлю зверху, бо нябёсы, як дым, разыдуцца, а зямля, як вопратка, сатрэцца, а жыхары яе загінуць, як і яна. Збаўленне ж Маё будзе вечным, а справядлівасць Мая не спыніцца.
Узьніміце да неба вочы свае і гляньце на зямлю ўнізе, бо неба, як дым счэзьне, і зямля як адзеньне распадзецца, і жыхары ейныя як камары пагінуць, а збаўленьне Маё будзе вечным, і праведнасьць Мая ня спыніцца.
Слухайце Мяне тыя, якія знаеце справядлівасць, народзе, у сэрцы якога — Мой закон: не бойцеся знявагі ад людзей ды не палохайцеся блюзнення іх.
Паслухайце Мяне вы, якія ведаеце праведнасьць, народ, у сэрцы якога Закон Мой. Ня бойцеся ганьбаваньня ад людзей і не палохайцеся зьнявагаў іхніх.
Бо, як вопратку, так іх з’есць чарвяк, і, як воўну, так зжарэ іх моль, справядлівасць жа Мая будзе вечная ды збаўленне Маё — з пакалення ў пакаленне».
Бо як адзеньне, зьесьць іх моль, і як воўну, зьесьць іх чарвяк, а праведнасьць Мая будзе вечная, і збаўленьне Маё — з пакаленьня ў пакаленьне.
Прабудзіся, прабудзіся! Адзенься ў магутнасць, рука Госпада! Прабудзіся, як у мінулыя дні, у пакаленнях вякоў. Ці ж не ты паразіла Рагаба, пакалечыла дракона?
Абудзіся, абудзіся! Апраніся ў магутнасьць, рамяно ГОСПАДА! Прабудзіся, як у дні старадаўнія, як у пакаленьнях [мінулых] вякоў. Ці ж ня Ты — Той, Які пасек Рагава, прабіў цмока?
Ці ж не ты высушыла мора, ваду страшэннага бяздоння, зрабіла дарогу з дна марскога, каб прайшлі вызваленыя?
Ці ж ня Ты — Той, Які высушыў мора, ваду вялікага бяздоньня, глыбіні мора зрабіў шляхам, каб ішлі адкупленыя?
І адкупленыя Госпадам вернуцца ды прыйдуць на Сіён з песнямі; і радасць вечная над іх галовамі, весялосць і радасць атрымаюць яны; уцячэ смутак і ўздыханне.
Так вызваленыя ГОСПАДАМ вернуцца і прыйдуць на Сыён са сьпяваньем; і радасьць вечная над галовамі іхнімі; і яны атрымаюць радасьць і вясёласьць, а смутак і ўздыханьне ўцякуць.
«Я, Я сам — Пацяшальнік ваш. Хто ты, што баішся чалавека смяротнага і сына чалавечага, які, як трава, высахне?
Я, Я — Той, Які пацяшае вас! Хто ты, што баішся чалавека, які памірае, і сына чалавечага, які як трава [высыхае]?
А забыўся ты на Госпада, Творцу свайго, Які распасцёр нябёсы і аснаваў зямлю; а ты ўсцяж баішся ўвесь дзень запальчывасці таго, хто цябе крыўдзіць, калі рыхтаваўся на загубу. Дзе ж тая цяпер запальчывасць крыўдзіцеля?
І ты забываешся пра ГОСПАДА, Які зрабіў цябе, Які расьцягнуў неба і заснаваў зямлю, і ты ўсьцяж, кожны дзень баішся гневу прыгнятальніка, які гатовы [цябе] загубіць. Але дзе той гнеў прыгнятальніка?
Палонны будзе хутка вызвалены, і не памрэ ў яме, і нястачы хлеба не адчуе.
Хутка палонны будзе вызвалены і не памрэ ў яме, і ня будзе бракаваць яму хлеба.
Я ж Госпад, Бог твой, Які турбуе мора, так што ўздымаюцца хвалі яго; Госпад Магуццяў — імя Маё.
Бо Я — ГОСПАД, Бог твой, Які ўзбурвае мора, і ўздымаюцца хвалі ягоныя, ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае.
Уклаў Я словы Мае ў вусны твае і ў засені рукі Сваёй схаваў цябе, перад тым як расцягваў нябёсы і асноўваў зямлю і калі казаў Сіёну: “Ты — мой народ!”»
І Я ўлажыў словы Мае ў вусны твае, і ў ценю рукі Маёй Я схаваў цябе, каб расьцягнуць неба і заснаваць зямлю, і сказаць Сыёну: «Ты — народ Мой!»
Прабудзіся, прабудзіся, устань, Ерузалім, які піў з рукі Госпада келіх гневу Яго; выпіў ты чару слабасці, напіўся,
Абудзіся, абудзіся, устань, Ерусалім, ты, які піў з рукі ГОСПАДА келіх гневу Ягонага, выпіў фуз з келіху ап’яненьня, выпіў да дна.
і няма нікога, хто б падтрымаў яго з ліку ўсіх сыноў, якіх нарадзіў, ды няма ніводнага, хто б узяў за руку яго з усіх сыноў, якіх ён выгадаваў.
Не было нікога, хто б падтрымаў яго. З усіх сыноў, якіх ён нарадзіў, і з усіх сыноў, якіх выгадаваў, не было ніводнага, хто б падтрымаў руку ягоную.
Дзве рэчы спаткалі цябе, хто пашкадуе цябе? Спусташэнне і загуба, голад і меч, а хто пацешыць цябе?
Вось, дзьве [бяды] спаткалі цябе, але хто пашкадуе цябе? Спусташэньне і загуба, голад і меч, і хто пацешыць цябе?
Сыны твае ляжаць непрытомныя, ляжаць на рагу ўсіх вуліц, як газэль у пастцы, поўныя гневу Госпадава, пагрозы Бога твайго.
Сыны твае зьнясіленыя, ляжаць на скрыжаваньнях усіх вуліцаў як сарна ў цянётах, поўныя гневу ГОСПАДА, пагрозаў Бога твайго.
Таму паслухай вось гэтага, бедненькая і п’яная, але не ад віна.
Дзеля гэтага паслухай гэта, гаротны і ап’янелы, але не ад віна.
Гэта кажа Валадар твой, Госпад і Бог твой, Які заступаецца за народ Свой: «Вось жа выняў з рукі тваёй келіх слабасці, чару абурэння Майго; не наважышся болей, каб піць з яго.
Гэта кажа Госпад твой, ГОСПАД, Бог твой, Які заступаецца за народ Свой: «Вось, Я забіраю з рукі тваёй келіх ап’яненьня, фуз з келіху гневу Майго, і ты ня будзеш больш піць яго.
А ўкладу яго ў рукі тых, якія паніжалі цябе і казалі табе: “Нахіліся, каб мы прайшлі!” І падстаўляў ты спіну сваю як зямлю і як дарогу для тых, хто праходзіць».
І Я дам яго ў рукі тых, якія прыгняталі цябе і казалі да душы тваёй: “Схіліся, каб мы прайшлі [па табе]!” І ты лажыў сьпіну тваю як зямлю і як вуліцу для тых, што праходзяць».