Ісаі 44 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Вось жа цяпер, слухай, Якубе, паслугач Мой, і ты, Ізраэлю, якога Я выбраў».
 
А цяпер паслухай, Якуб, слуга Мой, і ты, Ізраіль, якога Я выбраў.

Гэта кажа Госпад, Які стварыў цябе і ўфармаваў цябе ад улоння, Успаможца твой: «Не бойся, паслугач Мой Якубе, і ўмілаваны, якога Я выбраў.
 
Гэта кажа ГОСПАД, Які зрабіў цябе і ўкшталтаваў цябе ад улоньня [маці], Які дапамагае табе: «Ня бойся, слуга Мой, Якуб, і Ешурун, якога Я выбраў.

Бо разалью воды на зямлю сасмаглую ды рэкі на сухую, вылью ад Духа Майго на патомства тваё і дабраславенне Маё на нашчадкаў тваіх.
 
Бо Я выльлю воды на спрагнёнае і струмяні — на [зямлю] сухую. Я выльлю Духа Майго на насеньне тваё і дабраславенства Маё — на нашчадкаў тваіх.

І будуць расці паміж травы, як таполі паблізу цякучых водаў.
 
І будуць яны расьці між травы, як вербы пры цячэньні водаў.

Той скажа: “Я — Госпадаў”, а другі назавецца імем Якуба. А гэты напіша сваёю рукой: “Госпадаў”; і запішацца імем Ізраэль.
 
Адзін скажа: “Я — ГОСПАДАЎ”, а другі назавецца імем Якуба, іншы напіша на руцэ сваёй “Для ГОСПАДА”, і назавецца імем Ізраіля».

Гэта кажа Госпад, Валадар Ізраэля і Збаўца яго, Госпад Магуццяў: “Я — першы і Я — апошні, і, апроч Мяне, няма Бога.
 
Гэта кажа ГОСПАД, Валадар Ізраіля і Адкупіцель ягоны, ГОСПАД Магуцьцяў: «Я — першы, і Я — апошні, і акрамя Мяне няма Бога.

Хто падобны да Мяне? Хай пакліча і абвесціць, ды хай прадставіць Мне, з чаго ўсталяваў Я старадаўні народ; будучыню і тое, што мае быць, хай абвесціць нам.
 
Хто як Я? Няхай акажацца, няхай абвесьціць, няхай раскажа Мне, як Я заснаваў народ у [часах] старадаўніх, і тое, што здарыцца, што мае быць, няхай паведаміць Нам.

Не бойся, не трывожся. Ці ж не даў Я табе пачуць з тых часоў і ці не абвясціў? Вы — сведкі мае. Ці ж ёсць Бог, апроч Мяне, або якая скала, якой Я не ведаў бы?”»
 
Ня бойцеся і не трывожцеся. Ці ж не здаўна Я распавёў табе і абвясьціў? І вы — сьведкі Мае. Ці ж ёсьць Бог акрамя Мяне? Няма [іншай] скалы, ніякай ня ведаю».

Усе разьбяры балванаў — нішто, і каштоўнасці іх не прыдадуцца ім. Спахвальнікі іх самі не бачаць, і не разумеюць, каб пачулі стыд.
 
Усе разьбяры ідалаў — марнота; і ўлюблёныя [ідалы] іхнія не прыносяць ім карысьці, і яны [самі] сьведкі [гэтага]. Яны ня бачаць, і ня ведаюць [нічога], і таму будуць асаромленыя.

Хто ж зрабіў бога і выліў статую, што не прыносіць ніякай карысці?
 
Хто лепіць бога і выразае ідала, каб ня мець ад іх карысьці?

Вось, усе ўдзельнікі гэтага засаромеюцца; бо творцы іх самі з’яўляюцца людзьмі. Хай сыдуцца ўсе і стаяць. Разам усе спалохаюцца і засаромеюцца.
 
Вось, усе ўдзельнікі гэтага будуць асаромленыя; а майстры іхнія — яны [толькі] людзі. Няхай яны зыйдуцца ўсе і стануць, і разам усе спалохаюцца і асаромяцца.

Рамеснік па жалезе вырабляе на вуглях сякеру ды молатам надае ёй форму, і апрацоўвае яе сілай рукі сваёй; адчувае смагу, знясільваецца, не п’е вады і стамляецца.
 
Каваль [вырабляе] з жалеза сякеру, працуе на вугольлі, і малатком кшталтуе [ідала], і робіць работу моцным рамяном сваім; адчувае голад, стамляецца, ня п’е вады і зьнемагаецца.

Разьбяр робіць памеры, расчэрчвае яго палачкай, выдзёўбвае долатам і крэсліць цыркулем па ім на падабенства мужа, прыгожага чалавека, і ён застанецца ў доме.
 
Цясьляр на дрэве расьцягвае [меральны] шнур, выразае рыльцам [ідала], выдзёўбвае долатам і крэсьліць цыркулем, і робіць яго на падабенства чалавека, чалавека прыгожага, каб паставіць яго ў доме.

Насякае ён сабе кедраў і бярэ дрэва кіпарысавае і дубовае, якое стаяла паміж дрэў лесу; пасадзіў ён ясень, які дождж корміць.
 
Насёк для сябе кедраў і ўзяў кіпарыс і дуб, якія выбраў сабе між дрэваў у лесе. Пасадзіў ясень, і дождж вырошчвае [яго].

Усё гэта пайшло чалавеку на паліва; бярэ яго, каб сагрэцца, і запальвае, і пячэ хлеб. А з таго, што засталося, ён робіць бога, перад якім падае на твар; робіць статую і схіляецца перад ёю.
 
І будзе [гэта] для чалавека на саграваньне, і ён бярэ [частку] з іх, і грэецца, і распаліць [агонь], і пячэ хлеб. А з рэшты робіць бога і пакланяецца [яму], робіць ідала і кленчыць перад ім.

Адну палавіну яго спальвае на агні, на другой пячэ мяса; з’ядае смажанае мяса і наядаецца, саграваецца і кажа: «Ага! Але і нагрэўся і бачыў вогнішча».
 
Палову [дрэва] спальвае ў агні, і на палове яго пячэ мяса; есьць сьпечанае, і насычаецца, і грэецца, і кажа: «Як я сагрэўся і гляджу на агонь».

З рэшты яго робіць бога, статую сабе, кідаецца на твар перад ёй і кланяецца ёй, і моліцца, кажучы: «Вызвалі мяне, бо ты — бог мой!»
 
А з рэштак робіць бога, ідала для сябе, перад якім кленчыць, якому пакланяецца, і моліцца да яго, кажучы: «Ратуй мяне, бо ты — бог мой!»

Не ведаюць яны і не разумеюць, бо заплюшчыў Ён вочы іх, каб не бачылі і не разумелі ў сэрцы сваім.
 
Такія [нічога] ня ведаюць і не разумеюць, бо заплюшчаныя вочы іхнія, каб ня бачыць, і [зачыненае] сэрца іхняе, каб не разумець.

Не разважаюць яны ў сваім сэрцы, не хапае ім навукі і разумення, каб сказаць: «Палавіну яго спаліў агнём ды спёк на распаленых вуглях яго хлеб, спёк мяса і з’еў, а з рэшты яго зраблю агіду! Ці ўпасці мне ніцма перад кавалкам дрэва?»
 
Не застанаўляюцца яны ў сэрцы сваім, няма [ў іх] веданьня і разуменьня, каб сказаць: «Палову я спаліў у агні і сьпёк на вугольлі ягоным хлеб для сабе, і сьпёк мяса, і зьеў, а з рэшты няўжо я зраблю брыдоту і буду пакланяцца кавалку дрэва?»

Такі вось жывіцца попелам; неразумнае сэрца звяло яго, ды не вызваліць ён душы сваёй і не скажа: «Ці ж не падман у правіцы маёй?»
 
Такі вось корміцца попелам, сэрца падманутае зьвяло яго, і ня выратуе ён душы сваёй, і ня скажа: «Ці ж не падман я трымаю ў правай руцэ маёй?»

«Помні, Якубе, пра гэтыя рэчы, і ты, Ізраэлю, бо ты слуга Мой; Я ўфармаваў цябе, ты слуга Мой, Ізраэлю, не забывай Мяне!
 
Памятай пра гэта, Якуб, і ты, Ізраіль, бо ты — слуга Мой, Я ўкшталтаваў цябе, ты — слуга Мой, Ізраіль, не забывайся пра Мяне.

Зняў, як хмару, няправасці твае і грахі твае, быццам воблака; вярніся да Мяне, бо Я адкупіў Цябе!»
 
Я разьвеяў, як хмару, правіны твае, і грахі твае — як воблака. Вярніся да Мяне, бо Я адкупіў цябе!

Гаманіце, нябёсы, бо гэта ўчыніў Госпад; усклікайце, падмуркі зямлі! Рэхам хвалы разлягайцеся, горы, лес і кожнае дрэва яго, бо Госпад адкупіў Якуба ды праславіцца ў Ізраэлі.
 
Радуйцеся, нябёсы, бо ГОСПАД зрабіў гэта; усклікайце, глыбіні зямлі! Радасна гукайце, горы і лес, і ўсе дрэвы ў ім, бо ГОСПАД адкупіў Якуба і праславіўся ў Ізраілі.

Гэта кажа Госпад, Адкупіцель твой і Творца твой ад улоння: «Я — Госпад, Які стварыў усё, распасцёр нябёсы адзін, расцягнуў зямлю; а хто са Мною?
 
Гэта кажа ГОСПАД, Адкупіцель твой, Які ўкшталтаваў цябе ад улоньня [маці]: «Я — ГОСПАД, Які зрабіў усё, Які Сам расьцягнуў неба і ўмацаваў зямлю. І хто [тады] быў са Мною?

Я той, што неістотнымі раблю знакі варажбітоў і выяўляю неразумнасць прадказальнікаў, назад адкідаю мудрых і мудрасць іх раблю марнай.
 
Я зьнішчаю знакі брахлівых і выяўляю дурасьць прадказальнікаў, адсылаю назад мудрацоў і веданьне іхняе ператвараю ў глупоту.

Выклікаю слова слугі Свайго і дапаўняю раду пасланцаў Сваіх. Я той, Які кажу Ерузаліму: “Будзеш абжыты!” — і гарадам Юды: “Будзеце адбудаваныя!” — і пустэчу яго аднаўлю!
 
Я сьцьвярджаю слова слугі Майго, і выконваю раду пасланцоў Маіх. Я кажу Ерусаліму: “Ты будзеш заселены!”, і гарадам Юды: “Вы будзеце адбудаваныя, і руіны вашыя Я аднаўлю”.

Я Той, Які кажу бездані: “Высахні, і рэкі твае высушу!”
 
Я кажу бездані: “Высахні, і Я высушу рэкі твае”.

Я — Які кажу аб Кіры: “Ён — пастыр Мой і споўніць усю волю Маю”, Які кажу Ерузаліму: “Будзеш адбудаваны!”, а святыні: “Будзеш заснаваная”».
 
Я кажу пра Кіра: “Пастыр Мой”, і ён выканае ўсю волю Маю і скажа Ерусаліму: “Ты будзеш адбудаваны!”, а сьвятыні: “Ты будзеш закладзена!”»